• Газеты, часопісы і г.д.
  • Тры таварышы  Эрых Марыя Рэмарк

    Тры таварышы

    Эрых Марыя Рэмарк

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 367с.
    Мінск 1994
    81.45 МБ
    Побач дзверы былі адчынены. Жанчына ўсхліпвала так гучна, што можна было пачуць знадворку. Я ішоў праз калідор. Наступныя дзверы былі прачынены. Адтуль падслухвалі. Пахла духамі. Тут жыла Эрна Бёніг, сакратарка. Выгляд мела занадта элегантны як на сваю зарплату — адзін раз у тыдзень шэф дыктаваў ёй да раніцы. Назаўтра ў яе бываў вельмі дрэнны настрой. Затое яна кожны вечар хадзіла на танцы. Каб не было танцаў, не варта было б і
    жыць, гаварыла яна. У яе былі два сябры. Адзін кахаў яе і прыносіў кветкі. Другога кахала яна і давала яму грошы.
    Побач у пакоі жыў ротмістр граф Арлоў — рускі эмігрант, кельнер, статыст на кіназдымках, платны партнёр у танцах, кавалер з сівымі скронямі. Ён выдатна іграў на гітары. Кожны вечар ён маліўся Казанскай Божай Маці, каб атрымаць пасаду метрдатэля ў якой-небудзь заняпалай гасцініцы. На падпітку быў плаксівы. Наступныя дзверы. Фраў Бэндэр, медыцынская сястра ў доме малюткі. Узрост — пяцьдзесят гадоў. Муж загінуў на вайне. У 1918 годзе двое дзетак памерлі ад недаядання. Mae рабую кошку. Больш нікога.
    Яшчэ побач — Мюлер, казначэй-пенсіянер. Сакратар таварыства філатэлістаў. Жывая калекцыя марак, больш нічога. Шчаслівы чалавек.
    У апошнія дзверы я пастукаў.
    — Як справы, Георгі? — сказаў я.— Нічога новага?
    Георгі Блок пахітаў галавой. Ён быў студэнт другога курса. Каб закончыць гэтыя чатыры семестры, ён працаваў два гады ў рудніку. Заробленыя грошы скончыліся; іх хопіць яшчэ месяцы на два. На руднік ён не мог вярнуцца — там цяпер ужо хапала сваіх беспрацоўных. Ён спрабаваў так і сяк дзе-небудзь уладкавацца. Тыдзень ён распаўсюджваў рэкламныя лісткі маргарынавай фабрыкі. Але фабрыка збанкрутавала. Неўзабаве ён атрымаў месца разносчыка газет і ўздыхнуў быў з палёгкай. Праз тры дні яго спынілі двое ў касках, адабралі газеты, падралі іх і растлумачылі, што гэты занятак не для яго. Няма чаго лезці. У іх саміх хапае беспрацоўных. I ўсё-такі ён выйшаў наступнай раніцай, хоць ужо давялося заплаціць за падраныя газеты. Нехта збіў яго веласіпедам. Газеты паляцелі ў гразь. Зноў заплаціў дзве маркі. Ён пайшоў трэці раз і вярнуўся з разадраным касцюмам і разбітым тварам. Тады ён здаўся. Зараз у адчаі сядзеў у пакоі і зубрыў як вар’ят, быццам гэта мела нейкі сэнс. Ён еў раз на дзень. Пры гэтым не мела значэння, закончыць ён астатнія курсы ці не — на працу можна было разлічваць не раней як праз дзесяць гадоў пасля заканчэння.
    Я падаў яму цыгарэты.
    — Кінь ты гэта глупства, Георгі. Як я. Потым пачнеш спачатку.
    Ён пахітаў галавой.
    — Я ўжо тады заўважыў, пасля рудніка. Калі не займацца кожны дзень, адразу саб’ешся з тропу. А на другі раз мяне ўжо не хопіць.
    Бледны твар і вушы, якія тырчаць, і блізарукія вочы, хударлявая постаць з запалымі грудзьмі... д’ябал забяры ўсё!
    — Ну, бывай, Георгі.
    Бацькоў у яго не было.
    Кухня. На сцяне — галава дзіка. Памяць пра нябожчыка Залеўскі. Тэлефон. Паўзмрок. Пах газу і дрэннага тлушчу. Дзверы з шэрагам таблічак каля кнопкі званка. I мая між іншых. «Роберт Локамп, студэнт філасофіі. Званіць два разы». Яна была брудна-жоўтая. «Студэнт філасофіі»! Гучыць! Шмат вады сцякло. Я спусціўся па прыступках у кафэ «Інтэрнацыяналь».
    «Інтэрнацыяналь» — вялізная, цёмная, задымленая кішка з мноствам задніх пакояў. Наперадзе, каля стойкі, стаяў раяль. Ён быў разладжаны, некалькі струн парвалася. Клавішы таксама былі не ўсе. Але я любіў гэтую бадзёрую музычную скрынку са стажам. Я аддаў ёй год майго жыцця, працуючы тут тапёрам.
    У задніх пакоях жывёлапрамыслоўцы праводзілі свае сходы. Бывалі тут і вулічныя артысты. Наперадзе сядзелі прастытуткі.
    Шынок быў пусты. Толькі пласкаступы кельнер Алоіс стаяў за стойкай.
    — Як заўсёды? — спытаў ён.
    Я згодна кіўнуў. Ён прынёс мне партвейн з ромам, палова на палову. Я сеў за столік і бяздумна ўтаропіўся перад сабой. Шэры прамень сонца коса падаў праз акно на бутэлькі, што стаялі на паліцах. Чэрыбрэндзі гарэў, як рубін.
    Алоіс паласкаў шклянкі. Гаспадарова кошка сядзела на раялі і муркала. Я павольна курьгў цыгарэту. Ад душнага паветра цягнула на сон. Дзіўны голас быў учора ў дзяўчыны. Нізкі, грубаваты, амаль хрыплы і ўсё ж мяккі.
    — Дай мне пагартаць некалькі часопісаў, Алоіс,— сказаў я.
    Зарыпелі дзверы. Прыйшла Роза. Роза, прастытутка з могілак, па мянушцы Жалезны Конь. Яе так ахрысцілі за нястомнасць. Яна прыйшла выпіць кубачак шакаладу. На яго яна раскашэльвалася тут кожную нядзелю. Потым яна ехала ў Бургдорф да свайго дзіцяці.
    — Прывітанне, Роберт.
    — Прывітанне, Роза. Як малышка?
    — Паглядзім. Вось — вязу ёй.
    Яна дастала з пакунка чырванашчокую ляльку і націсну-
    ла ёй на жывот. «Ма-ма»,— праквакала лялька. Роза свяцілася ўся.
    — Казачна! — сказаў я.
    — Зірні! — Яна нагнула ляльку назад. Ляпнуўшы, заплюшчыліся вочы.
    — Нечувана, Роза.
    Яна была задаволена і зноў запакавала ляльку.
    — Ты ў гэтых справах цяміш, Роберт. 3 часам будзеш добрым мужам.
    — Ну, ну,— сказаў я з сумненнем.
    Роза любіла сваё дзіця. Яшчэ тры месяцы назад, пакуль дзіця не хадзіла, яно жыло з ёй у адным пакоі. Нягледзячы на яе занятак, гэта было магчыма дзякуючы маленькай бакоўцы. З’яўляючыся вечарам з кавалерам, яна прасіла яго, прыдумаўшы прычыну, пачакаць на двары, сама хуценька бегла наперад, штурхала дзіцячую каляску ў бакоўку, замыкала дзверы і ўпускала кавалера. Але ў снежні малую даводзілася занадта часта перапраўляць з пакоя ў халодную бакоўку. Дзіця прастудзілася і часта плакала ў прысутнасці наведнікаў. Роза мусіла разлучыцца з дачушкай, як ні цяжка гэта ёй далося. Яна здала яе ў дарагі дзіцячы прытулак. Там яна лічылася паважанай удавой. Інакш — дзіця не прынялі б.
    Роза ўстала.
    — Ты прыйдзеш у пятніцу?
    Я кіўнуў.
    Яна глянула на мяне.
    — Ты ж ведаеш, што здарылася.
    — Вядома.
    Я не меў ніякага ўяўлення, што здарылася, але ў мяне не было жадання распытваць. Такую звычку я набыў тут за год працы тапёрам. Так было заўжды найлепш. Як і тое, што да ўсіх дзяўчат тут я звяртаўся на «ты».
    — Бывай, Роберт.
    — Бывай, Роза.
    Я нейкі час яшчэ пасядзеў. Але я не адчуваў звыклага дрымотнага спакою. «Інтэрнацыяналь» у выхадныя дні быў мне ўтульным домам. Я выпіў рому, пагладзіў кошку і пайшоў.
    Цэлы дзень я сноўдаўся. Я не ведаў, што мне рабіць. Нідзе доўга не затрымліваўся. Пад вечар я пайшоў у майстэрню. Там быў Кёстэр. Ён рамантаваў «кадзілак». Гэтую
    старую машыну мы нядаўна купілі за бясцэнак. Цяпер мы яго як след перабралі. Кёстэр наводзіў апошні «марафет». Мы спадзяваліся добра зарабіць на ёй. Я сумняваўся, што нам пашанцуе. У такія цяжкія часы, як цяпер, людзі купляюць малыя машыны, а не такі аўтобус.
    — Мы на ім пагарым, Ота,— сказаў я. Але Кёстэр быў упэўнены.
    — Гараць на сярэдніх машынах, Робі,— растлумачыў ён.— Купляюць танныя машыны і вельмі дарагія. Ёсць яшчэ людзі з грашыма. А ёсць, што выдаюць сябе за багатых.
    — Дзе Готфрыд? — спытаў я.
    — На нейкім палітычным сходзе.
    — Вар’яцтва! Што яму там трэба?
    Кёстэр засмяяўся.
    — Сам не ведае. Магчыма, вясна затлуміла яму галаву. Вось і хочацца нечага свежанькага.
    — Магчыма,— сказаў я.— Давай дапамагу.
    Мы пракорпаліся, пакуль не сцямнела.
    — Хопіць,— сказаў Кёстэр. Мы ўмыліся.
    — Ведаеш, што ў мяне ёсць? — спытаў ён і паляпаў па партманеце.
    — Што?
    — Білеты на бокс вечарам. Два. Пойдзем?
    Я вагаўся. Ён здзіўлена паглядзеў на мяне.
    — Удзельнічае Сцілінг,— сказаў ён.— Супроць Валькера. Будзе добры бой.
    — Вазьмі Готфрыда,— прапанаваў я і сам з сябе пакпіў: чаму не іду? Але не хацелася, не ведаю чаму.
    — У цябе планы? — спытаў ён.
    — He.
    Ён зірнуў на мяне.
    — Пайду дадому,— сказаў я.— Напішу пісьмы, і яшчэ тое-сёе... Таксама трэба.
    — Ты захварэў? — спытаў ён занепакоена.
    — Ты што, ані блізка. Магчыма, таксама вясна затлуміла галаву.
    — Ну добра. Як хочаш.
    Я паплёўся дадому. Але і седзячы ў пакоі, я не ведаў, чым заняцца. Без мэты я хадзіў узад-уперад. Я ўжо не мог уцяміць, што ж мяне пацягнула сюды. Нарэшце я пайшоў праз калідор да Георгі. Пры гэтым я сутыкнуўся з фраў Залеўскі.
    — Вось табе і на,— сказала яна.— Вы тут?
    — Цяжка не пагадзіцца,— адказаў я з ледзь прыхаваным раздражненнем.
    Яна пахітала сівой галавой.
    — Нікуды не пайшлі? Дзіва, ды і ўсё тут!
    Я не доўга затрымаўся ў Георгі. Праз пятнаццаць хвілін я вярнуўся. Падумалася, ці не выпіць чаго. Але не хацелася. Я прысеў каля акна і пачаў пазіраць на вуліцу. Змрок на крылах кажана лунаў над могілкамі. Неба за Домам прафсаюзаў было зялёнае, як няспелы яблык. Загарэліся ліхтары, але яшчэ было не зусім цёмна — здавалася, што яны мерзнуць. Я пашукаў пад кнігамі паперку з нумарам тэлефона. У рэшце рэшт... пазваніць жа можна. Я ж нават амаль што даў слова. А можа, дзяўчыны і дома няма.
    Я падышоў да тэлефона, зняў трубку і назваў нумар. Чакаючы адказу, я адчуваў, як з чорнай трубкі наплывае лёгкая хваля, хваля чакання. Дзяўчына была дома. Як толькі ў прыхожай фраў Залеўскі, паміж галовамі дзікоў, пахам тлушчу і кухонным бразгатаннем, раптам ціха і павольна, нібы ў задуменні, разважаючы над кожным словам, загучаў нізкі хрыплаваты голас, мая незадаволенасць сабой адразу знікла. Я павесіў трубку, пасля таго як, не пытаючыся пра здароўе, прызначыў спатканне на паслязаўтра. Раптам жыццё здалося не такім змрочным. «Вар’яцтва»,— падумаў я і патрос галавой. Потым я яшчэ раз зняў трубку і пазваніў Кёстэру.
    — Білеты яшчэ ў цябе, Ота?
    — У мяне.
    — Добра. Я іду на бокс.
    Пасля матча мы яшчэ крыху пахадзілі па начным горадзе. Вуліцы былі свежыя і пустыя. Зіхацелі шыльды. У вітрынах гарэла святло. У адной з іх стаялі голыя васковыя манекены з размаляванымі тварамі. У іх быў выгляд распусных прывідаў. Побач мігцелі ўпрыгожанні.
    Потым мы падышлі да універмага, які быў асветлены ярка, як сабор. Вітрыны пеніліся стракатым бліскучым шоўкам. Каля кінатэатра на прыступках сядзелі бледныя, схуднелыя постаці. Побач агнямі пераліваліся вітрыны прадуктовага магазіна. Металічнымі вежамі ўзвышаліся выстаўленыя кансервы, на ватнай посцілцы ляжалі прывялыя яблыкі, гронка тлустых гусей была падвешана на вяроўцы, рудаватыя круглыя боханы хлеба ляжалі паміж палак сухой каўбасы. Вабілі жоўтыя і ружовыя букеты вяндліны і паштэтаў.
    Мы селі на лаўку ля сквера. Было свежа. Месяц, нібы