Тры таварышы
Эрых Марыя Рэмарк
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 367с.
Мінск 1994
Яна жыла ў мансардзе, якую так-сяк абставіла. На стале стаяла газнічка, а каля ложка — бутэлька з уторкнутай у рыльца свечкай. На сценах віселі карцінкі з ілюстраваных часопісаў, прымацаваныя кнопкамі. На тумбачцы некалькі дэтэктыўных раманаў, а побач з імі — пачак парнаграфічных здымкаў. Некаторыя кліенты, асабліва жанатыя, любілі паглядзець іх, Ліза змахнула іх у шуфляду і дастала старую, але чыстую сурвэту.
Я расклаў яду. Ліза між тым пераапранулася. Спачатку яна зняла сукенку, хоць я ведаў, што больш за ўсё ёй балелі ногі. Ёй жа даводзілася так шмат хадзіць. I вось яна стаяла — у высокіх лакіраваных чаравіках да кален і ў чорнай сарочцы.
— Як табе пачабаюцца мае ногі? — спытала яна.
— Цуд, як заўсёды.
Яна была задаволена і з палёгкай села на ложак, каб расшнураваць чаравікі.
— Сто дваццаць марак заплаціла,— сказала яна і падала іх мне.— Пакуль столькі заробіш, дык даб’еш іх.
Яна дастала з шафы кімано і выцертыя парчовыя туфлі, што засталіся ад лепшых дзён. Пры гэтым яна ўсміхалася амаль вінавата. Ёй хацелася падабацца. Мне раптам нешта падпёрла пад грудзі, мне стала ніякавата ў гэтай маленькай каморцы, быццам нехта памёр.
Мы елі. Я ласкава размаўляў з ёй. I ўсё ж яна заўважыла, што нешта памянялася. У яе вачах з’явіўся страх. Паміж намі ніколі нічога не было больш таго, што прыносіў
выпадак. Але, магчыма, гэта абавязвала і звязвала нас больш за ўсё іншае.
— Ты пойдзеш? — спытала яна, калі я ўстаў. Быццам яна ўжо даўно са страхам чакала гэтага.
— У мяне яшчэ спатканне.
Яна зірнула на мяне.
— Так позна?
— Па справах. Важнае для мяне спатканне, Ліза. Хачу паспрабаваць убачыць аднаго чалавека. У гэты час ён звычайна сядзіць у «Асторыі».
Ніякая іншая жанчына не зразумее цябе ў такіх справах лепш, чым такая дзяўчына, як Ліза. Але і ніякая іншая жанчына не адчуе ману лепш за яе. Твар Лізы зрабіўся пусты.
— У цябе жанчына...
— Паслухай, Ліза... мы ж так рэдка сустракаліся... цяпер жа не бачыліся амаль што год. Ты ж можаш уявіць...
— He, не, я не пра гэта. У цябе ёсць жанчына, якую ты кахаеш! Ты змяніўся. Я адчуваю.
— Ах, Ліза...
— Праўда, праўда... Скажы!
— Я і сам не ведаю. Магчыма...
Яна хвілінку пастаяла. Потым яна кіўнула галавой.
— Так... так... вядома... Я ж такая дурная... у нас жа з табой нічога не было... — Яна правяла рукой па лбе.— He ведаю, як я магла падумаць...
Яна стаяла перада мной, худзенькая, бедная, бездапаможная... Парчовыя туфелькі, кімано, доўгія адзінокія вечары, успаміны...
— Да пабачэння, Ліза.
— Ты пойдзеш? Ты не пабудзеш яшчэ? Ты ўжо... ідзеш?
Я ведаў, што яна мела на ўвазе. Але я не мог. Нават дзіўна, але я не мог. Я гэта адчуваў сэрцам. Раней такога не здаралася. Я не пераацэньваў вернасці. Але сёння ўсё змянілася. Я раптам адчуў, як далёка адышоў ад усяго, што было.
Яна стаяла каля дзвярэй.
— Ты ідзеш? — Яна пабегла назад.— Вось, я ведаю, ты паклаў мне грошы... пад газету... не трэба мне яны... Вось... вось... так, ідзі...
— Мне трэба, Ліза...
— Ты не прыйдзеш болын...
— Прыйду, Ліза...
— He, не, ты не прыйдзеш... я ведаю. I не прыходзь! Ідзі ж, ідзі...
Яна заплакала.
Я спусціўся па лесвіцы не азірнуўшыся.
Я яшчэ доўга хадзіў па вуліцах. Ноч была незвычайная. Мне зусім не хацелася спаць. Я прайшоў міма «Інтэрнацыяналя», думаючы пра Лізу і пра былыя гады, пра многае, што ўжо даўно забылася. Усё гэта было так далёка, што, здавалася, адбывалася не са мной. Потым я прайшоў па вуліцы, дзе жыла Пат. Вецер узмацніўся, усе вокны ў яе доме былі цёмныя, ранак на шэрых нагах краўся каля дзвярэй... Нарэшце я пайшоў дадому. Божа мой, падумаў я, здаецца, я шчаслівы.
— Даму, якую вы ўвесь час хаваеце,— сказала фраў Залеўскі,— можна ХЛ Т Т J ўжо не хаваць. Няхай спакойна ад-
111 крыта прыходзіць да вас. Яна мне
падабаецца...
— Вы ж яе не бачылі яшчэ,— здзівіўся я.
— Супакойцеся, я бачыла яе,— заявіла фраў Залеўскі выразна.— Я яе бачыла, і яна мне падабаецца, нават вельмі... але яна вам не пара...
— Праўда?
— He пара. Мне нават дзіўна, як вы маглі яе знайсці ў сваіх піўнушках. Але, вядома, такія басцякі...
— Мы адхіліліся ад тэмы...— перабіў я яе.
— Гэта жанчына,— сказала яна, стоячы рукі ў бокі,— прызначана для мужчыны з добрым надзейным становішчам. Адным словам, для багатага чалавека.
«Вось табе і на! — падумаў я.— Гэтага табе яшчэ не хапала!»
-— Так можна сказаць пра любую жанчыну,— заявіў я раздражнёна.
Яна затрэсла сваімі пасмамі.
— Пачакайце! Будучыня пакажа, што я мела рацыю.
— А, будучыня! — Я са злосцю кінуў запінкі на стол.— Хто сёння думае пра будучыню! Ці варта сёння ламаць галаву пра яе!
Фраў Залеўскі заклапочана паківала велічнай галавой.
— Дзіўныя вы людзі, моладзь увогуле. Мінулае вы ненавідзіце сённяшнім днём вы пагарджаеце, а будучыня — што будзе, тое будзе. Дабром гэта не можа скончыцца!
— А што вы маеце на ўвазе, гаворачы «не можа скончыцца»? — спытаў я.— Дабром можа скончыцца толькі тое, што ўвесь час было дрэнна. Тады ўжо лепш, каб дрэнна скончылася.
— Гэта яўрэйскія фокусы,— сказала фраў Залеўскі з годнасцю і рашуча накіравалася да дзвярэй. Але ўжо ўзяўшыся за ручку, яна раптам рэзка спынілася.
— Смокінг? — выдыхнула яна ў здзіўленні.— У вас?
Шырока адкрытымі вачыма яна разглядала Отаў касцюм, які вісеў на дзвярах шафы. Я пазычыў яго, каб вечарам пайсці з Пат у тэатр.
— Так, у мяне! — сказаў я з’едліва.— У вас непераўзыдзены талент лагічных абагульненняў, шаноўная пані...
Яна глянула на мяне. Цэлая гама бурных пачуццяў адлюстравалася на яе тоўстым твары. Усе яны сканцэнтраваліся ў шырокай змоўніцкай усмешцы.
— Ага! — сказала яна. А потым яшчэ раз: — Ага!
I ўжо з другога боку дзвярэй, з асалодай і хітрынкай, са светлай радасцю жанчыны, якая зрабіла такое адкрыццё, кінула праз плячо:
— Дык вось яно як!
— Так яно і ёсць, праклятая цётка,— прабурчаў я ўслед ёй, калі ўпэўніўся, што яна ўжо не пачуе.
Потым я раз’юшана шпурнуў свае новыя туфлі разам з карабком на падлогу. Ёй трэба багаты... быццам я гэтага не ведаў!
Я прыйшоў да Пат, каб ісці разам у тэатр. Яна ўжо апранутая стаяла ў пакоі, чакаючы мяне. Я ледзь не задыхнуўся, убачыўшы яе. Упершыню за час нашага знаёмства яна была ў вячэрняй сукенцы.
Сукенка была пашыта са срабрыстай парчы. Яна мякка спадала з прамых плячэй, падкрэсліваючы яе статную фігуру. Яна здавалася вузкай і ўсё-такі была настолькі шырокай, што не перашкаджала рабіць прыгожыя вольныя крокі. Спераду яна была цалкам закрытая, а на спіне быў глыбокі вастракутны выраз. У матава-сінім змярканні Пат выглядала ў ёй як срабрысты факел, яна была дзіўна непазнавальная, святочная і вельмі далёкая. За яе спіной лунаў дух фраў Залеўскі з перасцерагальна ўзнятым пальцам.
— Добра, што першы раз я ўбачыў цябе не ў гэтай сукенцы,— сказаў я.— Я ніколі ў жыцці не адважыўся б падысці да цябе.
— Так я табе і паверыла, Робі.— Яна ўсміхнулася.— Падабаецца?
— Яна мяне пужае! Ты ў ёй — зусім іншая жанчына.
— Гэта не страшна. На тое і ёсць сукенкі.
— Магчыма. Мяне яна крыху прыгнятае. Да гэтай сукенкі патрэбна мець зусім іншага мужчыну. 3 вялікімі грашыма.
Яна засмяялася.
— Мужчыны з вялікімі грашыма часцей за ўсё агідныя, Робі.
— Але ж не грошы?
— He,— сказала яна,— не грошы.
— Так я і думаў.
— А ты не згодны?
— Чаму ж,— сказаў я.— Хоць грошы і не гтрыносяць шчасця, затое выдатна супакойваюць.
— Яны прыносяць незалежнасць, даражэнькі, а гэта важней. Але калі хочаш, я магу пераапрануцца.
— Hi ў якім разе. Сукенка — шыкоўная. 3 сённяшняга дня я краўцоў буду цаніць вышэй за філосафаў. Краўцы прыносяць у жыццё прыгажосць. Гэта ў сотні разоў даражэй, чым глыбокія думкі. Асцерагайся, я магу яшчэ закахацца ў цябе.
Мы засмяяліся. Я неўпрыкмет агледзеў сябе. Кёстэр быў крыху вышэйшы за мяне, і мне давялося там-сям зверху прышпіліць штаны, каб яны не віселі. Дзякаваць богу, яны трымаліся.
Мы пад’ехалі да тэатра на таксі. Па дарозе я больш маўчаў, нават не ведаючы чаму. Калі мы выходзілі, я, разлічваючыся, міжволі зірнуў на шафёра. У яго былі пачырванелыя адбяссоння вочы. Ён быў непаголены і меў змораны выгляд. Абыякавым жэстам ён узяў грошы.
— Добры заробак сёння? — ціха спытаў я.
Ён узняў вочы.
— Нармальна... — сказаў ён неахвотна. Ён палічыў мяне проста за цікаўнага.
На нейкі момант у мяне з’явілася жаданне сесці побач з ім і паехаць. Потым я павярнуўся. Пат, хударлявая і гнуткая, прыгожая, у кароткім срабрыстым жакеце з шырокімі рукавамі, апранутым на срабрыстую сукенку, стаяла, чакаючы мяне.
— Хутчэй хадзем, Робі, зараз пачнецца!
Каля ўвахода тоўпіліся людзі. Сёння была вялікая прэм’ера, тэатр быў асветлены пражэктарамі, адна за адной пад’язджалі машыны, з іх выходзілі жанчыны ў вячэрніх сукенках, бліскуча ўпрыгожаныя, мужчыны ў фраках, з ружовымі сытымі тварамі, яны былі вясёлыя, смяяліся бестурботна і самаўпэўнена. А сярод гэтага ўсяго зарыпела і застагнала старое таксі, якое вёў адсюль змораны шафёр.
— Дык хадзем жа, Робі! — паклікала Пат, гледзячы на мяне ззяючымі і ўсхваляванымі вачыма.— Ты нешта забыў?
Я кінуў варожы позірк на людзей вакол мяне.
— Не,— сказаў я.— Я нічога не забыў.
Потым я падышоў да касы і замяніў білеты. Я купіў білеты ў ложу, хоць яны каштавалі неверагодна шмат. Я не хацеў, каб Пат сядзела сярод гэтых удачлівых людзей, якіх нічым не здзівіш. Я не хацеў, каб яна належала да іх. Я хацеў, каб яна была толькі са мной.
Я даўно не быў у тэатры. Я не пайшоў бы і цяпер, каб не Пат. Тэатры, канцэрты, кнігі — усе гэтыя мяшчанскія звычкі я амаль страціў. He той быў час. Палітыка была добрым тэатрам, страляніна кожны вечар замяняла сабой канцэрты, а вялізная кніга бяды вучыла лепш за ўсе бібліятэкі.
Ярусы і партэр былі запоўнены цалкам. Святло адразу пагасла, як толькі мы селі. Адны водсветы ад рампы прабягалі па зале. На поўную сілу загучала музыка, прыпадняла ўсё і панесла за сабой.
Я адсунуў сваё крэсла ў куток ложы. Так я не бачыў ні сцэны, ні цьмяных патыліц гледачоў. Я чуў толькі музыку і бачыў толькі твар Пат.
Музыка да «Казак Гофмана» зачаравала залу. Яна была як паўднёвы вецер, як цёплая ноч, як надзьмуты ветразь пад зоркамі, яна была нерэальная. Яна ўсё аддаляла і афарбоўвала ў казачныя колеры, здавалася, што ў ёй шуміць цёмная плынь жыцця, не было больш ні зямнога прыцягнення, ні межаў — заставаліся толькі бляск, і мелодыя, і каханне, і нельга было ўявіць сабе, што за сценамі пануюць бяда, і пакуты, і адчай, адначасова з гэтай музыкай.