• Газеты, часопісы і г.д.
  • Творы Апавяданні. Казкі. Артыкулы. Язэп Лёсік

    Творы

    Апавяданні. Казкі. Артыкулы.
    Язэп Лёсік

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 335с.
    Мінск 1994
    116.03 МБ

     

    Аўтаматычна згенераваная тэкставая версія, можа быць з памылкамі і не поўная.
    Мы цяпер вольны і праз гэта павінны самі падбаць пра сваю лепшую долю, пра адбудаванне нанава свайго грамадзянскага жыцця. А жыццё наша стане лепшым толькі тагды, калі мы ўсе грамадой парупімся аб тым, каб па сёлах, вёсках і гарадах пазаводжаны былі нашы беларускія школы, дзе навучэнне будзе выкладацца на нашай беларускай мове. Покі не будзе ў нас нашай школы, да тых пор мы будзем цёмнымі, заштурханымі, зняважанымі, а цёмнаму чалавеку не прынясе карысці ні зямля, ні воля. Мы павінны яшчэ дабіцца таго, каб скрозь — па судах, у земствах, камітэтах, у цэрквах, касцёлах запанавала наша беларуская мова. Тагды ніхто не асмеліцца з нас насміхацца, тагды не будуць казаць, што наша мова простая, сялянская, як ніхто не казаў гэтага і не смяяўся ў тыя
    слаўныя часы, калі наша старонка жыла самабытна, незалежна і мела свае школы, суды і законы. Тагды і нас, і мову нашу шанавалі і палякі, і расійцы, пранцузы і немцы. А сталася так тагды, як мы страцілі сваю беларускую волю да зрабіліся беднымі. Зразумейце ж, браты-беларусы, што нас падашукалі. Смяяліся з нас і з мовы нашай толькі паны, цары да багатыры, каторым карысна было, бо хто саромеецца сваёй мовы, хто не мае сваёй школы і не вучыцца на сваёй роднай мове, той заўсёды будзе цёмны і неразумны, як бязмоўнае стварэнне, і ім лягчэй камандаваць, лягчэй трымаць у прымусе ды ў пастаянным парабецтве. Але брэшуць яны, скончылася іх панаванне, і мы, беларусы, возмем ў свае рукі і школу, і сваё права.
    Браты-Беларусы! Да гэтага часу гаспадарылі ў нас чужынцы — палякі ці маскоўцы. Яны зрабілі вялікі беларускі народ сваім парабкам, папіхачом, трымалі яго ў цямноце і здзеку. Каб умацаваць сваё панаванне і мець заўсёды паслухняных служкаў, дык яны вырвалі ў народа нашага яго язык, яго спрадвечную бацькаўскую мову, завёўшы па школах, судах і ўсіх інстытуцыях краю сваю, малазразумелую для нас мову. У школах вучылі дзетак нашых, і вучылі выракацца ад усяго роднага, беларускага, і смяяцца з бацькаўскіх звычаяў. Скончылася тым, што народ паверыў падашуканству ворагаў сваіх ды ўзапраўду стаў лічыць сваю мову «простай», «мужыцкай» і «брыдкай». Цяпер мы ведаем, дзеля чаго гэта рабілася, дык не давайма ворагам нашым, палякам і расійцам, заводзіць свае парадкі. Няхай яны, у Польшчы ці Маскоўшчыне, у сябе дома робяць што хочуць, а мы, беларусы, абойдземся і без іх панскай фатыгі. Смейцеся з іх мовы, калі яны з нашай смяюцца, бо цяпер вы ведаеце, на што яны гэта робяць. Яны гэта рабілі і робяць, каб трымаць вас у кайданах няволі, каб ямчэй сядзець на вашай шыі.
    Збірайцеся, беларусы,— талкуйце, разважайце, злучайцеся ў грамады, закладайце гурткі і хаўрусы. Рабіце складчыну на грошы і выпісвайце з Мінска беларускія кніжкі і газеты. Чытайце, вучыцеся, шануйце родную мову, тагды станеце асвечанымі і разумнымі і ніхто вам крыўды не зробіць. Пішыце прыгавары, што хочаце мець сваю беларускую школу, хочаце вучыць сваіх дзетак у школах беларускай мовай. Пасылайце прыгавары гэтыя ў камітэты, у земствы, да вучыцельскіх хаўрусаў. Пакажам ворагам нашым і тым «прыяцелям», расійцам і палякам, што насміхаюцца з нас, пакажам ім, што мы вольны народ, што
    мы любім нашу Матку-Беларусь, нашу родную беларускую мову. Украінцы, палякі, літвіны і фінляндцы ўжо зрабілі гэта — брыдка нам, беларусам, аставацца ззаду. Трэба нам зрабіць волю для Беларусі, завесці ў сябе дома свае беларускія парадкі, бо «ў сваёй хаце свая праўда, сіла і воля». Мы не хочам, каб у нашых школах вучылі не нашай, чужынскай мовай, каб рабілі з дзетак нашых некіх перакінчыкаў, што потым смяюцца з бацькоў сваіх і са звычаяў нашых. Наша мова, наша песня не памрэ, не згіне. Гэта наша слава, гордасць і пыха. Некалі, яшчэ да паншчыны, на Беларусі больш было асвечан.ых людзей, і нашы людзі вучылі маскоўцаў, цяперашніх расійцаў, а як адабралі ў нас нашу родную мову, як забаранілі вучыцца і друкаваць кніжкі па-нашаму, дык народ наш стаў самым цёмным і заштурханым па ўсёй Расіі.
    Кайданы, у якіх быў закованы беларускі народ, цяпер парваліся. Падайма адзін другому рукі і злучымся ў адну згодную беларускую сям’ю. Беларусы праваслаўныя і каталікі — усе мы брацця, усе дзеці адной нашай Маткі-Беларусі. Да працы, грамадзянства! Спаць няма калі. Хто будзе спаць цяпер, той не сын Беларусі, а непрыяцель усяго беларускага народу. Няхай яхаю коціцца па ўсём свеце роднае слова пра родную Беларусь.
    Прыгавары пра навучэнне роднай мовай пісаць трэба гэтак:
    «Году 1917, месяца	
    «...» дня. Мы, грамадзяне, сяла	
    	 воласці 	 павету 	
    	 губерніі 	
    Сабраўшыся гэтай лічбы на абраду нашых грамадскіх спраў, абмеркавалі пытанне пра навучэнне ў нашай школе дзяцей нашых роднай беларускай мовай. Абмеркаваўшы гэтую справу з усіх бакоў, пастанавілі: 1) з пачатку гэтага 1917—18 вучэбнага году пачаць навучэнне дзяцей нашай роднай беларускай мовай; 2) прасіць мясцовую паветавую Земскую Управу (або Школьную Раду) прызначыцьда нас, у нашу школу вучыцеля-беларуса або таго, хто ведае беларускую мову і 3) прасіць паведаміць нам пра тое, што будзе зроблена дзеля выканання гэтага прыгавару. Подпісы».
    Прыгавар трэба паслаць куды належыць, а копію з яго — у беларускую газету дзеля ведама ўсіх.
    Граматыка і родная мова
    Атрымаліся весткі, што ўжо напісаны і хутка надашлюцца да друку тры беларускія граматыкі трох розных аўтараў. Адзін з гэных аўтараў, філолаг Б. Тарашкевіч*, наўмысля, каб ухіліцца перашкод у працы, удаўся быў на вёску ў Фінляндыю на цэлае лета і там абдумваў, укладаў і цяпер скончыў пісаць беларускую граматыку і аддаў на перагляд знаўцам і крытыкам, каб дасведчыцца, ці ўсё ясна працавана, ці няма якіх хіб і ці не трэ дзе зрабіць якіх перамен або паправак. Значыць, не ў далёкім часе яна надрукуецца, выйдзе ў свет, і мы мецімем сваю ўласную беларускую граматыку. На моцы гэтага ўсцешнага для нас выпадку цікава азнаёміцца з тым, чаго вымагае сучасная навука ад граматыкі, як школьнага падручніка, чым мае кіравацца і якой мэты павінен трымацца настаўнік у справе навучэння граматыцы роднай мовы, і такім чынам падкрэсліць сабе, чаго мы маем спадзявацца і вымагаць і ад аўтараў першых спробаў беларускай граматыкі або, як пісалі даўней, «навукі добра размаўляць і пісаць». Наконт гэтага існуе многа разумных паглядаў, навука мае многа гіпотэз, але самы лепшы для справы навучэння будзе той погляд, што дамагаецца і мае на ўвазе перш за ўсё тое, каб дапасаваць граматыку дзеля найлепшага і лягчэйшага спосабу развіцця мовы і ўпрашчэння правапісу. Разбіраючы гэта, мы ўгледзім, што правапіс у граматыцы займае саўсім не значнае месца павэдлуг таго, што вымагаецца расійскімі падручнікамі, і што сэнс і заданне граматыкі зусім не ў тым, дзе тоўпіла яго маскоўская школа; што дзеці нашы дарэмна лілі слёзы, перамагаючы трудношчы маскоўскага правапісу, і што нам трэба раз назаўсёды адхіснуцца ад той граматнасці, каторая ўнетрылася сярод нашай інтэлігенцыі праз маскоўскую школу на грунце не расійскай, а некай «інтэрнацыянальнай» маскоўскай граматыкі. Зразумелі гэта і маскоўцы, на моцы чаго і быў выдан міністрам цыркуляр аб упрашчэнні велікарускага правапісу.
    На гэты раз мы падамо ў агульных рысах, з дзе-якімі ўласнымі ўвагамі, змест артыкула: «Рідна мова в украінській школі» I. Огіенка, надрукаванага ў украінскай газеце «Нова Рада».
    * Тарашкевіч Браніслаў Адамавіч (1892—1941) — беларускі грамадска-палітычны дзеяч, асветнік, філолаг.
    I
    «Калі мы ўважна прыцікуемся да таго, чаму вучаць па сярэдніх школах, калі мы пільна і дакладна разгледзім праграму нашых школьных навук,— піша Огіенка,— дык адразу кінецца ў вочы іх убогасць, малая іх навуковая і жыццёвая вартасць. Чалавеку, каторы не праняўся школьнымі забабонамі, нават кінецца ў вочы з такога перагляду і тое, што нехта як наўмысля пастаянна нахіляў школьную навуку ў той бок, каб яна забівала дзецям розум і дурыла іх слабыя галовы «навуковаю» бяссэнсіцаю».
    Найважнейшаю з школьных навук грунтоўнаю падставаю школьнай асветы, безумоўна, была і заўжды будзе родная мова. Навучэнне роднай мове, роднай літаратуры ў новай школе павінна стаць моцным падмуроўкам усёй школьнай навукі. На гэта трэба звярнуць як можна больш увагі, затраціць як можна больш часу, як можна больш сілы і знання. Калі руйнуецца стары лад, калі яшчэ не выраблен лад новы, дык трэ баяцца таго, каб наша маладая беларуская школа не пабудавалася са старога плана, з плана расійскай школы. План той даўно падгніў, даўно ўжо прыстаў ад жыцця. Яго латалі, як маглі, латалі на белую нітку, наспех, абы толькі не свяцілася праз убогае ўбранне грэшнае цела. I стаіць цяпер на раздарожжы расійская школа, абсмыканая ўсялякімі Шварцамі і Кассо, налатаная Дзялянавымі і Ігнацьевымі. Стаіць у латанай вопратцы, як цыганскае дзіця або як жабрацкі павадыр. I толькі вялікая армія заскованых, заштурханых, духоўна і матэрыяльна прыціснутых настаўнікаў ратавала тую школу, бараніла яе сваім жыццём, душу сваю пакладаючы за яе. Бараніла яе, бо спадзявалася, што і з гэткай школы разыдзецца свет, загарацца іскрачкі і раздзьмухнуцца ў вялікае полымя.
    Вось і боязна, каб, закладаючы новую школу, не пабудаваць яе са старога, трухлявага плана. У жыцці складаецца так, што калі руйнуецца старое, дык яно не нішчыцца дашчэнту; і заўжды будуюць новае гэтак, што падмалёўваюць, латаюць і паджыўляюць старое. Гэта бывае як у палітыцы, грамадскіх стасунках, так і ў навуцы і ў справах школьнага навучэння. Трэба заўважыць, што навучэнне роднай мове не павінна ісці бітымі сцежкамі, тым шляхам, якім яно праводзіцца ў расійскай школе. Трэба асцерагчыся, каб у нас у пытанні пра мову не бралі за прыклад школы расійскай, не пераймалі той праграмы мовы, што пануе ў старой школе.
    II
    Прыгледзімся да таго, чаму навучалі ў расійскай школе пад назвай «родная мова (русскнй язык)». Навучалі не мове, не асобнасцям мовы, яе сапраўдным прыкметам, а навучалі сухім толькі формам мовы, навучалі такім формам мовы, каторыя аднакія з усімі мовамі Еўропы. У расійскай школе не вучылі граматыкі расійскай мовы, а вучылі і вучаць граматыку інтэрнацыянальную. Вучаць адмяняць канчукі слоў, як,напрыклад: «стол, стола, столу», ці «ношу, носшп, носм», ці знайці «подлежаіцее» або «сказуемое» ў той ці іншай думцы, гэта яшчэ не азначае вучыць граматыку. Вазьміце якую хочаце расійскую граматыку, перакладзіце яе на мову, скажам, шведскую, падмяніце парадыгмы — і граматыка шведскай мовы гатова... «А калі так,— піша Огіенка,— дык я пытаю, чаму ж такая граматыка завецца граматыкай мовы расійскай? Што тут ёсць расійскага?»