• Газеты, часопісы і г.д.
  • Тры таварышы  Эрых Марыя Рэмарк

    Тры таварышы

    Эрых Марыя Рэмарк

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 367с.
    Мінск 1994
    81.45 МБ
    быў яе знешні выгляд. На кожны дзень мы паставілі надзвычай старажытны кузаў — лак выцвіў, крылы пакарабаціліся, верх адслужыў добры дзесятак год. Мы маглі падабраць нешта лепшае, але ў нас былі свае меркаванні.
    Аўтамабіль зваўся «Карл». «Карл» — прывід шашы. «Карл», сапучы, цягнуўся па шашы.
    — Ота,— сказаў я,— з’явілася ахвяра.
    Ззаду нецярпліва сігналіў «б’юік». Ён імкліва даганяў нас. Неўзабаве насы зраўняліся. Чалавек за рулём зняважліва паглядзеў на нас. Яго позірк зверху ўніз абвёў нашага няўклюднага «Карла». Потым ён адвярнуўся і забыўся пра нас.
    Праз некалькі секунд ён нечакана пераканаўся, што Карл усё яшчэ ідзе побач з ім. Ён усеўся крыху ямчэй, весела зірнуў на нас і прыбавіў газу. Але «Карл» не здаўся. Як тэр’ер побач з догам, ён неадступна трымаўся каля бліскучага лакаматыва з нікелю і лаку.
    Чалавек мацней ухапіўся за руль. Ён яшчэ ні пра што не здагадваўся і кпліва скрывіў губы. Відаць было, што ён нам зараз пакажа, на што здольныя яго сані. Ён з такой сілай ціскануў на газ, што выхлапная труба заспявала, як хор жаўрукоў над летнім полем. Але — дарма. Ён не адарваўся ад нас. Як зачараваны, агідны і непрыглядны «Карл» туліўся да яго. Чалавек здзіўлена вылупіўся на нас. Ён не мог зразумець, як гэта пры хуткасці звыш ста кіламетраў старая скрынка ніяк не адстае ад яго. Ён з недаверам зірнуў на спідометр, ці не сапсаваўся. Потым націснуў да канца.
    Машыны імчаліся ўпоравень па доўгай роўнай шашы. Праз некалькі метраў насустрач з шумам з’явіўся грузавік. «Б’юік» павінен быў адстаць, каб даць дарогі. Як толькі ён параўняўся з «Карлам», паказалася пахавальная машына са стужкамі ад вянкоў, якія развяваліся. Яму зноў прыйшлося ўступіць. Потым далягляд стаў вольны.
    Чалавек за рулём тым часам страціў увесь свой форс; ён прыгорбіўся — злосны, вусны сціснутыя — яго захапіў азарт гоншчыка, і раптам гонар яго жыцця трапіў у залежнасць ад таго, ці адарвецца ён — любой цаной — ад шчанюка побач.
    Мы ж, наадварот, сядзелі з абыякавымі тварамі. «Б’юіка» для нас не існавала. Кёстэр спакойна глядзеў на дарогу, я, сумуючы, пазіраў на бакі, а Ленц, хоць і сцяты ў камяк, дастаў газету і рабіў выгляд, што яму няма нічога важнейшага за чытанне.
    Праз некалькі хвілін Кёстэр падміргнуў нам. «Карл»
    неўпрыкмет збавіў хуткасць, і «б’юік» памалу пачаў вырывацда наперад. Яго шырокія блішчастыя крылы прамільгнулі міма нас. 3 выхлапной трубы нам у твар грымнуў сіні дым. Паступова ён адарваўся ад нас метраў на дваццаць — і тут ужо паказаўся, як мы і чакалі, твар гаспадара ў акне. Усмешка выдавала непрыкрыты грыумф. Ён паверыў, што перамог.
    Але чалавек дапусціў яшчэ адну памылку. Ён не мог стрымацца, каб не паздзекавацца з нас. Ён кіўнуў нам: даганяйце. Ён зрабіў гэта падкрэслена паблажліва і пераможна.
    — Ота! — прамовіў Ленц, напамінаючы.
    Ды напаміну не патрабавалася. У той самы момант «Карл» зрабіў скачок. Кампрэсар засвістаў. I раптам рука, якая махала, знікла ў акне — «Карл» прыняў выклік, ён набліжаўся. Ён набліжаўся нястрымна... ён зноў узяў сваё — і цяпер мы ўпершыню ўважліва паглядзелі на аўтамабіль побач. 3 нявіннымі тварамі мы запытальна пазіралі на чалавека за рулём. Цікава было б ведаць, навошта ён нам махаў. Але той сутаргава глядзеў у другі бок, і «Карл» цяпер ужо на поўным газе абыходзіў яго, увесь брудны, з крыламі, што бразгаталі, пераможны замызганы шчанюк.
    — Малайчына, Ота,— сказаў Ленц Кёстэру.— Папсаваў чалавеку апетыт перад вячэрай.
    Дзеля такіх пагоняў мы не мянялі «Карлу» кузава. Варта было яму з’явіцца на дарозе, і ўжо некаму карцела перагнаць яго. На іншыя машыны ён дзейнічаў, як варона з перабітым крылом дзейнічае на зграю галодных катоў. Самым мірным сямейным шарабанам карцела перагнаць яго, і нават самыя мажныя барадачы не маглі вытрываць гоначнага азарту, калі яны бачылі, як перад імі ішла ўпрысядку бразготная рухомая табурэтка. Хто мог уявіць сабе, што ў гэтай камічнай фігуры б’ецца вялікае сэрца гоначнага матора!
    Ленц сцвярджаў: «Карл» выхоўвае. Ён вучыць людзей пачцівасці да вынікаў творчасці, якія заўсёды прыкрыты някідкай абалонкай. Так гаварыў Ленц, які называў сябе апошнім рамантыкам.
    Мы спыніліся перад невялічкім шынком і выбраліся з машыны.
    Вечар быў цудоўны і ціхі. Барозны ўзаранага поля адсвечвалі фіялетавым святлом. Краі аддавалі залацістакарычневым водсветам. На яблычна-зялёным небе плавалі воблакі, падобныя да вялікіх птушак фламінга, а між імі хаваўся вузенькі сярпок маладзіка. Арэхавы куст трымаў
    у сваіх абдымках змрок і прадчуванне. Ён быў хвалююча голы, але ў пупышках хавалася чаканне. 3 маленькага шынка плыў пах смажаніны. Смажылі пячонку з цыбуляй. Наша душа заспявала.
    Ленц рынуўся ў дом насустрач паху. Ён вярнуўся прасветлены.
    — Вы не бачылі такой смажанай бульбы! Хутчэй, a то найлепшую з’ядуць!
    У гэты момант з шумам падкаціла яшчэ адна машына. Мы спыніліся, аслупянелыя. Гэта быў «б’юік». Ён рэзка затармазіў каля «Карла».
    — Гоп-ля! — сказаў Ленц. У нас ужо часта ў такіх выпадках здараліся бойкі.
    3 машыны выйшаў мужчына. Ён быў высокі і ў целе. На ім было шырокае карычневае паліто з вярблюджай шэрсці. Незадаволеным скасавураным позіркам ён глянуў на «Карла», потым сцягнуў тоўстыя пальчаткі і падышоў да нас.
    — Якой маркі гэта ваша машына? — спытаў ён Кёстэра, які стаяў бліжэй за ўсіх да яго. А твар у чалавека напамінаў салёны агурок.
    Мы ўсе ўтрох нейкі час моўчкі глядзелі на яго. Пэўна, ён палічыў, што мы слесары ў выхадным адзенні, якія выехалі на чужой машыне.
    — Вы штосьці сказалі? — нарэшце спытаў Ота няўпэўнена, нібы падказваючы таму, што трэба быць больш ветлівым.
    Мужчына пачырванеў.
    — Я спытаў пра гэтую машыну,— прамовіў ён буркліва тым самым тонам.
    Ленц выпрастаўся. Яго вялікі нос уздрыгнуў. Ён надаваў вялікае значэнне ветлівасці ў адносінах да сябе. Але перш чым ён паспеў адкрыць рот, раптам адчыніліся, нібы ад рукі святога духа, дзверцы «б’юіка»; выслізнула маленькая ножка, потым паказалася цененькае каленца, затым з машыны выйшла дзяўчына і павольна пайшла да нас. Ад неспадзяванасці мы пераглянуліся. Мы раней не заўважылі, што нехта ёсць у машыне. Ленц адразу змяніў паводзіны. Ён заўсміхаўся на ўвесь рабаціністы твар. Мы заўсміхаліся ўсе разам, чорт яго ведае чаму.
    Таўстун пазіраў на нас разгублена. Ён страціў самаўпэўненасць і, відаць, не ведаў, што цяпер рабіць.
    — Біндзінг,— нарэшце сказаў ён з паўпаклонам, быццам прозвішча магло яго ўратаваць.
    Дзяўчына падышла ўжо блізка. Мы зрабіліся яшчэ вет-
    лівейшыя.
    — Дык пакажы машыну, Ота,— сказаў Ленц, кідаючы хуткі позірк на Кёстэра.
    — Чаму ж не,— весела ўсміхнуўшыся, адгукнуўся Ота.
    — Я і праўда паглядзеў бы яе,— сказаў Біндзінг больш міралюбна.— Відаць, хуткая, як чорт. Так мяне абставіла.
    Яны ўдвух пайшлі на стаянку, і Кёстэр падняў капот «Карла».
    Дзяўчына не пайшла з імі. Статная, яна моўчкі стаяла ў змроку паміж мной і Ленцам. Я чакаў, што Готфрыд скарыстае выпадак і «завядзецца». Ён быў створаны на такія сітуацыі. Але, здавалася, у яго адняло мову. Звычайна ён такаваў, як глушэц, а тут стаяў, як маўклівы манах на адпачынку, і не варушыўся.
    — Прабачце, калі ласка,— сказаў я нарэшце.— Мы не заўважылі вас у машыне. Інакш мы не паводзілі б сябе так непрыстойна.
    Дзяўчына зірнула на мяне.
    — Але чаму ж? — запярэчыла яна спакойна. У яе быў нечакана нізкі голас.— Нічога дрэннага не здарылася.
    — He дрэнна, але і не зусім прыстойна. Гэтая машына развівае хуткасць да двухсот кіламетраў.
    Яна крыху прыгнулася і ўсунула рукі ў кішэні паліто.
    — Дзвесце кіламетраў?
    — Дакладна — 189,2, афіцыйна зафіксавана,— горда заявіў Ленц, нібы выстраліў з пісталета.
    Яна засмяялася.
    — А мы падумалі — шэсцьдзесят — семдзесят.
    — Бачыце...— сказаў я,— вы ж не ведалі...
    — He,— адказала яна.— Мы сапраўды не ведалі. Мы падумалі, што «б’юік» бяжыць у два разы хутчэй за вашу машыну.
    — Ну вось...— Я нагой адфутболіў адламаны сучок.— У нас была занадта вялікая перавага. А пан Біндзінг, мусіць, добра раззлаваўся на нас.
    Яна засмяялася.
    — Вядома, у нейкі момант. Але ж трэба ўмець і прайграваць. А інакш — як жыць?
    — Вядома...
    Утварылася паўза. Я зірнуў на Ленца. Але апошні рамантык толькі пасміхаўся, торгаў носам, не падаючы рукі дапамогі. Шапацелі бярозы. За домам закудахтала курыца.
    — Цудоўнае надвор’е,— нарэшце прамовіў я, каб парушыць маўчанне.
    — Так, выдатнае,— адказала дзяўчына.
    — I такое пяшчотнае,— дадаў Ленц.
    — Нават незвычайна пяшчотнае,— дапоўніў я.
    Зноў павісла паўза. Дзяўчына, пэўна, палічыла нас ёлупнямі. Але як я ні намагаўся, нічога разумнага не прыходзіла ў галаву. Ленц абнюхваў наваколле.
    — Печаныя яблыкі,— прамовіў ён чулліва,— тут, здаецца, да пячонкі падаюць печаныя яблыкі. Далікатэс.
    — Несумненна,— пагадзіўся я, праклінаючы нас абодвух.
    Вярнуліся Кёстэр і Біндзінг. Біндзінг за гэтыя некалькі хвілін зусім перамяніўся. Ён, відаць, быў адзін з тых аўтадзівакоў, хто, сустрэўшы дзе-небудзь спецыяліста, з якім можна пагутарыць, расцвітае душой.
    — Павячэраем разам? — спытаў ён.
    — А як жа,— адказаў Ленц.
    Мы ўвайшлі ў памяшканне. Каля дзвярэй Готфрыд падміргнуў мне, паказваючы на дзяўчыну.
    — Слухай, яна табе ўраўнаважыць старую кабету, якая танцавала сёння раніцай.
    Я паціснуў плячыма.
    — Магчыма, але чаму ты змусіў аддувацца мяне аднаго?
    Ён засмяяўся.
    — Трэба ж вучыцца, хлопчык!
    — Няма ў мяне больш ахвоты да вучобы,— сказаў я.
    Мы пайшлі да астальных. Яны ўжо сядзелі за сталом. Гаспадыня якраз прынесла пячонку і смажаную бульбу. На разгонку яна прынесла яшчэ вялікую бутэльку гарэлкі.
    Біндзінг аказаўся гаваруном, бурным, як горны ручай. Проста дзіўна было, чаго толькі ён не ведаў пра аўтамашыны. Калі ён пачуў, што Ота таксама ўдзельнічаў у гонках, яго прыхільнасць перайшла ўсе межы.
    Я прыгледзеўся да яго больш уважліва. Ён быў мажны, высокі мужчына з густымі бровамі над чырвоным тварам; крыху хвалько, крыху шумны і, магчыма, спагадлівы, як людзі, якім звычайна шанцуе ў жыцці. Я мог сабе ўявіць, што вечарам, перш чым класціся спаць, ён сур’ёзна, з гонарам і павагай разглядае сябе ў люстэрка.
    Дзяўчына сядзела паміж Ленцам і мной. Яна скінула паліто. На ёй быў шэры англійскі касцюм. Вакол шыі была павязана белая хусцінка, падобная да гальштука жакея. Яе валасы былі рудавата-шаўкавістыя, у святле лямпы яны пераліваліся янтарным бляскам. Плечы былі вельмі прамыя.