• Газеты, часопісы і г.д.
  • Творы Апавяданні. Казкі. Артыкулы. Язэп Лёсік

    Творы

    Апавяданні. Казкі. Артыкулы.
    Язэп Лёсік

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 335с.
    Мінск 1994
    116.03 МБ

     

    Аўтаматычна згенераваная тэкставая версія, можа быць з памылкамі і не поўная.
    рысна нам і што спрыяе нашаму нацыянальнаму, культурнаму і гаспадарскаму дабрабыту.
    Але што ж будзе, калі мы забудземся аб сваіх беларускіх патрэбах і сапраўды згодзімся з тымі, каторыя кажуць, што ў Дзяржаве Расійскай трэба зрабіць адзін парадак, аднакі для ўсіх народаў Расіі? А будзе тое, што маскоўцы пабудуюць гэты парадак на свой Густ, дапасуюць яго да патрэб свайго жыцця і зямлю, напрыклад, падзеляць так, як яны звыклі карыстацца ёй спакон веку. Яны гэта зробяць, бо іх больш за нас, і іх дэпутатаў у Сойме гэтаксама будзе больш. Усё гэта трапіцца з намі, калі мы станем слухаць тых «дабрадзеяў», што не прызнаюць нас за асобны народ, не лічаць нас за беларусаў, каторыя кажуць, што ў нас сваёй мовы няма і нам непатрэбна яна, што мы павінны парабіцца расійцамі або палякамі, дзеля чаго, моў, будуйце ў сябе школы расійскія ці польскія, а не свае, беларускія. Іншыя кажуць гэта наўмысля, а другія проста па недавумству і глупству. A то бывае і так, што чалавек, як расійскі сацыяліст, напрыклад, не ведае ні нас, ні жыцця нашага. Ён нават і шчыра хацеў бы зрабіць нам дабро, дык не можа і сваёй фатыгай толькі псуе нам і нарабляе шкоды,’ бо, не ведаючы ні нас, ні жыцця нашага, шые абутак для нас на свой уласны, маскоўскі капыл. Разумеецца, такі абутак будзе заўсёды муляць нам і дапякаць пры ўжыванні.
    Ніхто лепей не ведае нашых патрэб, як мы самі; ніхто не завядзе лепшага парадку ў гаспадарцы, як сам гаспадар. Калі мы папусцімся і аддамо развагу сваіх патрэб у рукі чужынцаў або сваіх вырадкаў, што адракліся і нас і мовы нашай, дык яны ўсё зробяць так, як гэта добра для жыцця на Маскоўшчыне або дзе-небудзь у Польшчы. Канец канцом мы сцямім і схамянёмся па часе, што нарабілі сабе клопату, але будзе позна. Нас заўсёды запыняць і скажуць: «Не верадуй, васпан,— скачы, уражэ, як пан кажэ!..»
    Вось дзеля таго, каб ухіліцца ад усіх гэтых прыкрых з’явішч, каб не папасціся пад загад і кіраўніцтва чужынцам, каб потым не скардзіцца, не верадаваць, праклінаючы жыццё сваё па часе, каб не клялі нас дзеткі нашы, апынуўшыся праз нас, праз недавумства і нядбаласць нашу ў нацыянальным палоне ў чужынцаў — маскоўцаў або палякаў — дзеля ўсяго гэтага мы і павінны дамагацца аўтаноміі для свайго краю, аўтаноміі Беларусі. Супольныя справы, да каторых належаць: дзяржаўны лад, грашовыя знакі, абарона дзяржавы — гэтыя справы мы разбярэм супольна, разам з усімі народамі Расіі на Устаноўчым Сойме,
    а свае асобныя, беларускія справы, мы можам разважыць толькі самі ў сябе дома, у сваёй Беларускай Краёвай Радзе. Права мець сваю асобную Беларускую Краёвую Раду мы атрымаем толькі тагды, як даб’ёмся аўтаноміі для свайго краю. Дзеля гэтага нам трэба загадзя ўжо патурбавацца аб тым, каб намеціць, ды каб потым паслаць да агульнага, усім народам Расіі Устаноўчага Сойму, сваіх беларусаў, шчырых прыхільнікаў працоўнага народу,— такіх людзей, каторыя любяць край наш, шануюць мову нашу і каторыя будуць дбаць аб тым, каб здабыць для Беларусі аўтаномію. Калі мы гэтакіх дэпутатаў выбярэм, дык даб’ёмся сабе права на сваю Краёвую Раду, бо ў гэтай справе да нас прылучацца ўкраінцы, літоўцы, латышы, эстонцы, Сібір і Каўказ, каторым гэтаксама патрэбна аўтаномія. Злучыўшыся з імі, мы згуртуем каля сябе большасць у Сойме і разам з імі напішам сабе законы, якія нам патрэбны, а ў тым ліку і закон аб аўтаноміі для Беларусі. Трэба яшчэ дадаць і тое, што ў вольнай дзяржаве ніхто не мае права забараняць жыць так, як народ сам таго хоча, абы не перашкаджала вольнаму жыццю другога народу, бо кажуць, што кожны народ мае права на самаадзначэнне, г. зн. мець свае парадкі, вучыцца і гаварыць сваёю моваю, словам, жыць уласным жыццём, развіваючы сваю культуру і свой гаспадарскі дабрабыт. I калі народ у Дзяржаве жыве сваім уласным жыццём, калі ён мае свае парадкі, свае законы і ўстановы ў сваём родным краю і ніхто яму не перашкаджае, дык і кажуць, што гэты народ жыве аўтаномна. Аўтаномна жыве Ірландзія, Трансваль (буры) у Англіі, на грунце аўтаноміі пабудавана жыццё ўсіх краёў у Амерыцы. Усе культурныя, асвечаныя людзі дамагаюцца аўтаноміі, а гэта знача, што і мы, беларусы, не павінны прыставаць ад іх, каб не заблудзіць ды не згінуць у цемры. Хто хоча сабе дабра, той не скажа, што яму не патрэбна аўтаномія. Толькі цёмны, забіты народ можа сказаць гэта...
    Нашы сяляне на з’ездах выслаўляліся ў тым сэнсе, што ім не патрэбна аўтаномія, але ж рабілі яны гэта па недавумству і цемнаце сваёй, а найбольш па падашуканству, бо разам з гэтым яны казалі, што і мова іх не патрэбна. Ніхто на свеце не выракаецца ад сваёй мовы,— і немцы, і французы, і палякі, і расійцы, чэхі і балгары шануюць і любяць сваю мову, а нашы сяляне адракаюцца. Значыць, робяць яны гэта па недавумству і цемнаце. Ведаючы, што наша сялянства забіта і цёмна, ворагі Беларусі карыстаюць з гэтага і кажуць:«3апытайце ў народу». А хіба,спытаем мы
    іх, рэвалюцыянеры пыталіся ў народу, як ушчыналі рэвалюцыю? Хіба яны не ведалі, што народ па цемнаце сваёй мог спалохацца ды высдавіцца за тое, каб цара не чапалі? Яны гэта ведалі і рабілі так, як яно па разумнаму даследу выходзіць лепей і карысней. I цяпер кожын з нас шчыра ім дзякуе.
    Яшчэ ворагі беларушчыны кажуць, на што будаваць беларускія школы, калі народ іх не хоча. Народ... А прыпамятайце, калі ласка, што рабіў народ пры князю Уладзіміры, як дзяцей забіралі ў школы да навукі? Як жа народ наш запатрабуе сваіх беларускіх школаў, калі ён іх ніколі не бачыў і нічагутка ў гэтай справе не цяміць? Хіба можна пытацца ў народу аб тым, ці патрэбны нам, напрыклад, вось хоць тыя лабораторыі, дзе працуюць і поркаюцца ўсё жыццё вучоныя? Цёмны народ заўсёды скажа, што — не трэба. I дзіўная гэта звычка ў людзей пасылацца на народ там, дзе яно саўсім недарэчы. У ва ўсіх іншых пытаннях мы звяртаемся да знаўцаў і спецыялістаў, а вот пры дзяржаўным адбудаванні здавальняемся думкамі такіх майстраў, як цёмны, некультурны народ, каторы ў халерны год забіваў дактароў, а ў час рэакцыі лавіў ды выдаваў царскай паліцыі рэвалюцыянераў, паламаўшы ім рэбры... Народ — добрая рэч, але яму трэба расказаць, растлумачыць, яго трэба спачатку асвяціць, навучыць, а ўжо потым клікаць да сябе на параду...
    III
    Да гэтага часу Расія была і покі што застаецца дзяржаваю не хаўруснаю, або, як кажуць, не федэратыўнаю. Ніводзін народ у Расіі не меў аўтаноміі, а жыў так, як загадвалі яму з Петраграда цар і яго служкі. Манархічная Расія ўяўляла з сябе велізарную казарму, дзе павінны былі жыць адным парадкам, слухаць адныя каманды. Усе народы і краі Расіі былі цесна звязаны паміж сабою, але не добраахвотным перавяслам братэрскага пачуцця, а прымусам і прынукаю, ланцугамі царскага самадзяржавія, накшталт таго, як звязвалі колісь катаржнікаў, заганяючы іх у Сібір.
    Няма чаго казаць, што такое супольнае жыццё народаў не мае жаднай вартасці і пры першай прыгодзе рвецца, як гнілая нітка. Толькі добраахвотная, палюбоўная супольнасць моцна звязвае людзей і стварае грунтоўную і магутную дзяржаву. Гэта мы бачым на прыкладзе Англіі,
    Амерыканскіх Злучаных Штатаў і самой Германіі, з каторай мы цяпер ваюем. У гэтых дзяржавах не толькі кожны асобны народ, але і кожная асобная па жыццёваму ўкладу частка дзяржавы мае свае парадкі, свае законы і ўстановы. Раней за ўсіх зразумела патрэбу і няўхільнасць аўтаноміі Англія. Праўда, дорага гэта ёй каштавала — за сваю навуку яна заплаціла стратаю багатай калоніі — Паўноч. Амэрык. Злучаных Штатаў, але раз дасведчыўшыся, што сіламоц нікога ўтрымаць нельга, яна павярнула на іншую дарогу і цяпер сама спрыяе і дапамагае завядзенню аўтаномнага ладу. Сваёю разумнаю палітыкай яна ўтрымала за сабою Канаду, частка якой хацела прылучыцца да суседніх Злучаных Амэр. Штатаў, і ўмацавала прыхільнасць прылучаных да сябе вайною бураў у Афрыцы. За цяперашнюю вайну гэтыя калоніі многа дапамагалі Англіі грашыма, людзьмі і ваеннымі прыладамі, хоць маглі і не рабіць гэтага.
    Усе гэтыя прыклады сведчаць пра тое, што аўтаномны лад дзяржавы не аслабляе і не разлучае дзяржаву, а, наадварот, спрыяе таму, каб яна ўзмацнялася ды зноў злучалася нават тагды, калі распад ўжо пачаўся. Знача, тыя людзі, што палохаюць распадам дзяржавы пры завядзенні аўтаномнага ладу, не маюць пад сабою жаднага грунту. Яны або кепска дасведчаны ў гэтым пытанні, або наўмысля, маючы на ўвазе ўласную карысць і рахуючы выкарыстаць чужую недасведчанасць, пускаюць байкі пра шкадлівы ўплыў аўтаномнага ладу. Гэта трэба запамятаць і, адхіліўшы ўсялякія нагаворы, як мага дамагацца аўтаномнага ладу для свайго роднага краю. Мы павінны мець свой беларускі парламент, сваю Беларускую Краёвую Раду, цалкам незалежную ў межах свайго краёвага заканадаўства ад цэнтральнага, агульнадзяржаўнага ўраду. Толькі такія справы, як зносіны з загранічнымі дзяржавамі, мытна-грашавая сістэма, вярхоўнае кіраўніцтва ваеннымі сіламі, важнейшыя жалезныя дарогі,— павінны знаходзіцца пад загадам агульнадзяржаўнай уласці, каторая гэтаксама павінна складацца з прадстаўнікоў усіх нацый і краёў. Агульнадзяржаўная ўласць павінна быць прадстаўніцай усіх людзей, усіх народаў і краёў і іх аб’яднаць.
    Мала дабіцца рэспублікі, трэба дамагацца яшчэ і таго, каб рэспубліка была і федэрацыйнай, або, па-латыні, хаўруснай, кожны край, кожны асобны народ каб меў сваю аўтаномію. У Францыі рэспубліка існуе ўжо больш соткі год, але яна цэнтралістычна. Там, як і ў нас цяпер і як было
    гэта пры царызме, усім загадваюць міністры з Парыжу, а міністраў прызначае агульнадзяржаўны парламент. Пры кожнай перамене большасці ў парламенце змяняюцца і міністры. Жыццё валтузіцца кожны раз пры змене загадчыкаў-міністраў. У самых дробных мясцовых справах трэба чакаць дазволу і ласкі цэнтральнага правіцельства. Такая рэспубліка нас не здавальняе. Мы ўсе патаміліся страшным і прыкрым цэнтралізмам старога, скінутага рэжыму і не хочам, каб ён жыў далей, хоць бы і пад рэспубліканскім чырвоным сцягам. Мы хочам, каб у нашым краю будавалі сваё жыццё нашы людзі і каб у нашы беларускія справы не мешалася цэнтральная ўласць з Масквы ці з Петраграду. Мы хочам, каб знікла нарэшце тая абрыдлая, да смерці шкадлівая розніца паміж дзяржаўнаю і недзяржаўнаю нацыяй, каторая высмоктвала з нас усе нашы сілы. Мы хочам, каб усе народы былі дзяржаўнымі на сваёй зямлі.