• Газеты, часопісы і г.д.
  • Тры таварышы  Эрых Марыя Рэмарк

    Тры таварышы

    Эрых Марыя Рэмарк

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 367с.
    Мінск 1994
    81.45 МБ
    — Але... фраў Штос,— сказаў я.
    Спеў абарваўся. Венік упаў долу. Шчаслівая ўсмешка пагасла. Цяпер я стаў прывідам.
    — Езус Хрыстус,— прамармытала Мацільда і ўтаропілася на мяне чырвонымі вачыма.— Так рана я вас не чакала...
    — Разумею. Добра пайшло?
    — Добра... але ж няёмка.— Яна выцерла губы.— Я аж аслупянела.
    — Гэта вы ўжо занадта. He аслупянела — ап’янела. У дым.
    Яна ледзь стаяла на нагах. Яе вусны торгаліся, а вейкі хлопалі, як у старой савы. Але памалу яна прыходзіла да памяці. Яна рашуча зрабіла крок наперад.
    — Пан Локамп... чалавек — толькі ўсяго чалавек... спачатку я толькі панюхала... потым глытнула... у мяне ж у страўніку заўсёды круціць... ну, а потым... потым мяне, відаць, апанаваў д’ябал. Ды і нельга ж спакушаць бедную кабеціну, пакідаючы навідавоку пляшку.
    Я застаў яе такую не ўпершыню. Кожнае раніцы яна дзве гадзіны прыбірала ў майстэрні. Можна было колькі хочаш пакінуць грошай — яна не кране. Але да гарэлкі яна была ласая, як кот да сала.
    Я ўзяў бутэльку.
    — Вядома, каньяк, што для кліентаў, вы не кранулі. А лепшы, ад пана Кёстэра, спажылі.
    Усмешка кранула выветраныя рысы Мацільды.
    — Што праўда, то праўда. Ведаю смак. Але няўжо вы мяне выдадзіце, пан Локамп? Безабаронную ўдаву?
    Я пахітаў галавой.
    — Сёння не выдам.
    Яна адпусціла падаткнутую спадніцу.
    — Тады я хуценька дам лататы. A то прыйдзе пан Кёстэр... божа літасцівы!
    Я падышоў да шафы і адчыніў.
    — Мацілвда!
    Яна хуценька прыкандыбала. Я падняў карычневую чатырохкантовую бутэльку.
    Яна ўзмахнула рукамі, пратэстуючы.
    — Гэта не я! Шчыра! Гэту я не чапала!
    — Я ведаю,— сказаў я і наліў поўную чарку.— Пілі калі-небудзь гэты?
    — А няўжо ж! — Яна аблізала вусны.— Ром! Вытрыманы ямайскі!
    — Выдатна! Тады выпіце чарку.
    — Я? — Яна адхіснулася.— Пан Локамп, гэта зашмат! Вы смаліце мяне гарачым жалезам. Старая Штос п’е, як злодзей, ваш каньяк, а вы частуеце яе яшчэ ромам. Вы святы, святы! Лепш памерці, чым стрываць такое.
    — Ну што ж...— сказаў я, робячы выгляд, што адстаўляю чарку.
    — Ну добра! — Яна паспешліва схапіла яе.— Нельга адмаўляцца ад дабра. Нават калі не разумееш, за што. На здароўе! Можа, у вас дзень нараджэння?
    — Так, Мацільда. Адгадала.
    — Няўжо праўда? — Яна сціснула мне руку і пачала трэсці.— Віншую ад усяго сэрца! Каб грошы не выводзіліся! Пан Локамп,— яна выцерла вусны,— я так расчулена... за гэта абавязкова трэба кульнуць яшчэ адну. Я ж вас люблю, як сына.
    — Цудоўна.
    Я наліў ёй яшчэ адну чарку. Яна кульнула яе і ўдзячная пайшла з майстэрні.
    Я схаваў бутэлькі і сеў за стол. Слабае сонца свяціла праз акно мне на рукі. Дзіўнае пачуццё, такі вось дзень нараджэння, нават калі не надаваць гэтаму вялікага зна-
    чэння. Трыццаць гадоў... а былі часы, калі мне здавалася, што не дажыву да дваццаці, такой вялікай уяўлялася адлегласць. А потым...
    Я дастаў з шуфляды лісток паперы і пачаў падлікі. Дзяцінства, школа — гэты кавалак быў далёка, невядома дзе, як яго і не было. Сапраўднае жыццё пачалося толькі ў 1916 годзе. Я якраз стаў навабранцам, худым, даўгалыгім, мне было васемнаццаць гадоў. Па камандзе вусатага унтэр-афіцэра я трэніраваўся на пляцы за казармай падаць і ўставаць. Аднаго разу ўвечары да мяне ў казарму прыйшла маці. Ён давялося больш за гадзіну чакаць мяне — я не ўпакаваў як след свой рэчмяшок і быў пакараны тым, што мусіў у вольны час чысціць салдацкія прыбіральні. Яна хацела дапамагчы мне, але ёй не дазволілі. Яна заплакала, а я так змарыўся, што заснуў пры ёй.
    1917 год. Фландрыя. Мідэндорф і я купілі ў шынку бутэльку чырвонага віна. Мы хацелі пабаляваць. Але не ўдалося. Ранічкай англічане адкрылі ўраганны агонь. Кёстэра параніла ў полудзень, Маер і Дэтэр загінулі пад вечар. А ўвечары, калі, здалося, настаў спакой і мы адкаркавалі бутэльку, газ запоўніў акопы. Мы, праўда, паспелі надзець процівагазы, ды процівагаз Мідэндорфа быў няспраўны. Калі ён спахапіўся, было ўжо запозна. Пакуль сарваў гэты і знайшоў новы, занадта шмат наглытаўся газу. 3 горла хлынула кроў. Ён памёр назаўтра раніцай. Твар яго ззелянеў і счарнеў. Шыя ўся была падрапана — пазногцямі ён стараўся разарваць яе, каб ухапіць паветра.
    1918 год. Гэта было ў шпіталі. Некалькі дзён назад прыбыў новы транспарт. Папяровыя бінты. Цяжка параненыя. Увесь дзень туды-сюды сноўдаліся аперацыйныя каляскі. Часам яны вярталіся пустыя. Побач са мной ляжаў Ёзэф Штоль. Ён ужо быў без ног, але яшчэ не ведаў пра гэта. Убачыць было нельга, таму што коўдра накрывала замест ног драцяны каркас. Ён і не паверыў бы, бо адчуваў боль у ступаках. Уначы ў нашай палаце памерлі двое. Адзін паміраў цяжка і доўга.
    1919 год. Зноў дома. Рэвалюцыя. Голад. На вуліцы бясконцы пошчак кулямётаў. Салдаты супроць салдатаў. Таварышы супроць таварышаў.
    1920 год. Путч. Застрэлены Карл Брэгер. Арыштаваныя Кёстэр і Ленц. Мая маці ў бальніцы. Рак у апошняй стадыі.
    1921...
    Я задумаўся. Я нічога не памятаў. Год проста выпаў. У 1922-м я быў дарожным рабочым у Цюрынгіі, у 1923-м
    загадваў рэкламай на гумавай фабрыцы. Гэта было ў час інфляцыі. Я зарабляў дзвесце більёнаў марак у месяц. Зарплату выдавалі два разы на дзень, і пасля кожнай — паўгадзіны водпуску, каб можна было збегаць у крамы і нешта купіць, пакуль не з’явіўся новы курс долара. Грошы трацілі сваю цану ў два разы. А потым? Што было ў наступныя гады? Я паклаў аловак. Які сэнс прыпамінаць усё гэта? Я ўжо і не памятаў дакладна. Шмат што пераблыталася. Свой апошні дзень нараджэння я спраўляў у кафэ «Інтэрнацыяналь». Тады я год працаваў тапёрам. Потым я зноў сустрэў Кёстэра і Ленца. А цяпер я сяджу тут у «Аўрама» — аўтарамонтнай майстэрні Кёстэр і К". К"— гэта Ленц і я, майстэрня ж належыць аднаму Кёстэру. Калісьці ён быў наш аднакашнік, потым камандзір роты, потым — лётчык, праз нейкі час — студэнт, затым — гоншчык. Нарэшце ён купіў гэтую будку. Спачатку далучыўся Ленц, які некалькі гадоў басцяўся па Паўднёвай Амерыцы, потым — я.
    Я дастаў з кішэні цыгарэту. Шчыра кажучы, я мог быць цалкам задаволены. Жылося мне нядрэнна, была праца і сілы. Я не хутка стамляўся, быў, як кажуць, здаровы... I ўсё ж лепш было б не думаць вельмі шмат. Асабліва вечарамі. Час ад часу нешта вярталася з былога і ўзіралася ў цябе мёртвымі вачыма. Але ад гэтага была гарэлка.
    Знадворку зарыпелі вароты. Я парваў лісток з датамі свайго жыцця і кінуў у кош для папер. Дзверы імкліва расчыніліся. На парозе стаяў Готфрыд Ленц, высокі, хударлявы, з белай, як салома, чупрынай і носам, які прызначаўся некаму іншаму.
    — Робі! — зароў ён.— Стары абжора! Устань і падцягніся! Твае начальнікі будуць гаварыць з табой!
    — О божа! — Я ўстаў.— А я думаў, вы забудзецеся! Пашкадуйце мяне, хлопцы!
    — Бач ты, чаго захацеў! — Готфрыд паклаў на стол скрутак. Там зазвінела. Услед за ім увайшоў Кёстэр. Ленц стаў перада мной.
    — Робі, хто табе раніцай сустрэўся першы?
    Я падумаў.
    — Старая кабеціна. Яна танцавала.
    — Святы Майсей! Дрэнная прыкмета. Але яна адпавядае твайму гараскопу. Я ўчора склаў. Ты нарадзіўся пад знакам Стральца, ненадзейны, хісткі, як трыснёг на ветры, на цябе ўздзейнічаюць нейкія падазроныя трыгоны Сатур-
    на, а сёлета яшчэ і Юпітэр. Ота і я, хто замяняе табе бацьку і маці, перадаём табе штосьці, каб абараняцца. Вазьмі гэты амулет! Праўнучка інкаў аднойчы падаравала яго мне. У яе была блакітная кроў, плоскаступнёвасць, вошы і дар прадбачання. «Беласкуры іншаземец,— сказала яна мне.— Яго насілі каралі, у ім заключана сіла сонца, месяца і зямлі, не гаворачы пра іншыя малыя планеты. Дай мне за яго срэбны долар на гарэлку — і насі сабе». Каб ланцужок шчасця не парваўся, я ўручаю яго табе. Ён будзе сцерагчы цябе і прагоніць варожага Юпітэра.
    Ён павесіў мне на шыю маленькую чорную фігурку на тонкім ланцужку.
    — Вось! Гэта — супроць наслання зверху. А тут — супроць зямных бед: шэсць бутэлек рому ад Ота! Ром у два разы старэйшы за цябе.
    Ён разгарнуў скрутак і выставіў бутэлькі на сонца. Яны зазіхацелі, як янтар.
    — Цудоўнае відовішча,— сказаў я.— Адкуль яны ў цябе, Ота?
    Кёстэр усміхнуўся.
    — Заблытаная справа. Доўга расказваць. Ты лепш скажы, як сябе адчуваеш? На трыццаць?
    Я махнуў рукой.
    — На шаснаццаць і пяцьдзесят адначасова. Нічога асаблівага.
    — I ты называеш гэта «нічога асаблівага»? — запярэчыў Ленц.— Лепей быць не можа. Ты ж такім чынам уладна перамог час і жывеш два жыцці.
    Кёстэр зірнуў на мяне.
    — He чапай яго, Готфрыд,— сказаў ён потым.— Дні нараджэння моцна псуюць самаадчуванне. Асабліва зранку. Ён яшчэ ачомаецца.
    Ленц заплюшчыў вочы.
    — Чым менш чалавек адчувае сябе, тым большая яму цана, Робі. Ці суцяшае гэта цябе хоць крышку?
    — He,— сказаў я.— Ані. Калі чалавек нечага варты, то ў такім разе ён толькі помнік самому сабе. А гэта, мне здаецца, цяжка і сумна.
    — Яго пацягнула на філасофію, Ота,— сказаў Ленц.— Ён — не страчаны. Ён перажыў крызісны момант. Нялёгкі момант дня нараджэння, калі ўглядаешся самому сабе ў зрэнкі і бачыш, які ты бедалага. Цяпер можна спакойна брацца за справу і прашмараваць старому «кадзілаку» вантробы.
    Мы працавалі, пакуль не сцямнела. Потым памыліся і пераапрануліся. Ленц прагна зірнуў на бутэлькі.
    — Можа, скруцім адной шыю?
    — Няхай вырашае Робі,— сказаў Кёстэр.— Нядобра, Готфрыд, так нахабна вымагаць з імянінніка.
    — Яшчэ горш марыць смагай тых, хто павіншаваў,— запярэчыў Ленц і адкаркаваў бутэльку.
    Пах рому адразу запоўніў майстэрню.
    — Святы Майсей! — сказаў Готфрыд.
    Мы ўсе прынюхаліся.
    — Фантастычна, Ота. Трэба быць вялікім паэтам, каб знайсці адпаведныя эпітэты.
    — Піць у гэтай цёмнай будзе! Шкада пітва! — вырашыў Ленц.— Ведаеце што? Мы паедзем адсюль, павячэраем, бутэльку возьмем з сабой. Вып’ем яе дзе-небудзь на волі!
    — Бліскуча!
    Мы адпіхнулі ўбок «кадзілак», які рамантавалі паполудні. За ім стаяла дзіўная рэч на колах. Гэта была гоначная машына Ота Кёстэра, гонар майстэрні.
    Кёстэр у свой час набыў на аўкцыёне амаль задарма гэтую машыну — старую ламачыну з высокім кузавам. Спецыялісты, якія бачылі яе тады, сцвярджалі, што гэта цікавы экспанат для музея. Больвіз, гаспадар фабрыкі па пашыве жаночых паліто і гоншчык-аматар, параіў Ота перарабіць яе на швейную машынку. Але Кёстэра гэта не кранула. Ён разабраў машыну, як кішэнны гадзіннік, і корпаўся ў ёй некалькі месяцаў, бывала, аж да цёмнай ночы. Потым аднойчы ўвечары ён пад’ехаў на ёй да бара, у якім мы звычайна бавілі час. Больвіз ледзь не ўпаў ад смеху, убачыўшы яе зноў — так смешна яна выглядала. Жартам ён прапанаваў Ота заклад. Ён ставіў дзвесце марак супроць дваццаці, калі Кёстэр пагодзіцца на гонку з яго новым спартыўным аўтамабілем. Адлегласць — дзесяць кіламетраў, і ён дае Ота кіламетр форы. Кёстэр згадзіўся. Усе смяяліся. Чакалася незвычайная забава. Але Ота пайшоў яшчэ далей: ён адмовіўся ад форы і спакойна прапанаваў павысіць стаўку да тысячы марак супроць тысячы. Больвіз расчаравана спытаў, ці не адвезці яго ў дом вар’ятаў. У адказ Кёстэр завёў матор. Абодва рванулі з месца. Больвіз праз паўгадзіны вярнуўся ў такім дрэнным настроі, быццам пабачыў марскога змея. Ён моўчкі выпісаў чэк, а потым — яшчэ адзін. Ён хацеў адразу ж купіць машыну. Але Кёстэр пасмяяўся з яго. Ён не аддасць яе. Але наколькі бездакорная была машына ўсярэдзіне, настолькі непрыглядны