« ... 14 вот вылезает какой-то украйнскйй «представмтель» й начйнает требовать, требовать, требовать...» Вот як піша расійскі нацыяналіст з Палесціны аб украінцах, беларусах, літоўцах, эстонцах і т. д., каторыя складаюць больш чым палавіну Расіі. I яго словы знаходзяць водгук у расійскім сэрцы. 3 гэтага відаць, што надта пакладацца на расійцаў не можна. Расія на краю пагібелі сваёй, Расія гіне, а расійскія нацыяналісты, як з Яраслаўскай і іншых губерніяў, так і з Палесціны,не толькі што не хочуць пазбыцца панавання над іншымі недзяржаўнымі нацыямі, але яшчэ хочуць заставіць іх ісці ўміраць за вялікадзяржаўныя апетыты маскоўскіх нацыяналістаў і прыстаўшых да іх палесцінскіх перавертняў. 1 яны яшчэ дзівяцца, калі недзяржаўныя народы не выказываюць ахвоты ісці на смерць дзеля таго, каб абараніць права далейшага нашэння маскоўскага ярма на сваёй шыі... Недзяржаўныя народы ўжо нямала паклалі сваёй працы і пралілі сваёй крыві над падтрыманнем цэласці і дабрабыту Расіі. Палавіна нашай маткі-Беларусі спустошана вайною, сотні тысяч дзяцей яе на выганні ў чужыне, сотні тысяч сыноў яе сядзяць у акопах і бароняць... каго і за што? Павінны ж яны пачуць, што яны кладуць сваё жыццё не толькі дзеля чужых мэтаў, але й за свае ўласныя. Трэба, каб у іх было за што ваяваць і што абараняць. Бо іначай... гора Расіі! Расійскае бязладдзе Надзвычайнае з’яўленне знайшло звычайнае тлумачэнне. Надзвычайнае цуда абярнулася ў звычайны людскі гармідар, каторы ў справах грамадскага жыцця завецца бязладдзем, або анархіяй. Расійская рэвалюцыя, каторая звалася цудам, была стыхійным рухам некультурных масаў. Гэту стыхійнасць і гэту некультурнасць найбольш выказала маса маскоўскай зямлі, дэмакратыя велікаруская, каторая складае большасць у дзяржаве і надае ўсяму свой спецыфічны маскоўскі характар. Цяпер маскоўская дэмакратыя трымае ўладу і кіруе дзяржаўным будаўніцтвам. Вось і трэба там, сярод маскоўскага грамадзянства, на гонях маскоўскай зямлі, шукаць таго, што завецца тлумачэннем падзеяў нашага часу. Сказаць, што ў з’явах сучаснага бязладдзя вінаваты ўсе, што прычынны да гэтага ўсе народы Расіі,— не мае сэнсу і несправядліва. Гэта была б памылка і вялікая памылка, бо, напрыклад, мы, беларусы, не мелі і не маем жаданага ўплыву на справы дзяржаўнага кіраўніцтва. Беларусы пад маскоўскім дзяржаўствам не прычыняліся да ўлады і не павінны браць на сябе адпавядальнасці за тое, што вычвараецца цяпер у Расіі. I калі згіне Дзяржава Расійская, калі расхапаюць яе ворагі нашы, дык мы з чыстым сэрцам можам сказаць: не наша віна. Мы прасілі прыняць нас на абарону, мы фатыгаваліся сваёю парадай, але нас адсунулі, нас ухілілі, нам ва ўсём адмовілі маскоўскія павадыры, і няхай яны самі адказваюць за тое, што самі нарабілі. Наша заданне — абараніць наш край ад загубы, захаваць яго ад тае заразы, што насуваецца з цэнтру, і адшукаць тлумачэнне таму, што дзеецца навокала. Некультурнасць расійцаў вядома была і раней, недарма ж казалі: паскрабі маскаля — знойдзеш татарына. Але гэта асабліва выявілася цяпер, у гэту дванаццатую гадзіну для Дзяржавы Расійскай. Адусюль з Маскоўшчыны нясуцца жахлівыя весткі, што скрозь ідуць грабункі, нішчэння грамадскага і прыватнага дабра і рэзаніна. Трапляюцца нават пагромныя эксцэсы, замахі на дабро і жыццё жыдоўскай люднасці, а наогул, пагромы прыватнага дабра і паасобных людзей зрабіліся звычайным з’явішчам, і свядомасць бязкарнасці за ліхія ўчынкі дадае зладзеям небывалай смеласці. Яшчэ горшае чуецца з фронту. Поле, хаты, будынак, збожжа і ўсялякае гаспадарскае дабро, нават жыццё людское нішчыцца, бэсціцца і паляндруецца. Раз’юшанаму натоўпу цёмнае масы няма ўстрымання. Сілы, цвёрдай і пэўнай улады няма, а аўтарытэт і пракананне для рабоў не існуе. Усё робіцца ахвярай таго, што пападае насустрач гэтай буры і навальніцы... Магутным рухам народаў Расіі зруйнаваны муры маскоўскага царызму. Усе народы выйшлі на волю. Тым часам расійцы па-своему зразумелі значэнне перавароту. Сучаснасць нам сведчыць, што шырокія масы маскоўскай дэмакратыі падсвядома жадалі таго, проці чаго паўсталі. Вырваўшыся за дапамогай паднявольных суседзяў з кайданаў раманаўскага самадзяржавія, гэта цёмная маскоўская маса захапіла ў свае рукі ўладу, уселася гаспадарыць на царскае месца і бушуе, як істы дзікар, ап’янелы воляй і нестрымаласцю. Сама інтэлігенцыя гэтай масы пераняла ўсе звычкі і забабоны старога рэжыму і праз свае камітэты, рады і арганізацыі, апіраючыся на моц кулака, робіць арышты, карае смерцю, садзіць у турмы, зачыняе газеты, накладае цэнзуру, рэквізуе друкарні. Якраз учыняецца тое, з чым людзі змагаліся, дзеля чаго ішлі яны ў турмы, астрогі, на шыбеніцы. Расійскае грамадзянства ў агуле сваём не разумее заданняў маменту і нават не здольна разгледзець здалёк той страшэннай багны, каторая пасуваецца з шалёнай шпаркасцю. Велікаруская нацыя, не гледзячы на сваё нацыянальнае панаванне і дзякуючы гэтаму панаванню, не мае не толькі нацыянальнага, а нават племяннога, сваяцкага пачуцця. Яна, бачыш, вышэй за гэта і пустэлю свайго нацыянальнага пачуцця запаўняе пустым зыкам касмапалітызму. Разуменне дзяржаўнасці для яе не існуе, гэта — «хітрая выдумка буржуазіі» — яна разумее дзяржаўнасць Іаана Грознага. I, складаючы большасць насялення ў дзяржаве, яна становіцца страшэнна шкадлівай, разносячы заразу свайго разгільдзяйства з цэнтра на акраіны. Пры- цягваючы па закону большасці малыя элементы, яна пасувае іх на загібель і ганебныя ўчынкі... Чым жа вытлумачыць гэтыя з’явішчы, як не хранічнаю цемрай і гістарычнай некультурнасцю. Ды і праўда — што такое гісторыя маскоўскага народу? Гэта спрадвечнае панаванне Іаана Грознага і Грышкі Распуціна ў палітыцы і Нікіты Пустасвята ў царкве і грамадзянскім жыцці. Адкуль жа тут узяцца культурным звычкам і здольнасці да грамадскага будаўніцтва?! — Памёр Грозны — прыйшоў Пётр Першы, а за ім — перайманне без жаднага толку і сэнсу. Перагартайце ўсю іх гісторыю спачатку да канца, і вы не знайдзеце там нічога добрага, нічога светлага — нічагутка такога, на што б можна было пазайздросціць і каб запазычыцца добрым прыкладам і разумным даследам. Раманаў вешаў, ссылаў, катаваў. Пётр Першы біў сваіх парадчыкаў, як сабак, палкаю; Грозны рэзаў людзей, як воўк авечак ў хляве, а самы разумны вяльможа яго часу, Курбскі, не прыдумаў нічога лепшага, як уцячы ад гневу царскага к нам, на Беларусь, і тут пашукаць сабе прытулку. I гісторыя не захавала ні аднаго здарэння, ніводнага прыкладу, апарт модлаў Піліпа,— каб хоць адзін хто адважыўся ссадзіць гэтага галаварэза з прэстолу і збавіць людзей ад ганебнай быдлячай смерці. Дык адкуль жа тут магла вырасці тая культурнасць, калі гісторыя гэтага народу не давала жаднага грунту! I ўсё гэта на Маскоўшчыне дзеялася ў тыя часы, як у нас, на Беларусі, усе пытанні дзяржаўнага зместу разважаліся на вольных соймах, калі ўсе землі Літоўска-Рускага гасударства карыстаюцца шырокай аўтаноміяй і каралі абіраюцца на прастол дзяржаўнаю радаю. Вось як, напрыклад, кароль Казімір* перад смерцю ўпрашае Раду абабраць на караля сына яго Аляксандра**: «Будучы ему в Городне, паразумел, што уже с тое хоробы выйті немог, і он узвал к собі паноў рад сваіх, Велікого Княства Літовского в ложніцу на пакоі, і пачал іх прасіті вельмі умільна і пакорне, штобы панове рада узялі собі гаспадаром на Княства Літоўскае сына яго серэдольшага Александра каралевіча; і панове рада відечы гаспадара своего так пакорне просячы і к тому памятаючы, іж он Княства Літов- * Казімір IV Ягелончык (1427—1492) — вялікі князь літоўскі з 1440 г. і кароль польскі з 1447 г. ** Аляксандр, сын Казіміра (1461 —1506),— вялікі князь літоўскі з 1492 г. і кароль польскі з 1501 г. ское добрэ раділ і справовал, і на то прызволілі по жывоте его взяті на Велікое Княство Літовское сына его королевіча Александра». (Летапіс Быхаўца. С. 62). Культурнасць — не матыматыка — яе вывучыць немагчыма. Культурнасць гадуецца вякамі. Яна не пераймаецца праз «вакно ў Еўропу» — гэта не французскі парык і не прускі мундзір. Культурнасць людская ствараецца самымі людзьмі і вырастае на грунце гістарычнага выхавання... Беларусы, ратуйце айчыну нашу ад заразы з цэнтру і не давайце краю свайго на паталу барбарам, хоць бы то былі і маскоўскія сацыялісты!.. Разгарнеце кнігу ўласнай гісторыі і адтуль набірайцеся сілы, знацця і разумнага даследу. Айчына наша спакон веку жыла ўласным жыццём, і ўсе народы ў нашым гасударстве цешыліся самабытнасцю, воляй і федэрацыйнай дзяржаўнасцю. Чытайце гісторыю продкаў сваіх, шукайце парады ў дзядоў вашых!.. Устаноўчы Сойм Бязладдзе з кожным днём павялічваецца. Зараза з цэнтру, дзякуючы барбарызму сацыялістаў маскоўскага кшталту, перакінулася і ў наш спакойны, ціхі край і пагражае захлынуць сваім разгільдзяйствам лагоднасць нашага народу. 3 усіх бакоў нясецца крык роспачы і жаху. Адозвы, прамовы, пагрозы і ўгаворы не спыняюць нікога й нічога. Салдаты, каторых пусцілі з фронту дадому, не зважаючы ні на вошта, сунуліся ўсе адразу і захапілі ўсе чыгункі. Кажуць, што такога зграмаджэння па станцыях не могуць уявіць сабе нават расійскія грамадзяне, каторыя набачыліся ўсяго на свеце. Салдаты пагражаюць жалезнадарожным служкам пагромамі і расстрэлам. Трапляецца часта, што служачыя разбягаюцца, кінуўшы ўсё чыста на Боскую волю... Становіска ў Расіі ўтварылася такое, што яго ніякім чынам лічыць нармальным не можна. А тым часам у гэтым моры нечуванага бязладдзя маюць адбыцца выбары да Устаноўчага Сойму. Калі ўзяць яшчэ пад увагу, што насяленне саўсім непадгатаванае да выбараў, што ўсе сем месяцаў волі прайшлі ў пустых лемантацыях на мітынгах і пагрозах «буржуям», у тых барбарскіх пагрозах, каторыя маюць скуткам знявагу, дзікую злосць і недаверра да ўсяго культурна-асвечанага і грамадскі-выхаванага, дык трэба зазначыць, што агульнадзяржаўны Сойм, нават калі б ён і адбыўся, нічога не паправіць і нікога не збавіць па той простай прычыне, што не будзе мець ні аўтарытэту, ні дзяржаўнай вагі. Некаторыя гарады на поўдні просяць адкласці выбары на месяцаў колькі. Немаведама дзеля чаго існуе дэмакратычная Рада. Казацтва на Доне патрабуе, каб іх выдзелілі ў асобную выбарную акругу, матывуючы сваю вымогу тым, што пры цяперашніх варунках, калі казацтва распарушана па фронту, яно не спадзяецца выявіць даладне волю свайго народу. Наш край запоўнен войскам і чужынцамі, мясцовыя арганізацыі, дзякуючы ваеннай калатніне, адціснуты ўбок, і ў сацыялістычных спісках кандыдатаў у Сойм мігацяць імёны расійцаў, палякаў і нават грузінаў (!). Пры такіх умовах можна сказаць, напэўна, што Беларусь не будзе справядліва прадстаўлена на Устаноўчым Сойме, і мы павінны заўважыць раней, што пастановы Сойму не здаволяць беларускіх патрэб, а праз тое для нас, маючых права на ўласнае самаадзначэнне, яны не павінны быць устаноўчымі. Мы, дамагаючыся палітычна-тэрытарыяльнай аўтаноміі Беларусі, не можам добраахвотна скарыцца і прызнаць волю загадчыкаў маскоўскага імперыялізму, як бы яны ні харашыліся чырвоным сцягам сацыялізму.