• Газеты, часопісы і г.д.
  • Тры таварышы  Эрых Марыя Рэмарк

    Тры таварышы

    Эрых Марыя Рэмарк

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 367с.
    Мінск 1994
    81.45 МБ
    — Чалавек не трывае гэтага,— сказаў Граў, не звяртаючы ўвагі на яго.— Чалавек не можа гэтага вытрываць. Вось чаму ён змайстраваў сабе мару. Старую, хвалюючую, безнадзейную людскую мару пра вечнасць.
    Готфрыд засмяяўся.
    — Самая горшая хвароба свету, Фердынанд,— здольнасць думаць. Яна невылечная.
    — Калі б гэтая хвароба была адзіная, ты аказаўся б бессмяротным,— адказаў Граў.— Ты — часовае злучэнне вугляводаў, вапны, фосфару і жалеза, якое на зямлі называецца Готфрыдам Ленцам.
    Готфрыд задаволена пасміхаўся. Фердынанд страсянуў ільвінай галавой.
    — Браты, жыццё — хвароба, а смерць пачынаецца з нараджэння. Кожны ўдых, і кожны выдых, і кожны ўдар сэрца — гэта часцінкі смерці... маленькі зрух да скону.
    — I кожны глыток,— дадаў Ленц.— За тваё здароўе, Фердынанд! Бывае, паміраць надзвычай лёгка.
    Граў падняў шклянку. Па твары яго, як бязгучная навальніца, праплыла ўсмешка.
    — На здароўе, Готфрыд,— жывая блыха ў сыпучым пяску часу. Цікава, што думала чароўная сіла, якая ўладарыць над намі, ствараючы цябе?
    — Гэта яе справа. Між іншым, менавіта табе не варта было б так незычліва гаварыць пра такія рэчы, Фердынанд. Калі б людзі жылі вечна, ты аказаўся б беспрацоўным, добры стары нахлебнік смерці.
    Плечы Граў затрэсліся — ён рагатаў. Потым ён звярнуўся да Пат:
    — А што вы скажаце пра нас, балбатуноў, вы — маленькая кветачка на бурлівай вадзе?
    Потым мы з Пат ішлі па сцяжынцы саду. Месяцузняўся вышэй, лугі плавалі ў шэрым срэбным тумане. Цені ад дрэваў доўгімі чорнымі ўказальнікамі кіравалі ў невядомае. Мы спусціліся да возера, потым павярнулі назад. Па дарозе ўбачылі Готфрыда Ленца. Са складаным крэслам ён залез у кусты бэзу. Цяпер ён сядзеў там, і толькі белая галава ды агеньчык цыгарэты свяціліся з кустоў. На зямлі перад ім стаяла шклянка і бутэлька з рэштай віна.
    — Вось дык месца! — сказала Пат.— Між бэзавай квецені!
    — Можна трываць.— Готфрыд устаў.— Паспрабуйце.
    Пат села на крэсла. Яе твар быў ледзь бачны між гронак бэзу.
    — Я без памяці люблю бэз,— сказаў апошні рамантык.— Настальгія ў мяне — пах бэзу. Вясной 1924 года я на злом галавы выехаў з Рыо-дэ-Жанейра толькі таму, што мне прыйшло ў галаву: тут расцвіў бэз. Але калі прыехаў, то ўжо было позна.— Ён засмяяўся.— I заўжды так.
    — Рыо-дэ-Жанейра,— Пат падцягнула да сябе галінку з гронкай.— Вы былі там разам?
    Готфрыд запнуўся. У мяне па спіне пацёк халодны пот.
    — Паглядзіце, які месяц! — хутка сказаў я ў той самы момант, заклінаючы, ступіў Ленцу на нагу. Успыхнуў аганёк цыгарэты, і я ўбачыў, як Готфрыд непрыкметна ўсміхаўся і падміргваў мне. Я быў выратаваны.
    — He, мы былі там не разам,— заявіў Готфрыд.— У той час я быў адзін. Але... як наконт апошняга глытка гэтага ляснога пітва?
    — Больш не хачу,— Пат пахітала галавой.— Так шмат віна я не п’ю.
    Нас паклікаў Фердынанд, і мы рушылі да яго.
    Яго масіўная фігура засланяла дзверы.
    — Хадзем, сябры,— сказаў ён.— Такім людзям, як мы, ноччу да прыроды няма справы. Ноччу ёй хочацца пабыць адной. Селянін ці рыбак — іншая справа. А мы, жыхары гарадоў, з іншымі прытупленымі інстынктамі — лішнія.— Ён паклаў руку Гогфрыду на плячо.— Ноч — пратэст прыроды супроць чумы цывілізацыі, Готфрыд! Прыстойны чалавек доўга не вытрывае такога. Ён заўважыць, што выштурхнуты з маўклівага кола дрэў, звяроў, зорак і несвядомага жыцця.
    Ён усміхнуўся дзіўнай усмешкай, пра якую нельга было сказаць, вясёлая яна ці сумная.
    — Заходзьце, сябры. Пагрэем рукі каля ўспамінаў. Ах, цудоўны час, калі мы былі хвашчамі і яшчаркамі, пяцьдзесят — шэсцьдзесят тысяч год таму назад... О божа, як мы нізка апусціліся з той пары...
    Ён узяў Пат за руку.
    — Калі б у нас ужо не засталося ні кропелькі прыгожага, мы прапалі б... — Пяшчотным рухам сваёй вялізнай лапы ён падсунуў локаць ёй пад далоню.— Серабрысты зорны дах над грымучым прадоннем... зрабіце ласку, выпіце са старажытным чалавекам чарачку...
    Пат згодна кіўнула.
    — Давайце,— сказала яна.— Усё, што вы захочаце...
    Яны ўвайшлі ў памяшканне. Побач з Фердынандам Пат здавалася яго дачкой. Статная, адважная маладая дачка зморанага асілка, які дайшоў да нас з дагістарычнага часу.
    У адзінаццаць гадзін мы паехалі дадому. Валянцін і Фердынанд сядзелі ў таксі, вёў машыну Валянцін. Астатнія селі ў «Карла». Ноч была цёплая, Кёстэр зрабіў кругаля праз вёскі, якія, паснулыя, ляжалі абапал дарогі. Там-сям свяціліся вокны, зрэдку брахалі сабакі. Ленц сядзеў на пярэднім сядзенні побач з Ота і спяваў, мы з Пат прымасціліся на заднім сядзенні.
    Кёстэр быў выдатны шафёр. Ён браў віражы, як птушка. Ён вёў машыну артыстычна, нібы гуляючы. Ён ехаў не рэзка, як большасць гоншчыкаў. Калі ён рабіў павароты, можна было спаць — так мякка ён вёў машыну. Хуткасць не заўважалася. Толькі па шоргаце машын мы заўважалі, што мянялася дарожнае пакрыццё. На асфальтавай шашы яны свісталі, на брукаванцы — грукаталі. Палосы святла ад пражэктараў, выцягнутыя, як ганчакі, імчалі перад машынай, выхопліваючы са змроку то дрыготкую бярозавую алею, то таполі, то тэлеграфныя слупы, якія, здавалася, падалі, то сонныя будынкі і нямыя ўскрайкі лясоў. У недасяжнай вышыні, абсыпаны тысячамі зорак, над намі плыў светлы дым Млечнага Шляху.
    Хуткасць расла. Я ўхутаў Пат нашымі паліто. Яна ўсміхнулася мне.
    — Ці любіш ты мяне? — спытаў я.
    Яна пахітала галавой.
    — А ты мяне?
    — He. Гэта шчасце, праўда?
    — Вялізнае шчасце.
    — Тады з намі нічога не здарыцца...
    — Нічога... — адказала яна і пад паліто ўзяла маю руку.
    Шаша пабегла ўніз да чыгункі, утвараючы дугу. Блішчалі рэйкі. Далёка перад намі мігцеў чырвоны агеньчык. «Карл» зароў і рвануўся наперад. Мы дагналі хуткі цягнік са спальнымі вагонамі і ярка асветленым вагонам-рэстаранам. Мы паехалі побач з ім. 3 вокан махалі людзі. Мы не адказвалі. Мы праімчаліся міма. Я азірнуўся. Паравоз пляваўся дымам і іскрамі. Ён чорнай плямай таптаўся ў сіняй ночы. Мы яго перагналі... але ж мы вярталіся ў горад да таксі, да рамонтных майстэрань, у мэбляваныя пакоі. А ён няспешна рухаўся міма лясоў і палёў, перасякаючы рэкі і горы,— удалячынь, да вольных прыгод.
    Набліжаліся гарадскія дамы. «Карл» паспакайнеў, але гул яго матора ўсё яшчэ быў падобны да рыку дзікага звера.
    Кёстэр спыніўся недалёка ад могілак. Ён не паехаў ні да майго дома, ні да Пат, ён проста спыніўся непадалёк, відаць, падумаўшы, што мы хочам пабыць адны. Мы вылезлі з машыны. Сябры адразу ж ірванулі, не азірнуўшыся. Я паглядзеў ім услед. На момант мне здалося, што гэта ненармальна. Яны паехалі, а я застаўся. Я застаўся без сяброў...
    Я прагнаў гэтую думку.
    — Хадзем,— сказаў я Пат, якая пазірала на мяне, быццам пра нешта здагадваючыся.
    — Едзь з імі,— сказала яна.
    — He,— адказаў я.
    — Але ж табе хацелася паехаць...
    — Ды што ты... — сказаў я, ведаючы, што так і было.— Хадзем.
    Мы пайшлі ўздоўж могілак, яшчэ няўстойлівыя ад ветру і язды.
    — Робі,— сказала Пат,— я хачу дадому.
    — Чаму?
    — Я не хачу, каб дзеля мяне ты ад нечага адмаўляўся.
    — Што ты прыдумала,— сказаў я,— ад чаго я адмаўляюся?
    — Ад сваіх сяброў...
    — Ды я не адмаўляюся ад іх — заўтра раніцай нікуды яны ад мяне не падзенуцца.
    — Ты ведаеш, пра што я гавару... — сказала яна.— Раней ты больш часу праводзіў з імі.
    — Бо цябе не было,— адказаў я, адмыкаючы дзверы. Яна пахітала галавой.
    — Тут нешта іншае.
    — Вядома, іншае. Дзякаваць богу.
    Я ўзяў яе на рукі і панёс па калідоры ў свой пакой.
    — Табе патрэбны сябры,— сказала яна мне на самае вуха.
    — Ты мне патрэбна таксама,— адказаў я.
    — Але не так пільна...
    — Гэта мы яшчэ паглядзім...
    Я нагой адчыніў дзверы і адпусціў яе. Яна моцна трымалася за мяне.
    — Я вельмі дрэнны таварыш, Робі.
    — Спадзяюся на гэта,— сказаў я.— Мне жанчына патрэбна не ддя таварыскасці. Мне трэба каханая.
    — Якая ж я каханая? — прамармытала яна.
    — А хто ж ты?
    — Hi два, ні паўтара. Так, фрагмент...
    — Гэта тое, што трэба,— сказаў я.— Гэта абуджае фантазію. Такія жанчыны — каханыя навечна. Жанчына «на ўсе сто» лёгка робіцца абрыдлай. Таксама як і дасканалая. Фрагменты — ніколі.
    Было чатыры гадзіны ночы. Я праводзіў Пат дадому і вяртаўся назад. Неба пачало святлець. Пахла раніцай.
    Я ішоў уздоўж могілак, міма кафэ «Інтэрнацыяналь». Тут адчыніліся дзверы начной забягалаўкі для шафёраў каля Дома прафсаюзаў. Адтуль выйшла дзяўчына. Маленькая шапачка, паношанае чырвонае пальцячко, высокія лакіраваныя боты... Я ўжо амаль прайшоў міма, ды раптам пазнаў.
    — Ліза...
    — Ты яшчэ жывы? — спытала яна.
    — Адкуль ты? — спытаў я.
    Яна няпэўна махнула рукой.
    — Чакала. Думала, ты прыйдзеш. Якраз такі час, калі ты вяртаешся дадому.
    — Так, сапраўды...
    — Пойдзеш са мной?
    Я завагаўся.
    — He магу...
    — Без грошай,— хутка сказала яна.
    — He таму,— адказаў я неабдумана,— у мяне ёсць грошы.
    — Ах, вось што,— з горыччу прамовіла яна і на крок адступіла.
    Я схапіў яе за руку.
    — He, Ліза...
    Яна стаяла на пустой шэрай вуліцы, хударлявая і бледная. Такую я сустрэў яе шмат гадоў назад, калі жыў у тупой адзіноце без думак і надзеі. Спачатку яна аднеслася да мяне падазрона, як і ўсе гэтыя дзяўчаты, а потым, калі мы некалькі разоў шчыра паразмаўлялі, стала па-сяброўску пяшчотна-даверлівай. Гэта былі дзіўныя адносіны. Бывала, што мы не бачыліся тыднямі, а потым яна з’яўлялася дзенебудзь, стаяла і чакала мяне. У той час і ў яе, і ў мяне не было нічога іншага і нікога, мы, сустракаючыся, сагравалі адно аднаго як маглі — і гэта нам было патрэбна абодвум. Я даўно не бачыў яе, з таго часу, як пазнаёміўся з Пат.
    — Дзе ж ты так доўга была, Ліза?
    Яна паціснула плячыма.
    — Усё роўна. Захацелася паглядзець на цябе. Ну, цяпер я магу адчаліць.
    — Ну, як ты пажываеш?
    — Ах, кінь,— сказала яна.— He старайся...
    Вусны яе задрыжалі. Відаць было, Што яна галадала.
    — Я правяду цябе,— сказаў я.
    Яе бледны абыякавы твар прастытуткі ажывіўся, на ім з’явіўся дзіцячы выраз. Па дарозе я купіў у начной шафёрскай закусачнай тое-сёе, каб яна магла перакусіць. Спачатку яна адмаўлялася. Уступіла толькі тады, калі я сказаў, што таксама хачу есці. Але яна сачыла, каб не падмануць мяне, каб мне не засталіся іоршыя кавалкі. Яна адмаўлялася і ад паўфунта вяндліны, лічыла, што хопіць чвэрці фунта, калі мы яшчэ возьмем франкфурцкіх сасісак. Але я ўсё-такі ўзяў паўфунта і дзве бляшанкі сасісак.