• Газеты, часопісы і г.д.
  • Творы Апавяданні. Казкі. Артыкулы. Язэп Лёсік

    Творы

    Апавяданні. Казкі. Артыкулы.
    Язэп Лёсік

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 335с.
    Мінск 1994
    116.03 МБ

     

    Аўтаматычна згенераваная тэкставая версія, можа быць з памылкамі і не поўная.
    «Чаму гэта так?»
    Хто ўважна чытаў нашу яшчэ маладзенькую, неўмацаваную газету, хто спагадае нам у справе адраджэння нашага народу, хто хоць крошку знаецца на справе выдання друкаванага слова ў неспагаднай, цёмнай і малакультурнай гушчы, той не можа зрабіць нам даганы, што мы наўмысля, не па нядбаласці ўхіляемся ад таго ці іншага пытання.
    Жыццё шырокае, вялікае і мнагакантавае — сілы ж нашы невялічкі, шчуплы і кволы, і не маем фізычнай магчымасці ахапіць ў нумарох колькіх усё кіпучае і шырокае, як мора, жыццё нашай многапакутнай старонкі. Мы не можам судзіць сваёй працы. Яна мае многа хіб, шмат памылак, недаглядаў — гэта так. Але, памятаючы, што не памыляецца той хіба, хто нічога не робіць,— мы пазваляем спытаць сябе: дзе, што, які артыкул нашай газеты непатрэбен і шкадліў для справы беларускага адраджэння наогул і дзеля шчасця й інтарэсу працоўнага народу ў асобку? Калі мы ўхіляліся падаць руку пакрыўджанаму, усцешыць гаротнага, памагчы абяздоленаму? Ці была калі праўда, каб мы, «як злая нянька, затыкалі вушы і рот палітыкай, палітыкай і палітыкай»? Ці праўда гэта, што «Вольная Беларусь», «баючы дзіўныя казкі пра вольнасць айчыны, не звяртала ўвагі на жыццё ўцекачоў»? Кожан наш нумар, кожна стацця і артыкул нашай газеты — гэта крык пакрыўджанага, плач абяздоленага, енк запакутанага. Хто чытаў наш артыкул «Да спакою», у таго язык не павернецца сказаць нам, што мы забылі братоў сваіх уцекачоў. I толькі агіда да слёз і ляманту стрымоўвае нас пастаянна плакаць, ныць і скардзіцца.
    Годзе плакаць! Мы абуджаем павагу, будзім нацыянальны гонар і кожным нумарам газеты клічам беларусаў не спаць, ачнуцца, забраць сваю справу ў свае рукі і будаваць сваё жыццё ўласнымі захадамі. Цяжка жывецца ўцекачу! «Вольная Беларусь» ведае, што ўсіх нашых уцекачоў маскалі нагамі падкідаюць, што іх лічаць дармаедамі, гультаямі, што «нашы блазноткі — сіроты не ўсюды ў Расіі маюць добры прытулак», што «беларускім сялянам несправядліва плацяць за збожжа, пакінутае ў адрынах і на кораню». Гэта «В. Беларусь» ведае; ведае яна яшчэ і тое, што не «па прычыне стыхіі апынуліся ў Расіі» ўцекачы-беларусы, а паразганяла і параскідала іх па шырокай Расіі і халоднай Сібіры вар’яцкая рука самадзяржавія. «Вольная Беларусь»,
    ведае, што ўцякач не жыве, пакутуе, што мруць нашыя браты на чужыне, як мухі, але ад той ці іншай стацці не палягчае. Тут патрэбна грунтоўная помач, помач кожнага грамадзяніна і ўсяго гасударства. Аркушы нашай газеты шырока разгорнуты для ўсіх. Прыходзьце, пішыце, гукайце, склікайце! Пішыце ўсё, памагайце грамадой, тады не паўстане пытанне: «Чаму гэта так?» Чаму гэта было і да гэтага часу ёсць, што дзесяцімільённы народ ледзьве здолен выдаць 15 нумароў газеты, што, выпускаючы нумар сягоння, не можа быць пэўным, што выдасца заўтра. Чаму яно гэтак,— ці ведаеш, шаноўны чытачу? Чаму гэта так, што досыць з’явіцца на Беларусі беларускаму дзелу, каб зараз абсыпаў яго шашаль і пачаў грызці й тачыць, покі не паваліць з кораню? Чаму гэта так,— ці ведаеш, шаноўны чытачу?!
    Сон рэдактара
    Жыў на свеце рэдактар адной дэмакратычнай газеты. Як і ўсе людзі яго пахаджэння, ён надта пакутаваў ад пэнкнуўшай* жоўці і дакораў нячыстага сумлення. Засне ён, нябога, ці што-небудзь робіць, пойдзе да знаёмых ці сядзе да столу, каб выпіць шклянку гарбаты (рэдка, але ўжываў ён гэты панскі трунак), а ўваччу ўсё мігцяцца зарэзаныя літаратурныя дзеткі, нездаволеныя падпісчыкі, абражаныя палітыкі, абсмяяныя паэты, непрыласканыя таленты. Апарт гэных людзей, складаўшых звычайны крыж яго жыцця, аднекуль вылазілі і з кожным днём пладзіліся яшчэ іншыя стварэнні — не то людзі, не то аргусы, не то хрэн яго знае што. Яны ўсё бачылі, усё чыста ведалі, і ад іх прагавітага вока не было гдзе захавацца. Заманецца рэдактару паснедаць ці што, а аргус ужо сцігае пад вокнамі і трагічна шапоча: «Верашчаку есць! А за чые грошы ён яе есць, каб хто спытаўся?!» Стане цяжка на сэрцы, замысліцца рэдактар, аблёгшыся на стол, а аргус ужо цікуе: «Злоўмышляе штось, Каін! У-у, гад каб яму выхварэць!» Засмяецца рэдактар,— а ўжо аргус камусь міргае: «Гляньце — Расія гіне, а ён радуецца!» Пойдзе ён з гора на спацыр, а кругом ужо шэпчуць: «Пацыбаў! Ідзі, ідзі, Юдаш,— там Скірмунт
    * Пэнкнуць—трэснуць.
    з Радзівілам чакаюць». Заплача рэдактар, прыйшоўшы дахаты, а аргус лямантуе: «Ось табе маеш! Панэ грошай не далі — бач, як разроўся!» А калі часам патрапіць рэдактару заснуць, дык ляманту й дакорам аргусаў няма канца. Яны зыходзяцца каля рэдактарскай кватэры, тыцкаюць пальцамі ў зачыненыя вокны і шыпяць, як вужакі: «Спіць, недавярак! Бежанцы мруць, як мухі ў восень, а ён сабе спіць,—і не бырае».
    Разумеецца, пры гэткіх варунках жыццё рэдактара паходзіла на якуюсь фантасмагорыю, а сапачынак і сон — на хвараблівую паку.ту. Дарэмна ён у паўночную гадзіну, перакідаючыся з боку на бок па пасцелі, ужываў усіх, вядомых самому і нараяных суседзямі, захадаў, каб як змарыў сон. Hi «Новая Заря», ні «Ммнскій Голос», ні артыкулы Крыжаноўскага і процьмы іншых «белоруссовь» — нічога не памагала і не давала жаднай палёгкі. Рэдактар варочаўся, стагнаў і вёў несканчоную скаргу на Бога.
    — Мой моцны Божа! I на што Ты пусціў мяне на свет, гэтакага адзінокага, бяздольнага, нялюбага? — скардзіўся ён.— He ўкраў я нічога, не забіў нікога, нават стары, як сабака, досі й не жаніўся,— дык завошта ж Ты мяне караеш, чым угнявіў я ласку Тваю?! Раней, калі дэмакратызм у Расіі караўся законам, у мяне былі пэўныя прыхільнікі, верныя дружкі і шчырыя спагадачы. Кожны вечар, бывала, хадзіў я да пана цэнзара і аддаваў яму на перагляд свае рукапісы, напісаныя «кроўю сэрца майго і сокам нэрваў маіх». Стары дзядок (усе цэнзары былі тагды старыя дзядкі) чытаў, цешыўся, потым браў асцярожнаю дрыжачаю рукою чырвоны аловак ды, плачучы, выпэцкваў усё, з пачатку да канца. Ён разумеў мяне, а я разумеў яго; ён спачуваў мне, а я спачуваў яму, і абодва мы доўга, бывала, плакалі і тужылі над цяжкім становішчам беларускай літаратуры. I я ведаў, што кінуць мяне супрацоўнікі, пакінунь чытачы, паразбягаюцца ў «сень струй» паэты, а гэты старэнькі дзядок застанецца пры мне да апошніх дзён майго жыцця, як пэўны сябра маёй тугі, як пільная нянька маёй пісаніны. Але вось прыйшла дэмакратыя, захварэў на перапалохі і раптоўна памёр з пераляку мой ядыны дружак, і няма каля мяне нікога, апроч аргусаў.
    Гэтак скардзіўся рэдактар, і з воч яго бобам каціліся чарнільныя слёзы на скамечаную падушку.
    Аднакраць стаў рэдактар чытаць артыкул па нацыяналызаму пытанню вялікага знаўцы і спагадача не то з польскага, не то з маскоўскага боку. I сталася неспа-
    дзяванае цуда: яго раптам змарыў сон. I сніў вось што.
    Ідзе ён па доўгай, гарбатай вуліцы ў Мінску. Дзе-нідзе над казённым будынкам брындаюцца ў паветры парудзелыя чырвоныя штандары. Відны напісы па-польску і памаскоўску: «рада салдацкая», «польская ядлодайня», «рада сялянская», «польская кавярня», «камітэт георгіеўскіх кавалераў». Каля камітэта — вялізная, як прасцірадла, сіняя афіша: «Трэба ваяваць? Трэба! А хто не хоча — па карку». I на ўсёй вуліцы — нікагутка. Нават аргусы кудысь пахаваліся. Толькі на коміне ў Гарадской Думе стаяў «нзбраннмк манскяй», галава Кашчанка, уціраў твар хустачкай і азіраў сваю маёнтнасць. Потым распасцёр рукі, як дэман крылля, і заспяваў на матыў «Праклятый мір». «Земля нх велнка н обнльна, а порядка нет, м я прншел княжнть н володеть ймй». Праспяваўшы гэта, ён праваліўся ў коміну, як кампора. «Господзі! — уздыхнуў рэдактар.— Як слаўна жыць на свеце ось тут, на Беларусі. Палякі кормяць, кавай пояць, маскоўцы параду, уцеху — духоўную страву даюць, а «земгусар» наводны ў гасподзе рэй вядзе. I чаго верадуюць гэтыя прагавітыя беларусы, якога ім ражна трэба?! Дапраўды, цераз хлеб хлеба шукаюць»... У гэты момант паказаўся панок. Ен спыніўся каля беларускай кнігарні ды стаў пільна ўглядацца праз шыбы. Раптам ён скалануўся, пераступіў з адной нагі на другую і сказаў: «гм!» Падышоў другі, спыніўся каля яго і сказаў: «гм!» Падышоў трэці і гэтаксама сказаў: «гм!» Падышоў рэдактар і, не спыняючыся, сказаў: «гм!»
    Хадзіў рэдактар па пустых вуліцах у Мінску роўна тры гады і тры месяцы. За гэты час ён так агоўтаўся з тым, што колісь было пры нябошчыку-цэнзару, што пачало здавацца яму, нібы старэнькі дзядок заварушыўся ў труне і заківаў да сябе чырвоным алоўкам. I папоўз страх па-за шкур’ю рэдактара, і стаў азіраць ён у думках сваіх спіс смяртэльных грахоў сваіх і пытаць сябе: «Чым жа я правінаваціўся? He спаў я, не еў, не смяяўся і не плакаў, а тым часам — чаго ж мяне жах прабірае?!» Тут споведзь яго абарваў зычны голас таго панка, што стаяў ля кнігарні і тыкаў носам у шыбы. «Дзяржы, мы не папусцімся, каб расхваталі Расію ца часткам! Годзе,— лаві гэтага ўкраінскага сепаратыста!» Паназбягаліся людзі з палкамі, з аскабалкамі, з павыскалянымі зубамі і — раптам скеміў рэдактар, уразумеў усёй сваёй істотаю, што вярнулася прамінулае, што ён зноў меціме пэўных дружакоў і неразлучных падарожнікаў і крыкнуў на ўсе грудзі: — Ура!
    Ён прачнуўся. А аргусы стаялі каля вакна і гулі: «Крычыць, халера! Немцу сыгнал падае»... Але рэдактару было лягчэй на душы. Уставалі малюнкі мінулых дзён, а надзея расла і мацнела. Ці збудзецца гэта, чытачу? Ты кажаш — не, і я кажу — не. Ішоў чынорык цераз панскі дворык, згубіў сякерку і тапорык. Ці рог, ці качан?
    Дзеля чаго і як пішуцца прыгавары пра навучэнне ў роднай мове
    Грамадзянства, таварышы, браты, сёстры, сыны і дочкі адной нашай Мацеры-Беларусі! Злучайцеся ў адну беларускую сям’ю, каб выявіць сваю сілу, сваё нацыянальнае аблічча, каб ніхто не мог сказаць нам, беларусам, што мы людзі, которыя адцураліся ад сваёй мовы і ад сваёй Мацеры-Беларусі, каторыя забыліся, хто яны, чые сыны, якіх бацькоў. Горка нам будзе слухаць такія гутаркі пра нас, як народ, што быў вольны, меў сваю школу, свой суд, сваю волю і шанаваў сваю мову. Дзяды нашы і прадзеды ўмелі самі ў сябе гаспадарыць, не дазвалялі зневажаць сябе чужынцам, покі цяжкая гістарычная доля не аддала ў няволю спачатку пад Польшчу, а потым пад Маскоўшчыну. He забывайце, грамадзяне, што ўся наша зямелька зліта кроўю шчырых сыноў Беларусі, каторыя не шкадавалі жыцця свайго, каб абараніць бацькаўшчыну сваю, нашу волю і нашу зямлю.