Творы замежнай літаратуры для дадатковага чытання ў 10—11 класах  Эрнэст Хемінгуэй, Райнер Марыя Рыльке

Творы замежнай літаратуры для дадатковага чытання ў 10—11 класах

Эрнэст Хемінгуэй, Райнер Марыя Рыльке
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 335с.
Мінск 2024
73.14 МБ
На шнуры віселі жоўтыя водарасці, але стары чалавек ведаў, што гэта толькі затарможвае рух лодкі, і быў усцешаны. Гэта былі Затокскія водарасці, якія так свяціліся ўночы.
—	Рыба,— сказаў ён,— я люблю цябе і вельмі шаную. Але я дакончу цябе раней, як скончыцца гэты дзень.
«Хочацца спадзявацца»,— падумаў ён.
3 поўначы невялікая птушка падляцела да лодкі.
Гэта была пяюка1, і ляцела яна нізка над вадой.
Стары чалавек заўважыў, што тая вельмі знясіленая.
Птушка села на карму і адпачывала там. Потым яна мільганула над галавой старога чалавека, пераляцела на шнур, дзе пачувалася ўтульней.
— Колькі гадоў табе? — стары чалавек спытаўся ў птушкі.— Гэта твая першая вандроўка?
Птушка глянула на яго. Яна была занадта зняможаная нават для таго, каб упэўніцца, ці трывалы шнур, і зыбалася на ім, моцна ўхапіўшыся за яго сваімі далікатнымі лапкамі.
— Ен тугі,— сказаў ёй стары чалавек,— Аж занадта. Нягожа быць такой стомленай пасля бязветранай начы. Што гэта сталася з шушкамі?
«Ястрабы,— падумаў ён,— тыя кіруюць у адкрытае мора наперарэз вам». Але ён нічога не сказаў пра тое птушцы, якая ўсё адно не змагла б зразумець яго, ды і сама досыць хутка даведаецца пра ястрабаў.
— Адпачні як след, пташка,— сказаў ён,— А потым ляці і выкарыстай свой шанц, як любы чалавек, альбо птах, альбо і рыба.
Яму рупіла размаўляць, бо спіна яго скалела ўночы і цяпер сапраўды балела.
— Заставайся пакуль у маёй хаце, птушка, калі хочаш,— сказаў ён.— Шкода, што я не магу ўзняць ветразь і ўзяць цябе з сабою, цяпер, калі пачынае дзьмуць лёгкі брыз. Бо я тутака з сябрам.
Якраз тады рыбіна раптоўна рванулася, і стары чалавек зваліўся з ног на нос лодкі і мог бы ўпасці ў ваду, калі б не ўпёрся ў яго рукамі і не адпусціў шнур.
Птушка паляцела, калі шнур таргануўся, стары чалавек нават не бачыў, як яна пырхнула. Ен пільна абмацаў шнур праваю рукою і заўважыў, што з яе цячэ кроў.
— Значыцца, яго там чапіла,— сказаў ён уголас ды тузануў шнур ізноў: ці не ўдасца павярнуць марліна ў іншы бок? Але
1 Адна з амаль сотні відаў амерыканскіх спеўных птушак, мае яркі колер.
калі адчуў, што шнур напяты да мяжы трываласці, больш не цягнуў, трымаючы яго ў такім стане.
— Блага цяпер табе, рыба,— сказаў ён.— I мне, ведае Бог, таксама.
Ён азірнуўся, каб убачыць птушку, бо цяпер быў бы рады такому кампан’ёну. Але птушкі не было.
«Доўга ты тут не затрымалася,— падумаў чалавек.— Але табе будзе цяжэй там, куды ты ляціш, пакуль не дасягнеш берага. I як гэта я дазволіў рыбіне зрэзаць мяне адным хуткім рухам? Я, відаць, тупею. А можа, я пазіраў на птушачку ды разважаў пра яе. Цяпер буду звяртаць увагу толькі на сваю работу, і яшчэ я мушу з’есці тунца, каб потым не бракавала моцы».
— Як хацеў бы я, каб хлопчык быў тут і каб я меў трохі солі,— сказаў ён уголас.
Перасунуўшы цяжар шнура на левае плячо і асцярожна ўкленчыўшы, ён абмыў руку ў акіяне і трымаў яе, апушчаную ў ваду, больш за хвіліну, назіраючы, як цягнецца, знікае крывавы струменьчык і плынь раўнамерна абцякае яе. Лодка ж кіравалася далей.
— Ён замарудзіў свой рух,— сказаў стары чалавек.
Ён яшчэ не выймаў бы руку з салёнай вады, але баяўся, што рыба зноўку тузане, таму ён падняўся, моцна стаў на ногі і, узняўшы руку, патрымаў яе на сонцы. Гэта шнур пекануў па ёй. Рана была якраз у рабочай частцы рукі. Ён ведаў: рукі яшчэ спатрэбяцца, і яму зусім не хацелася быць параненым да пачатку змагання.
— А цяпер,— сказаў ён, калі яго рука высахла,— я павінен з’есці невялічкага тунца. Я магу дацягнуцца да яго бусаком і паесці тут, у камфорце.
Ён стаў на калені, намацаў бусаком тунца пад кармой і працягнуў да сябе, стараючыся не зачапіць скруткі шнуроў.
Трымаючы шнур левым плячом ізноў і абапіраючыся левай жа рукою аб дошкі борта, ён зняў тунца з кручка бусака, а бусак паклаў на ранейшае месца. Ён прыціснуў рыбу адным каленам і стаў нарэзваць вузкія кавалкі цёмна-чырвонага мяса ўдоўж ад патыліцы да хваста. Гэта былі клінаватыя кавалкі, і ён наразаў іх, пачаўшы ад хрыбта аж да краю жывата. Ён адрэзаў шэсць скрылікаў і расклаў на носе лодкі,
выцер нож аб штаны, падняў банітаў шкілет за хвост ды шпурнуў за борт.
— Відаць, я не з’ем цэлы кавалак,— сказаў ён і паласнуў упоперак аднаго. Ен адчуваў усё тую ж напругу шнура, а левую руку звяло. Яна здранцвела сціскала цяжкі шнур, і ён з прыкрасцю глянуў на яе.
— Што гэта за рука,— сказаў ён.— Скурчвайся сабе, калі хочаш. Або вазьмі ды зрабіся кіпцюром. I хітрыкі табе не дапамогуць.
«Давай, падсілкоўвайся,— падумаў ён, гледзячы ў цёмную ваду на закінуты шнур,— З’еш гэта цяпер і ўмацуеш сваю руку. He рука тут вінаватая, і ты шмат гадзін быў з рыбінай. I, магчыма, будзеш з ёю вечна. А цяпер еш баніта».
Ён падняў кавалак, паклаў у рот і стаў павольна жаваць. Смак быў даволі прыемны.
«Жуй, як след,— падумаў ён,— каб выціснуць усенькі сок. Вядома, было б няблага мець крыху лайма1, або лімон, або соль».
— Як чуешся, рука? — спытаўся ён у рукі, здранцвелай гэтак, што льга было згадаць rigor mortis2. Я з’ем трохі болей дзеля цябе.
Старанна жвакаючы, ён спажыў другую частку таго кавалка, што разрэзаў папалам, а пасля выплюнуў скуру.
Ці не робіцца табе лепей, рука? Пэўна, занадта рана пытаюся?
Ён узяў ды стаў жаваць другі цэлы кавалак.
«Дужая паўнакроўная рыба,— падумаў ён,— Мне пашэнціла, што я злавіў яе, а не дэльфіна. Дэльфін — той задужа салодкі. А гэтая — ледзь-ледзь, і ўся ейная моц захавалася. He выпадае быць непрактычным,— падумаў ён,— Шкада, што ў мяне няма крыху солі. Бо невядома, высушыць сонца тое, што засталося, ці зробіць гніллём. Таму мне лепей з’есці і астатняе, хоць я не галодны. Рыба з кручком плыве сабе. З’ем усё і тады буду гатовы».
— Набярыся цярпення, рука,— сказаў ён.— Я раблю гэта для цябе.
1 Лайм — цытрон.
2 Трупнае спруцяненне (лац.).
«3 большай ахвотай я карміў бы рыбіну,— падумаў ён.— Марлін — мой брат. Але я мушу забіць яго, таму павінен быць дужы». Паволі, засяроджана стары чалавек спажыў усе клінападобныя скрылікі.
Ён выпрастаўся і выцер рукі аб порткі.
— А зараз,— сказаў ён,— можаш выпусціць шнур, рука, і я спраўлюся з ім адной правай рукой, пакуль у цябе не пройдзе гэтая трасца.— Ён паставіў нагу на цяжкі шнур, які раней трымала левая рука, і зноў напружана ўгнуў спіну— Божа, дапамажы мне пазбыцца гэтай здранцвеласці,— сказаў ён.— Бо хто ведае, ці не выкіне рыба якога коніка.
«Але пакуль што марлін спакойны,— падумаў ён,— і трымаецца свайго плана. Толькі што ў яго за план? I ці ёсць ён у мяне? Мой план я мушу дастасаваць да ягонага, зважаючы на вялізны марлінаў памер. Калі ён вынырне, пакажацца, я змагу яго ўхайдоліць. Але ён, відаць, надумаў заставацца там заўжды. Дык і я застануся з ім назаўжды».
Ен пацёр скурчаную руку аб нагавіцы і памкнуўся размяць непаслухмяныя пальцы. Але рука не расціскалася. «Мажліва, сонца ёй дапаможа,— падумаў ён,— Мажліва, яна расціснецца, калі ператравіцца дужы сыры тунец. Калі мне трэба расціснуць руку, я зраблю гэта, чаго б яно ні каштавала. Але не цяпер, не ўжываючы сілу. Хай здранцвенне пройдзе само, хай рука акрыяе самохаць. Ці ж не я знявечыў яе ўночы, калі было неабходна выслабаніць ды злучыць тыя шнуры?»
Ён глянуў удаль на мора, і да яго прыйшла думка: які ён цяпер адзінокі. Але тут ён угледзеў у глыбокай цёмнай вадзе прамяністыя прызмы і ўбачыў шнур, што цягнуўся за кармою, і кранутую дзіўнай хвалістасцю роўнядзь. Воблакі збіраліся ў кучы, як бывае перад пасатам, ён зірнуў угару і ўбачыў чараду дзікіх качак, што вырысоўвалася, як на гравюры, на небе над вадою, пасля яна зацягнулася смугою, потым выразна паўстала зноў, і ён спасцігнуў, што чалавек ніколі не бывае самотны ў моры.
Ён падумаў, як баяцца некаторыя людзі заплываць у малых лодках у адкрытае мора, адкуль не відаць сушы. Яны маюць рацыю ў тыя месяцы, калі надвор’е раптоўна пагаршаецца. Але цяпер была пара цыклонаў, а калі іх, цыклонаў, у такі час няма, гэта найлепшая пара ва ўсім годзе.
2 Зак. 960
Калі цыклон набліжаецца, а ты ў моры, заўжды ёсць ягоныя прыкметы на небе за колькі дзён наперад. На беразе не кожны іх бачыць, бо і не ведае, што яны ёсць: у форме воблакаў, напрыклад. Але цяпер цыклона не чакаецца.
Ён падняў галаву і ўбачыў: белыя кучавыя воблакі, што грудкі марозіва, дружна збіраліся да купы, а яшчэ вышэй як бы тонкае пер’е прыліпла да высокага вераснёўскага неба.
—	Лёгкі brisa1,— сказаў ён.— Надвор’е лепшае для мяне, як для цябе, рыба.
Ягоная левая рука была па-ранейшаму скурчана, але паволі ён адгінаў пальцы.
«Ненавіджу здранцвенне,— падумаў ён.— Тваё ўласнае цела табе здраджвае. Сорам, калі ў цябе на людзях панос ад сапсаванай рыбы ці мяса або ты ванітуеш ад іх. Але здранцвенне (ён думаў пра яго як пра calambre2) асабліва прыніжае чалавека тады, калі ён адзін. Калі б хлопчык быў тут, ён бы расцёр мне руку ад перадплечча і зняў анямеласць. Але яна паздаравее».
Ён адчуў правай рукой, што рыба тузае шнур не гэтак, як раней, і тады ўбачыў, што шнур мае інакшы нахіл. Пасля, калі ён налёг на шнур, а левай рукой моцна і хутка ляпнуў па сцягне, то ўбачыў, як шнур паціху ідзе ўгору.
—	Ён выплывае на паверхню,— сказаў стары чалавек,— Ажывай, рука. Калі ласка, ажывай.
Шнур выходзіў паволі, але няспынна, і неўзабаве паверхня вады ўзнялася перад лодкай, і марлін выплыў. Ён выныраў несканчона доўга, і вада сцякала з ягоных бакоў. Яскравы на сонцы, галаву і спіну ён меў цёмна-ліловыя, а шырокія палосы на баках — светлага лавандавага колеру. Яго шабля была доўгая, як бейсбольная бітка, і звужаная, што рапіра, і ён падняўся на ўвесь рост з вады і пасля зноўку сягнуў туды, плаўна, усё адно як ныральшчык, і стары чалавек бачыў, як хаваецца ў вадзе вялізны, падобны на лязо касы, хвост і як папоўз уніз шнур.
—	Ён на два футы даўжэйшы за мой човен,— сказаў стары чалавек.
1 Брыз (ісп.).
2 Сутарга (ісп.).
Шнур ішоў уніз хутка, але не сутаргава, і рыба не была спуджаная. Стары чалавек намагаўся абедзвюма рукамі ўтрымліваць такую напругу, якая яшчэ была бяспечная. Ен ведаў, што калі не здолее запаволіць рыбу разважным мерным ціскам, тая можа забраць увесь шнур і парваць.
«Гэта вялізны марлін, і я мушу адужаць яго,— падумаў ён.— Я не павінен дазволіць яму ўведаць сваю ўласную моц, ані тое, што ён мог бы зрабіць, пусціўшыся наўцёкі. Калі б гэта быў я, дык напружыў бы ўсе свае сілы і даў ходу, пакуль штосьці не парвалася б. Але, дзякуй богу, яны не такія разумныя, як мы, хто выймае з іх дух, хоць яны болей спрытныя і высакародныя за нас».