• Газеты, часопісы і г.д.
  • Творы Апавяданні. Казкі. Артыкулы. Язэп Лёсік

    Творы

    Апавяданні. Казкі. Артыкулы.
    Язэп Лёсік

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 335с.
    Мінск 1994
    116.03 МБ

     

    Аўтаматычна згенераваная тэкставая версія, можа быць з памылкамі і не поўная.
    тое, што народ страшэнна ўтаміўся і ўладу ў Расіі можа захапіць кожны, хто патрапіць згуртаваць каля сябе ўзброеных людзей.
    Ратунку ад контррэвалкшыі трэба шукаць у нацыянальным адбудаванні свайго жыцця. Фінляндзія гэта зразумела даўно, а братняя нам Украіна зрабіла гэта апошнімі днямі, абвясціўшы Украінскую Рэспубліку.
    Украінская Рэспубліка і этнаграфічныя граніцы
    Цэнтральная Украінская Рада, зазначаючы ў сваём трэцім універсале межы аўтаномнай Украіны, паміж іншым, апавяшчае, што да тэрыторыі народнай Украінскай Рэспублікі належыць Чарнігаўшчына. Тым часам, такое агулавае прылучэнне Чарнігаўскай зямлі да Украіны выклікае прыкрыя непаразуменні. Гаворачы аб Таўрыі, універсал падкрэслівае, што Таўрыя належыць да тэрыторыі Украіны без Крыму, толькі датычна Чарнігаўскай зямлі не робіцца жаднага вылучэння. Такім чынам, само сабой разумееца, што універсал уважае ўсю Чарнігаўшчыну зямлёй украінскай. 3 гэткім абмежаваннем этнаграфічных граніц памірыцца не можна. Паветы Старадубскі, Суражскі, Новазыбкаўскі, Мглінскі, а таксама Ноўгарад-Северск, Гародня і наогул уся паўночная столка Чарнігаўшчыны заселены беларускім народам, і гэтыя землі павінны ўвайсці ў склад аўтаномнай Беларусі. Гэта мы павінны цвёрда падкрэсліць, і Вялікая Беларуская Рада павінна нябаўна ўжыць усіх захадаў дзеля палагоджання выкліканага ўкраінскім універсалам прыкрага непаразумення. Нас заўсёды звязвала з Украінай асаблівае цёплае брацкае пачуццё, але святая павіннасць перад родным краем і кроўны інтарэс нашага народу прымушае нас заўважыць, што дзе-хто з украінскага грамадзянства сапраўды ўзіраецца на нашае, адвечна беларускае, сквапным вокам імперыяліста. У беларускай літаратуры яшчэ ні разу не быў падкрэслен сумны факт з краіны навучнага і літаратурнага імперыялізму, пра тое, што вядомы на Беларусі ўкраінскі публіцыст С. Яфрэмаў*
    * Яфрэмаў Сяргей Аляксандравіч (1876—1937) —украінскі нацыянальны дзеяч. У 1917—1919 гг. лідэр Украінскай партыі сацыялістаўфедэралістаў.
    у сваёй, вельмі цікавай кнізе «Гісторыя Украінскага пісьменства» ўсіх даўнейшых беларускіх дзеячаў і пісьменнікаў залічае да ўкраінскіх і, паміж іншым, на вядомы гістарычны беларускі памфлет каштэляна Смаленскага, Мялешкі пасылаецца, як на прыклад даўнейшага ўкраінскага пісьменства. Мала таго, у п. Яфрэмава неяк выходзе так, што і сам «Літоўскі Статут» напісан украінцамі і па-ўкраінску.
    Гэты прыклад сведчыць нам пра тое, што покі мы самі не падбаем аб сабе, дык ніхто нам не паспрыяе. Самы шчыры спагадач і прыхільнік перш за ўсё сцеражэ сваё і затурбован сабой. Беларусь страціла абаронцаў мення свайго, і на працягу доўгага часу грабавалі гаспадарку яе. Цяпер на варце інтарэсаў нашага народу стала Вялікая Рада, і яна павінна пільна сачыць за тым, што робіцца навокала, і бараніць маёнтнасць і цэльнасць айчыны сваёй.
    Нашто нам федэрацыя?
    I
    У Расійскай Дзяржаве жыве шмат усялякіх асобных народаў, як маскалі, або велікарусы, украінцы, мы, беларусы, літоўцы, татары, латышы, грузіны і многа другіх. Усе яны маюць сваю ўласную культуру, мову і звычаі. Царская, дэспатычная Расія трымала іх у няволі, як нявольнікаў у вастрозе. Народы Расіі маўчалі, і мала хто, напрыклад, ведаў, што жывуць на свеце беларусы або ўкраінцы. Пад царскім уціскам трудна было даведацца, што гэтыя два народы маюць сваю ўласную гісторыю, літаратуру, мастацтва і толькі выпадкова, дзякуючы гістарычнаму гвалту і гістарычнай несправядліваёці, апынуліся пад уладарствам маскоўскіх цароў. Увесь час маскоўскага панавання яны жылі маўчалівым, пад’ярэмным жыццём і не маглі падаць свайго голасу, бо маскоўскі ўрад забараніў ім ужываць сваю родную мову. Расійскі ўрад браў у нашага народу грошы і траціў вялікія кошты на тое, каб трымаць яго ў нацыянальнай несвядомасці, перарабляючы ўсіх на адзін маскоўскі кшталт і ведучы так званую абрусіцельную палітыку. Кожны інтэлігентны беларус з вёскі добра памятае, што вычваралі з яго настаўнікі ў школах. Сваім дзіцячым
    розумам ён думаў, што так яно і трэба, што гэтым выбіваецца з яго «деревенская дурь», і ні ён сам, ні цёмны бацька яго не маглі скеміць таго, што гэта робіцца па загаду з Масквы, што гэта прышчапляюць яму яд знявагі да свайго, беларускага, ды перарабляюць на маскоўца. Былі наўмысля пабудаваны семінарыі, як бы дзеля таго, каб гатаваць настаўнікаў для прасветы народа, а дапраўды ж — дзеля таго, каб набраць туды сялянскіх дзяцей ды нагадаваць з іх служак для свае абрусіцельнае палітыкі. I мы бачым, што народ наш, не гледзячы на царскія школы, такі цёмны і неграматны, як бы гэтых школаў зроду ў вочы не бачыў. Тым часам,мэта дасягнута, яд царскага абрусіцельства прышчапіўся, і сялянства нашае разам з выхаванаю ў царскіх школах інтэлігенцыяю скрыва глядзіць на сваё роднае. Кожнаму здароваму чалавеку зразумела, што гэта ненармальна і хваравіта, калі чалавек выракаецца свайго роду, але самому хвораму зразумець гэта трудна. Большасць сучаснага беларускага народу атручана гэтым страшным ядам абрусіцельства і, не гледзячы на такое моцнае і цалючае лякарства, як наша рэвалюцыя, ачуньвае паволі. Маса й да гэтага часу непрыхільна ставіцца да беларускага руху, да свайго ўласнага выздараўлення. Тут трэба заўсёды мець на ўвазе, што гэта людзі хворыя, дзеці, заражаныя ядам царату, і дзе-хто, мабыць, смяртэльна... Самадзяржавіе ведала, што рабіла; яно ўмела лгаць і туманіць людзям вочы і, робячы шкоду народу, патрапляла давесці, што сама шкода пойдзе яму на карысць. За прыкладамі хадзіць не трэба, досыць прыпамятаць гарэлачную манаполію. Хто не чуў, што манаполія на гарэлку заводзіцца дзеля захавання народу ад п’янства? Хітра лгаў царскі ўрад, і многа шкоды нарабіў ён і сваім, і чужым. Зараза абрусіцельства так пашырылася і ўмацавалася, што іншы беларус-перакінчык, нават добра асвечаны, баіцца беларушчыны, не раўнуючы, як кручанае стварэнне вады. I страхоцце тут не ў тым, што ён баіцца,— мала чаго іншы баіцца? — а ў тым, што яго атручаны розум не можа зразумець, што ён заражаны злачынна, наўмысля, дзеля таго, каб яго хворае ўяўленне палохала яго «польскаю інтрыгай» і «панскімі штукамі». Вот дзе страхоцце! Яго хворае разуменне не можа сцяміць таго, што гэтая баязлівасць «польскае інтрыгі» зневажае яго самога, падкрэсліваючы яго кволасць і нешанобнасць да сябе і свайго чалавечага гонару.
    II
    У дэспатычнай Расіі толькі адзін народ, народ маскоўскі мог вольна развіваць свае прыродныя сілы і здольнасці. Усе іншыя народы былі скуты кайданамі. Ім было забаронена ўпраўляць сваімі справамі, вучыцца ў школах на сваёй роднай мове, і дзе-каму, як ось нам, беларусам, не дазвалялі доўгі час друкаваць кнігі па-беларуску. Гэта так рабілася таму, што ўся ўласць у Расіі была ў руках цара, маскоўскіх паноў-землеўласнікаў, купцоў і фабрыкантаў. Гэтыя людзі дбалі толькі пра багацце свайго краю — Маскоўшчыны або Вялікарасіі, а на ўсе іншыя землі — акраіны глядзелі як на свае спажыткоўныя калоніі, з якіх забіралі ўсе багатствы, а ў замену за гэта нічога не давалі, апроч паліцыі і чужой маскоўскай школы. Праз гэта землі Цэнтральнай Расіі (Маскоўшчыны) усё больш і больш багацелі, а нашы, акраіны, бяднелі. Там будаваліся фабрыкі, заводы, адчыняліся вышэйшыя навучныя інстытуцыі, пракладаліся жалезныя дарогі. 3 усіх падаткаў, якія збіраў маскоўскі ўрад з нашай Беларусі, нават палавіна не варачалася дадому, а тое, што вярталася, ішло на такія ўстановы, каторыя прыносілі нам адну шкоду, як, напрыклад: паліцыя, чужая школа, земскія начальнікі, чужыя суды, законы і т. д.
    Цяпер знішчаны ўсе гэтыя забароны, і ўсе так званыя «недзяржаўныя» народы прыступілі да будавання свайго жыцця, паводле сваіх патрэб, свайго дабрабыту і культурнага росквіту. Усе яны скідаюць векавыя кайданы і хочуць жыць па сваёй волі на сваёй роднай зямлі. Усе яны дамагаюцца такога дзяржаўнага ладу, які забяспечыць ім права на вольны росквіт і дасць змогу стаць гаспадарамі на сваіх уласных нівах. Дзеля гэтага ўсе нацыянальна абуджаныя народы Расіі дамагаюцца перабудовы Расіі не толькі ў дэмакратычную, але яшчэ ў федэратыўную рэспубліку. А калі маскоўская дэмакратыя, прагнаўшая за дапамогаю недзяржаўных народаў свайго цара ды,усеўшыся на яго месца сама, стала перашкаджаць федэратыўнаму адбудаванню дзяржавы, дык усведамлёныя і арганізаваныя народы Расіі, як Украіна, Сібір, Казацтва і іншыя, парвалі зносіны з ёю і сталі самі заводзіць свае парадкі і будаваць сваё жыццё, маючы на думцы прымусіць да гэтага і Маскоўшчыну і ўтварыць потым ядыную федэратыўную рэспубліку.
    Федэратыўная дэмакратычная рэспубліка — гэта дабравольная суполка вольных дэмакратычных рэспублік,
    каторыя дзе-якія супольныя дзяржаўныя справы перадаюць супольнаму (цэнтральнаму) ураду. Гэты супольны ўрад называецца федэральным урадам, і яго ўладзе падлягаюць толькі тыя справы, якія дабравольна, на моцы ўлас* най карысці, перадалі яму асобныя рэспублікі. Ува ўсіх іншых справах кожная такая рэспубліка застаецца саўсім незалежнаю.
    III
    Вось гэтакі дзяржаўны лад павінен запанаваць у Расіі. Тагды Расія стане багатаю, дужаю і культурнаю. Трэба, каб усе краі Расіі, заселеныя асобнымі народамі, атрымалі палітычную самаўладу, або нацыянальна-тэрытарыяльную аўтаномію, і каб вольна ўтварылі агульнарасійскую федэрацыю. Такімі вольнымі рэспублікамі расійскай федэрацыі павінны быць: Беларусь, Украіна, Літва, Латвія, Вялікаросія, Сібір, землі Каўказу, Фінляндзія, Эстонія і іншыя. Кожная такая рэспубліка павінна мець сваю ўласную дзяржаўную раду або сойм і сваіх міністраў, свае законы і свой уласны дзяржаўны лад. Але дзе-якія справы, як, напрыклад, абарона дзяржавы і іншае, будуць супольныя для ўсіх, бо гэта будзе карысней для ўсіх асобных рэспублік. Дзеля гэтага яны выбіраюць супольны, федэратыўны ўрад, які і будзе парадкаваць тымі супольнымі справамі. Найважнейшымі заданнямі такога федэральнага ўраду павінны быць вышэйшы суд дзеля палагоджання непаразуменняў паміж асобнымі федэратыўнымі рэспублікамі і дагляд за тым, каб добра і правідлова забяспечваліся патрэбы нацыянальных меншасцяў па ўсіх дзяржавах федэрацыі. Федэратыўны дзяржаўны лад забяспечыць вольнае жыццё ўсім народам і пераменіць вялікую турму народаў на панства свабоды і роўнасці. А дэмакратычная рэспубліка забяспечыць і кожнага асобнага чалавека.