• Газеты, часопісы і г.д.
  • Тры таварышы  Эрых Марыя Рэмарк

    Тры таварышы

    Эрых Марыя Рэмарк

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 367с.
    Мінск 1994
    81.45 МБ
    — Першага жніўня.
    — Ну, тады яшчэ ёсць шмат часу. Магчыма, мы знойдзем штосьці іншае. Вы ўсякім разе: мы твае надзейныя кліенты.
    — А ў цябе ёсць грамафон?
    — Няма, але я абявязкова адразу ж куплю. Пакуль што, праўда, мне ўсё гэта не падабаецца.
    — А мне падабаецца,— сказала яна.— Я ж нічога не ўмею. А з таго часу, як ёсць ты, усё стала для мяне нашмат прасцей. Але не варта было нічога табе расказваць.
    Яна бегла зірнула на мяне.
    — Добра, Робі,— сказала яна. Потым устала і падышла да тумбачкі.— Ты ведаеш, што ў мяне ёсць? Ром. Здаецца, добры ром.
    Яна паставіла на стол чарку і запытальна зірнула на мяне.
    — Добры ром, я ўжо чую носам здалёку,— сказаў я.— Але, Пат, ці не лепш табе быць больш ашчаднай, каб крыху адцягнуць з грамафонамі?
    — Не,— адказала яна.
    — Таксама правільна,— сказаў я.
    Ром, як я вызначыў па колеру, быў разбаўлены. Прадавец, відавочна, падмануў Пат. Я выпіў чарку.
    — Вышэйшы клас,— сказаў я.— Налі мне яшчэ адну. Дзе ты яго купіла?
    — У краме на рагу.
    «Ага,— падумаў я,— вядома, у заклятым магазіне далікатэсаў». Я рашыў сабе пры выпадку зазірнуць туды і пагаварыць з тым тыпам.
    — Мне, мусіць, пара ісці, Пат? — спытаў я.
    Яна зірнула на мяне.
    — Яшчэ не...
    Мы стаялі каля акна. Унізе мігцелі ліхтары.
    — Пакажы мне сваю спальню,— сказаў я.
    Яна адчыніла дзверы і ўключыла святло. Я спыніўся каля дзвярэй, зазіраючы ў пакой. Думкі ў галаве пераблыталіся.
    — Вось гэта твой ложак, Пат... — нарэшце сказаў я.
    Яна ўсміхнулася.
    — Дык а чый жа яшчэ, Робі?
    — Сапраўды! — Я падняў вочы на яе.— А вунь і тэлефон. Вось я ўсё ведаю. Цяпер я пайду. Бывай, Пат.
    Яна паклала рукі мне на скроні. Як цудоўна было б застацца цяпер, гэтым надвячоркам, блізка-блізка адзін каля аднаго пад мяккай сіняй коўдрай у спальні... Але нешта было такое, што стрымлівала мяне. He, гэта было не сумненне, і не страх, і не асцярожнасць... а проста пяшчота, вялізная пяшчота, якая перамагала страсць...
    — Бывай, Пат,— сказаў я.— У цябе было цудоўна. Намнога лепш, чым ты сабе, магчыма, уяўляеш. I ром, і тое, пра што ты падумала...
    — Але ж гэта так проста...
    — Але не для мяне. Я так не прывык.
    Каморка ў фраў Залеўскі. Я хвілінку пасядзеў. Мне не падабалася, што Пат нечым была абавязана Біндзінгу. Нарэшце я пайшоў праз калідор да Эрны Бёніг.
    — Я прыйшоў па справе,— сказаў я.— Які попыт на жаночую працу, Эрна?
    — Ну і пытанне,— адказала яна.— Hi з таго ні з сяго! А ўвогуле: безнадзейна.
    — Нічога нельга зрабіць? — спытаў я.
    А кім?
    — Сакратар, асістэнтка...
    Яна махнула адмоўна.
    — Сто тысяч без месца. Ці няма ў дамы незвычайных здольнасцей?
    — Надзвычай прыгожая знешнасць.
    — Колькі літар? — спытала Эрна.
    — Што?
    — Колькі літар яна друкуе за мінуту? На якіх мовах?
    — He ведаю,— сказаў я,— але ці ведаеце... для прадстаўніцтва.
    — Дарагі хлапчына,— адказала Эрна,— я ўжо чую: дама з добрай сям’і, зведала лепшыя дні, цяпер вымушана
    і г. д. Безнадзейна, кажу вам. У крайнім выпадку, калі ёй нехта асабліва зацікавіцца і прыладзіць куды-небудзь. Вы ж ведаеце, за што. Але ж так прыстроіць вы не хочаце?
    — Смешнае пытанне,— сказаў я.
    — He такое смешнае, як вам здаецца,— не пагадзілася Эрна з доляй горычы ў голасе.— Мне вядомыя іншыя выпадкі.— Мне прыпомнілася справа з яе шэфам.— Але я хачу даць вам параду,— працягвала яна.— Пастарайцеся зарабляць на дваіх. Гэта самае простае рашэнне. Жаніцеся.
    — Было б някепска,— сказаў я і засмяяўся.— Хацелася б верыць, што я здольны на такое.
    Эрна дзіўна зірнула на мяне. Пры ўсёй сваёй энергічнасці яна раптам здалася мне старэйшай, быццам прывялай.
    — Давайце я вам штосьці раскажу,— сказала яна.— Я жыву добра, і ў мяне ёсць і непатрэбныя рэчы. Але паверце мне: каб нехта прыйшоў і прапанаваў мне жыць разам — сумленна, па-сапраўднаму, я пакінула б тут усе гэтыя транты і пераехала б з ім у любую галубятню, калі б на тое пайшло.
    На яе твары з’явіўся ранейшы выраз.
    — Ну, але забудзем пра гэта — у кожным чалавеку ёсць кропелька сентыментальнасці.— Яна падміргнула мне праз дым цыгарэты.— Пэўна, і ў вас ёсць.
    — Дзе там... — адказаў я.
    — Ну, ну,— сказала Эрна.— Яна авалодвае чалавекам часцей за ўсё знянацку...
    — Але не мной,— запярэчыў я.
    Да васьмі гадзін я пратрываў у сваёй каморцы, потым мне абрыдла сядзець аднаму, і я пайшоў у бар, каб сустрэць каго-небудзь.
    Там быў Валянцін.
    — Сядай,— сказаў ён.— Чаго вып’еш?
    — Рому,— адказаў я.— Да рому з сённяшняга дня ў мяне асаблівыя адносіны.
    — Ром — малако салдата,— сказаў Валянцін.— Дарэчы, ты добра выглядаеш, Робі.
    — Праўда?
    — Так, ты памаладзеў.
    — Ды што ты,— сказаў я.— За тваё здароўе, Валянцін.
    — На здароўе, Робі.
    Мы паставілі чаркі на стол і глянулі адзін на аднаго. Потым разам засмяяліся.
    — Стары,— сказаў Валянцін.
    — Сябрук, каб цябе... — адказаў я.— Чаго вып’ем яшчэ?
    — Паўторым.
    — Выдатна.
    Фрэд наліў.
    — За тваё здароўе, Валянцін.
    — На здароўе, Робі.
    — Шыкоўнае выслоўе — на здароўе, праўда?
    — Усім словам слова.
    Мы паўтарылі яго яшчэ некалькі разоў. Потым Валянцін пайшоў.
    Я застаўся. Акрамя Фрэда, нікога не было. Я разглядаў старыя, асветленыя геаграфічныя карты, караблі з пажоўклымі ветразямі і думаў пра Пат. Мне хацелася пазваніць ёй, але я прымусіў сябе не рабіць гэтага. Я і не хацеў так шмат думаць пра яе. Я хацеў прыняць яе як нечаканы шчаслівы падарунак, які як прыйшоў, так і пойдзе — і не больш. Я не хацеў даваць месца думцы пра нешта большае. Я занадта добра ведаў, што любое каханне імкнецца да вечнасці і што ў гэтым яго вечныя пакуты. Няма нічога вечнага. Нічога.
    — Налі мне яшчэ чарку, Фрэд,— сказаў я.
    У бары з’явіліся мужчына і жанчына. Каля стойкі яны выпілі кактэйль з лікёру і фруктовых сокаў. Жанчына выглядала зморанай, мужчына — прагным. Яны неўзабаве пайшлі.
    Я выпіў чарку. Магчыма, было б лепш, каб я аполудні не хадзіў да Пат. Я не мог пазбавіцца ад вобраза -— пакой, які ахутваецца паўзмрокам, мяккія сінія вечаровыя цені і прыгожая дзяўчына, якая, уладкаваўшыся на канапе, сваім нізкім хрыплаватым голасам расказвае пра жыццё і пра жаданне жыць. Што за ліха, я стаў сентыментальны! Але ці не ператварылася ўжо тое, што сёння было нязначнай нечаканай прыгодай, у туман пяшчоты, ці не захапіла яно мяне мацней, чым я спадзяваўся і хацеў, ці не адчуў я сёння, як моцна я ўжо змяніўся? Чаму я пайшоў, чаму не застаўся ў яе, як мне, шчыра кажучы, і хацелася? Ах, трасца, не хачу больш думаць пра гэта, ні пра адно, ні пра другое! Няхай будзе, як будзе, няхай я звар’яцею ад гора, калі страчу яе... А цяпер яна ёсць, пакуль што ёсць, а ўсё астатняе — лухта, да д’ябла ўсё! Ці так важна — падмацаваць крыху жыццё? Усё роўна калі-небудзь накоціцца вялізная хваля і зліжа ўсё.
    — Вып’ем, Фрэд? — спытаў я.
    — Заўжды гатовы,— сказаў ён.
    Мы выпілі два абсенты. Потым кінулі жэрабя, хто закажа наступныя. Я выйграў. Гэта было несправядліва. Таму мы кінулі зноў. Але лёс адвярнуўся ад мяне толькі на пятым разе. Затое тры разы запар.
    — Ці я п’яны, ці знадворку нешта грыміць? — спытаў я. Фрэд прыслухаўся.
    — Сапраўды грыміць. Першая навальніца сёлета.
    Мы падышлі да дзвярэй і глянулі на неба. Нічога не было відаць. Стаяла цяплынь, і час ад часу грымеў гром.
    — За гэта, шчыра кажучы, можна было б выпіць яшчэ па адной,— прапанаваў я. Фрэд прагаласаваў «за».
    — Ніякага толку ад гэтай вады,— сказаў я і паставіў пустую чарку на стойку. Фрэд пагадзіўся, што трэба было б выпіць нечага мацнейшага. Ён быў за вішнёвую настойку, я — за ром. Каб не спрачацца, мы выпілі таго і таго. Каб Фрэду не даводзілася так часта наліваць — таксама ж праца! — мы ўзялі фужэры. Цяпер мы былі ў выдатным настроі. Час ад часу мы выглядалі на двор, ці бліскае маланка. Нам вельмі хацелася ўбачыць маланку, але не шанцавала. Яна бліскала, калі мы сядзелі за чаркай. Фрэд расказаў, што ў яго ёсць нявеста, дачка гаспадара рэстарана-аўтамата. Але жаніцца ён пакуль што не спяшаўся — чакаў, калі памрэ стары, каб ужо напэўна не ўпусціць рэстаран. Я лічыў, што ён залішне асцярожны, але ён даводзіў мне, што стары — такая падла, пра якую нічога не ведаеш загадзя. Ён здольны ў апошні момант перадаць рэстаран мясцовай абшчыне метадысцкай царквы. Тут я здаўся. А ўвогуле Фрэд быў аптыміст. Стары прастудзіўся, на думку Фрэда ў яго быў грып, а грып вельмі небяспечны. Я з жалем павінен быў паведаміць яму, што грып для алкаголікаў нічога не значыць, а што, наадварот, самыя запойныя здыхлякі часам ачуньвалі і нават тлусцелі. Ну і няхай, сказаў Фрэд, тады, можа, ён трапіць дзе-небудзь пад машыну. Я згадзіўся, што на мокрым асфальце такая магчымасць ёсць. Пасля гэтага Фрэд выйшаў, каб паглядзець, ці ідзе дождж. Але яшчэ было суха. Толькі грымець пачало мацней. Я даў яму выпіць шклянку лімоннага соку і пайшоў да тэлефона. У апошні момант я апамятаўся і вырашыў не тэлефанаваць. Я ўзняў руку, вітаючы апарат, і хацеў зняць перад ім капялюш. Але потым заўважыў, што быў без капелюша.
    Калі я вярнуўся, тут былі Кёстэр і Ленц.
    — Дыхні на мяне,— сказаў Готфрыд.
    Я дыхнуў.
    — Ром, вішнёўка i абсент,— сказаў ён.— Абсент... парася.
    — Калі ты думаеш, што я п’яны, то ты памыляешся,— сказаў я.— Адкуль вы?
    — 3 палітычнай сходкі. Але Ота яна абрыдла. Што п’е Фрэд?
    — Лімонны сок.
    — I ты выпі шклянку.
    — Заўтра,— адказаў я,— А цяпер я што-небудзь з’ем.
    Кёстэр увесь час заклапочана глядзеў на мяне.
    — He глядзі на мяне так, Ота,— сказаў я.— Я крыху падпіў ад радасці. He з гора.
    — Ну і добра,— сказаў ён.— Тады хадзем есці.
    У адзінаццаць гадзін я быў цвярозы, як анёл. Кёстэр прапанаваў паглядзець, што з Фрэдам. Мы ўбачылі яго за стойкай — ён быў п’яны без памяці.
    — Завядзі яго ў бакоўку,— сказаў Ленц.— Я пакуль што абслужу кліентаў.
    Мы з Кёстэрам прывялі Фрэда да памяці. Мыдалі яму выпіць цёплага малака. Яно падзейнічала імгненна. Потым мы пасадзілі яго ў крэсла і загадалі яму адпачыць паўгадзінкі. Ленц пакуль што справіцца без яго.
    Готфрыд спраўляўся. Ён ведаў усе цэны і найбольш хадавыя рэцэпты кактэйляў. Ён трос міксер так, быццам нічога іншага ніколі не рабіў.
    Праз паўгадзіны Фрэд ачуняў. Яго праспіртаваны страўнік хутка прыходзіў у норму.
    — Шкада, Фрэд,— сказаў я.— Нам трэба было спачатку пад’есці.
    — Я зноў у парадку,— адрапартаваў ён.— Бывае карысна.