• Газеты, часопісы і г.д.
  • Творы Апавяданні. Казкі. Артыкулы. Язэп Лёсік

    Творы

    Апавяданні. Казкі. Артыкулы.
    Язэп Лёсік

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 335с.
    Мінск 1994
    116.03 МБ

     

    Аўтаматычна згенераваная тэкставая версія, можа быць з памылкамі і не поўная.
    Гісторыя вучыць, што раз змаганне паўстала, дык не спыніцца ніколі, покі не даб’ецца перамогі, покі распачатая борка не скончыцца вызваленнем пакрыўджанага, зняважанага і абяздоленага. Перашкоды на гэтым шляху толькі распаляюць хцівасць, валтузяць, злуюць і нахіляюць людзей на прыкрыя ўчынкі, але жаданых скуткаў не набі-
    раюць. Ідэя гвалту не баіцца, і святло вызвалення блішчыць людзям вечна.
    Дык выходзьма на работу! За нас гісторыя, культура, прагрэс; нам дапаможа няўхільнасць гістарычнай паступовасці і вялікая ідэя несмяртэльнасці нацыянальнага пачатку. Нацыянальнасць — гэта крыніца, гэта вечны калодзеж людскага багацця, цнот і развою ўсяго чалавецтва. Касмапалітызм — выдумка буржуазная, хітрая пагудка капіталістычнага ладу. Як імперыялізм — безадхланная жадоба ўладаць адным усёй зямлёй, так і касмапалітызм ёсць хітрыкі прамысловасці, капіталізму. Тым, хто дамагаецца ўладаць сусветнымі рынкамі, карысна зрабіць увесь свет шэрым і мутным, бо ў каламутнай вадзіцы ямчэй рыбу лавіць.
    Нацыянальнасць — вот грунт дэмакратыі. Толькі праз нацыянальнасць, праз захаванне крыніцы прагрэсу, мы трапім да згоды, у свет братэрства і сацыялізму. Толькі праз нацыянальнасць людзі дайшлі да сучаснай вышы культурнага развіцця. Нацыянальнасць стварае ўсё: навуку, штукарства і літаратуру.
    Толькі стаўшы на грунт нацыянальнай культуры, 3. Еўропа выйшла з цемры барбарызму на шлях светлай паступовасці. Толькі на грунце роднай культуры мог з’явіцца Талстой, Шэкспір, Сервантэс ці Гётэ; толькі англійская культура магла спарадзіць Дарвіна, а нямецкая дала нам Канта.
    Так вучыць гісторыя.
    Хто мае вушы слухаць, няхай слухае.
    Беларускі тэатр
    10.VI	I у Мінскім Гарадскім Тэатры Першае Беларускае Таварыства Драмы і Камедыі ставіла «Раскіданае гняздо», драму Янкі Купалы, у друку яшчэ не быўшую.
    Тэмат гэтай драмы ўзяты з часоў 1905 г. Сялянская сям’я з даўных часоў, з роду у род сядзела на дворнай зямлі і плаціла чынш. Астаўся ў двары гаспадарыць малады паніч. Ён загадаў чыншавікам ачысціць яго зямлю. Сям’я не хоча, бо яна, як дрэва, урасла ў гэтую зямлю і, сышоўшы з яе, не будзе мець куды дзецца. Тэрмін, даны на высяленне, прайшоў. Дворныя людзі раскідаюць хату. Бацька
    ў роспачы вешаецца. Гэта 1-шы акт. Другія акты адбываюцца на ламацці, на месцы быўшай хаты. Маці хоча, каб старэйшы сын пайшоў і перапрасіў паніча, каб ім дазволілі астацца на старым мейсцы й паставіць новую хату. Сымонка (сын) не хоча, бо «бацькава магіла навекі раздзяліла іх ад нас». Ён чакае суду. Трагедыя яшчэ большая, бо старэйшая дачка Зося закахаўшыся ў гэтага самага паніча. Сымон ненавідзіць і сваю сястру за тое, што яна звязалася з заклятым ворагам сям’і, згубіўшым бацьку і выгнаўшым іх на двор. Суд рассудзіў не на карысць пакрыўджанай сям’і, бо сведкі былі падпоены. Апошнія надзеі прапалі. Асталося або перапрасіць паніча, або жабраваць ісці. Сымонка ніякім парадкам не хоча ісці кланяцца людзям, загнаўшым у труну яго бацьку, апаганіўшым яго сястру й давёўшым яе да вар’яцтва, бо, учуўшы аб шлюбе свайго каханка з нейкаю паненкаю, яна хацела павесіцца, але як ёй не далі — яна звар’яцела. У гэтыя часы па вёсках усюды хадзілі агітатары «зямлі і волі». Адзін з такіх агітатараў, нейкі фабрычны, прыходзіць і да Сымона, кліча яго «на войну з цмокам», «на сход вялікі». Сымон думае-думае і такі ідзе, не гледзячы на просьбы мацеры сваёй. Астаўшыся адна з трыма малымі дзяцьмі, Марыля (маці) выбіраецца жабраваць. Раптам недзе загараецца вялікі пажар. To гарыць двор. Пры блеску пажару Марыля адыходзіць разам з дзяцьмі і адным старым дзедам-жабраком, якога яны раней ахвотна дарылі, як сядзелі на гаспадарцы. Астаецца толькі адна вар'ятка — Зося. Прыбягае Сымон, бачыць — нікога з сям’і няма, хапае сястру за руку і ідзе з ёю «на сход».
    Такі, у самых агульных рысах, ход драмы. Раней, чым гаварыць аб ігры асобных артыстаў, варта зрабіць пару агульных увагаў. Гэтая драма Купалы й так напоўнена русіцызмамі ад пачатку да астатку. Ставілася яна надпаспешным парадкам, і дзеля гэтага артысты не ўспелі падгатавацца, вывучыцца сваіх роляў. На сцэне яны за невялічкімі вылічэннямі трымаліся даволі баязліва і ўсё стараліся, каб не адысціся далёка ад суфлёрскай будкі. Дзякуючы не саўсім чыстай мове арыгінала і малай знаёмасці артыстаў з ролямі, са сцэны так сыпаліся русіцызмы, што і запраўды можна было думаць, што ніякай беларускай мовы няма, а ёсць толькі «макулатурная тарабаршчына», як нядаўна пісала адна тутэйшая газета «Новая Заря». «Нічэво», «ты должэн», «не надо», «меня», «тебя», «нет» і т. д. так і сыпаліся, проста як з мяшка.
    Хор паправіўся трохі й не частаваў ужо нас маскоўскімі
    песнямі, а даволі прыгожа спяяў у пачатку ігрышча «А хто там ідзе?» і «Ад веку мы спалі», устрэчаныя публікай надта прыхільна. Затое артысты пастараліся, дай Бог ім здароўечка, выявіць усю чыстату й пекнату беларускай мовы.
    Найбольшае ўражанне на публіку зрабіў сваёю ігрою А. Крыніца* (роль Гаспадара). Містычная любоў земляроба да свае зямелькі, што ўладае ўсёю душою Лявона, што відаць ў яго кожным слове, нашла сабе добрага выразніка. Трагедыя земляроба, сілком адрываемага ад глебы, да якой ён прырос, задыхаючагася, як рыба, вынутая з вады, была добра выяўлена артыстам.
    Роль старэйшага сына, Сымонкі, выпаўняў Ф. Ждановіч. Тая самая любоў да зямлі, што давяла бацьку да магілы, уладае і сынам, кіруе кожным яго рухам, кожным яго ўчынкам. Артыст добра ўдумаўся ў сваю роль і ведаў яе, але трошкі шкодзіла яму куча старонніх клопатаў (Ф. Ждановіч разам з тым і рэжысёр) і звязвала яго на сцэне.
    Зоська (А. Ліпнічанка**) выявілася на сцэне трошкі не такою, як у драме. У творы Янкі Купалы выведзена дзяўчына нервовая, уражлівая, што не можа аддзяліць вытканага сваёй фантазіяй ад праўдзівага жыцця, што не знае, «гдзе яна, а гдзе толькі цень яе»; а на сцэне мы бачылі спакойную, прызвычаіўшуюся артыстку, што хацела ўзяць толькі ўмеласцю. Недахват тэмпераменту адзначаўся ясна і прачуваўся публікай. Доўгія маналогі, гдзе Зоська выяўляе багацтва сваёй фантазіі, выкладае малюнкі, створаныя ёю, выходзілі нуднымі.
    Мала жыцця было і ў Марылі, жонкі Лявона (В. Тарасік***). Яна ж найболей за ўсіх сыпала русіцызмы.
    Добра выпаўніў сваю роль жабрак (Р. Жакоўскі****).
    Аб рэшце артыстаў што можна сказаць: адны трошкі лепей, другія трошкі горай. Наогул жа кажучы, хоць артысты й не спраўдзілі нашай баязні за правал драмы, але ўсё ж спешнасць пастаноўкі дала сябе знаць.
    * А. Крыніца — Ждановіч Антон Паўлавіч (1898—1937) — беларускі акцёр; удзельнічаў у стварэнні Першага беларускага таварыства драмы і камедыі, яго вядучы актор.
    ** Ліпнічанка Аляксандра —у 1917—1918 гг. удзельніца Першага беларускага таварыства драмы і камедыі (ПБТДіК); выконвала ролю Паўлінкі.
    *** Тарасік Вера Рыгораўна (1899—1986)—настаўніца, удзельніца ПБТДІК.
    **** Жакоўскі Рамуальд (1897—1919) —беларускі артыст; у 1917— 1919 гг. у трупе ПБТДіК.
    Да спакою
    У гэтым нумары нашае газеты чытэльнікі знойдуць адозву Украінскай Цэнтральнай Рады да свайго народу, у якой яна, маючы на ўвазе пасуванне немцаў на Валынь і Падольшчыну, заклікае ўсіх быць спакойнымі, не пакідаць сваіх родных сяліб і заставацца на месцы. Цэнтральная Рада, са свайго боку, дакляруе зрабіць усё ад яе залежнае, каб не нішчыліся дарэмна гарады, сёлы і вёскі, каб асталося ў людзей тое, што ім патрэбна, каб не нарушаўся парадак, і што яна, Рада, будзе дапамагаць і бараніць людзей пад час пераходу яго да рук ворага. «Мы пэўны,— піша ад імені Рады Генеральны Сакратарыят,— што рэвалюцыйнае народнае войска, расійскае і ўкраінскае, не папусціць на паталу нашай Украіны, і вораг скора спыніцца, а потым пойдзе назад.
    Але мы павінны быць гатовымі да ўсяго і мець сілу, каб перажыць цяжкі час вайны... Грамадзяне, не давайце веры тым, хто злачынна будзе клікаць вас пакідаць сваю зямлю».
    Там, на братняй Украіне, ёсць каму патурбавацца аб сваім народзе: там украінскі народ, не гледзячы на перашкоды, здолеў стварыць у сябе сваю краёвую арганізацыю, як Цэнтральная Рада, каторай даручыў узяць справы свайго роднага краю ў свае ўласныя рукі. Там народ не слухае брахні ворагаў сваіх і не пабаяўся цяпер жа, у час вайны, парупіцца аб сваёй долі, цвёрда памятаючы, што калі сам сабе не паможаш, дык ніхто чужы не паспагадае і не дапаможа.
    Адно ў нас, на Беларусі, нічагутка няма. Заштурханы, збэшчаны народ беларускі і да гэтага часу блудзіць па цемры, не ведаючы, куды пайсці, што рабіць, куды прыхіліцца. Народ наш і да гэтага часу прымае ворага за прыхільніка, а прыхільніка за ворага і не можа ўцяміць, нябога, што трэба скінуць гэтую агідную апёку чужынцаў, прагнаць ад сябе няпрошаных парадчыкаў з расійскага і польскага боку, ды стаць на ўласны грунт, узяўшы сваю беларускую справу ў свае беларускія рукі. Толькі тады адкрыюцца вочы яму, праясніцца цемра і шырока расхіліцца той жаданы шлях лепшай долі, што вядзе ў гмах лепшай светлай будучыні. Расійскія парадчыкі ўсялякага стану і праканання падавалі народу нашаму многа бліскучых абяцанак, але трэ дакаціцца хвілі ваеннай калатніны да нашай зямлі, каб яны паўцякалі адгэтуль, кінуўшы
    народ на ласку Божую. А мо ці не думаюць яны, уцякаючы самі ад немца, павалаць і народ наш за сабою? Дык не будзе гэтага! Цяпер народ не паслухае іх. Першы раз, за часы цара Мікалая II, яго прымусам, сіламоц выганялі з родных зямель, сёл і гарадоў ды расцярушвалі па Сібіры і Расіі на здзек, пагарду і галодную смерць на чужыне. Мы добра памятаем, як раз’юшаныя казакі адсякалі рукі старэнькім дзядам нашым, каторыя, абхапіўшы ў абоймы вушакі хаткаў сваіх, Хрыстом-Богам упрашалі аставіць іх дома. Усе мы ведаем, колькі перамёрла людзей ад холаду, голаду і пошасці. Усе мы добра памятаем, колькі гора, слёз і пакуты зазналі ўцекачы-беларусы, як цяжка ім было хіляцца па дарогах, пад плотам і чужых хатах. Цяпер не будзе гэтага.
    Вас, расійскія сацыялісты і дэмакраты,чакае пачэсная праца ў сябе дома. Едзьце дамоў, накарміце там уцекачабеларуса, абагрэйце яго, прывітайце як брата і дайце яму прытулак. Паедзьце дадому і расталкуйце землякам вашым, што нягожа сустрачаць няшчасных абяздольных людзей каламі, лямантам і лаянкай, як рабілася гэта ў 1915 годзе. Едзьце дадому, а гэта абыдзецца і без вашай чужынскай няшчырай фатыгі*.