Тры таварышы
Эрых Марыя Рэмарк
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 367с.
Мінск 1994
але крыху нахіленыя, рукі — вузкія, доўтія, хутчэй кашчавыя, чым мяккія. Твар быў вузкі і бледны, але вялікія вочы надавалі яму палкую сілу. Яна была вельмі прыгожая, на маю думку... але больш нічога такога я не падумаў.
Ленц жа ўвесь загарэўся. Ён цалкам перамяніўся. Яго жоўты чуб палаў, як хмель. Ён выдаў цэлы феерверк ідэй і разам з Біндзінгам завалодаў сталом. Я сядзеў ціха, нічым не прыцягваючы да сябе ўвагі — перадаваў каму-небудзь міску ці прапаноўваў закурыць. Чокаўся з Біндзінгам. Гэта я рабіў даволі часта. Ленц раптам стукнуў сябе па лбе:
— Ром! Робі, нясі ж наш імянінны ром!
— Дзень нараджэння? У каго дзень нараджэння? — спытала дзяўчына.
— У мяне,— сказаў я.— Мяне ўжо цэлы дзень даймаюць ім.
— Даймаюць? Дык вы не хочаце, каб вас віншавалі?
— Хачу,— сказаў я.— Віншаванне — гэта нешта іншае.
— Дык усяго найлепшага!
Я на момант затрымаў яе руку ў сваёй і адчуў яе цёплы, сухі поціск. Потым я пайшоў па ром. Вялікая і маўклівая ноч разлеглася вакол шынка. Скураныя сядзенні ў машыне адсырэлі. Я спыніўся, пазіраючы на гарызонт, дзе на небе абазначылася чырванаватае зарыва горада. Мне захацелася застацца тут, але мяне ўжо клікаў Ленц.
Біндзінгу ром не пайшоў. Гэта мы заўважылі ўжо пасля другой чаркі. Хістаючыся, ён падаўся ў сад. Я ўстаў, і мы з Ленцам падышлі да стойкі. Ён папрасіў бутэльку джыну.
— Шыкоўная дзяўчына, праўда? — сказаў ён.
— He ведаю, Готфрыд,— адказаў я.— He падумаў пра гэта.
Хвілінку ён разглядаў мяне сваімі вясёлкава-блакітнымі вачыма, а потым заматаў вогненнай галавой.
■— Навошта ты жывеш, скажы, хлопчык!
— Сам даўно думаю пра гэта,— адказаў я.
Ён засмяяўся.
— Што з цябе возьмеш! Нялёгкая задачка. Але зараз я спачатку разнюхаю, што агульнага ў гэтай дзяўчыны з тоўстым аўтадаведнікам.
Ён пайшоў услед за Біндзінгам у сад. Праз нейкі час яны ўдвух вярнуліся да стойкі. Відаць, навіна была добрая, таму што Готфрыд, перад якім, мусіць, адкрылася поле дзейнасці, у радасці ад гэтага трымаўся неадступна каля Біндзінга. Яны заказалі яшчэ адну бутэльку джыну і праз гадзіну былі ўжо на «ты». Ленц, калі быў у добрым настроі,
мог так забавіць, што вырвацца ад яго было цяжка. Цяпер ён проста запаланіў Біндзінга, і неўзабаве яны ўдвух ужо спявалі ў альтанцы салдацкія песні. Пра дзяўчыну за гэтай справай апошні рамантык зусім забыўся...
У шынку мы засталіся ўтраіх. Раптам стала вельмі ціха. Цікаў гадзіннік. Гаспадыня прыбрала са стала і позіркам добрай маці пазірала на нас. Каля печы выцягнуўся руды ганчак. Час ад часу ён сонна ўзбрэхваў, ціха, высокім голасам, нібы скардзячыся. Вецер гладзіў аконныя шыбы. Яго пошум сплятаўся з урыўкамі салдацкіх песень, і мне здавалася, што маленькі пакой уздымаецца і лунае з намі праз ноч і праз гады, міма многіх успамінаў.
Настрой быў нязвыклы. Здавалася, што час спыніўся. Ён ужо здаваўся не ракой, якая выплывала са змроку і ў ім жа хавалася, гэта было мора, у якім бязгучна адлюстроўвалася жыццё. Я трымаў у руцэ чарку. Ром зіхацеў. Я прыпомніў пра запісы, якія рабіў учора ў майстэрні. Тады мне было крыху сумна. А цяпер ужо не было. Было абыякава: жыві — пакуль жывеш. Я глянуў на Кёстэра. Я чуў, як ён размаўляў з дзяўчынай. Але да слоў я не прыслухоўваўся. Я адчуваў мяккі пошум першага хмелю, які падаграваў кроў і які падабаўся мне, бо ён накідваў на невядомае покрыва прыгоды. У садзе Ленц з Біндзінгам спявалі пра Аргонскі лес. Каля мяне размаўляла незнаёмая дзяўчына. Яна гаварыла ціха і павольна, нізкім, крыху хрыпаватым голасам, які ўзбуджаў. Я выпіў чарку.
Тыя ўдвух зноў вярнуліся. На свежым паветры яны працверазелі. Мы зазбіраліся. Я дапамагаў дзяўчыне апрануць паліто. Яна стаяла блізка, распраўляючы гнуткія плечы. Рот у яе быў крыху адкрыты, усмешка, нікому не адрасаваная, была звернута ў столь. Я на момант выпусціў з рук паліто. Дзе былі дагэтуль мае вочы? Ці я спаў? Я раптам. зразумеў узнёсласць Ленца.
Яна запытальна павярнулася да мяне. Я хуценька зноў паднёс паліто і зірнуў на Біндзінга, які — расчырванелы і ўсё яшчэ асалавелы — стаяў каля стала.
— Вы думаеце, што ён зможа весці машыну? — спытаў я.
— Будзем спадзявацца.
Я ўсё яшчэ глядзеў на яе.
— Калі ён не зусім надзейны, нехта з нас можа паехаць. Яна дастала пудраніцу і адчыніла яе.
— Неяк будзе,— сказала яна.— Выпіўшы, ён кіруе яшчэ лепш.
— Лепш і, пэўна, яшчэ больш неасцярожна,— запярэчыў я. Яна скоса глянула на мяне, адарваўшы позірк ад люстэрка.
— Будзем спадзявацца, што ўсё будзе добра,— сказаў я.
Такая надзея была абгрунтаваная, бо Біндзінг ледзь трымаўся на нагах. А я не мог так проста развітацца з ёю.
— Можна мне заўтра пазваніць, каб даведацца, як справы? — спытаў я.
Яна адказала не адразу.
— Мы, ініцыятары гэтай п’янкі, нясём пэўную адказнасць,— гаварыў я.— Асабліва я, з тым сваім ромам.
Яна засмяялася.
— Ну добра, калі вам так хочацца. Званіце: Захад — 2796. .
На дварэ я адразу запісаў сабе нумар. Мы паглядзелі ўслед машыне Біндзінга і выпілі «на пасашок». Потым зароў наш «Карл». Ён імчаў праз лёгкі сакавіцкі туман, мы дыхалі часта, горад набліжаўся насустрач нам — вогненны і хісткі ў марыве. Раптам, як карабель у моры, выплыў асветлены, стракаты бар Фрэдзі. Мы кінулі якар. Золатам іскрыўся каньяк, джын блішчаў, як аквамарын, а ром быў само жыццё. Мы сталёва сядзелі на высокіх сядзеннях бара, музыка плёскалася, існасць была светлая і надзейная; сілай наліваліся нашыя грудзі, забыліся няўцешнасць пустых мэбляваных пакояў, якія чакалі нас, адчай будзённасці. Стойка бара ператварылася ў капітанскі мосцік на караблі жыцця, і мы плылі ў будучыню ў пырсках пены...
Назаўтра была нядзеля. Я позна спаў і прачнуўся, калі промні сонца ўпалі 7" Т мне на пасцель. Я хутка саскочыў з
.1 X ложка і адчыніў вокны. На дварэ
было свежа і ясна. Я паставіў прымус на лаўку і пачаў шукаць каву. Мая гаспадыня, фраў Залеўскі, дазволіла мне варыць каву ў пакоі. Тое, што яна падавала, было занадта слабое. Асабліва з пахмелу. Я ўжо два гады жыў у пансіянаце Залеўскі. Месца мне падабалася. Было куды пайсці — побач Дом прафсаюзаў, кафэ «Інтэрнацыяналь» і рэстаран, дзе адбываліся сходы Арміі выратавання. Перад домам, акрамя таго, былі старыя могілкі. На іх раслі дрэвы, як у парку, і спакойнымі вечарамі можна было падумаць, што жывеш у вёсцы. Але спакой
наставаў вельмі позна, бо побач з могілкамі была шумная плошча з каруселямі і арэлямі.
У скарбонку фраў Залеўскі могілкі прыносілі надзейны прыбытак. Яна хваліла свежае паветра і шырокія далягляды і за гэта брала больш высокую плату. Пры рэкламацыях яна настойвала:
— Але, панове, падумайце толькі — якое месца!
Я апранаўся вельмі павольна. Гэта надавала мне адчуванне нядзелі. Я ўмыўся, пахадзіў па пакоі, пачытаў газету, згатаваў каву, пастаяў каля акна і паназіраў, як паліваюць вуліцу, паслухаў спеў птушак у высокіх дрэвах на могілках — яны спявалі, як маленькія срэбныя флейты святога бога, далучаючыся да ціхага пяшчотнага буркатання меланхалічнай шарманкі на плошчы. Я выбіраў сарочку і шкарпэткі, хоць выбіраць асабліва не было з чаго, з некалькіх сарочак і пар шкарпэтак я выбіраў так, быццам іх было ў дваццаць разоў больш; насвістваючы, я павыкідваў усё з кішэняў: дробязь, нож, ключы, цыгарэты, і раптам — учарашняя паперка з імем дзяўчыны і нумарам тэлефона. Патрыцыя Хольман. Дзіўнае імя — Патрыцыя. Я паклаў паперку на стол. Няўжо гэта сапраўды было ўчора? Як далёка ўсё адышло, амаль забылася ў шэрым тумане алкаголю... За выпіўкай жыццё было цудоўнае... ты хутка рабіўся цэльным, але паміж вечарам і раніцай зноў утвараліся прагалы, як быццам міналі гады.
Я сунуў запіску пад стос кніжак. Пазваніць? Магчыма... а магчыма, і — не. Днём усё выглядала інакш, чым вечарам. Шчыра кажучы, я жыў спакойна і быў задаволены. Даволі хапіла шуму ў апошнія гады. «Толькі не падпускаць нічога блізка да сэрца,— гаварыў Кёстэр.— Тое, што падпусціш, захочаш утрымаць. А ўтрымаць нельга нічога...»
У гэты час у суседнім пакоі пачаўся ранішні вэрхал. Я шукаў капялюш, які я, відаць, учора некуды закінуў. На хвілінку я прыслухаўся. Сварыліся муж з жонкай Хасэ. Яны ўжо пяць гадоў жылі тут у маленькім пакойчыку. Гэта былі нядрэнныя людзі. Калі б яны мелі трохпакаёвую кватэру, з кухняй для гаспадыні, ды каб яшчэ дзіця — магчыма, гэта была б шчаслівая сям’я. Але кватэра каштавала шмат грошай, а дзіця ў гэтыя ненадзейныя часы — хто яго мог сабе дазволіць! Яны ўвесь час натыкаліся адно на аднаго, жонка стала істэрычкай, а муж увесь час баяўся страціць сваё месца. Тады б — капцы. Яму было сорак пяць гадоў. Беспрацоўнага яго ўжо больш ніхто не прыняў бы. У гэтым была бяда. Раней чалавек страчваў пазіцыі паволі, і заўсёды
з’яўляліся новыя магчымасці, каб падняцца. А сёння за кожным звальненнем — адразу прадонне вечнага беспрацоўя.
Я хацеў ціхенька ўцячы, але ўжо пачуўся стук у дзверы. У пакой уваліўся Хасэ.
Ён плюхнуўся ў крэсла.
— Я больш не вытрываю.
Гэта быў па сутнасці мяккі чалавек з абвіслымі плячыма і маленькімі вускамі. Сціплы, старанны служачы. Але якраз такім было сёння цяжэй за ўсіх. Ды ім, бадай, было заўжды найцяжэй. Сціпласць і стараннасць ацэньваюцца належным чынам толькі ў раманах. У жыцці іх выкарыстоўваюць, а потым адкідваюць прэч. Хасэ ўзняў рукі.
— Толькі падумайце, у канторы зноў два звальненні. Наступны — я, вось убачыце: я! — У гэтым страху ён жыў з пачатку месяца да наступнага. Я наліў яму чарку гарэлкі. Ён тросся ўсім целам. Некалі ён зламаецца, гэта было відавочна. Больш у яго не было пра што гаварыць.
— Ды яшчэ гэтыя заўсёдныя папрокі,— прашаптаў ён. Магчыма, жонка папракнула яго за сваё вартае жалю існаванне. Ёй было сорак два гады, яна ўжо амаль адцвіла і расплылася, але не выглядала такой зношанай, як муж. Яе прыгнятаў страх недалёкай старасці.
Нешта раіць не мела сэнсу.
— Слухайце, Хасэ,— сказаў я.— Пасядзіце тут спакойна, колькі вам захочацца. Мне трэба пайсці. Калі вам болып да густу каньяк, ён — у шафе. Тут — ром. Там ляжаць газеты. А пад вечар пойдзеце куды-небудзь з жонкай з гэтых чатырох сцен. Хоць бы у кіно. Гэта будзе каштаваць вам столькі ж, колькі дзве гадзіны ў кафэ, а атрымаеце куды больш! Сёння галоўнае: забыцца! А для гэтага — не разважаць! — Адчуваючы дакоры сумлення, я паляпаў яго па плячы. Няхай сабе, кіно заўсёды выручае. Там кожны можа памарыць.