Творы замежнай літаратуры для дадатковага чытання ў 10—11 класах  Эрнэст Хемінгуэй, Райнер Марыя Рыльке

Творы замежнай літаратуры для дадатковага чытання ў 10—11 класах

Эрнэст Хемінгуэй, Райнер Марыя Рыльке
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 335с.
Мінск 2024
73.14 МБ
і я быў рады. Калі берагі раны злучыліся зусім, я выйшаў у калідор і зноў стаў хадзіць сюды-туды. Неўзабаве выйшаў доктар.
— Ну, як яна?
— Нічога. Вы глядзелі? — Ен быў стомлены.
— Я бачыў, як вы зашывалі. Мне здалося, што разрэз надта доўгі.
— Вы так думаеце?
— Ага. Пазней шнар разгладзіцца?
— Вядома.
Неўзабаве выкацілі насілкі і вельмі хутка павезлі іх па калідорах да ліфта. Я пайшоў побач. Кэтрын стагнала. Унізе, у палаце, яе паклалі на ложак. Я сеў на крэсла ў нагах ложка. Сястра была ўжо ў палаце. Я стаў ля пасцелі. У палаце было цёмна. Кэтрын падала руку.
— Ты тут, любы? — сказала яна. Голас у яе быў вельмі слабы і стомлены.
— Тут, дарагая.
— Як дзіця?
— Ш-ш, не размаўляйце,— сказала сястра.
— Хлопчык. Ен доўгі, і тоўсты, і цёмны.
— У яго ўсё нармальна?
— Так,— сказаў я.— Цудоўнае хлапчанё.
Я бачыў, што сястра неяк дзіўна паглядзела на мяне.
— Я страшна стамілася,— сказала Кэтрын.— I ўсё ў мяне так баліць! А на каго ён падобны?
— Ён падобны на абадранага труса са зморшчаным старэчым тварам.
— Вы лепей выйдзіце,— сказала сястра,— Madame Генры нельга размаўляць.
— Я пабуду ў калідоры,— сказаў я.
— Ідзі паеш.
— He. Я пабуду ў калідоры.
Я пацалаваў Кэтрын. Твар у яе быў зусім шэры, спакутаваны і стомлены.
— Ці можна вас на хвілінку,— папрасіў я сястру. Яна выйшла разам са мной у калідор. Я крыху адышоўся ад дзвярэй.
— Што з дзіцём? — спытаў я.
— А вы хіба не ведаеце?
He.
— Яно было нежывое.
— Яно было мёртвае?
— У яго не змаглі выклікаць дыханне. Пупавіна абкруцілася вакол шыі.
— Значыць, яно мёртвае?
— Так. Вельмі шкада. Такое выдатнае вялікае дзіця. Я думала, вы ведаеце.
— Не,— сказаў я.— Вы ідзіце туды, да madame.
Я сеў на крэсла ля століка, на якім збоку ляжалі начэпленыя на дрот справаздачы сясцёр, і паглядзеў у акно. Я нічога не бачыў, апрача цемры і дажджу, які перасякаў светлую паласу ад акна. Дык вось у чым рэч! Дзіця было мёртвае. Вось чаму ў доктара быў такі стомлены выгляд. Але навошта тады яны рабілі ўсё гэта з ім там, у пакоі? Відаць, спадзяваліся, што ў яго з’явіцца дыханне і яно ажыве. Я не быў рэлігійны, але я ведаў, што яго трэба ахрысціць. А калі яно наагул ні разу не ўздыхнула? Гэта ж так. Яно зусім не жыло. Толькі ў Кэтрын. Я часта адчуваў, як яно там варочаецца. А апошнімі днямі не. Мо яно яшчэ тады задыхнулася? Беднае дзіця! Шкада, што я сам не задыхнуўся так, як яно. He, не шкада. Хоць тады не давялося б прайсці праз усе гэтыя смерці. Зараз памрэ Кэтрын. Вось чым усё канчаецца. Смерцю. He ведаеш нават, навошта ўсё гэта. He паспяваеш даведацца. Цябе проста шпурляюць у жыццё і гавораць табе правілы, і адразу ж, як толькі цябе заспеюць знянацку, цябе заб’юць. Альбо заб’юць нізавошта, як Аймо. Альбо заразяць сіфілісам, як Рынальдзі. Але рана ці позна цябе заб’юць. У гэтым ты можаш быць упэўнены. Сядзі і чакай, і цябе заб’юць.
Аднойчы на прывале ў лесе я паклаў у вогнішча корч, які кішэў мурашкамі. Калі ён загарэўся, мурашкі выпаўзлі вонкі і спачатку рушылі на сярэдзіну, дзе быў агонь, пасля павярнулі і пабеглі да канца карча. Калі на канцы іх набралася занадта шмат, яны пачалі падаць у агонь. Некаторым удалося выбрацца, і, абгарэлыя, сплюшчаныя, яны папаўзлі назад, самі не ведаючы куды. Але большасць паўзла да агню, і пасля зноў назад, і стоўпілася на халодным канцы, і зноў падала ў агонь. Помню, я тады падумаў, што гэта падобна на канец свету і што для мяне выдатны выпадак здзейсніць месію, выцягнуць
корч з агню і адкінуць яго туды, дзе мурашкі змогуць выпаўзці на зямлю. Але замест гэтага я толькі выплюхнуў на корч ваду з алавянага кубка, які мне трэба было апаражніць, каб наліць туды віскі і пасля ўжо развесці вадой. Відаць, вада, вылітая на гарачы корч, толькі ашпарыла мурашак.
Я сядзеў у калідоры і чакаў звестак пра стан Кэтрын. Сястра ўсё не выходзіла, і крыху пачакаўшы, я ўстаў, падышоў да дзвярэй, ціха прачыніў іх і зазірнуў у палату. Спачатку я нічога не мог разгледзець, бо ў калідоры гарэла яркае святло, а ў палаце было цёмна. Затым я ўбачыў сястру на крэсле ля ложка, галаву Кэтрын на падушках і ўсю яе, такую пляскатую пад прасціной. Сястра прыклала палец да вуснаў, затым устала і падышла да дзвярэй.
— Ну, як яна? — спытаў я.
— Нічога, усё нармальна,— адказала сястра.— Вы схадзіце павячэрайце, а пасля можаце зноў прыйсці, калі хочаце.
Я пайшоў па калідоры, спусціўся па лесвіцы, выйшаў з пад’езда бальніцы і пад дажджом па цёмнай вуліцы накіраваўся ў кавярню. Яна была ярка асветлена, і за ўсімі столікамі сядзелі людзі. Я не мог знайсці месца, і кельнер падышоў да мяне, і ўзяў маё мокрае паліто і капялюш, і паказаў мне на вольнае крэсла ля століка, за якім нейкі пажылы чалавек піў піва і чытаў вячэрнюю газету. Я сеў і спытаў у кельнера, якая сёння plat du jour1.
— Смажаная цяляціна, але ўжо скончылася.
— Што ёсць на вячэру?
— Яечня з вяндлінай, амлет з сырам альбо choucroute.
— Я еў choucroute сёння раніцай,— сказаў я.
— Праўда,— сказаў ён— Праўда, сёння раніцай вы елі choucroute.
Гэта быў чалавек сярэдніх гадоў, з лысінай, на якую акуратна былі зачасаныя валасы. У яго быў добры твар.
— Што вы хочаце? Яечню з вяндлінай альбо амлет з сырам?
— Яечню з вяндлінай,— сказаў я,— і піва.
— Demi-blonde?
— Так,— сказаў я.
1 Дзяжурная страва (франй,.).
— Бачыце, я помню,— сказаў ён.— Раніцай вы таксама заказвалі demi-blonde.
Я з’еў яечню з вяндлінай і выпіў піва. Яечню з вяндлінай падалі ў круглым судочку — унізе была вяндліна, а зверху яечня. Яна была вельмі гарачая, і першы кавалак мне давялося запіць півам, каб астудзіць рот. Я быў галодны і заказаў яшчэ. Я выпіў некалькі шклянак піва. Я ні пра што не думаў, толькі чытаў газету, якую трымаў мой сусед. Там пісалі пра прарыў на англійскім участку фронту. Калі сусед заўважыў, што я чытаю яго газету, ён перавярнуў яе. Я хацеў папрасіць газету ў кельнера, але я не мог засяродзіцца. У кавярня было горача і душна. Многія з тых, хто сядзелі за столікамі, ведалі адзін аднаго. Некаторыя гулялі ў карты. Кельнеры снавалі між стойкамі і сталамі, разносячы напіткі. Два мужчыны зайшлі і не маглі знайсці сабе месца. Яны спыніліся насупраць майго століка. Я заказаў яшчэ піва. Я яшчэ не мог пайсці. Вяртацца ў бальніцу было рана. Я стараўся ні пра што не думаць і быць зусім спакойным. Мужчыны крыху пастаялі, але ніхто не ўставаў, і яны выйшлі. Я выпіў яшчэ піва. Перада мной на стале быў ужо цэлы стос посуду. Чалавек насупраць мяне зняў акуляры, схаваў іх у футарал, склаў газету і сунуў яе ў кішэню, і цяпер глядзеў па баках, трымаючы ў руцэ кілішак з лікёрам. Раптам я адчуў, што павінен пайсці. Я паклікаў кельнера, заплаціў, апрануў паліто, узяў капялюш і выйшаў на вуліцу. Пад дажджом я вярнуўся ў бальніцу.
Наверсе ў калідоры я сустрэў сястру.
— Я толькі што тэлефанавала вам у гатэль,— сказала яна. Нешта абарвалася ў мяне ўнутры.
— Што здарылася?
— У madame Генры быў крывацёк.
— Можна мне зайсці?
— He, цяпер нельга. Там доктар.
— Гэта небяспечна?
— Гэта вельмі небяспечна.
Сястра ўвайшла ў палату і зачыніла за сабой дзверы.
Я сядзеў ля дзвярэй у калідоры. Унутры ў мяне было пуста. Я не думаў. Я не мог думаць. Я ведаў, што яна памрэ, і маліўся, каб яна не памерла. He дай ёй памерці. Госпадзі, Госпадзі, не дай ёй памерці. Я выканаю ўсё, што ты пажадаеш, толькі не дай ёй памерці. Добры Бог, не дай ёй памерці. He, не,
не, не дай ёй памерці. Божа, зрабі так, каб яна не памерла. Я ўсё выканаю, толькі не дай ёй памерці. Ты забраў дзіця, але не дай памерці ёй. Гэта нічога, што ты забраў яго, толькі не дай памерці ёй. Божа, добры Бог, не дай памерці ёй.
Сястра прачыніла дзверы і зрабіла мне знак зайсці. Я ўвайшоў. Кэтрын не азірнулася, калі я зайшоў. Я падышоў да ложка. Доктар стаяў ля ложка з другога боку. Кэтрын зірнула на мяне і ўсміхнулася. Я схіліўся над ложкам і заплакаў.
— Бедны ты мой,— сказала Кэтрын зусім ціха. Твар яе быў шэры.
— Усё добра, Кэт,— сказаў я.— Хутка ўсё будзе добра.
— Хутка я памру,— сказала яна. Затым крыху памаўчала і сказала: — Я не хачу.
Я ўзяў яе руку.
— He чапай мяне,— сказала яна. Я адпусціў руку. Яна ўсміхнулася.— Бедны мой! Чапай колькі хочаш.
— Усё будзе добра, Кэт. Я ведаю, што ўсё будзе добра.
— Я хацела напісаць табе ліст на выпадак чаго-небудзь, але так і не напісала.
— Хочаш, каб я паклікаў святара ці яшчэ каго-небудзь?
— Толькі цябе,— сказала яна. Затым, праз некалькі хвілін: — Я не баюся. Я толькі не хачу.
— Вам нельга столькі гаварыць,— сказаў доктар.
— Добра, не буду,— сказала Кэтрын.
— Чаго-небудзь хочаш, Кэт? Табе што-небудзь даць?
Кэтрын усміхнулася.
— Не,— Затым праз некалькі хвілін: — Ты не будзеш з другой дзяўчынай так, як са мной? He будзеш гаварыць нашыя словы? Скажы.
— Ніколі.
— Але я хачу, каб у цябе былі дзяўчаты.
— Яны не патрэбныя мне.
— Вы надта шмат гаворыце,— сказаў доктар.— Monsieur Генры давядзецца выйсці. Пазней ён можа прыйсці зноў. Вы не памраце. He кажыце глупства.
— Добра,— сказала Кэтрын,— Я буду прыходзіць да цябе начамі,— сказала яна. Ей было вельмі цяжка гаварыць.
— Калі ласка, выйдзіце з пакоя,— сказаў доктар,— Ей нельга размаўляць.
Кэтрын падміргнула мне, твар яе стаў зусім шэрым.
— Нічога, я пабуду ў калідоры,— сказаў я.
— Ты не засмучайся, любы,— сказала Кэтрын,— Я ні кропелькі не баюся. Гэта толькі дрэнны жарт.
— Ты мая дарагая, храбрая дзяўчынка.
Я чакаў у калідоры. Я чакаў доўга. Сястра выйшла з пакоя і падышла да мяне.
— Madame Генры вельмі блага,— сказала яна,— Я баюся за яе.
— Яна памерла?
— He, але яна ляжыць без памяці.
Відаць, адзін крывацёк ішоў за другім. Нельга было спыніць кроў. Я ўвайшоў у пакой і заставаўся ля Кэтрын, пакуль яна не памерла. Яна больш не ачуняла, і хутка ўсё скончылася.
У калідоры я звярнуўся да доктара:
— Сёння яшчэ трэба што-небудзь рабіць?
— He. Нічога рабіць не трэба. Мо правесці вас у гатэль?
— He, дзякуй вам. Я яшчэ пабуду тут.
— Я ведаю, што тут нічога не скажаш. He магу выказаць...
— Так,— сказаў я.— Тут нічога не скажаш.
— Дабранач,— сказаў ён,— Мо мне ўсё-ткі правесці вас?
— He, дзякуй.
— Больш нічога нельга было зрабіць,— сказаў ён.— Аперацыя паказала...