• Газеты, часопісы і г.д.
  • Тры таварышы  Эрых Марыя Рэмарк

    Тры таварышы

    Эрых Марыя Рэмарк

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 367с.
    Мінск 1994
    81.45 МБ
    Я сеў да піяніна. Роза таго толькі і чакала. Яна любіла музыку, як і ўсе гэтыя дзяўчаты. Я на развітанне яшчэ раз сыграў усе шлягеры, якія любілі Роза і Лілі. Для пачатку
    «Малітву нявіннай дзяўчыны». Назва, праўда, не зусім пасавала да месца, але гэта была ўсяго толькі бразготная п’еска. Потым прагучалі «Птушыны вечаровы спеў», «Зара ў Альпах», «Калі памірае каханне», «Мільёны Арлекіна» і на заканчэнне — «Я хацеў бы на радзіму». Гэтую песню вельмі любіла Роза. Прастытуткі — вельмі жорсткія, але і вельмі сентыментальныя. Усе пачалі падпяваць. Підар Кікі спяваў другім голасам.
    Лілі зазбіралася. Ёй трэба было сустрэць свайго жаніха. Роза цалавала яе ад усяго сэрца.
    — Бывай, Лілі. Трымайся!
    Яна пайшла, нагружаная падарункамі. Клянуся, што ў яе быў зусім іншы твар, чым да гэтага. Разгладзіліся жорсткія рысы, якія ўядаюцца ў твар кожнага, хто мае справу з людской подласцю. Твар памякчэў, на ім сапраўды зноў з’явіліся сляды дзявоцкасці.
    Мы стаялі ў дзвярах і махалі Лілі рукой. Мімі раптам загаласіла. Яна сама ўжо пабывала замужам. Яе муж памёр на вайне ад запалення лёгкіх. Калі б ён загінуў, ёй далі б невялічкую пенсію і не давялося б выходзіць на панель.
    Роза паляпала яе па спіне.
    — Ну, Мімі, не расслабляйся! Хадзем, вып’ем яшчэ па глытку кавы.
    Уся кампанія вярнулася ў змрочнае памяшканне «Інтэрнацыяналя», як кучка курэй у куратнік. Але добры настрой больш не вярнуўся.
    — Сыграй нам пад канец яшчэ, Робі! — сказала Роза.— Што-небудзь вясёленькае.
    — Добра,— згадзіўся я.— Давайце грымнем «Марш старых сяброў».
    Потым я таксама развітаўся. Роза ўкруціла мне кавалак пірага з сабой. Я падараваў яго сыну «мамкі», які на двары рыхтаваў кацялок варыць вячэрнія сасіскі.
    Я задумаўся, што мне рабіць. Ісці ў бар зусім не хацелася. I ў кіно не хацелася. У майстэрню? Я нерашуча глянуў на гадзіннік. Восем. Зараз павінен быў вярнуцца Кёстэр. Калі ён там, Ленц не будзе зноў безупынку балбатаць пра дзяўчыну. Я пайшоў.
    У памяшканні гарэла святло. He толькі ў памяшканні — увесь двор быў заліты святлом. Кёстэр быў адзін.
    — Што тут робіцца, Ота? — спытаў я.— Можа, ты прадаў «кадзілак»?	>
    Кёстэр засмяяўся.
    — He. Готфрыд зладзіў невялічкую ілюмінацыю.
    Гарэлі абедзве фары «кадзілака». Машыну паставілі так, што пукі святла праз акно падалі на двор якраз на квітнеючую сліву. Карціна была цудоўная: дрэва, пакрытае беллю. Змрок з абодвух бакоў, здавалася, шумеў, як начное мора.
    — Выдатна,— сказаў я.— А дзе ж ён?
    — Пайшоў прынесці перакусіць.
    — Бліскучая ідэя,— сказаў я.— Мяне крыху хістае. Але магчыма, што гэта з голаду.
    Кёстэр кіўнуў.
    — Пад’есці заўсёды карысна. Асноўны закон усіх старажытных вояў. Я сёння зрабіў таксама нешта хісткае. Заявіў «Карла» на гонкі.
    — Што? — сказаў я.— Няўжо на шостае?
    Ён кіўнуў.
    — Чорт вазьмі, Ота, там жа ўдзельнічаюць усялякія славутасці.
    Ён зноў кіўнуў.
    — У класе спартыўных машын — Браўмюлер.
    Я закасаў рукавы.
    — Тады за справу, Ота! Адмыем як след нашага пестунка!
    — Стоп! — крыкнуў апошні рамантык, заходзячы.— Спачатку — падвячорак!
    Ён дастаў яду — сыр, хлеб, цвёрдую вэнджаную каўбасу і шпроты. Апетыт у нас быў як у галодных малацьбітоў. Мы запівалі халодным півам. Потым мы ўзяліся за «Карла». Мы корпаліся з ім дзве гадзіны, праверылі і змазалі ўсе падшыпнікі. Потым з Ленцам павячэралі яшчэ раз.
    Готфрыд цяпер накіраваў святло і на «форд». Пры сутыкненні выпадкова адна фара засталася непашкоджанай. Цяпер яна ўзіралася з пагнутага шасі ў неба.
    Ленц задаволена павярнуўся да нас.
    — Ну, Робі, цягні бутэлькі. Давайце адзначым свята квітнеючага дрэва.
    Я паставіў на стол каньяк, джын і дзве чаркі.
    — А ты?
    — Я не буду піць.
    — Што? Чаму?
    — Таму што мне ўжо абрыдлі гэтыя папойкі.
    Ленц хвіліну разглядаў мяне.
    — Наша дзіця звіхнулася, Ота,— звярнуўся ён да Кёстэра.
    — Пакінь яго, раз не хоча,— адказаў Кёстэр.
    Ленц наліў сабе поўную чарку.
    — Хлапец ужо даўно ненармальны.
    — He самае горшае, што можа быць,— заявіў я.
    Месяц, вялікі і чырвоны, вылез з-за даху фабрыкі насупроць нас. Нейкі час мы сядзелі моўчкі.
    — Скажы, Готфрыд,— пачаў я,— ты ж спецыяліст у сардэчных пытаннях, праўда?
    — Спецыяліст! Я зубы з’еў на гэтым,— сціпла адказаў Ленц.
    — Цудоўна. Мне, між іншым, хацелася б ведаць, ці заўсёды закаханыя паводзяць сябе як дурні.
    — Як гэта — як дурні?
    — Ну, быццам на падпітку. Балбечуць, нясуць лухту і хлусяць.
    Ленц зарагатаў.
    — Ах, сынок! Усё — гульня. Чароўная гульня мамы прыроды. Паглядзі на гэтую сліву. Яна таксама падманвае. Робіць сябе прыгажэйшай, чым будзе потым. Было б жахліва, калі б каханне нечым было звязана з праўдай. Дзякуй богу, усё могуць гэтыя заклятыя маралісты — але не прымушаць.
    Я выпрастаўся.
    — Ты думаеш, што без хлусні ўвогуле немагчыма?
    — Немагчыма, дзіцятка.
    — Але ж тады можаш выставіць сябе жахліва смешным.
    Ленц заўсміхаўся.
    — Запомні сабе адно, хлопчык: ніколі, ніколі, ніколі не выставіш сябе смешным перад жанчынай, калі робіш нешта дзеля яе. Нават у самай банальнай камедыі. Рабі што хочаш: стой на галаве, пляці несусветную лухту, хваліся, як гусак, спявай пад яе акном, толькі аднаго не рабі: не будзь дзялком. He будзь разважлівы!
    Я ажывіўся.
    — А што скажаш на гэта ты, Ота?
    Кёстэр засмяяўся.
    — Відаць, так яно і ёсць.
    Ён устаў і адкрыў капот «Карла». Я прынёс сваю бутэльку з ромам і яшчэ адну чарку і паставіў іх на стол. Ота завёў машыну. Матор гудзеў нізка і стрымана. Ленц з нагамі залез на падаконнік і ўзіраўся ў двор. Я падсеў да яго.
    — Ты прыходзіў калі-небудзь да жанчыны п’яны?
    — Часта,— адказаў ён, не варухнуўшыся.
    — I што?
    Ён скоса зірнуў на мяне.
    — Ты маеш на ўвазе, калі нешта ўчворыў? Ніколі не прасі прабачэння, дзіця. Ніколі нічога не гавары. Паслаць кветкі. Без запіскі. Адны кветкі. Яны загладжваюць усё. Нават магілы.
    Я зірнуў на яго. Ён не варушыўся. Яго вочы іскрыліся ў водбліску белага святла з вуліцы. Матор усё яшчэ ціха вуркатаў.
    — Відаць, магу спакойна крыху выпіць,— сказаў я і адкаркаваў бутэльку.
    Кёстэр заглушыў матор. Потым ён звярнуўся да Ленца.
    — Месяц свеціць даволі ясна, каб не згубіць шклянку, Готфрыд. Выключы ілюмінацыю. У першую чаргу «форда». Жывёліна напамінае мне косы пражэктар, напамінае вайну. Тады было не да смеху, калі яны намацвалі твой самалёт.
    Ленц кіўнуў.
    — А мне гэта напамінае... а-а... усё роўна.— Ён устаў і выключыў пражэктары.
    Месяц свяціў над фабрычным дахам. Ён свяціў усё ярчэй і цяпер, як жоўты папяровы ліхтар, вісеў паміж галін слівы. Галінкі ціха гойдаліся пад слабым ветрам.
    — Дзіўна,— праз хвіліну сказаў Ленц.— Навошта ўсякім людзям ставіць помнікі? Чаму б не паставіць месяцу або квітнеючаму дрэву?
    Я рана пайшоў дамоў. Калі я адчыніў дзверы ў калідор, пачуў музыку. Іграў грамафон Эрны Бёніг, сакратаркі. Спяваў чысты жаночы голас. Потым рассыпаліся прыглушаныя гукі скрыпак і пічыката на банджа. I зноў голас — настойлівы, мяккі, нібы да краёў напоўнены шчасцем. Я прыслухаўся, стараючыся разабраць словы. Ціхая песня жанчыны кранала, асабліва тут, у цёмным калідоры, паміж швейнай машынкай фраў Бэндэр і валізкамі сям’і Хасэ. Я глянуў на дзікаву галаву над дзвярыма кухні.
    Я чуў, як служанка звінела посудам.
    — ...Як бы я жыла без цябе...— спяваў голас за дзвярыма на адлегласці некалькіх крокаў.
    Я паціснуў плячыма і пайшоў у свой пакой. Побач я пачуў раздражнёную лаянку. Праз некалькі хвілін у дзверы да мяне пастукалі. Увайшоў Хасэ.
    — He перашкоджу? — спытаў ён стомлена.
    — Ані,— сказаў я.— Вып’еце?
    — He хочацца. Толькі пасяджу.
    Ён тупа ўзіраўся перад сабой.
    — Вам добра,— сказаў ён.— Вы адзін...
    — Што за глупства,— адказаў я.— Невялікае шчасце — увесь час сядзець у адзіноце. Можаце мне паверыць...
    Ён расслаблена сядзеў у крэсле. Яго вочы шалёным бляскам свяціліся ў паўзмроку. Пакой быў асветлены толькі святлом ліхтароў знадворку. Вузкія, апалыя плечы...
    — Жыццё мне ўяўлялася зусім інакш,— сказаў ён праз нейкі час.
    — He толькі вам,— адказаў я.
    Праз паўгадзіны ён зноў пайшоў у свой пакой на перагаворы з жонкай. Я даў яму некалькі газет і паўбутэлькі апельсінавага лікёру «кюрасаа», што стаяў у мяне невядома з якога часу на тумбачцы — непрыемнае, салодкае пітво, але для яго якраз. Ён усё роўна не разбіраўся.
    Ён выйшаў ціха, амаль бязгучна, цень ценем, быццам ужо пагас. Я замкнуў за ім дзверы. 3 калідора, нібы стракатая шоўкавая хусцінка, заляцеў урывак музыкі — скрыпкі, прыглушаныя банджа.
    «...як бы я жыла без цябе...»
    Я сеў да акна. Могілкі ляжалі ў сінім святле месяца. Стракатыя квадраты светлавой рэкламы чапляліся за кроны дрэваў, са змроку мігцелі надмагільныя камяні. Яны былі маўклівыя і не навявалі жаху. Міма іх праносіліся, сігналячы, аўтамашыны, святло фараў слізгала па выцвілых надпісах.
    Я сядзеў даволі доўга і шмат перадумаў. Я прыпомніў, як мы вярнуліся з вайны, маладыя, знявераныя, нібы гарнякі з засыпанай шахты. Мы хацелі строем выступіць супроць хлусні, эгаізму, сквапнасці, вяласці душы — супроць усяго, што пакалечыла наша жыццё. Мы ачарсцвелі, нікому не верылі, акрамя сваіх самых блізкіх таварышаў. Мы верылі толькі таму, што нас ніколі не падманвала: небу, табацы, дрэву, хлебу і зямлі... Але што з гэтага атрымалася? Усюды — запусценне, падман, забыццё. А хто не мог забыць, таму заставаліся бяссілле, абыякавасць і гарэлка. Час вялікіх людскіх і мужчынскіх мараў мінуўся. Верх узялі дзялкі. Карупцыя. Галеча.
    «Вам добра, вы — адзін»,— сказаў Хасэ. Усё цудоўна. Хто адзін, той не можа быць пакінутым. Але часам, вечарамі, штучны будынак разбіваўся, жыццё ператваралася ў
    плаксівую, імклівую мелодыю, у вір дзікага суму, жадання, песімізму і надзеі вырвацца з гэтага атупення, якое не мае ніякага сэнсу, рынуцца абы-куды з гэтага балота вечнай мітусні... Ах, гэтае вартае жалю жаданне цеплыні... ці не дастаткова было б дзвюх далоней і схіленага да цябе твару? Ці гэта — таксама падман, адмаўленне і ўцёкі? Ці ёсць што, акрамя адзіноты?
    Я зачыніў акно. He, больш нічога няма. Пад усё астатняе занадта мала грунту пад нагамі. -
    Але раніцай я пайшоў раней з дому, перш чым ісці ў майстэрню, пастукаў да гаспадара маленькай крамы, дзе прадаваліся кветкі. Я выбраў у яго букет ружаў і папрасіў адаслаць іх зараз жа. Для мяне было крыху нязвыкла пісаць на паштоўцы: Патрыцыя Хольман.