• Газеты, часопісы і г.д.
  • Творы замежнай літаратуры для дадатковага чытання ў 10—11 класах  Эрнэст Хемінгуэй, Райнер Марыя Рыльке

    Творы замежнай літаратуры для дадатковага чытання ў 10—11 класах

    Эрнэст Хемінгуэй, Райнер Марыя Рыльке

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 335с.
    Мінск 2024
    73.14 МБ
    — Цяжкая была?
    — Так, даволі цяжкая.
    — Аднойчы я тут ездзіў адзін і трымаў лёску ў зубах, дык адна тарганула так, што ледзь усю сківіцу ў мяне не вырвала.
    — Лепш за ўсё прывязваць да нагі,— сказаў я.— Тады і лёску адчуваеш, і зубы застануцца цэлыя.
    Я апусціў руку ў ваду. Яна была вельмі халодная. Мы былі цяпер амаль насупраць гатэля.
    — Мне пара,— сказаў бармен,— я павінен паспець да адзінаццатай гадзіны. L’heure du cocktail1.
    — Добра.
    Я ўцягнуў лёску і накруціў яе на палачку з засечкамі на абодвух канцах. Бармен паставіў лодку на маленькую нішу каменнай сцяны і прымацаваў яе ланцугом з замком.
    — Калі захочаце пакатацца,— сказаў ён,— я дам вам ключ.
    Мы падняліся ў гатэль і зайшлі ў бар. Мне не хацелася больш піць так рана, і я падняўся ў наш пакой. Пакаёўка толькі што скончыла прыбіраць, і Кэтрын яшчэ не вярнулася. Я лёг на ложак і стараўся не думаць.
    Калі Кэтрын вярнулася, усё зноў стала добра. Фергюсон унізе, сказала яна. Яна будзе снедаць з намі.
    — Я ведала, што ты нічога не будзеш мець супраць,— сказала Кэтрын.
    — Нічога,— сказаў я.
    — Што з табой, любы?
    — He ведаю.
    — Я ведаю. Табе няма чаго рабіць. У цябе ёсць толькі я, а я пайшла.
    — Ты маеш рацыю.
    — Прабач мне, любы. Я ведаю, гэта, напэўна, жахлівае пачуццё, калі раптам зусім нічога не застаецца.
    — У мяне заўсёды жыццё было такім напоўненым,— сказаў я.— Цяпер жа, калі цябе няма са мной, усё пустое.
    — Але ж я буду з табой. Я выходзіла толькі на дзве гадзіны. Ты не можаш прыдумаць сабе які-небудзь занятак?
    — Я ездзіў з барменам лавіць рыбу.
    — Добра было?
    — Так.
    — He думай пра мяне, калі мяне няма.
    — Заўсёды стараўся так паступаць на фронце. Але там мне было што рабіць.
    — Атэла ў адстаўцы,— падражніла яна.
    — Атэла быў негр,— сказаў я,— I апрача таго, я не раўнівы. Я проста так кахаю цябе, што для мяне больш нічога не існуе.
    1 Гадзіна кактэйляў (франц.).
    — А цяпер будзь ветлівы з Фергюсон.
    — Я заўсёды ветлівы з Фергюсон, пакуль яна не пачынае мяне праклінаць.
    — Будзь ветлівы з ёй. Падумай, у нас ёсць так многа, а ў яе нічога няма.
    — He думаю, што ёй хацелася таго, што ёсць у нас.
    — Нічога ты не ведаеш, любы, а яшчэ разумнік.
    — Я буду ветлівы з ёй.
    — Я не сумняваюся. Ты ў мяне добры.
    — Але пазней яна не застанецца?
    — He. Я сплаўлю яе.
    — Мы вернемся сюды?
    — Вядома. А як жа інакш?
    Мы спусціліся ўніз, каб паснедаць з Фергюсон. На яе моцнае ўражанне зрабіў гатэль і раскоша рэстарана. Мы добра паснедалі і выпілі дзве бутэлькі капры. У рэстаран увайшоў граф Грэфі і пакланіўся нам. 3 ім была яго пляменніца, якая крыху нагадвала маю бабулю. Я расказаў пра яго Кэтрын і Фергюсон, і на Фергюсон мой расказ зрабіў моцнае ўражанне. Гатэль быў вельмі вялікі, і пышны, і пусты, але ежа была смачная, віно вельмі прыемнае, і нарэшце ад віна ўсім стала вельмі добра. Кэтрын адчувала сябе як найлепш. Яна была шчаслівая. Фергюсон зусім развесялілася. Мне самому было вельмі добра. Пасля снедання Фергюсон вярнулася ў свой гатэль. Яна хоча крыху паляжаць пасля снедання, сказала яна.
    Прыканцы дня нехта пастукаў да нас у дзверы.
    — Хто там?
    — Граф Грэфі пытае, ці згуляеце вы з ім у більярд?
    Я паглядзеў на гадзіннік; я зняў яго, і ён ляжаў пад падушкай.
    — Гэта трэба, любы? — шапнула Кэтрын.
    — Відаць, трэба пайсці.— Гадзіннік паказваў чвэрць пятай. Я гучна сказаў: — Перадайце графу Грэфі, што я буду ў більярднай а пятай гадзіне.
    Без чвэрці пятая я пацалаваў на развітанне Кэтрын і пайшоў у ванную апранацца. Калі я завязваў гальштук і глядзеў у люстэрка, мне дзіўна было бачыць сябе ў цывільным. Я падумаў, што трэба будзе купіць яшчэ сарочак і шкарпэтак.
    — Ты ідзеш надоўга? — спытала Кэтрын. Яна была вельмі прыгожая ў ложку.— Дай мне, калі ласка, шчотку.
    Я глядзеў, як яна расчэсвала валасы, схіліўшы галаву так, каб уся маса валасоў звісла на адзін бок. За акном было ўжо цёмна, і святло лямпы над ложкам клалася на яе валасы, і шыю, і плечы. Я падышоў і пацалаваў яе, адвёўшы яе руку са шчоткай, і яе галава адкінулася на падушку. Я пацалаваў яе шыю і плечы. У мяне кружылася галава, так моцна я яе кахаў.
    — Я не хачу ісці.
    — I я не хачу, каб ты ішоў.
    — Ну, дык я не пайду.
    — He. Ідзі. Гэта ж ненадоўга, а потым ты вернешся.
    — Мы паабедаем тут, наверсе.
    — Ідзі і хутчэй вяртайся.
    Я застаў графа Грэфі ў більярднай. Ён практыкаваўся ў розных ударах і здаваўся вельмі кволым у святле лямпы, што спускалася над більярдам. На ломберным століку крыху воддаль, у цені, стаяла срэбнае вядзерца з лёдам, адкуль тырчалі рыльцы і коркі дзвюх бутэлек шампанскага. Граф Грэфі выпрастаўся, калі я ўвайшоў у більярдную, і пайшоў мне насустрач. Ен падаў мне руку.
    — Я вельмі рады бачыць вас тут. Вы такі ласкавы, што згадзіліся прыйсці пагуляць са мной.
    — 3 вашага боку вельмі міла было запрасіць мяне.
    — Як ваша здароўе? Я чуў, вы былі паранены на Ізонца. Спадзяюся, вы цяпер паправіліся.
    — Я зусім здаровы. Як ваша здароўе?
    — О, я заўсёды здаровы. Але я старэю. ГІачынаю заўважаць прыкметы старасці.
    — У гэта цяжка паверыць.
    — I Іраўда. Вось вам прыклад. Мне цяпер лягчэй гаварыць па-італьянску, чым на іншай мове. Я прымушаю сябе, але, калі я стамляюся, мне ўсё-ткі лягчэй гаварыць па-італьянску. Так што, па ўсім відаць, я старэю.
    — Будзем гаварыць па-італьянску. Я таксама крыху стаміўся.
    — О, але калі вы стаміліся, вам павінна быць лягчэй гаварыць па-англійску.
    — Па-амерыканску.
    — Так. Па-амерыканску. Калі ласка, гаварыце па-амерыканску. Гэта такая чароўная мова.
    — Я амаль не сустракаюся цяпер з амерыканцамі.
    — Вы, напэўна, вельмі сумуеце без іх кампаніі. Заўсёды сумна без суайчыннікаў, асабліва без суайчынніц. Я гэта ведаю. Што ж, згуляем, ці вы вельмі стаміліся?
    — Я не стаміўся. Я сказаў гэта так, жартам. Якую вы мне дасце фору?
    — Вы шмат гулялі за гэты час?
    — Зусім не гуляў.
    — Вы гуляеце вельмі добра. Дзесяць ачкоў?
    — Вы мяне хваліце.
    — Пятнаццаць?
    — Гэта было б цудоўна, але вы ўсё роўна пераможаце.
    — Будзем гуляць на грошы? Вы заўсёды лічылі за лепшае гуляць на грошы.
    — Давайце.
    — Цудоўна. Я даю вам васямнаццаць ачкоў, і мы гуляем па франку за ачко.
    Ён вельмі прыгожа пачаў партыю, і, нягледзячы на фору, я толькі на чатыры ачкі абагнаў яго да сярэдзіны гульні. Граф Грэфі націснуў кнопку званка, выклікаючы бармена.
    — Будзьце ласкавы адкаркаваць адну бутэльку,— сказаў ён. Потым мне: — Па шклянцы для настрою.
    Віно было халоднае, як лёд, і вельмі сухое і добрае.
    — Будзем гаварыць па-італьянску. Вы не супраць? Гэта цяпер мая слабасць.
    Мы працягвалі гуляць, смакуючы віно паміж ударамі, гаворачы па-італьянску, але наагул гаварылі мала, сканцэнтраваўшыся на гульні. Граф Грэфі выбіў сотае ачко, а я, нягледзячы на фору, меў толькі дзевяноста чатыры. Ен усміхнуўся і паляпаў мяне па плячы.
    — Цяпер мы вып’ем другую бутэльку, і вы раскажаце мне пра вайну,— Ен чакаў, калі я сяду.
    — Пра што-небудзь іншае,— сказаў я.
    — Вы не хочаце гаварыць пра гэта? Добра. Што вы чыталі апошнім часам?
    — Нічога,— сказаў я.— Баюся, што я вельмі атупеў.
    — He. Але чытаць вам трэба.
    — Што напісана за час вайны?
    — Ёсць «Le feu»1 аднаго француза, Барбюса. Ёсць «Містар Брытлінг бачыць усё наскрозь».
    — Гэта няпраўда.
    — Што няпраўда?
    — Ён не бачыць усё наскрозь. Гэтыя кнігі былі ў нас у шпіталі.
    — Значыць, нешта вы чыталі?
    — Так, але добрага нічога.
    — Мне здаецца, што ў «Містары Брытлінгу» вельмі добра паказана душа англійскай буржуазіі.
    — Я не ведаю, што такое душа.
    — Бедны. Ніхто не ведае, што такое душа. Вы — croyant?2
    — Толькі ноччу.
    Граф Грэфі ўсміхнуўся і пакруціў шклянку ў пальцах.
    — Я меркаваў, што з узростам стану больш набожны, але чамусьці гэтага не здарылася,— сказаў ён.— Вельмі шкадую.
    — Вы хацелі б жыць пасля смерці? — сказаў я і тут жа спахапіўся, што неразумна было ўпамінаць пра смерць. Але яго не збянтэжыла гэта слова.
    — Гледзячы як жыць. Гэта жыццё вельмі прыемнае. Я хацеў бы жыць вечна.— Ён усміхнуўся,— Мне гэта амаль удалося.
    Мы сядзелі ў глыбокіх скураных крэслах, падзеленыя столікам з келіхамі і шампанскім у срэбным вядзерцы.
    — Калі вы дажывяце да майго ўзросту, шмат што вам будзе здавацца дзіўным.
    — Вы не падобны на старога.
    — Цела старэе. Часам мне здаецца, што ў мяне палец можа адламацца, як кончык крэйды. А дух не старэе, і мудрасці не дабаўляецца.
    — Вы мудры.
    — He, гэта вялікая памылка — мудрасць старых. Старыя не мудрыя. Яны толькі асцярожныя.
    — Магчыма, гэта і ёсць мудрасць.
    — Гэта вельмі непрывабная мудрасць. Што вы цэніце вышэй за ўсё?
    1 Агонь (франц.).
    2 Веруючы (франц.).
    — Каханую жанчыну.
    — Вось і я таксама. Гэта не мудрасць. А жыццё вы цэніце?
    — Так.
    — Я таксама. Бо гэта ўсё, што ў мяне ёсць. I яшчэ дні нараджэння,— засмяяўся ён.— Відаць, вы мудрэйшы, чым я. Вы не святкуеце дзень свайго нараджэння.
    Мы абодва смакавалі віно.
    — Што вы насамрэч думаеце пра вайну? — спытаў я.
    — Я думаю, што яна бязглуздая.
    — Хто выйграе яе?
    — Італьянцы. Яны больш маладая нацыя.
    — Хіба маладыя нацыі заўсёды выйграюць вайну?
    — Яны здольныя на гэта ў пэўны перыяд.
    — А потым што?
    — Яны становяцца старымі нацыямі.
    — А вы кажаце, што вы не мудры.
    — Дарагі мой хлопчык, гэта не мудрасць. Гэта цынізм.
    — Мне здаецца гэта найбольшай мудрасцю.
    — Гэта не зусім так. Я мог бы прывесці прыклады ў пацвярджэнне процілеглага. Але гэта нядрэнна сказана. Мы выпілі ўсё шампанскае?
    — Амаль што.
    — Можа, вып’ем яшчэ? Потым я пайду пераапрануцца.
    — Відаць, не варта болей.
    — Вам насамрэч не хочацца?
    — Так.
    Ен устаў.
    — Жадаю вам шмат поспехаў, і шмат шчасця, і шмат, шмат здароўя.
    — Дзякуй вам. А я жадаю вам жыць вечна.
    — Дзякуй вам. Я так і раблю. А калі раптам вы станеце набожным, памаліцеся за мяне, калі я памру. Я ўжо некалькіх сяброў прасіў пра гэта. Я спадзяваўся сам стаць набожным, але гэтага не здарылася.
    Мне здавалася, што ён усміхнуўся з сумам. Ён быў вельмі стары, і на яго твары было вельмі шмат маршчын, і ва ўсмешцы ўдзельнічала гэтулькі рысак, што адценні губляліся ў іх.
    — Я, відаць, стану вельмі набожным,— сказаў я,— Ва ўсялякім выпадку, я буду маліцца за вас.
    — Я заўсёды чакаў, што стану набожным. У маёй сям’і ўсе паміралі вельмі набожнымі. Але чамусьці гэтага не здарылася.