• Газеты, часопісы і г.д.
  • Тры таварышы  Эрых Марыя Рэмарк

    Тры таварышы

    Эрых Марыя Рэмарк

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 367с.
    Мінск 1994
    81.45 МБ
    Твар Пат ад святла са сцэны набыў таямнічасць. Яна ўся паглыбілася ў музыку, і я любіў яе за тое, што яна не прыхілілася да мяне, не ўзяла мяне за руку, не глянула на мяне, а, здавалася, нават не думала пра мяне, забылася, што я ёсць. Я трываць не мог, калі блыталі розныя рэчы, я ненавідзеў людзей, якія, як каровы, збіваліся ў гурт у той час,
    калі над табой уладарылі прыгажосць і сіла вялікага твора, я ненавідзеў расплывістыя позіркі закаханых пар, гэтае тупое цісканне, гэтае непрыстойнае авечае шчасце, якое ніколі не выходзіла за межы самога сябе, я ненавідзеў усю гэтую балбатню пра з’яднанне душ у каханні, бо я лічыў, што дваім патрэбна як мага больш быць асобамі і як мага больш аддаляцца адзін ад аднаго, каб потым зноў сустрэцца. Толькі той, хто ўвесь час аказваўся ў адзіноце, ведаў, што такое шчасце сустрэчы. Усё іншае разбурала тайну чакання. А што мацней зацягвае ў магічныя сферы адзіноты, як не пачуццёвыя выбухі, поўнае душэўнае ўзрушэнне, улада стыхіі, бура, ноч, музыка... I каханне...
    Успыхнула святло. Я на імгненне заплюшчыў вочы. Пра што ж я думаў толькі што? Пат павярнулася да мяне. Я ўбачыў, што людзі заспяшаліся да дзвярэй.
    Пачаўся антракт.
    — Ты не хочаш выйсці? — спытаў я.
    Пат пахітала галавой.
    — Дзякуй богу! Я трываць не магу, калі ходзяць і разглядаюць адзін аднаго, вылупіўшы вочы.
    Я пайшоў, каб прынесці ёй шклянку лімоннага соку. Буфет быў у аблозе. Дзіўна, што музыка ў многіх узбуджала воўчы апетыт. Гарачыя сасіскі знікалі як у час галоднага тыфу.
    Калі я са шклянкай з’явіўся ў ложы, нейкі тып стаяў за спінкай крэсла Пат. Яна ажыўлена размаўляла, павярнуўшыся да яго тварам.
    — Гэта пан Броер, Роберт,— сказала яна.
    «Пан бугай»,— падумаў я і з незадавальненнем глянуў на яго. Яна сказала не Робі, а Роберт. Я паставіў шклянку на край ложы, чакаючы, калі ён пойдзе. На ім быў смокінг казачнага крою. Ён балбатаў пра рэжысуру і не думаў ісці. Пат павярнулася да мяне.
    — Пан Броер пытае, ці не пайсці нам пасля ў «Каскад»? — Калі ты хочаш,— сказаў я.
    Пан Броер заўважыў, што можна было б патанцаваць. Ён быў ветлівы і падабаўся мне. Толькі адно было непрыемна: гэтая элегантная лёгкасць, якая, як мне здавалася, была да густу Пат і якой у мяне не было. Раптам я не паверыў сваім вушам: я пачуў, што ён звяртаўся да Пат на «ты». Хоць магло быць сотні простых прычын для такіх адносін, мне закарцела скінуць яго ў аркестровую яму.
    Празвінеў званок. Музыканты пачалі настройваць інструменты. Скрыпкі выдавалі імклівыя мяккія гукі...
    — Значыць, дамовіліся: сустракаемся каля выхаду,— сказаў Броер і нарэшце пайшоў.
    — Што гэта за бусел? — спытаў я.
    — Даражэнькі,— адказала Пат,— лепш слухай музыку.
    «Каскад»,— падумаў я і ў думках пералічыў грошы.— Заклятая абдзіралаўка!»
    Я ішоў у змрочным падазрэнні. У дадатак да звягі фраў Залеўскі мне яшчэ не хапала гэтага Броера. Ён ужо чакаў нас каля дзвярэй.
    Я хацеў спыніць таксі.
    — He трэба,— сказаў Броер.— У маёй машыне месца хопіць.
    — Добра,— сказаў я.
    Было б смешна не згадзіцца з ім. Але мяне гэта ўсё роўна злавала.
    Пат ведала машыну Броера. Гэта быў вялізны «пакард», які стаяў на плошчы каля тэатра.
    Пат адразу накіравалася да яго.
    — Ён перафарбаваны,— сказала яна, спыніўшыся.
    — Так, перафарбаваў у шэры колер,— адказаў Броер.— Так лепш?
    — Шмат лепш.
    Броер звярнуўся да мяне:
    — А вам падабаецца новы колер?
    — Я не ведаю, які быў раней.
    — Чорны.
    — Чорны глядзіцца выдатна.
    — Вядома. Але ж хочацца разнастайнасці. Ну, да восені будзе новая машына.
    Мы паехалі ў «Каскад». Гэта быў шыкоўны рэстаран, дзе іграў выдатны аркестр і можна было патанцаваць.
    — Здаецца, няма месцаў,— радасна сказаў я, калі мы падышлі да дзвярэй.
    — Шкада,— сказала Пат.
    — А, гэта мы ўладзім,— заявіў Броер і павёў перагаворы з адміністратарам. Відаць, яго тут добра ведалі, бо, сапраўды, нам падставілі столік і крэслы, і праз некалькі хвілін мы сядзелі ў лепшым месцы залы, адкуль можна было бачыць усю пляцоўку для танцаў. Аркестр іграў танга. Пат нахілілася над бар’ерам.
    — Ах, я так даўно не танцавала.
    Броер падхапіўся.
    — Патанцуем?
    Палаючымі вачыма яна зірнула на мяне.
    — Я тым часам зраблю заказ,— сказаў я.
    — Добра.
    Танга зацягнулася. Пат, танцуючы, час ад часу пазірала на мяне і ўсміхалася. Я ў адказ ківаў галавой, але адчуваў сябе не вельмі ўтульна. Яна выглядала цудоўна і выдатна танцавала. На жаль, і Броер танцаваў добра, і яны ўдала пасавалі адно аднаму. Здавалася, яны танцуюць так ужо не ўпершыню. Я заказаў сабе двайную порцыю рому. Яны вярнуліся. Броер вітаўся са знаёмымі, і я на хвілінку застаўся з Пат сам-насам.
    — Ці даўно ты знаёмая з гэтым хлопчыкам? — спытаў я.
    — Ужо даўно. А што?
    — Так проста. Ты часта бывала з ім тут?
    Яна глянула на мяне.
    — Я ўжо не памятаю, Робі.
    — Ну, гэта запамінаецца,— сказаў я ўпарта, хоць ужо і ведаў, што яна хацела сказаць.
    Яна заматала галавой і засмяялася. У гэты момант я любіў яе без памяці. Яна хацела паказаць: што было, тое сплыло. Мяне ж штосьці тачыла, ад чаго мне самому было смешна, але пазбавіцца ад гэтага я не мог. Я паставіў чарку на стол.
    — Ты можаш спакойна прызнацца. Што тут такога?
    Яна зноў зірнула на мяне.
    — Ці ты думаеш, калі б што ў нас было, мы паехалі б разам сюды? — спытала яна.
    — He,— сказаў я, прысаромлены.
    Аркестр зноў пачаў іграць. Падышоў Броер.
    — Блюз,— сказаў ён мне.— Цудоўна. Можа, вы патанцуеце?
    — He! — адказаў я.
    — Шкада.
    — А ты паспрабуй, Робі,— сказала Пат.
    — Лепей не варта.
    — Але чаму? — спытаў Броер.
    — Я проста не аматар,— адказаў я не вельмі ветліва.— Ды і ненавучаны. Часу не было. А вы спакойна танцуйце, я знайду сабе забаву тут.
    Пат завагалася.
    — Што ты, Пат... — сказаў я.— Ты ж так любіш.
    — Люблю... але ты сапраўды не засумуеш?
    — Ані! — Я паказаў на чарку.— Таксама своеасаблівы танец.
    Яны пайшлі. Я даў знак кельнеру і дапіў чарку. Потым я сядзеў у адзіноце за сталом і лічыў салёныя міндаліны. Цень фраў Залеўскі не адступаў ад мяне.
    Броер запрасіў да стала некалькі чалавек — дзвюх сімпатычных жанчын і маладзейшага мужчыну з маленькай лысай галавой. А потым падышоў яшчэ чацвёрты. Усе яны былі легкаважныя, як корак, далікатныя і ўпэўненыя ў сабе. Пат ведала ўсіх чацвярых.
    Я адчуваў сябе пнём. Да гэтага разу мы бывалі з Пат толькі ўдваіх. Цяпер я ўпершыню сустрэўся з людзьмі, з якімі яна была знаёмая раней. Я не ведаў, пра што з імі гаварыць. Яны рухаліся лёгка і нязмушана, яны з’явіліся з таго жыцця, дзе ўсё ішло гладка, дзе мы не бачылі таго, чаго не хацелі бачыць,— яны з’явіліся з іншага свету. Калі б я быў адзін альбо з Ленцам ці Кёстэрам, мяне гэта зусім не трывожыла б, мне было б усё роўна. Але ж тут была Пат, Пат ведала іх, і таму ўсё атрымлівалася наперакасяк, гэта гняло мяне і вымушала параўноўваць сябе з імі.
    Броер прапанаваў пайсці ў іншы рэстаран.
    — Робі,— сказала Пат, калі мы выходзілі,— ці не лепш нам пайсці дадому?
    — He,— сказаў я.— Навошта?
    — Табе ж сумна...
    — Аніколечкі. Чаму мне павінна быць сумна? Наадварот! А табе ж гэта прыносіць задавальненне.
    Яна глянула на мяне, але нічога не сказала.
    Я пачаў піць. He так, як дагэтуль, а па-сапраўднаму. Лысы зацікавіўся. Ён спытаў, што я п’ю. Я сказаў, што ром.
    — Грог? — спытаў ён.
    — He, ром,— сказаў я.
    Ён пакаштаваў і папярхнуўся.
    — Ліха яго,— сказаў ён з павагай,— трэба мець загартоўку.
    Цяпер мной зацікавіліся і жанчыны. Пат і Броер танцавалі ў гэты час. Пат пазірала ў наш бок. Я болып не глядзеў на яе. Я разумеў, што раблю не тое, але на мяне раптам найшло. Мяне злавала цікаўнасць астатніх, як я п’ю. У мяне не было жадання выстаўляцца перад імі, нібы школьнік. Я ўстаў і пайшоў да стойкі бара. Пат здалася мне зусім чужой. Няхай яна коціцца да д’ябла, разам са сваімі знаёмымі! Яны ёй кампанія! He, не кампанія! Кампанія!
    Лысы далучыўся да мяне. Мы выпілі з барменам па чарцы рускай гарэлкі. Бармены — заўсёды падтрымка. 3 імі
    можна паразумецца без слоў у любым кутку свету. Гэты бармен таксама аказаўся сваім чалавекам. А лысы — слабак. Яму хацелася выгаварыцца. Нейкая Фіфі не давала яму спакою. Але гэта хутка прайшло. Ён расказаў мне, што Броер шмат гадоў закаханы ў Пат.
    — Праўда? — спытаў я. Ён захіхікаў. Яшчэ адной порцыяй алкаголю я прымусіў яго змоўкнуць. Але тое, што ён сказаў, засела. Я злаваўся, што трапіў у такое становішча. Я злаваўся, што мне гэта не абыякава. I я злаваўся яшчэ, што не меў рашучасці стукнуць кулаком па стале. Я адчуваў, што ўсярэдзіне ў мяне варушыцца халодная злосць з жаданнем разбураць. Але яна была накіравана не супраць іншых, а супроць самога сябе.
    Лысы скора ўжо не варочаў языком. Потым знік. Я застаўся сядзець. Раптам я адчуў, што да майго пляча прыціснуліся моцныя пругкія грудзі. Яны належалі адной з жанчын, якіх прывёў Броер. Яна села шчыльна каля мяне. Касаватыя шэра-зялёныя вочы паволі абмацвалі мяне. Гэта быў позірк, пасля якога словы былі лішнія,— патрабаваліся дзеянні.
    — Цудоўна — умець так піць,— сказала яна праз хвіліну.
    Я маўчаў. Яна працягнула руку, каб узяць маю чарку. Рука была падобная да яшчаркі, у бліскучых пярсцёнках, сухая і жылаватая. Яна рухалася вельмі павольна, як паўзла. Я ведаў, што будзе. «3 табой я хутка спраўлюся,— падумаў я.— Ты бачыш, што я злуюся, і недаацэньваеш мяне. Але ты памыляешся. 3 жанчынамі я спраўляюся, а вось з каханнем — ніяк. Безнадзейнасць — вось што выклікае сум».
    Жанчына пачала гаварыць. У яе быў ломкі, нібы шкляны, голас. Я заўважыў, што Пат глядзіць на нас. Мяне гэта не трывожыла. Мяне не трывожыла і жанчына побач. У мяне было адчуванне, быццам я лячу ў слізкую продань. Я не думаў пра Броера і яго кампанію. Я не думаў нават пра Пат. Я думаў пра змрочную тайну: чаму рэчаіснасць абуджае жаданні, ды не можа іх задаволіць; чаму каханне пачынаецца ў чалавеку, але ніколі ў ім не канчаецца; і чаму ўсё можа быць: чалавек, каханне, шчасце, жыццё... I чаму гэтага нейкім жудасным чынам заўсёды не хапае і яго ўсё менее, чым больш сабе ўяўляеш. Я таксама зірнуў на Пат. Вось яна ідзе ў сваёй срэбнай сукенцы, маладая і прыгожая, яркае полымя жыцця, я кахаў яе, і калі я гаварыў ёй: «Ідзі да мяне!», яна прыходзіла, і нічога нам не перашкаджала, і мы