Творы замежнай літаратуры для дадатковага чытання ў 10—11 класах  Эрнэст Хемінгуэй, Райнер Марыя Рыльке

Творы замежнай літаратуры для дадатковага чытання ў 10—11 класах

Эрнэст Хемінгуэй, Райнер Марыя Рыльке
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 335с.
Мінск 2024
73.14 МБ
Ен трымаў шнур, што аблягаў плечы, і сачыў за яго нахілам у вадзе і за лодкай, тая спакойна плыла на паўночны захад.
«Гэта заб’е яго,— думаў стары чалавек.— Ён не зможа плысці гэтак заўжды». Але мінула чатыры гадзіны, а рыба плыла сабе, як і раней, у адкрытае мора і валакла за сабою лодку, a стары чалавек па-ранейшаму быў туга сцягнуты шнурам упоперак спіны.
1 Слуп на палубе судна для ўтрымання буксірнага троса, якарнага каната і г. д.
— Я падчапіў яго на кручок апоўдні,— сказаў ён.— I я яго яшчэ не бачыў.
Ён надта рашуча ссунуў уніз свой саламяны капялюш перад тым, як зачапіў на кручок рыбіну, і цяпер той моцна муляў лоб. Смага мучыла таксама, і ён, апусціўшыся на калені, асцерагаючыся, каб незнарок не таргануць шнур, падабраўся, наколькі здолеў, да носа лодкі і адною рукою дацягнуўся да бутэлькі з вадой. Ён адаткнуў яе і крыху адпіў. Потым трохі адпачыў на носе. Ён аддыхваўся, седзячы на непастаўленай мачце са згорнутым ветразем,— толькі б вытрываць.
Потым ён паглядзеў цераз плячо назад і ўбачыў, што на даляглядзе не відаць сушы. «Не бяда,— падумаў ён.— Я заўсёды змагу прыплыць на водбліск агнёў Гаваны. Яшчэ дзве гадзіны да заходу сонца, і, мажліва, рыба якраз выплыве. А не, дык тады, як узыдзе месяц. Калі ж не выплыве і тады, то, можа, на ўсходзе сонца. Здранцвеласці няма, і я чуюся дужым. Гэта ў яго кручок у роце. Ну і рыба, як цягне шнур! Відаць, ён шчыльна заціснуў дрот сваім ротам1. Хацелася б на яго паглядзець адзін раз, каб ведаць, з кім я змагаюся».
Рыба плыла ўсю ноч і, наколькі ён мог меркаваць па зорах, не мяняла свайго кірунку. Стала холадна пасля таго, як сонца зайшло, пот на спіне, на руках і на яго старых нагах высах. Днём ён узяў мяшок, якім была накрыта бляшанка з прынадай, і разаслаў яго на сонцы сушыцца. Пасля, як сонца зайшло, ён завязаў мяшок на шыі, закінуўшы яго на спіну, ды асцярожна заправіў пад шнур, што быў на плячах, як бы падклаўшы туды падушку. Цяпер ён патрапіў гэтак прыхіліцца да носа лодкі, што стаў чуцца амаль няблага. Ягонае становішча было ў сапраўднасці, можа, крыху лепшае, як раней, але ён уважаў яго за нават і не кепскае.
«Я нічога не магу зрабіць з ім, а ён нічога не можа зрабіць са мной,— думаў ён.— Датуль, пакуль рыба вось так плыве».
Адзін раз стары чалавек устаў і памачыўся за борт лодкі, ды паглядзеў на зоры і праверыў свой курс. Шнур выглядаў як зіхатлівая палоска, што падала ў ваду проста з яго плячэй. Цяпер яны рухаліся павольней, водбліск агнёў Гаваны быў не
1 Для старога чалавека рыбіна, з якой ён змагаецца, супернік, істота мужчынскага роду.
гэткі моцны, такім чынам ён зарыентаваўся, што плынь іх відочна нясе на ўсход. «Калі я згубіў бляск Гаваны, значыцца, мы больш падаліся на ўсход,— падумаў ён.— Бо, калі б рыба не збочыла са свайго курсу, бачыў бы яго яшчэ шмат гадзін. Цікава было б даведацца, як там бейсбол, як сёння згулялі ў вышэйшых лігах,— падумаў ён.— Гэта на дзіва лёгка было б зрабіць, маючы радыё». Пасля ён загадаў сабе: заўсёды думай пра справу. Думай пра тое, што робіш. He забівай галаву ніякім глупствам.
Потым сказаў уголас:
— Шкада, што са мною няма хлопчыка. Ён дапамагаў бы мне і глядзеў на гэта сам.
«Ніхто не павінен быць адзін у старым веку,— разважаў ён — Але гэта непазбежна. Я мушу памятаць, што мне трэба з’есці тунца, пакуль той не сапсаваўся, каб не аслабець. Памятай: не мае значэння, хочацца табе есці або не, але ты мусіш спажыць яго ўранні. Памятай»,— сказаў ён сабе. Уночы дзве марскія свінні падплылі да лодкі, і яму было чутна, як яны круціліся і пыхкалі. Ён мог адрозніць шумнае сапенне самца ад падобнага на ўздыхі пыхання самкі.
— Гэта — добрыя істоты,— сказаў ён.— Яны гуляюць і жартуюць, і займаюцца любошчамі. Яны нашыя браты, як лятучыя рыбы.
Потым ён стаў шкадаваць вялікую рыбу, што зачапілася на кручок. «Цудоўны і дзіўны марлін, і хто ведае, колькі яму гадоў,— думаў ён.— Ніколі не траплялася мне такая дужая рыбіна, і ніводная не паводзіла сябе гэткім дзіўным чынам. Магчыма, ён занадта мудры, каб скакаць. Ен мог бы знішчыць мяне скокамі або калі б уцякаў як шалёны. Але, магчыма, ён трапляў на кручок шмат разоў да гэтага і ведае, што яму трэба змагацца якраз так. Ён не падазрае, што супраць яго ўсяго адзін чалавек, ды і той стары. Але якая гэта вялізная рыбіна, і колькі грошай дадуць за яе на рынку, калі мяса добрае. Ён схапіў прынаду, як хапае самец, і ён цягне шнур, як самец, і ў ягоным змаганні няма ні знаку панікі. Хацеў бы я ведаць, ёсць у яго нейкія планы ці ён у такой жа роспачы, што і я?»
Ён памятаў, як аднойчы зачапіў на кручок аднаго з пары марлінаў. Рыба-самец заўсёды дазваляе самцы жывіцца першай, і самка, ахопленая панікай, усчала дзікае адчайнае зма-
ганне, якое хутка знясіліла яе, і ўвесь час самец заставаўся з ёю, перасякаючы ў лёце шнур і кружачы з ёю на паверхні. Марлін быў гэтак блізка, што стары чалавек непакоіўся, каб той не перарэзаў шнур хвастом, вострым, як каса, і амаль гэткага памеру і формы. Калі стары чалавек ударыў яе бусаком, а потым збабоўчыў палкай, трымаючы за падобную на рапіру дзюбу з шорсткім, як наждак, краем і б’ючы па версе галавы, пакуль самчын колер не стаўся амаль такі, як адваротны бок люстра, і потым, з хлопчыкавай дапамогай, падняў яе на борт, самец не адлучаўся ад лодкі. Пасля, у той час, як стары чалавек разблытваў шнуры і рыхтаваў гарпун, самец высока скочыў у паветра побач з лодкай, каб убачыць сваю сяброўку, а пасля пайшоў глыбока ўніз, шырока распластаўшы свае лавандавыя грудныя плаўнікі і паказваючы ўсе свае шырокія лавандавыя палосы. Ён быў прыгожы, стары чалавек памятаў, і ён застаўся. «Гэта было сама сумнае здарэнне, звязанае з імі, якое мне выпала бачыць,— падумаў стары чалавек,— Хлопчык таксама быў засмучаны, і мы папрасілі ў яе прабачэння ды хуценька разабралі».
— Шкада, што тут няма хлопчыка,— сказаў ён уголас, прыхіліўшыся да закругленых дошак носа лодкі, і адчуў напругу шнура на плячах, моц вялізнай рыбіны, што кіравала той пуцявінай, якую выбрала. «Бо аднаго разу, дзякуючы маёй падступнасці, яму было неабходна зрабіць выбар»,— падумаў стары чалавек.
Яму належала б заставацца ў глыбокіх цёмных водах, недаступным для ўсіх пастак, сілкоў і падманаў. А што да мяне, то я мусіў дабрацца сюды і адшукаць яго, і ў гэтым пераўзысці ўсіх людзей. Усіх людзей на зямлі. Цяпер мы злучаныя разам, былі такія ўжо ад паўдня. I аніхто не здольны дапамагчы ніводнаму з нас.
«Мажліва, не варта было мне ісці ў рыбакі,— падумаў ён,— Але дзеля гэтага я нарадзіўся. Я абавязкова павінен з’есці тунца, калі развіднее».
Незадоўга да світанку штосьці схапіла адну з прынад, што былі ззаду за ім. Ён пачуў, як трэснуў, зламаўшыся, прут, і шнур пачаў выслізгваць цераз планшыр лодкі. У цемрадзі ён выслабаніў нож з похвы і, прымаючы ўсю напругу на левае плячо, нахіліўся назад ды перарэзаў шнур на планшыры.
Тады ён перацяў шнур, што быў найбліжэй да яго, і ў цемры звязаў вольныя канцы запасных маткоў. Ён дбала працаваў адною рукою, туга завязваючы вузлы, прыціснуўшы маткі нагой. Цяпер ён меў шэсць запасных маткоў шнура. Два — дзе былі прынады,— што ён перарэзаў, ды два з прынадай, на якую клюнула рыбіна, і ўсе яны былі злучаны.
«Пасля таго як развіднее,— падумаў ён,— я дабяруся назад да прынады, што закінута на саракасажневую глыбіню, і перарэжу той шнур таксама ды злучу з запаснымі маткамі. Згублю дзвесце сажняў добрага каталонскага cardei1, а таксама кручкі ды павадкі, але іх можна замяніць. А хто заменіць мне рыбіну, калі я зачаплю на кручок другую і дазволю сарвацца першай? He ведаю, што за рыба кагадзе клявала. Гэта мог быць марлін або шыракадзюб2, або і акула. Я не паспеў адчуць ейную цягу, бо мусіў пазбыцца ад яе як мага хутчэй».
Услых ён сказаў:
— Як я хацеў бы, каб тут быў са мной хлопчык.
Але хлопчыка няма. Ты маеш адно сябе самога, і было б найлепей, каб ты папоўз назад, туды, дзе апошні шнур, цёмна цяпер ці не цёмна, перацяў той і злучыў з двума запаснымі маткамі.
Ен так і зрабіў. Гэта было няпроста ў цемрадзі, і рыба адзін раз так рэзка тузанула, што ён упаў і параніў твар пад вокам. Струменьчык крыві пацёк быў па шчацэ, але згаснуў, засох, не дайшоў да падбародка, і стары чалавек дабраўся назад на нос лодкі і адпачыў там, прысланіўшыся да борта. Ен паправіў мяшок і асцярожна перасунуў шнур на другое месца на плячах, злёгку пашморгаўшы ім, каб уведаць як цягне рыба, а пасля сунуў руку ў ваду: ці хутка рухаецца лодка?
«Цікава, чаму марлін так рэзка рвануўся? Відаць, дрот слізгануў па ягонай гарбатай спіне. Вядома, яму не можа быць гэтак блага, як маёй спіне. Але ж не будзе ён цягнуць лодку вечна, які б вялізны ні быў. Цяпер усё, што магло спрычыніць клопат, прыбрана з дарогі, і я маю вялікі запас шнура, а што мне яшчэ трэба?»
1 Шнур (ісп.).
2 Меч-рыба.
— Рыба,— лагодна вымавіў ён услых,— я застануся з табою аж да майго канца.
«I марлін застанецца са мною, так я мяркую,— падумаў ён, чакаючы, калі ж развіднее. Было холадна цяпер перад світаннем, і стары чалавек шчыльней прыціснуўся да борта, каб неяк сагрэцца.— Я здольны трываць не менш часу за яго»,— падумаў ён. I калі крыху заднелася, ён убачыў, як туга напяты шнур ідзе ў ваду. Лодка плыла сабе далей, а першы краёчак сонца ўпаў на правае плячо старога чалавека.
«Ён кіруе на поўнач,— падумаў стары чалавек,— Плынь добра занесла нас на ўсход. Хацеў бы я, каб ён павярнуў ды плыў разам з плынню. Гэта паказала б, што ён стаміўся».
Калі ж сонца ўзялося вышэй, стары чалавек без сумневу бачыў, што марлін не быў стамлёны. Ен угледзеў толькі адзін добры знак. Нахіл шнура сведчыў, што марлін плыў на меншай глыбіні. Гэта не азначала пэўна, што ён вынырне, пакажацца з вады. Але мог.
—	Божа, хай бы ён паказаўся,— сказаў стары чалавек.— У мяне даволі шнура, каб управіцца з ім.
«Мажліва, калі я трошкі пацягну шнур, яму будзе балюча і ён вынырне,— падумаў стары чалавек.— Цяпер, калі стала светла, няхай бы ён вынырнуў з вады, каб тыя яго мяшкі ўздоўж хрыбта напоўніліся паветрам, бо тады ён не зможа падацца ў глыб мора канаць».
Стары чалавек паспрабаваў пабольшыць напругу шнура, але ўжо тады, калі ён падчапіў на кручок рыбіну, шнур быў напяты да апошняга, і, нахіліўшыся назад ды тузануўшы яго, ён адчуў прыкрую рэзь і зразумеў, што нацягнуць шнур болей нельга. «Я ўвогуле не павінен торгаць,— падумаў ён,— 3 кожным торганнем кручок пашырае рану, і марлін, раптам тузануўшыся, папросту сарвецца з кручка. А ўвогуле, я чуюся лепей цяпер на сонейку, тым болей што на гэты раз не мушу глядзець на яго».