• Газеты, часопісы і г.д.
  • Тры таварышы  Эрых Марыя Рэмарк

    Тры таварышы

    Эрых Марыя Рэмарк

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 367с.
    Мінск 1994
    81.45 МБ
    Наступныя кругі нічога не змянілі. Ленц адклаў хранометр і пачаў падлічваць.
    — У «Карла» яшчэ ёсць рэзервы,— аб’явіў ён. .
    — Баюся, што ў астатніх таксама,— сказаў я.
    — Малавер! — Ён кінуў на мяне знішчальны позірк.
    I на перадапошнім крузе Кёстэр пахітаў галавой. Ён вырашыў рызыкнуць—не мяняць кіхі. Яшчэ не было так спякотна, каб яны не вытрымалі.
    Празрыстай істотай павісла напружанне над шырокай плошчай і трыбунамі, калі машыны пайшлі на апошні круг.
    — Вазьміцеся ўсе за дрэва,— сказаў я і ўчапіўся ў ручку малатка. Ленц паклаў мне руку на патыліцу. Я адпіхнуў яго. Ён усміхнуўся і ўхапіўся за бар’ер.
    Гул нарастаў да выцця, выццё — да рыку, рык — да грому, да высокага з прысвістам спеву машын, што імчалі, намагаючыся з апошняе сілы. Браўмюлер уляцеў у віраж. За ім неслася другая машына. Яе заднія колы скрыгаталі і шыпелі. Яна ішла ніжэй, чым першая, больш крута. Гоншчык, відаць, хацеў выйграць такім чынам.
    — Памылка! — крыкнуў Ленц. А тут якраз з’явіўся і Кёстэр, яго машына з разгону вылецела аж за знешні край. Мы на імгненне анямелі: здавалася, што ён зараз вылеціць за паварот, але матор зароў, і машына ўтрымалася.
    — Ён упісаўся на поўным газе! — крыкнуў я.
    Ленц кіўнуў.
    — Вар’яцтва!
    Мы перавесіліся праз бар’ер. Ад хвалявання нас біла ліхаманка: ці пашанцуе? Я падняў Патрыцыю Хольман на скрынку з інструментам.
    — Так будзе лепш відаць! Абапрыцеся на маё плячо. Глядзіце ўважліва, ён і гэтага абставіць на павароце.
    —• Абставіў! — крыкнула яна.— Ужо перагнаў.
    — Ён даганяе Браўмюлера. О божа, святы Майсей! — закрычаў Ленц.— Ен сапраўды ўжо перагнаў таго і набліжаецца да Браўмюлера.
    У воблаку ўзнятай буры тры машыны то з’яўляліся, то знікалі, мы крычалі як звар’яцелыя, да нас падключыліся Валянцін і Граў са сваім неверагодным басам. Кёстэру ўдалася яго шалёная задума, ён перагнаў другую машыну на павароце зверху, таму што той памыліўся і на крутым віражы страціў хуткасць. Цяпер Ота, як каршун, кінуўся за Браўмюлерам, які раптам аказаўся метраў за дваццаць ад яго. Відаць, у таго нешта здарылася з запальваннем.
    — Дай яму, Ота! Дай яму! З’еш «Шчаўкунчыка»! — зараўлі мы і замахалі рукамі.
    Машыны схаваліся на апошнім павароце. Ленц гучна маліўся ўсім багам Азіі і Паўднёвай Амерыкі, каб тыя дапамаглі. Ён махаў сваім амулетам. Патрыцыя Хольман, абапіраючыся на маё плячо, напружана ўглядалася ў далячынь, выцягнуўшы твар, які напамінаў скульптурку на носе галеры.
    I вось яны з’явіліся. Матор Браўмюлера ўсё яшчэ чмыхаў, увесь час чуліся перабоі. Я заплюшчыў вочы. Ленц адвярнуўся да дарогі спіной — мы хацелі ўлешчыць лёс. Нечы крык прымусіў нас павярнуць твары. Мы яшчэ паспелі ўбачыць, як Кёстэр першы перасек фінішную лінію, на два метры адарваўшыся ад суперніка.
    Ленц як звар’яцеў. Ён шпурнуў інструмент на зямлю і зрабіў стойку на руках на шынах.
    — Што вы нядаўна сказалі? —■ закрычаў ён, стаўшы на ногі і звяртаючыся да механіка-Геркулеса.— Ламачына?
    — Ат, слухай, не квакай над вухам,— незадаволена адказаў механік.
    I ўпершыню за ўвесь час, колькі я яго ведаю, апошні рамантык не раз’юшыўся ад знявагі, а дзіка затросся ад рогату.
    Мы чакалі Ота. Ён затрымаўся каля арганізатараў гонак.
    — Готфрыд! — пачуўся раптам хрыплаваты голас у нас
    за спіной. Мы азірнуліся. Мы ўбачылі чалавека-гару ў занадта вузкіх паласатых штанах, у неверагодна цесным пінжаку колеру марэнга і ў чорным капелюшы.
    — Альфонс! — усклікнула Патрыцыя Хольман.
    — Уласнай персонай,— пацвердзіў ён.
    — Мы перамаглі, Альфонс! — крыкнула яна.
    — Моцна, моцна. Дык я, відаць, спазніўся, га?
    — Ты ніколі не спазняешся, Альфонс,— сказаў Ленц.
    — Вырашыў прынесці вам сёе-тое перакусіць. Халоднай смажаніны, салёных скабак. Усё парэзана.
    — Давай сюды і садзіся, золатка наша! — крыкнуў Готфрыд.— Зараз навалімся.
    Ён разгарнуў пакет.
    — Божа мой,— сказала Патрыцыя Хольман.— Тут жа на цэлы полк.
    — Потым будзе відаць,— разважыў Альфонс.— Між іншым, ёсць кмінная гарэлка... халодненькая.
    Ён дастаў дзве бутэлькі.
    — Ужо адкаркаваныя.
    — Моцна, моцна,— сказала Патрыцыя Хольман. Ён зычліва падміргнуў ёй.
    3 ляскатам падкаціў «Карл». На зямлю саскочылі Кёстэр і Юп. Юп быў падобны на маладога Напалеона. Вушы ў яго свяціліся, як царкоўныя вокны. Ён у абдымках трымаў жудасна безгустоўны вялізны срэбны кубак.
    — Сёмы,— са смехам сказаў Кёстэр.— Іншага нічога людзям і ў галаву не прыйдзе.
    — Толькі гэты збан? — дзелавіта спытаў Альфонс.— I ніколечкі грошай?
    — Ёсць,— супакоіў яго Ота.— Ёсць і грошы.
    — Ну, тады мы зараз засыпемся грашыма,— сказаў Граў.
    — Можна, відаць, прыемна правесці вечар.
    — У мяне? — спытаў Альфонс.
    — Справа гонару,— адказаў Ленц.
    — Гарохавы суп са свінымі вантробамі, ножкамі і вушамі,— сказаў Альфонс, і нават на твары Патрыцыі Хольман адбілася пачцівасць.— Вядома, бясплатна,— дадаў ён.
    Падышоў Браўмюлер, праклінаючы сваю няўдачу, з поўнай жменяй свечаў запальвання, запырсканых маслам.
    — Супакойся, Тэа,— крыкнуў Ленц.— Першы прыз у наступных гонках дзіцячых вазкоў — безумоўна, твой.
    — Можна ўзяць рэванш хоць на каньяку? — спытаў Браўмюлер.
    — Пі хоць піўнымі куфлямі,— сказаў Граў.
    — Тут вашы шанцы слабыя, пан Браўмюлер,— заявіў Альфонс як спецыяліст.— Hi разу яшчэ не бачыў, каб Кёстэр напіўся п’яны.
    — Я яшчэ ні разу не бачыў, каб «Карл» пераганяў мяне,— сказаў Браўмюлер.— Акрамя сённяшняга дня.
    — He траць адвагі,— сказаў Граў.— Вось табе шклянка. Вып’ем за машыну — знішчальніцу культуры.
    Калі мы сабраліся ад’язджаць, мы хацелі забраць з сабой рэшту прадуктаў, прынесеных Альфонсам. Іх хапіла б, каб накарміць некалькі чалавек. Але мы знайшлі толькі паперу, на якой яны ляжалі.
    — Што за д’ябал,— сказаў Ленц.— А! — Ён паказаў на Юпа, які сарамліва ўсміхаўся. У яго яшчэ былі поўныя жмені, а жывот напяўся, як бубен.
    — Таксама рэкорд!
    Пасля абеду ў Альфонса мне здалося, што Патрыцыя Хольман карыстаецца занадта вялікім поспехам. Я выпадкова пачуў, што Граў зноў прапанаваў намаляваць яе. Яна засмяялася і сказала, што ў яе не хопіць цярпення. Лепш сфатаграфавацца.
    — Гэта яму якраз больш падыходзіць,— пакпіў я.— Магчыма, ён намалюе вас з фатаграфіі.
    — Спакойна, Робі,— адказаў Фердынанд упэўнена і ўтаропіўся на Пат сваімі вялізнымі блакітнымі, як у дзіцяці, вачыма.— Гарэлка робіць цябе злосным, мяне — чалавечным. Вось у чым розніца паміж нашымі пакаленнямі.
    — Ён гадоў на дзесяць старэйшы за мяне,— сказаў я.
    — Сёння гэта розніца на цэлае пакаленне,— працягваў Фердынанд.— Розніца на цэлае жыццё. Розніца на тысячагоддзе. Што вы, хлопцы, ведаеце пра жыццё? Вы ж баіцеся сваіх пачуццяў. Вы не пішаце лістоў, а тэлефануеце. Вы больш не марыце, замест гэтага выязджаеце на выхадны за горад. Вы разважлівыя ў каханні і неразважлівыя ў палітыцы — пакаленне, вартае жалю!
    Я слухаў яго толькі адным вухам. Другім я слухаў Браўмюлера. Ён, ужо хістаючыся, даводзіў Патрыцыі Хольман, што яна абавязкова павінна браць у яго ўрокі язды на машыне. Ён пакажа ёй усё, што ўмее.
    Пры першай магчымасці я адвёў яго ўбок.
    — Вельмі шкодна для здароўя, Тэа, асабліва спартсмену, калі ён зашмат завіхаецца каля жанчыны.
    — Толькі не мне,— адказаў Браўмюлер.— У мяне здароўе — надзіва!
    — Цудоўна. Тады я скажу пра тое, што шкодна і табе: атрымаць вось гэтай бутэлькай па галаве.
    Ён крыва ўсміхнуўся.
    — Схавай свой меч, хлапчук. Ты ведаеш, па чым пазнаюць кавалера? Па прыстойных паводзінах, калі ён нап’ецца. А ты ведаеш, хто я?
    — Хвалько!
    Я не баяўся, што нехта з іх сапраўды паспрабуе адбіць яе. Такога ў нас не было. Але я не быў упэўнены, як павядзе сябе дзяўчына. Магло ж так здарыцца, што нехта з іх спадабаецца ёй. Мы занадта мала ведалі адно аднаго, каб быць упэўненымі. А ці была яна — упэўненасць — увогуле?
    ЦІ не знікнуць нам непрыкметна? — спытаў я.
    Яна згодна кіўнула.
    Мы хадзілі па вуліцах. Зрабілася сыра. Туманы паволі апускаліся на горад, зялёныя і срабрыстыя туманы. Я ўзяў руку Пат і схаваў яе ў кішэні свайго паліто. Так мы блукалі доўга.
    — Змарылася? — спытаў я.
    Яна пахітала галавой і заўсміхалася. Я паказваў ёй на кафэ, міма якіх мы праходзілі.
    — Зойдзем куды-небудзь?
    — He. Больш туды не хачу.
    Мы пайшлі далей і падышлі да могілак. Яны напаміналі ціхі востраў сярод каменнай плыні дамоў. Дрэвы шумелі. Іх кроны патаналі ў змроку. Мы знайшлі свабодную лаўку і селі.
    Ліхтары перад намі каля вуліцы былі акружаны мігатлівымі аранжавымі німбамі. У тумане, які ўсё гусцеў, святло вытварала казачныя цуды. Хрушчы ап’янела выляталі з ліп, кружыліся вакол ліхтароў і цяжка біліся аб вільготныя плафоны. Туман ператварыў усё, ён падымаў прадметы і вызваляў іх. Гасцініца насупраць ужо плыла, як акіянскі карабель з асветленымі каютамі, над чорным люстэркам асфальту, шэры цень царквы ператварыўся ў прывідны паруснік з высокімі мачтамі, якія губляліся ў чырвонашэрым святле, і ўжо паплылі караваны дамоў.
    Мы моўчкі сядзелі поплеч. Туман усё зрабіў нерэальным... і нас таксама. Я зірнуў на дзяўчыну: у яе шырокіх вачах адбіваўся бляск ліхтароў.
    — Падсунься,— сказаў я,— ідзі бліжэй да мяне, a то цябе знясе туман...
    Яна павярнулася да мяне тварам. Яна ўсміхалася, рот у яе быў крыху адкрыты, блішчалі зубы, яе вочы адкрыта глядзелі на мяне, але мне здавалася, быццам яна не бачыць мяне, быццам яна ўсміхаецца не мне, а проста ў шэрасрабрыстую плынь, быццам яе ўсхвалявалі казачныя павевы ў кронах, кроплі, якія сцякалі па ствалах, быццам яна прыслухоўвалася да цёмнага, нячутнага поклічу за дрэвамі, па-за светам, быццам ёй трэба будзе зараз устаць і пайсці, праз туман, без мэты, з упэўненасцю, што трэба падпарадкавацца гэтаму цёмнаму, таямнічаму поклічу зямлі і жыцця.
    Ніколі не забуду гэты твар, ніколі не забуду, як ён потым нахіліўся да мяне, як ён ажыў, як маўкліва напоўніўся ласкай і пяшчотай, светлай цішынёй, нібы расцвіў, ніколі не забуду, як яе вусны знайшлі мае, як яе вочы наблізіліся да маіх, як яны былі блізка ад мяне, гледзячы на мяне запытальна, сур’ёзна, адкрыта, іскрыста... і як яны потым паволі заплюшчыліся, быццам аддаючыся на маю волю...
    Туман плыў і плыў. Надмагільныя крыжы невыразна тырчалі з яго палосаў. Я накінуў на нас паліто. Горад патануў. Час памёр...
    Мы так праседзелі доўга. Паступова вецер мацнеў. Цені хісталіся ў шэрым паветры перад намі. Я пачуў шоргат крокаў і ціхае мармытанне. Потым — прыглушаны звон гітар. Я ўзняў галаву. Цені набліжаліся, ператвараліся ў цёмныя постаці. Яны ўтварылі кола. Цішыня. I раптам — гучны спеў: «Бог шукае і цябе...»