• Газеты, часопісы і г.д.
  • Творы Апавяданні. Казкі. Артыкулы. Язэп Лёсік

    Творы

    Апавяданні. Казкі. Артыкулы.
    Язэп Лёсік

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 335с.
    Мінск 1994
    116.03 МБ

     

    Аўтаматычна згенераваная тэкставая версія, можа быць з памылкамі і не поўная.
    Святкуючы дзень вялікага свята беларускай культуры, мы павінны аддаць усе свае сілы, розум і працу на тое, каб найхутчэй запанавала ў нашым краі наша гучная, пекная, родная мова; каб завітала да нас уладарнай гаспадыняю, стаўшы магутным чыннікам культурнага развіцця нашага народу. Памятайма, што толькі шануючы самога сябе, сваю славу і нацыянальны гонар, толькі стоячы на грунце роднай культуры мы атрымаем магчымасць стаць поплеч з асвечанымі народамі 3. Еўропы. А «вь сей день, его же сотворн Господь, возрадуемся н возвеселммся вь онь!»
    Праціўнікам беларускага руху
    Найгоршымі ворагамі нашага руху ёсць беларусы-перакінчыкі, атрымаўшыя выхаванне расійскае ці польскае. Беларусы-каталікі не хочуць вучыць сваіх дзяцей па-беларуску, адно па-польску, каб зрабіць з іх праўдзівых палякаў, хаця самі яны зусім не ўмеюць гаварыць па-польску.
    Таксама беларусы-праваслаўныя стараюцца зрабіць сваіх дзяцей рускімі. I палякі, і маскоўцы смяюцца з польскае і рускае мовы нашых перакінчыкаў. Але ім бяды мала: яны ўжо прызвычаіліся да здзеку і паняверкі над сабою. Лепей яны будуць псаваць чужую мову, але на сваёй гаварыць не хочуць. Каталікі-беларусы лічаць сябе за палякаў. На гэта ім скажам, што французы, іспанцы, чэхі і інш. народы каталікі. Дык ці ж яны палякі дзеля таго, што каталікі?
    Беларусы-перакінчыкі разам з маскоўцамі-абрусіцелямі — ворагі 1) нашай мовы і 2) нашай аўтаноміі.
    Яны кажуць, што беларускай мовы няма, а ёсць толькі гаворка (падмова. наречіе) расійскай мовы (гэтак кажуць масквафілы) або польскай (паланафілы). Іншыя кажуць, што беларуская мова — гэта мешаніна з расійскай, польскай, украінскай і інш. моваў. Кажуць, што мова расійская зусім добра зразумелая для дзяцей-беларусаў. Калі беларуская мова — гаворка расійскай або польскай мовы і дзеля гэтага яе не трэба вучыцца, а трэба вучыцца расійскай ці польскай мовы, дык тагды і іх не трэба вучыць, бо гэта дзве гаворкі славянскае мовы, значыць трэба вучыцца толькі па-славянску. Калі беларуская мова не ёсць мова дзеля таго, што мае ў сабе элементы расійскія, польскія ці ўкраінскія, дык агнельская мова таксама не ёсць асобная мова, бо ў ёй змешаны элементы нямецкай, французскай і кельцкай моваў. А як цяжка беларускаму дзіцяці вучыць расійскую мову,— ведама кожнаму. Першыя два гады дзеці вельмі слаба разумеюць «Русское Слово» 1-га і 2-га году. У 1-й кнізе яна не разумеюць усіх слоў, якія далічалісь да катэгорый: «мебель, утварь, цветы» і т. д. У 2-й кнізе яны саўсім не разумеюць артыкулаў «Мзь детскіхь воспомннаннй». Язык іх не можа выгаварыць шорсткіх расійскіх слоў.
    Нам яшчэ кажуць адны, што беларусы не маюць літаратуры, а другія кажуць, што мы маем адну «любнтельскую» літаратуру. Першыя пэўна што саўсім не знаюць нашай літаратуры. Другія трошкі чыталі яе, але так знаюцца ў ёй, што лепей не казаць. Ведама, што ў нас няма яшчэ ўсясветных песняроў дзеля таго ўціску, які мы цярпелі да самага апошняга часу. Але мы маем надзею, што яны будуць. I цяпер ужо наш Янка Купала, або Якуб Колас, або Максім Багдановіч пішуць не горш, як лепшыя песняры другіх народаў.
    Цяпер, кажуць нашы ворагі, не час разлучацца, а трэба злучацца; трэба перш зваяваць немца, а тагды ўжо дзя-
    ліцца. Але да рэвалюцыі нас лучылі вастрогі, ссылка, катарга, ланцугі. Чаму ж мы тагды не зваявалі немца? Моц дзяржавы залежыць ад моцы і здароўя кожнай яго часткі. Калі Маскоўшчына, Украіна, Беларусь і т. д. будуць здаровымі і моцнымі, тагды і ўся рэспубліка будзе моцнаю. Вось мы й бачымо, што наймацнейшыя дзяржавы гэта такія, гдзе асобныя народы і краі маюць аўтаномію. Германія злеплена з 25 кускоў, Англія дала шырокую аўтаномію сваім калоніям, Злучаныя Штаты маюць 40 асобных дзяржаў, а ўсё гэта наймацнейшыя дзяржавы. Часовы Расійскі Урад выказаў прынцып самаазначэння народаў. Сказаць пекныя лозунгі мала — трэба правесці іх у жыццё. Мы хочам, каб гэтыя лозунгі не засталіся пекнымі, але пустымі словамі, і па нашаму адрасу пускаюць усякую брахню. He дзіва, што ўкраінцы і фіны не хацелі верыць, што гэтыя пекныя словы спраўдзяцца. Мы будзем мірна, але цвёрда ісці сваёю дарогай і з яе не саступім.
    Што рабіць?
    Надыходзіць вучэбны год. Набліжаецца час, што па школах распачнецца навука. Хутка ўходзяцца людзі з работай, паслабанее дзеткам і пашлюць іх у школкі шукаць сабе навукі, асветы і добрага прыкладу. Большая частка нашага настаўніцтва забрана на вайну, а пустыя пасады пазайманы людзьмі, нічога супольнага са справай навучэння не маючымі і нахлынуўшымі сюды проста па закону запаўнення пустаты. Яны, гэты выпадковы элемент, чужыя і нам, і нашаму краю, і нашай справе. Гэта мы бачылі на тых з’ездах, што рабіліся сёлета ў Мінску, і маглі судзіць аб іх па тых рэзалюцыях, якія яны ўхвалялі і публікавалі. Ад іх нам няма чаго чакаць, на іх няма чаго спадзявацца. У тупой упартасці малаасвечаных, неадукаваных людзей яны зноў пусцяць у ход старую ржавую машыну абрусіцельства ды зноў стануць пустошыць душы дзяцей нашага краю. Уся наша ўвага пакладаецца на тых нацыянальнасведамых вучыцялёў, што шчыра любяць свой край і гатовы аддаць усю сваю працу на карысць свайго народу, на выкананне нашых культурна-нацыянальных заданняў. Прад імі, дапраўды, агнявымі літарамі ставіцца пытанне: што рабіць, з чаго пачаць, за што зацяць рукі?
    Але любасць да роднай старонкі, шчырае каханне свае бацькаўшчыны дапаможа ім у гэты пераходзячы момант нашай гісторыі, а дух адраджэння нашага народу навучыць іх, што казаць і што рабіць. Увесь сэнс педагагічных заданняў не ў тым, аб чым вучыць, а як вучыць. Бяда не ў тым, што няма ў нас кніжак, падручнікаў, лемантароў, а ў тым, што хібіць шырокай свядомасці. Шкадлівы ўплыў самадзяржаўнай казённай школы тоўпіўся не ў тым, што ў навучэнні панавала маскоўская мова, а ў тым, што ўся навука па школах была накіравана на здзек і нішчэнне ўсяго беларускага. Усе кніжкі, падручнікі, малюнкі падбіраліся і дапасоўваліся так, што наша роднае ўхілялася ўбок, аддавалася на смех, выскалянне і кпіны, тапталася нагамі і мяшалася з гразёю, а за прыклад выстаўлялася чужое, велікарускае, дзецям не даступнае і малазразумелае. I калі часам траплялася, што абысці чаго немагчыма было, дык яго наўмысля малявалі ў такіх ганебных хварбах, што нявінным дзецям заставалася толькі сароміцца, цурацца, забываць і выракацца.
    Памятаючы гэта, свядомаму беларусу-настаўніку покі што досыць будзе абмежавацца тым, што ён, моцна трымаючыся роднага грунту, пачне ўсё навучэнне ў школе асвячаць з пункту рэчы сваіх нацыянальных заданняў. Ужываючы леншыя маскоўскія кніжкі і падручнікі і ведучы па іх навучэнне ў школах, настаўнік павінен усё тлумачэнне з дзецьмі рабіць па-беларуску і нахіляць думкі і цікавасць дзіцячую на сваё роднае, беларускае, прышчапляць любасць і пашану да роднай мовы, да матчынай песні; разбуджаць нацыяналызую і грамадзянскую свядомасць і развіваць свой гонар, знаёмячы з нашай гісторыяй, са слаўнай нашай мінуўшчынай. Настаўнік павінен чытаць дзецям кніжкі па-беларуску, знаёміць іх з лепшымі творамі нашых пісьменнікаў і паэтаў, вучыць пісаць, рабіць пераклады па-беларуску і спяваць нашыя беларускія песні. А галоўнае — як пуцяводная звязда павінна стаяць уваччу вучыцеля беларуская справа, справа адраджэння і вызвалення з нацыянальнага палону нашага многапакутнага народу. Рэшта — сама дадасца нам.
    Няма веры
    Становішча Дзяржавы Расійскай што далей, то робіцца горай. Армія адступаецца, вораг пасуваецца ўперад, і немагчыма затрымаць яго наступ. Грамадзянства разбілася на два варожыя станы, і страчаны грунт для паразумення. Дарагоўля расце, недахват павялічваецца. Бязладзіца, непарадкі агарнулі кругом, як чорнаю хмараю. Гром грыміць, бура ірдзіцца і гатова хлынуць раптоўна смяртэльнай навальніцай. А людзі як людзі. Сходзяцца, радзяцца, жартуюць, смяюцца, ды не маюць веры ні парадам сваім, ні жартам сваім, ні жадным сваім установам. Сталася так, што сама рэвалюцыя страціла сэнс, сілу і значэнне. Пажоўклі яскравыя лозунгі, жалобай адбіваюцца рэвалюцыйныя песні. Некультурныя, цёмныя масы сунуцца ўперад, павінуючыся гавяжаму інстынкту, і не хочуць уцяміць, што гаспадара няма, што кіраўнік свайго жыцця ён сам, і калі дзяржаўная машына з разгону заедзе «казла», дык разляціцца на друзгі. Адозвы, прамовы, сходы і з’езды абрыдлі, прыеліся і нікога не да чаго не прымушаюць. Мэрам гісторыя аддзялілася ад людзей, а людзі ад гісторыі, і рухаецца ўсё паасобку.
    Тым часам скліканне Сойму адсунута назад, а разам з тым, траціцца вера, што гэта апошні тэрмін, што за першым адкладам не пойдзе другі, трэці і т. д. Але Часовы Урад, пачуваючы смяртэльную небяспеку, як баячны Антэй, ірвецца наніз, каб ад зямлі набрацца моцы, творчай веры і гаючай сілы. Ён шукае палёгкі ў народзе, дзеля чаго склікае ўсерасійскую ў Маскве параду. Туды пакліканы прадстаўнікі ўсіх партый, усіх арганізацый, усіх грамадскіх інстытуцый. Паваланы дэпутаты ўсіх чатырох Гасуд. Дум. З’едзецца каля паўтары тысячы людзей, а веры няма, чамусь нікне надзея, не відаць спасення. Кіраўніцтва дзяржавай траціць даладнасць, трупціць, як сапсаваная машына, і яшчэ больш павялічвае тую багну, што расступілася перад намі і гатова праглынуць і рэвалюцыю, і волю, цэльнасць і незалежнасць самой дзяржавы. Чуюцца пагрозы «крывёй і жалезам», але ніхто не лякаецца і не звяртае ўвагі. Робіцца ўражанне, што карабель топіцца, захлынаецца вадою, і кожан кідаецца туды, дзе бачыць найблізшы ратунак. Яшчэ чутна каманда, яшчэ аддаюцца прыказы, але ніхто не верыць у моц карабельнай улады. I кожны спяшае сесці ў чайку* і пашукаць ратунку па
    * Тут: шлюпка.
    ўласнаму даследу. I мы бачым, што фінляндцы зняверыліся ў Расійскім Урадзе. Наперакор распараджэнню рыхтуюцца яны адчыніць свой сойм і дамагаюцца вывесці расійскія войскі, выклікаючыя непарадкі, не шануючыя мясцовых законаў і павялічваючыя цяжар харчовай справы. Украінцы, нездаволеныя наданымі ім правамі, адмаўляюцца пасылаць сваіх прадстаўнікоў на маскоўскую параду, страціўшы веру ў скутачнасць супольнай працы. Яны адчаяліся намацаць грунт для супрацоўніцтва і па тропу фінляндцаў шукаюць ратунку паасобку. А расійскае грамадзянства, не прызнаючы свайго гістарычнага граху — нацыянальнага ўціску, пасылае ў дагонку пагрозы «крывёй і жалезам». Але там, дзе пытанне пастаўлена рубам, дзе справа паўстала аб жыцці і смерці — там пагрозы нікога не лякаюць, нікога не спыняюць, нікому не памогуць, а толькі раскапаюць шырэй тую багну, што залягла паміж імі. Дый адкуль жа ўзяць тую веру, калі нямашака жаднага грунту? Хіба ўкраінцы ці тыя фінляндцы не бачаць, як ставіцца ўрад і ўсё расійскае грамадзянства да нас, беларусаў? Маўчаць — значыць, здаволены, і хоць бы словам хто закінуўся аб тым, што беларусы жывуць, дыхаюць і есці хочуць. Хіба ж не відно, што чуллівае вуха маскоўскага грамадзянства ў нацыянальных пытаннях больш нахілена да таго, што было, як да таго, што павінна быць? Хіба Часоваму Ураду не казалі пра нас, хіба не прасілі яго дапамагчы і падтрымаць нас у нашым цяжкім становішчы? А ласне паслухалі нас, ласне пацешылі нас хоць словам, добрай парадай ці абяцанкай? Сумна, але факт,— вораг робіць тое, што павінен зрабіць сябра. Немец не заводзіць спрэчак, што беларусаў няма,— ён разважыў гэта пытанне даўно, і там, у забранай частцы Беларусі, будуе школы, робіць курсы, друкуе падручнікі. Мала гэтага, ён рыхтуецца здзівіць цэлы свет заявай, што ў Дзяржаве Расійскай, на берагах Нёмна і Дзвіны вынайшаў цэлы асобны народ са сваім уласным бытам, з асобнай культурай, звычаямі і мовай. Сумна, але факт! А ў нас заява аб сваёй гістарычнай самабытнасці, аб жаданні ўласнага культурнага жыцця нават лепшымі людзьмі маскоўскага грамадзянства талкуецца як сепаратызм, дзяліцьба і калатніна. Дык адкуль ,жа ўзяцца той веры?!