Творы замежнай літаратуры для дадатковага чытання ў 10—11 класах
Эрнэст Хемінгуэй, Райнер Марыя Рыльке
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 335с.
Мінск 2024
Возера стала шырэйшае, і на другім беразе каля падножжа гор мы ўбачылі агні; гэта павінна была быць Луіна. Я бачыў клінападобную шчыліну паміж гарамі на другім беразе і вырашыў, што, відаць, гэта і ёсць Луіна. Калі так, то мы ішлі добрым тэмпам. Я ўцягнуў вёслы ў лодку і лёг на спіну. Я вельмі, вельмі стаміўся. Рукі, плечы, спіна балелі, і далоні былі сцёртыя.
— А што, калі разгарнуць парасон? — сказала Кэтрын.— Вецер будзе дзьмуць у яго і гнаць лодку.
— Ты зможаш кіраваць?
— Напэўна.
— Вазьмі гэта вясло пад паху, прыцісні яго шчыльна да борта і так кіруй, а я буду трымаць парасон.
Я перайшоў на карму і паказаў ёй, як трымаць вясло. Я сеў тварам да носа лодкі, узяў вялікі парасон, які даў мне швейцар, і разгарнуў яго. Я трымаў яго з двух бакоў за краі, седзячы верхам на ручцы, якую зачапіў за лаўку. Вецер дзьмуў проста ў яго, і, учапіўшыся з усёй сілы ў краі, я адчуў, як лодку панесла наперад. Парасон вырываўся з маіх рук. Лодка ішла вельмі хутка.
— Мы проста ляцім,— сказала Кэтрын. Я не бачыў нічога, апрача спіц парасона. Парасон напружваўся і вырываўся, і я адчуваў, як мы разам з ім імчымся наперад. Я ўпёрся нагамі і яшчэ мацней учапіўся за краі, потым раптам нешта затрашчала; адна спіца пстрыкнула мне па лбе, я хацеў схапіць верх, які выгінаўся на ветры, але тут усё з трэскам вывернулася, і там, дзе толькі што быў поўны, надзьмуты ветрам ветразь, я сядзеў верхам на ручцы вывернутага падранага парасона. Я адчапіў ручку ад лаўкі, паклаў парасон на дно і пайшоў да Кэтрын па вясло. Яна рагатала. Яна ўзяла мяне за руку і працягвала рагатаць.
— Чаго ты? — Я ўзяў у яе вясло.
— Ты такі смешны быў з гэтай штукай.
— Смешны...
— He злуйся, любы. Гэта было вельмі смешна. Ты меў футаў дваццаць у шырыню і так горача сціскаў краі парасона...— Яна задыхнулася ад смеху.
— Зараз вазьмуся за вёслы.
— Адпачні і выпі каньяку. Такая цудоўная ноч, і мы ўжо столькі праехалі.
— Трэба паставіць лодку ўпоперак хвалі.
— Я дастану бутэльку. А потым ты крыху адпачні.
Я падняў вёслы, і мы загайдаліся на хвалях. Кэтрын адчыніла чамадан. Яна перадала мне бутэльку з каньяком. Я выцягнуў корак сцізорыкам і адпіў добры глыток. Каньяк
быў моцны, і цяпло разлілося па ўсім маім целе, і я сагрэўся і павесялеў.
— Добры каньяк,— сказаў я. Месяц зноў зайшоў за хмару, але бераг быў бачны. Уперадзе была стрэлка, што далёка выдавалася ў возера.
— Табе не холадна, Кэт?
— Мне вельмі добра. Толькі ногі крыху зацяклі.
— Вычарпай ваду, тады зможаш выцягнуць іх.
Я зноў стаў веславаць, прыслухоўваючыся да скрыпу ўключын і бразгання чарпака аб дно лодкі пад кармавой лаўкай.
— Дай мне, калі ласка, чарпак,— сказаў я.— Мне хочацца піць.
— Ен вельмі брудны.
— Нічога. Я апаласну яго.
Я пачуў, як Кэтрын апалосквае чарпак за бортам лодкі. Потым яна падала яго мне, да краёў напоўнены вадой. Мяне мучыла смага пасля каньяку, а вада была халодная, як лёд, такая халодная, што ламала зубы. Я паглядзеў на бераг. Мы набліжаліся да стрэлкі. У бухце наперадзе відаць былі агні.
— Дзякуй,— сказаў я і перадаў ёй чарпак.
— Зрабіце ласку,— сказала Кэтрын.— Ці не хочаце яшчэ?
— Ты што-небудзь з’ела б?
— He. Я пакуль што яшчэ не галодная. Трэба схаваць ежу на той выпадак, калі я прагаладаюся.
— Добра.
Тое, што здалёк здавалася стрэлкай, быў доўгі скалісты мыс. Я ад’ехаў на сярэдзіну возера, каб абагнуць яго. Возера тут было шмат вузейшае. Месяц зноў выглянуў, і калі guardia di Finanza1 назірала з берага, яна магла бачыць, як наша лодка чарнеецца на вадзе.
— Як ты там, Кэт?
— Вельмі добра. Дзе мы?
— Я думаю, нам засталося не больш як восем міль.
— Бедненькі ты мой! Гэта ж столькі яшчэ веславаць. Ты яшчэ жывы?
— Жывы. Толькі вось далоні нацёр.
1 Мытная варта (італ.).
Мы ехалі ўвесь час на поўнач. Горны ланцуг на правым беразе перарваўся, пакаты спуск вёў да нізкага берага, дзе, па маіх разліках, павінна была знаходзіцца Канобіа. Я трымаўся на вялікай адлегласці ад берага, бо ў гэтых месцах небяспека сустрэць guardia была асабліва вялікая. На другім беразе наперадзе была высокая купалападобная гара. Я стаміўся. Веславаць заставалася няшмат, але калі ўжо выб’ешся з сіл, то і такая адлегласць здаецца неадольнай. Я ведаў, што трэба мінуць гэтую гару і зрабіць яшчэ міляў пяць па возеры, перш чым мы трапім нарэшце ў швейцарскія воды. Месяц ужо заходзіў, але перад тым, як ён зайшоў, неба зноў зацягнулася хмарамі, і стала вельмі цёмна. Я трымаўся далей ад берага і час ад часу адпачываў, падняўшы вёслы так, каб вецер біў у лопасці.
— Дай крыху павяслую я,— сказала Кэтрын.
— Табе, напэўна, нельга.
— Глупства. Гэта мне нават карысна. He будуць так зацякаць ногі.
— Табе, напэўна, нельга, Кэт.
— Глупства. Заняткі веславаннем нават карысныя для маладых дам у перыяд цяжарнасці.
— Ну, добра, сядай і паціху вяслуй. Я перайду на тваё месца, а потым ты ідзі на маё. Трымайся за барты, калі будзеш пераходзіць.
Я сядзеў на карме ў паліто, падняўшы каўнер, і глядзеў, як Кэтрын вяслуе. Яна веславала добра, але вёслы былі занадта доўгія і нязручныя для яе. Я адчыніў чамадан і з’еў два сандвічы і выпіў каньяку. Ад гэтага мне стала лепш, і я выпіў яшчэ.
— Скажы мне, калі стомішся,— сказаў я. Потым, счакаўшы крыху: — Глядзі не ткні сябе вяслом у жывот.
— Калі б гэта здарылася,— сказала Кэтрын паміж узмахамі,— жыццё стала б намнога прасцейшым.
Я выпіў яшчэ каньяку.
— Ну як?
— Добра.
— Скажы мне, калі надакучыць.
— Добра.
Я выпіў яшчэ каньяку, потым узяўся за барты і пайшоў да сярэдзіны лодкі.
— He трэба. Мне так вельмі добра.
— He, ідзі на карму. Я выдатна адпачыў
Нейкі час пасля каньяку я веславаў упэўнена і лёгка. Потым у мяне пачалі зарывацца вёслы, і неўзабаве я зноў перайшоў на кароткія ўзмахі, адчуваючы тонкі невыразны прысмак жоўці ў роце, бо я вельмі моцна веславаў пасля каньяку.
— Дай мне, калі ласка, глыток вады,— сказаў я.
— Хоць цэлае вядро.
Перад світаннем стала імжыць. Вецер сціх, а мо цяпер нас засцерагалі горы, што абступілі возера. Калі я зразумеў, што набліжаецца світанне, я сеў зручней і налёг на вёслы. Я не ведаў, дзе мы, і хацеў хугчэй трапіць у швейцарскую частку возера. Калі стала віднець, мы былі зусім блізка ад берага. Былі бачны дрэвы і камяністы спуск да вады.
— Што гэта? — спытала Кэтрын. Я падняў вёслы і прыслухаўся. На возеры стукаў лодачны матор. Мы пад’ехалі да самага берага і спыніліся. Стук наблізіўся; потым недалёка ад нашай кармы мы ўбачылі пад дажджом маторную лодку. На карме сядзелі чатыры guardia di Finanza у насунутых капелюшах альпійскіх стралкоў, з паднятымі каўнярамі і з карабінамі за спінай; усе чацвёра здаваліся соннымі ў гэты ранні час. Мне відаць былі жоўтыя знакі ў іх на каўнярах і нешта жоўтае на капелюшах. Стукаючы маторам, лодка праехала далей і схавалася з вачэй пад дажджом.
Я ад’ехаў да сярэдзіны возера. Відаць, граніца была зусім блізка, і я зусім не хацеў, каб нас убачыў вартавы. Я выраўнаваўся там, адкуль бераг быў толькі бачны, і яшчэ тры чвэрці гадзіны веславаў пад дажджом. Адзін раз мы зноў пачулі маторную лодку, і я перачакаў, пакуль стук заціх каля другога берага.
— Здаецца, мы ўжо ў Швейцарыі, Кэт,— сказаў я.
— Праўда?
— Дакладна сказаць нельга, пакуль мы не ўбачым швейцарскую армію.
— Або швейцарскі флот.
— Ты не жартуй швейцарскім флотам. Тая маторная лодка, якую мы толькі што чулі, і была, напэўна, швейцарскім флотам.
— Ну, калі мы ў Швейцарыі, дык, у кожным разе, хоць паснедаем на славу. У Швейцарыі такія цудоўныя булачкі, і масла, і варэнне.
Ужо зусім развіднела, і ішоў дробны дождж. Вецер усё яшчэ дзьмуў з поўдня, і былі відаць белыя грабяні баранчыкаў, што разыходзіліся ад нас па возеры. Я ўжо не сумняваўся, што мы ў Швейцарыі. За дрэвамі ўбаку ад берага бачны былі дамкі, а крыху далей на беразе было паселішча з мураванымі дамамі, віламі на пагорках і царквой. Я выглядваў, ці няма варты на дарозе, уздоўж берага, але нікога не было відаць. Потым дарога падышла зусім блізка да возера, і я ўбачыў салдата, які выходзіў з кавярні каля дарогі. На ім была шэра-зялёная форма і каска, падобная на нямецкую. У яго быў здаровы чырванашчокі твар і маленькія вусы шчотачкай. Ен паглядзеў на нас.
— Памахай яму рукой,— сказаў я Кэтрын. Яна памахала, і салдат нерашуча ўсміхнуўся і таксама памахаў у адказ. Я стаў веславаць больш марудна. Мы праязджалі міма самога паселішча.
— Напэўна, мы ўжо даўно ў Швейцарыі,— сказаў я.
— Трэба ведаць дакладна, любы. A то каб нас не вярнулі з мяжы назад.
— Граніца далёка ззаду. Гэта, напэўна, мытны пункт. Я амаль упэўнены, што гэта Брысага.
— А ці няма тут італьянцаў? На мытных пунктах заўсёды шмат народу з суседняй краіны.
— Толькі не ў ваенны час. He думаю, каб цяпер італьянцам дазвалялі пераходзіць мяжу.
Гарадок быў вельмі прыгожы. Каля прыстані стаяла шмат рыбацкіх лодак, і на рагатках былі развешаныя сеткі. Ішоў дробны лістападаўскі дождж, але тут нават у дождж было весела і чыста.
— Тады давай прычалім і пойдзем снедаць.
— Давай.
Я налёг на левае вясло і падышоў да берага, потым, каля самай прыстані, выраўнаваўся і прычаліў бокам. Я ўцягнуў вёслы, схапіўся за жалезнае кольца, паставіў нагу на мокры камень і ступіў у Швейцарыю. Я прывязаў лодку і працягнуў руку Кэтрын.
— Выходзь, Кэт. Цудоўнае пачуццё.
— А чамаданы?
— Пакінем у лодцы.
Кэтрын выйшла, і мы апынуліся ў Швейцарыі.
— Якая цудоўная краіна,— сказала яна.
— Праўда, выдатная?
— Пойдзем хутчэй снедаць.
— He, праўда выдатная краіна? Па ёй так прыемна хадзіць.
— У мяне так зацяклі ногі, што я нічога не адчуваю. Але, напэўна, прыемна. Любы, ты разумееш, што мы ўжо тут, што мы выбраліся з гэтай праклятай Італіі?
— Так. Шчырая праўдачка, так. Я яшчэ ніколі так добра нічога не разумеў.
— Паглядзі на гэтыя дамы. А якая цудоўная плошча! Вось там можна і паснедаць.
— А які цудоўны дождж! У Італіі ніколі не бывае такога дажджу. Гэта вясёлы дождж.
— I мы з табой ужо тут, любы. He, ты разумееш, што мы з табой ужо тут?
Мы ўвайшлі ў кавярню і селі за чысценькі драўляны столік. Мы былі як п’яныя. Выйшла цудоўная чысценькая жанчына ў фартуху і спытала, што нам падаць.
— Булачкі, і варэнне, і каву,— сказала Кэтрын.