Тры таварышы
Эрых Марыя Рэмарк
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 367с.
Мінск 1994
Я засмяяўся.
— Вядома, ведаю. А вам здаецца, што я пераблытаў яго з Канарскімі астравамі?
Чалавек пасінеў. Я спужаўся, каб яго не разбіў паралюш.
— Прэч адсюль, дзяцюк! — закрычаў ён першакласным казарменным голасам,— Вы замахваецеся на гарадскую маёмасць. Я здам вас!
Я ўжо наламаў, колькі мне трэба было.
— Тады лаві мяне, дзядуля! — прапанаваў я старому, пераскочыў праз агароджу і знік.
Перад домам Пат я яшчэ раз агледзеў свой касцюм. Потым я падняўся па лесвіцы і азірнуўся. Гэта быў новы дом сучаснай архітэктуры, поўная процілегласць старому
пампезнаму бараку, дзе жыў я. На лесвіцы ляжала чырвоная дарожка. Нічога падобнага ў пані Залеўскі не было, не гаворачы ўжо пра ліфт.
Пат жыла на трэцім паверсе. На дзвярах была прымацавана гордая латунная таблічка: «Эгберт фон Хакэ, падпалкоўнік». Я доўга ўзіраўся на яе. Потым, перш чым пазваніць, міжволі паправіў гальштук. Адчыніла дзяўчына ў бялюткай наколцы і гэткім жа беленькім фартушку — не параўнаць з нашай касавокай няўдаліцай Фрыдай. Мне зрабілася няёмка.
— Пан Локамп? — спытала яна.
Я кіўнуў.
Яна правяла мяне праз маленькі пярэдні пакой, а потым адчыніла дзверы. Я не вельмі здзівіўся б, калі б там перада мной з’явіўся падпалкоўнік Эгберт фон Хакэ пры поўным парадзе і ўсчыніў бы мне допыт,— такімі сур’ёзнымі здаліся мне партрэты генералаў, якія, усе ў ордэнах, зласліва ўзіраліся ў мяне, цывільнага. Але тут насустрач мне сваімі прыгожымі вольнымі крокамі выйшла Пат, і пакой раптам ператварыўся ў востраў цеплыні і весялосці. Я зачыніў за сабой дзверы і пяшчотна абняў яе. Потым я ўручыў ёй крадзены бэз.
— Вось,— сказаў я.— Гарадское кіраўніцтва шле вам прывітанне.
Яна паставіла кветкі ў вялікую светлую керамічную вазу, якая стаяла на падлозе каля акна. Я тым часам агледзеўся ў пакоі. Мяккія прыглушаныя колеры, нешматлікая старая прыгожая мэбля, светла-блакітны дыван, пастэльных таноў фіранкі на вокнах, зручныя невялікія крэслы, абабітыя выцвілым аксамітам...
— Божа мой, як табе пашэнціла знайсці такі пакой, Пат? — сказаў я.— Кватарантам жа ў пакой звычайна ставяць па прынцыпе «На табе, божа, што мне нягожа» альбо непатрэбныя падарункі, атрыманыя да дня нараджэння.
Яна асцярожна адсунула ад сцяны вазу з кветкамі. Я ўбачыў яе сагнутую хударлявую шыю, прамыя плечы і танклявыя рукі. Стоячы на каленях, яна была падобная да дзіцяці. Гэтае дзіця трэба было абараняць. Але рухі ў яе былі як у гнуткага звера, і калі яна потым устала і прыхілілася да мяне, гэта ўжо было не дзіця. У яе вачах і ў яе вуснах таілася запытальнае чаканне і таямнічасць, якія мяне збянтэжылі. Я думаў, што іх ужо не існуе ў гэтым брудным свеце.
Я абняў яе за плечы. Прыемна было адчуваць яе так блізка. 11Q
— Гэта мае ўласныя рэчы, Робі. Кватэра раней належала маёй маці. Калі маці памерла, я здала яе, а сабе пакінула гэтыя два пакоі.
— Дык яна ўсё-такі твая? — спытаў я з палёгкай.— А падпалкоўнік Эгберт фон Хакэ жыве ў цябе на кватэры?
Яна пахітала галавой.
— Ужо не мая. Я не змагла ўтрымліваць яе. Я прадала астатнюю мэблю, а кватэру здала назусім. Цяпер я тут кватарантка. Але якая табе справа да старога Эгберта?
— Ніякай. У мяне проста натуральны страх перад паліцэйскімі і штабнымі афіцэрамі. Гэта ідзе яшчэ ад маёй вайсковай службы.
Яна засмяялася.
— Мой бацька таксама быў маёр.
— Маёр — гэта якраз мяжа,— адказаў я.
— Ты знаёмы са старым Хакэ? — спытала яна.
Мяне раптам ахапіла нядобрае прадчуванне.
— Ён нізкарослы, падцягнуты, з чырвоным тварам, сівымі вусамі і магутным голасам? Ён любіць шпацыраваць у гарадскім скверы?
— А! — яна зірнула на бэз, а потым са смехам перавяла позірк на мяне.— He, ён высокі, з бледным тварам і ў рагавых акулярах.
— Тады мы з ім незнаёмыя.
— Хочаш пазнаёміцца? Будзеш прыемна ўражаны.
— Барані божа! Пакуль што мая кампанія — механікі ды кватаранты пані Залеўскі.
Пастукалі ў дзверы. Дзяўчына прывезла нізенькі столік на колцах. Тонкі белы фарфор, срэбны паднос з пірожнымі, другі — з неверагодна маленькімі бутэрбродамі. Сурвэткі, цыгарэты, чорт ведае што яшчэ — я глядзеў на ўсё, як баран на новыя вароты.
— Злітуйся, Пат,— сказаў я потым.— Усё як у кіно! Яшчэ на лесвіцы я заўважыў, што мы стаім на розных сацыяльных прыступках. Ты ж май на ўвазе, што я прывык есць з тлустай паперыны на падаконніку фраў Залеўскі, побач з верным прымусам. Злітуйся з жыхара беднага пансіёна, калі ён, небарака, магчыма, аберне кубачак.
Яна засмяялася.
— Гэтага нельга. Твой гонар спецыяліста па маторах не дазваляе. Ты павінен быць лоўкі.— Яна ўзялася за збаночак.
— Чаю ці кавы?
— Чаю ці кавы? А што —• ёсць і тое, і тое?
— Ёсць. Глядзі!
— Цудоўна! Як у лепшых рэстаранах! He хапае толькі музыкі.
Яна нахілілася і націснула на кнопку маленькага радыёпрыёмніка, якога я нават не заўважыў.
— Дык чаго табе наліць — чаю ці кавы?
— Кавы, голай кавы, Пат. Я — вясковец. А ты?
— Я вып’ю з табой кавы.
— А звычайна ты п’еш чай?
— Так.
— Я так і думаў.
— Я ўжо пачынаю прывыкаць да кавы. Пірожнага хочаш? Ці бутэрброд?
— Тое і тое, Пат. Трэба выкарыстаць магчымасці. Потым я яшчэ вып’ю чаю. Я павінен пакаштаваць усяго, што ў цябе ёсць.
Яна засмяялася і напоўніла мне талерку вышэй краёў. Я адмаўляўся.
— Хопіць, хопіць. He забывай, што паблізу — падпалкоўнік. Вайскоўцы любяць, каб ніжнія чыны трымаліся меры.
— Толькі ў выпіўцы, Робі. Стары Эгберт сам вельмі любіць пірожнае з вяршкамі.
— I ў камфорце таксама,— запярэчыў я.— Некалі яны нас старанна адвучалі ад яго.
Я катаў столік туды-сюды. Ён спакушаў на гэта. Ён ездзіў на гумавых колцах па дыване бясшумна. Я агледзеўся. Усё тут было падабрана з густам.
— Так, Пат,— сказаў я.— Вось як жылі нашы продкі.
Яна засмяялася.
— Ну што ты прыдумляеш?
— Я не прыдумляю. Так было.
— Толькі выпадкова я зберагла гэтыя рэчы, Робі.
Я пахітаў галавой.
— He выпадкова. I не пра рэчы гаворка. Галоўнае ў тым, што за імі. Грунтоўнасць. Ты гэтага не зразумееш. Зразумее толькі той, хто страціў гэта.
Яна паглядзела на мяне.
— Ты таксама мог бы ўсё гэта мець, калі б захацеў.
Я ўзяў яе за руку.
— Але я не хачу, Пат. Вось у чым справа. Тады я сам сабе здаваўся б прайдзісветам. Наш брат жыве заўсёды на знос. Так мы прывыклі, такі цяпер час.
— Гэта вельмі зручна.
Я засмяяўся.
— Магчыма. Але налі мне крыху чаю. Хачу пакаштаваць.
— He,— сказала яна.— Будзем піць адно — каву. Але з’еж што-небудзь. На знос дык на знос.
— Цудоўная ідэя. Але ці не разлічвае Эгберт, палкі аматар пірожных, што нешта застанецца і яму?
— Магчыма. Але ён павінен разлічваць і на помсту ніжніх чыноў. Гэта якраз у духу часу. Еж спакойна ўсё і не думай пра яго.
Яе вочы гарэлі, яна была надзвычай прыгожая.
— Слухай,— сказаў я.— А ты ведаеш, калі перастаюць жыць да зносу — і не ад нечага шкадавання?
Яна не адказала, а толькі глядзела на мяне.
— Калі я з табой! — сказаў я.— А цяпер без страху і сумнення за зброю супроць Эгберта!
Раніцай я выпіў толькі кубак булёну ў шафёрскай забягалаўцы. Таму я мог без цяжкасці з’есці ўсё, што было на стале. Падбадзёраны словамі Пат, я выпіў таксама ўвесь збаночак кавы.
Мы сядзелі каля акна і курылі. Вечар чырванню разліваўся над дахамі.
— 3 табой вельмі хораша, Пат,— сказаў я.— Я згадзіўся б тыднямі не выходзіць адсюль, каб забыцца пра ўсю будзённую мітусню.
Яна ўсміхнулася.
— Быў час, калі я ўвогуле не спадзявалася выйсці адсюль.
— Калі?
— Калі хварэла.
— Гэта іншая справа. А што ў цябе было?
— Нічога страшнага. Мне трэба было паляжаць. Я, мусіць, занадта хутка расла, а ела мала. У час вайны і пасля яе жылося бедна.
Я кіўнуў.
— I колькі часу ты ляжала?
Яна на момант завагалася.
— Каля года,
— Але ж гэта вельмі доўга.
Я ўважліва паглядзеў на яе.
— Усё даўно мінулася. Але ў той час мне здалося, што прайшло цэлае жыццё. Ты аднойчы ў бары распавядаў мне
пра твайго сябра Валянціна. Быццам пасля вайны ён ніяк не можа забыць, што жывы і якое гэта шчасце. I што пасля гэтага яму ўсё астатняе — абыякава.
— Ты добра запомніла,— сказаў я.
— Бо мне гэта зразумела. 3 таго часу я таксама лёгка радуюся. Мне здаецца, што я вельмі павярхоўная.
— Павярхоўныя толькі тыя людзі, якім здаецца, што яны не такія.
— Я, напэўна, такая. Я не вельмі разбіраюся ў жыцці. Я разумею толькі прыгажосць. Вось гэты бэз ужо робіць мяне шчаслівай.
— Гэта не павярхоўнасць, гэта самая высокая філасофія.
— Толькі не ў мяне. Я павярхоўная і легкадумная.
— Я таксама.
— Але не такі, як я. Ты надоечы нешта сказаў пра прайдзісветаў. Я сапраўдная прайдзісветка.
— Я так і думаў,— сказаў я.
— Так, так. Мне ўжо даўно пара змяніць кватэру, нечаму навучыцца і зарабляць грошы. А я ўсё адсоўвала гэта на потым. Мне карцела пажыць так, як хочацца. He разважаючы, ці разумна я раблю. Я так і дзейнічала.
Я засмяяўся.
— Чаму ў цябе пры гэтым такі ўпарты выгляд?
— Таму што ўсе мне казалі, што так жыць — бязмежная легкадумнасць. Лепш было б сабраць крыху грошай, знайсці сабе месца і працу. А мне хацелася жыць лёгка і радасна, а не прыгнечана, і рабіць, што захочацца. Так было пасля смерці мамы і пасля маёй працяглай хваробы.
— У цябе ёсць браты, сёстры? — спытаў я.
Яна пахітала галавой.
— Я так і думаў. Інакш цяжка ўявіць сабе,— сказаў я.
— Ты лічыш, што я паводзіла сябе легкадумна?
— He, мужна.
— Ах, мужнасць... я не вельмі мужная. Мне часамі бывала вельмі страшна. Такі страх бывае ў чалавека ў тэатры, які ведае, што сядзіць не на сваім месцы, і ўсё-такі не ўстае.
— I тым не менш ты была мужная,— сказаў я.— Мужнасць тады і праяўляецца, калі страшна. Акрамя таго, ты паводзіла сябе разумна. Ты магла б дарма патраціць грошы. А так ты хоць штосьці атрымала. Чым ты займалася?
— Шчыра кажучы, нічым. Жыла, і ўсё.
— Малайчына! Лепш не прыдумаеш.
Яна ўсміхнулася.
— Скора гэтаму канец. Неўзабаве я пайду працаваць.
— Куды? Ці не наконт гэтага ў вас была дзелавая сустрэча з Біндзінгам?
Яна кіўнула.
— 3 Біндзінгам і доктарам Максам Матушайтам, дырэктарам магазінаў грамафоннай кампаніі «Электрола». Буду прадаўшчыцай з музычнай адукацыяй.
— Так,— сказаў я.— Нічога іншага Біндзінгу не прыйшло ў галаву.
— Прыйшло,— адказала яна,— але я таго не захацела.
— I я таго яму не параіў бы. Калі ж ты прыступаеш?