Усе гэтыя прыклады сведчаць пра тое, што аўтаномны лад дзяржавы не аслабляе і не разлучае дзяржаву, а, наадварот, спрыяе таму, каб яна ўзмацнялася ды зноў злучалася нават тады, калі распад ужо пачаўся. Знача,тыя людзі, што палохаюць распадам дзяржавы пры завядзенні аўтаномнага ладу, не маюць пад сабою жаднага грунту. Яны або кепска дасведчаны ў гэтым пытанні, або наўмысля, маючы на ўвазе ўласную карысць і рахуючы выкарыстаць чужую недасведчанасць, пускаюць байкі пра шкадлівы ўплыў аўтаномнага ладу. Гэта трэба запамятаць і, адхіліўшы ўсялякія нагаворы, як мага дамагацца аўтаномнага ладу для свайго роднага краю. Мы павінны мець свой беларускі парламент, сваю Беларускую Краёвую Раду, цалкам незалежную ў межах свайго краёвага заканадаўства ад цэнтральнага, агульнадзяржаўнага ўраду. Толькі такія справы, як зносіны з загранічнымі дзяржавамі, мытнаграшовая сістэма, вярхоўнае кіраўніцтва ваеннымі сіламі, важнейшыя жалезныя дарогі,— павінны знаходзіцца пад загадам агульнадзяржаўнай уласці, каторая гэтаксама павінна складацца з прадстаўнікоў усіх нацый і краёў. Агульнадзяржаўная ўласць павінна быць прадстаўніцай усіх людзей, усіх народаў і краёў і іх аб’яднаць. Мала дабіцца рэспублікі, трэба дамагацца яшчэ і таго, каб рэспубліка была і федэратыўнай, або хаўруснай палатыні, кожны край, кожны асобны народ каб меў сваю аўтаномію. У Францыі рэспубліка існуе ўжо больш соткі год, але яна цэнтралістычная. Там, як і ў нас цяпер і як было гэта пры царызме, усім загадваюць міністры з Парыжу, а міністраў вызначае агульнадзяржаўны парламент. Пры кожнай перамене большасці ў парламенце змяняюцца і міністры. Жыццё валтузіцца кожны раз пры змене загадчыкаў-міністраў. У самых дробных мясцовых справах трэба чакаць дазволу і ласкі цэнтральнага правіцельства. Такая рэспубліка нас не здавальняе. Мы ўсе патаміліся страшным і прыкрым цэнтралізмам старога, скінутага рэжыму і не хочам, каб ён жыў далей, хоць бы і пад рэспубліканскім чырвоным сцягам. Мы хочам, каб у нашым краю будавалі сваё жыццё нашы людзі і каб у нашы беларускія справы не мяшалася цэнтральная ўласць з Масквы ці з Петраграду. Мы хочам, каб знікла,нарэшце,тая абрыдлая, да смерці шкадлівая розніца паміж дзяржаўнаю і недзяржаўнаю нацыяй, каторая высмоктвала з нас усе нашы сілы. Мы хочам, каб усе народы былі дзяржаўнымі на сваёй зямлі. Усе ў адзін голас кажуць, што Беларусь самы бедны край, а народ наш самы цёмны пасярод народаў Расіі, але ніхто даладне не расказаў, чаму гэта так, чаму Беларусь, колісь складаўшая магутнае Літоўска-Рускае гасударства, не ведаўшая татаршчыны, дыктаваўшая сваю волю Маскве, прылучыўшая да сябе ўсю багатую Украіну,— чаму цяпер дайшла да такога заняпаду? Беларусь наша бедная, а народ наш цёмны не затым, што ён горшы за другіх або не мае здатнасці да навукі і прасветы. Нядоля наша ў тым, што мы, страціўшы сваю незалежнасць, па цяжкіх умовах гісторыі, не здолелі адстаяць сваю нацыянальную самабытнасць і сталі папасам для суседзяў, спажыткоўнаю ніваю для чужынцаў. Яны высмоктвалі з нас апошнія сокі, адбіралі ў нас нашых лепшых людзей (Міцкевіч, Касцюшка, Дастаеўскі) і зруйнавалі краіну нашу да сучаснага становішча. Але ,гэта мінулася, недарма настала свабода. Мы павінны дабіцца сабе аўтаноміі і стварыць у сябе свае ўласныя беларускія парадкі і зажыць сваім уласным беларускім жыццём. Годзе быць пашаю для чужынцаў, годзе карміць чужынцаў сабе на згубу і пастаянную пакуту. Аўтаномія для нас — пытанне жыцця і смерці. Калі мы любім свой край, калі жадаем сабе лепшае долі, калі абрыдзела нам парабецтва, калі мы не страцілі дашчэнту свайго нацыянальнага гонару і не рашыліся чалавечай вартасці,— дык мы павінны стаць на ўласныя ногі. Мы павінны дамагацца самакіравання, бо цэнтралізм маскоўскі і ўплыў польскі заесць нас дазвання. Цэлыя соткі год нас апалячвалі, больш ста год нас амаскалівалі, але ні паланізм, ні русіцызм не крануўся народу нашага анізвання. Народ у істоце сваёй застаўся непарушаным. У гэтым наша сіла, наша збавенне і залог светлай будучыні. III Утварыўшы аўтаномны лад на Беларусі, мы станем паўнамоцнымі гаспадарамі на сваёй зямлі і атрымаем поўную магчымасць павярнуць усе скарбы нашага краю на карысць свайго народу, на свае нацыянальныя патрэбы, дзеля развіцця культуры і гаспадарскага дабрабыту. Тады беларускія працоўныя масы, каторыя на працягу цэлых вякоў абдзіраліся і выкарыстоўваліся дзеля росту і панавання багатых станаў, чужых ім як па нацыянальнасці, так і па культуры,— і дзеля развіцця гэтай чужой культуры,— дастануць змогу выйсці на вольны шлях эканамічнага і культурнага развіцця і збавяцца ад свайго заняпаду матэрыяльнымі і духоўнымі скарбамі свае зямлі. Тады можна будзе ўжыць усіх багатых заходаў дзеля развіцця ўсёй паўнаты беларускага культурнага і палітычнага жыцця, далучыўшы да гэтага шырокія народныя масы, увесь працоўны народ, коштам каторага да гэтага часу вырасталі толькі чужакультурныя станы і іх эканамічныя і палітычныя ўплывы. 3 эканамічнага боку вельмі важна, каб дастаткі беларускае зямлі і людская сіла нашага краю не марнаваліся дарэмна ды не перацягваліся наўмысля на чужы бок рознымі штучнымі і прыватнымі эканамічнымі рахункамі з вялікаю шкодаю для краю і дарэмнаю стратаю для ўсяго нашага народу, а каб ужываліся мудра, маючы на ўвазе інтарэсы свайго краю і дабрабыт свайго народу. Беларусь уяўляе з сябе асобную краіну, з сваім уласным выразным тварам і жыццёвым укладам. Яна як трэба абдаравана ўсялякімі прыроднымі ўмовамі для эканамічнага развіцця і поступу. Яна мае свае рэчкі, горы, радзючы грунт, многа лугоў для гадоўлі гавяды, вялікія запасы лесу, а перш за ўсё і важней за ўсё — народ працавіты, старанны, крэпкі, здольны і цямушчы, што пры самых цяжкіх умовах свае гістарычнае долі здолеў паставіць сваё земляробства вышэй за ўсіх у Расіі. Нягледзячы на свой пясчаны грунт, зямля наша родзіць добра, і, дзякуючы разумнай працавітасці народу нашага, Беларусь не бачыла павальнай галадоўлі — гісторыя не ведае такога здарэння, каб дзяржаўная казна прыходзіла да нас на дапамогу сваімі коштамі, як гэта рабілася на Маскоўшчыне і па іншых кутках Расіі. Зямля там, бадай што, і лепшая, ураджайнейшая за нашу, але народ маскоўскі (велікарусы) да таго некультурны, нядбалы і няўмелы, што галадаў амаль не кожнае пакаленне. Пры самых цяжкіх варунках беларус не траціў датэнпнасці і быў гаспадаром свайго становішча. Адным словам, Беларусь мае ўсё патрэбнае, каб зрабіцца краем цвітучым і багатым, а не такім заняпалым і занядбаным, якім стаўся ён пад загадам маскоўскай дзяржаўнасці. I мы ўсе, грамадзяне зямлі беларускай, павінны далажыць усіх сіл, каб скінуць з сябе апякунства чужынцаў і збавіць край наш ад кіраўніцтва маскоўцаў. Гэта мы павінны зрабіць, бо грубае, некультурнае ўладарства Масквы знішчыць край наш дашчэнту і прывядзе яго да загібелі, як яно вынішчыла і загубіла Дзяржаву Расійскую. Нам трэба дабіцца, каб кіраўніцтва эканамічнымі і грамадзянскімі справамі належала да само- га краю, да яго аўтаномнага краёвага сойму. Тагды Краёвая Рада, кіруючыся інтарэсамі і дабрабытам свайго народу, не дазволіць, каб цэнтральны ўрад рознымі тарыфнымі штукамі і мытнаю палітыкай калечыў развіццё нашае прамысловасці і гандлю; тагды краёвы ўрад не папусціцца, каб нашу эканамічную энергію і сыровы прадукт перацягвалі штучна да розных пазакраёвых фабрычна-прамысловых раёнаў; тагды не будзе таго, каб цэлы край, заселены народам з светлай і вялікай гісторыяй, пазбаўлены быў вышэйшых навучных інстытуцый і праз соткі год не мог вярнуць таго, што ў яго адабралі гвалтоўна (Віленскі універсітэт). Дзеля ўсяго гэтага нам патрэбна аўтаномія. Нам патрэбна аўтаномія, каб запэўніць беларускаму хлебаробу як найбольшы прыбытак, а беларускаму пралетарыю — як найвышэйшы заработак, каб даць сваім людзям работу дома, на месцы, на грунце ўласнай беларускай пра.мысловасці і каб нашы людзі не вандравалі, шукаючы заработкаў, у свет, на чужыну, дзе і сам работнік, і яго рабочая сіла прападалі для нашага краю. I мала таго, што наш работнік, трапіўшы ў чужы край, пераймаўся чужыншчынаю і навекі гінуў для роднага краю, але, апарт таго, вярнуўшыся дадому, ён нарабляў шмат шкоды, пашыраючы дэнацыяналізатарскую заразу. 3 погляду на культурнае становішча нашага краю становіцца ясна, што толькі пры аўтаномным ладзе пачне расці і квітнець культура, навука, літаратура і ўмеласць здольнага і багата абдараванага нашага народу. Толькі пад загадам аўтаномнага ладу народ наш, з прышчэпу да агульнадзяржаўнага будаўніцтва, вырасце ў магутную асобную расліну — заваюе сабе пачэснае месца ў свеце, стаўшы поплеч з народамі Еўропы. Узгадаваўшы культуру багатую, моцную і арыгінальную, разгарнуўшы ўсю сваю вялікую здольнасць, народ наш стане цэнтрам у сваім краі і сваёю літаратураю, навукаю і мастацтвам звяжа шчыраю любоўю ўсе народнасці Беларусі, каторыя, у сваю чаргу, аддадуць усе свае сілы і розум на карысць суполызай айчыны, на дабро і пыху роднага краю. Усё гэта так важна, проста і ясна, што сапраўды трэба ўлажыць усю сваю душу, аддаць усе свае сілы, каб утварыць светлую будучыню сваёй бацькаўшчыне, здабыўшы шырокую нацыянальнатэрытарыяльную аўтаномію для Беларусі. «Падумайце,— піша праф. Грушэўскі,— якая гэта будзе эканомія часу і энергіі, колькі адпадзе дарэмных турботаў... Адпадзе ўся барацьба за нацыянальнае права, якая пастаянна валтузіла і затрымоўвала эканамічны і палітычны поступ... He трэ будзе пакладаць свае здольнасці і энергіі на заходы каля палагоджання сваіх нацыянальных і краёвых спраў у агульнадзяржаўным парламенце, не патрэбны будуць хітрыя партыйныя камбінацыі, каб правесці сваю справу, не трэ будзе «абрабляць» расійскае ліберальнае грамадзянства і іншыя расійскія партыі, каб прыхіліць іх да сваіх нацыянальных і краёвых патрэб. Даволі гэтага! Даволі мы мелі гэтага пры змарлым рэжыме і добра ведаем, як прыемна стасавацца да расійскага грамадзянства! Няхай яно жыве здарова, як само хоча, а нам трэба свае справы разважаць у сябе дома, у сваім краёвым сойме, і толькі тое невялічкае, што датычыцца ўсяе дзяржавы, мы разважым супольна на агульным йрадстаўніцтве Расійскай федэратыўнай рэспублікі».