Творы замежнай літаратуры для дадатковага чытання ў 10—11 класах  Эрнэст Хемінгуэй, Райнер Марыя Рыльке

Творы замежнай літаратуры для дадатковага чытання ў 10—11 класах

Эрнэст Хемінгуэй, Райнер Марыя Рыльке
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 335с.
Мінск 2024
73.14 МБ
— Здрада накшталт вашай забрала ў нас вынікі перамогі.
— Вам калі-небудзь даводзілася адступаць? — спытаў падпалкоўнік.
— Італьянцы не павінны адступаць.
Мы стаялі пад дажджом і ўсё гэта слухалі. Мы стаялі насупраць афіцэраў, а арыштаваны спераду ад нас і крыху збоку.
— Калі вы хочаце расстраляць мяне,— сказаў падпалкоўнік,— прашу вас, расстраляйце адразу, без далейшага
допыту. Гэты допыт недарэчны,— Ён перахрысціўся. Афіцэры загаварылі між сабой. Адзін напісаў нешта на лістку з нататніка.
— Кінуў сваю часць, варты расстрэлу,— сказаў ён.
Два карабінеры павялі падпалкоўніка на бераг. Ён ішоў пад дажджом, стары з непакрытай галавой, між двух карабінераў. Я не глядзеў, як яго расстрэльвалі, але я чуў залп. Яны вялі допыт наступнага. Гэта таксама быў афіцэр, які адбіўся ад сваёй часці. Яму не дазволілі даць тлумачэнне. Ён плакаў, калі чыталі прысуд, напісаны на лістку з нататніка, а яны ўжо вялі допыт наступнага, калі першага расстрэльвалі. Яны ўвесь час спяшаліся пачаць допыт наступнага, пакуль таго, каго толькі што дапытвалі, расстрэльвалі ля ракі. Было відавочна, што яны тут ужо нічога не могуць зрабіць. Я не ведаў, чакаць мне допыту ці паспрабаваць збегчы. Было відавочна, што я немец у італьянскім мундзіры. Я ўявіў, як працуе іхняя думка, калі ў іх была думка і калі яна працавала. Гэта былі маладыя людзі, і яны ратавалі радзіму. Другая армія занава фарміравалася ля Тальямента. Яны расстрэльвалі афіцэраў у чыне маёра і вышэй, якія адбіліся ад сваіх часцей. Заадно яны распраўляліся з нямецкімі агітатарамі ў італьянскіх мундзірах. Яны былі ў стальных касках. Некалькі карабінераў былі таксама ў касках. Іншыя карабінеры былі ў шыракаполых капелюшах. Самалёты — так называлі іх у нас. Мы стаялі пад дажджом, і нас па адным выводзілі на допыт і на расстрэл. Ніводзін не пазбег расстрэлу. Яны вялі допыт з непаўторнай абыякавасцю і законапаслухмянствам, са стараннем людзей, якія распараджаюцца чужым жыццём у той час, калі іх уласнаму жыццю нічога не пагражае. Цяпер яны дапытвалі палкоўніка лінейнага палка. Толькі што прывялі яшчэ трох афіцэраў.
— Дзе ваш полк?
Я зірнуў на карабінераў. Яны глядзелі на новых арыштаваных. Астатнія глядзелі на палкоўніка. Я нырнуў, праскочыў між двух канвойных і пабег да ракі, прыгнуўшы галаву. Ля самага берага я спатыкнуўся і з моцным усплёскам сарваўся ў ваду. Вада была вельмі халодная, і я заставаўся пад ёй, колькі мог вытрымаць. Я адчуваў, як мяне зносіць цячэнне, і я заставаўся пад вадой да таго часу, пакуль мне не здалося, што я ўжо не здолею выплысці. Я ўсплыў на паверхню, уздыхнуў
і зноў нырнуў. У поўнай форме і чаравіках няцяжка было заставацца пад вадой. Калі я ўсплыў другі раз, я ўбачыў перад сабой бервяно, і дагнаў яго, і схапіўся за яго адной рукой. Я схаваў за ім галаву і нават не спрабаваў выглянуць. Я не хацеў бачыць бераг. Я чуў стрэлы, калі бег і калі ўсплыў першы раз. Гук іх даносіўся да мяне, калі я плыў пад самай паверхняй вады. Цяпер стрэлаў не было. Бервяно калыхалася на вадзе, і я трымаўся за яго адной рукой. Я зірнуў на бераг. Здавалася, ён вельмі хутка адыходзіў назад. Па рацэ плыло шмат лесу. Вада была вельмі халодная. Мы мінулі астравок, зарослы кустамі. Я схапіўся за бервяно абедзвюма рукамі, і яно панесла мяне па цячэнні. Берага я цяпер не бачыў.
РАЗДЗЕЛ ТРЫЦЦАЦЬ ПЕРШЫ
Ніколі не ведаеш, колькі часу плывеш па рацэ, калі цячэнне хуткае. Здаецца, што доўга, а насамрэч, можа быць, вельмі мала. Вада была халодная і стаяла вельмі высока, і па ёй плыло шмат розных рэчаў, змытых з берага падчас разліву. На шчасце, мне трапілася цяжкае бервяно, якое магло служыць апорай, і я выцягнуўся ў ледзяной вадзе, паклаў падбародак на дрэва і імкнуўся як мага лягчэй трымацца абедзвюма рукамі. Я баяўся сутаргі, і мне хацелася, каб нас аднесла да берага. Мы плылі па рацэ ўніз, робячы доўгую крывую. Ужо так развіднела, што былі бачны кусты ля берага. Спераду быў зарослы кустамі востраў, і цячэнне адхілялася да берага. У мяне была думка скінуць чаравікі і адзенне і даплысці да берага, але я вырашыў, што не трэба. Я ўвесь час не сумняваўся, што неяк патраплю на бераг, і мне будзе складана, калі я застануся босы. Трэба было неяк дабрацца да Местры.
Бераг наблізіўся, затым аддаліўся, пасля наблізіўся зноў. Цяпер мы плылі больш павольна. Бераг быў ужо зусім блізка. Можна было разгледзець кожную галінку вярбы. Бервяно марудна павярнулася, бераг апынуўся за мной, і я зразумеў, што мы трапілі ў вір. Мы марудна кружыліся на адным месцы. Калі бераг зноў стаў відаць, ужо зусім блізка, я паспрабаваў, трымаючыся адной рукой, другой грэбці да берага, дапамагаючы нагамі, але мне не ўдалося падвесці бервяно бліжэй. Я баяўся, што нас аднясе на сярэдзіну, і, трымаючыся адной
рукой, я падкурчыў ногі так, што яны ўперліся ў бервяно, і моцна адштурхнуўся да берага. Я ўбачыў кусты, але, нягледзячы на інерцыю і на намаганні, якія я рабіў, цячэнне адносіла мяне ўбок. Мне стала вельмі страшна, што я патану праз чаравікі, але я працаваў на ўсю моц і змагаўся з вадой, і калі я ўзняў вочы, бераг ішоў на мяне, і, пераадольваючы небяспечны цяжар ног, я плыў і плыў, пакуль не дабраўся да берага. Я схапіўся за галіну вярбы і павіс, не маючы сілы падцягнуцца, але я дакладна ведаў, што не патану. На бервяне я ні разу не падумаў, што магу патануць. Я быў абяссілены, і я трымаўся за галіны і чакаў. Калі крыху ачуняў, я пасунуўся наперад і зноў адпачыў, абхапіўшы куст рукамі, моцна трымаючыся за галіны. Затым я вылез з вады, прадзёрся цераз вербалоз і апынуўся на беразе. Ужо амаль развіднела, і нікога не было відно. Я ляжаў на зямлі ніц і слухаў шум ракі і дажджу.
Крыху счакаўшы я ўстаў і пайшоў уздоўж берага. Я ведаў, што да Лацізаны няма ніводнага моста. Я лічыў, што знаходжуся, відаць, насупраць Сан-Віта. Я пачаў разважаць, што ж мне рабіць. Спераду быў канал, які падыходзіў да ракі. Я пайшоў туды. Вакол не было нікога, і я сеў пад кустамі на самым беразе канала, і зняў чаравікі, і выліў з іх ваду. Я скінуў фрэнч, дастаў з бакавой кішэні гаманец з наскрозь прамоклымі дакументамі і грашыма і пасля выкруціў фрэнч. Я зняў штаны і выкруціў іх таксама, пасля сарочку і споднюю бялізну. Я доўга пляскаў і расціраў сябе далонямі, затым зноў апрануўся. Кепі я згубіў.
Перш чым апрануць фрэнч, я спароў з рукавоў зорачкі і паклаў іх у бакавую кішэню разам з грашыма. Грошы намоклі, але былі цэлыя. Я палічыў іх. Было больш за тры тысячы лір. Усё адзенне было мокрае і ліпкае, і я размахваў рукамі, каб разагрэцца. На мне была бялізна з воўны, і я вырашыў, што не прастуджуся, калі буду увесь час рухацца. Мой пісталет забралі па дарозе, і я схаваў кабуру пад фрэнч. Я быў без плашча, і мне было холадна пад дажджом. Я пайшоў па беразе канала. Ужо зусім развіднела, і вакол было мокра і панура. Поле было мокрае і пустое; далёка за полем тырчала ў небе званіца. Я выйшаў на дарогу. Спераду на дарозе я ўбачыў атрад пяхоты, які ішоў мне насустрач. Я, кульгаючы, брыў па ўзбочыне дарогі, і салдаты прайшлі міма і не звярнулі на
мяне ўвагі. Гэта была кулямётная часць, якая кіравала да ракі. Я пайшоў далей.
Тым днём я перасёк венецыянскую раўніну. Гэта роўная нізкая мясцовасць, і пад дажджом яна здавалася яшчэ болып роўнай. 3 боку мора там былі лагуны і вельмі мала дарог. Усе дарогі ідуць па вусці ракі да мора, і каб перайсці раўніну, трэба ісці па сцежках уздоўж каналаў. Я прабіраўся па раўніне з поўначы на поўдзень і перасёк дзве чыгункі і шмат дарог, і нарэшце адна сцежка прывяла мяне да чыгункі, якая ішла на ўскраіне лагуны. Гэта была Трыест-Венецыянская магістраль, з высокім насыпам, шырокім палатном і двухкалейнай чыгункай. Крыху далей быў паўстанак, і я ўбачыў пост вартавых. У другім баку быў мост праз раку, якая ўпадала ў лагуну. Ля моста таксама быў вартавы. Калі я ішоў па полі на поўнач, я бачыў, як па чыгунцы прайшоў цягнік. На раўніне ён быў бачны далёка, і я вырашыў, што мо мне ўдасца тут ускочыць у цягнік, які ідзе з Партагруара. Я паглядзеў на вартавых і лёг на адхоне ля самай чыгункі так, каб бачыць яе ў абодва бакі. Вартавы ля моста зрабіў некалькі крокаў уздоўж рэек у кірунку да мяне, затым павярнуўся і пайшоў назад, да моста.
Галодны, я ляжаў і чакаў цягніка. Той, які я бачыў здалёк, быў такі доўгі, што паравоз цягнуў яго вельмі марудна, і я быў упэўнены, што мог бы заскочыць на хаду. Калі я ўжо амаль страціў надзею, я ўбачыў цягнік. Паравоз ішоў проста на мяне, паступова павялічваўся. Я азірнуўся на вартавога. Ён хадзіў ля бліжняга канца моста, але па той бок чыгункі. Гэта азначала, што цягнік павінен быў закрыць мяне ад яго. Я сачыў за набліжэннем паравоза. Ён ішоў і цяжка пыхкаў. Я бачыў, што вагонаў вельмі шмат. Я ведаў, што на цягніку ёсць ахова, і хацеў убачыць, дзе яна, але не мог, бо баяўся, каб мяне не заўважылі. Паравоз ужо амаль параўняўся з тым месцам, дзе я ляжаў. Калі ён прайшоў міма, цяжка пыхкаючы нават на роўным месцы, і машыніст ужо не мог бачыць мяне, я ўстаў і наблізіўся да вагонаў. Калі ахова глядзіць з акна, я дам менш падстаў для падазронасці, стоячы ля самых рэек навідавоку. Некалькі зачыненых таварных вагонаў прайшло міма. Пасля я ўбачыў нізкі адчынены вагон, якія тут называюць гандоламі, зверху ён быў накрыты брызентам. Я амаль прапусціў яго міма, затым падскочыў і схапіўся за бакавыя
поручні і падцягнуўся на руках. Затым споўз на буферы паміж гандолай і пляцоўкай наступнага, закрытага таварнага вагона. Я быў амаль перакананы, піто мяне ніхто не бачыў. Я прысеў, трымаючыся за поручні, упіраючыся нагамі ў счэп. Мы ўжо амаль зраўняліся з мостам. Я ўспомніў пра вартавога. Калі мы праязджалі, ён зірнуў на мяне. Ен быў зусім хлапчанё, і занадта вялікая каска спаўзла яму на вочы. Я ганарліва паглядзеў на яго, і ён адвярнуўся. Ен падумаў, што я з брыгады цягніка.
Мы праехалі міма. Я бачыў, як ён, усе яшчэ неспакойна, сачыў за вагонамі, і я нахіліўся, каб паглядзець, як прымацаваны брызент. ЕІа краях былі колцы, і ён быў прывязаны вяроўкай. Я дастаў нож, перарэзаў вяроўку і засунуў руку ўнутр. Цвёрдыя пукатасці тырчалі пад брызентам, мокрым ад дажджу. Я ўзняў галаву і паглядзеў наперад. На пляцоўцы пярэдняга вагона быў салдат з аховы, але ён глядзеў у іншы бок. Я адпусціў поручні і нырнуў пад брызент. Я стукнуўся лбом так, што іскры пасыпаліся з вачэй, і я адчуў на твары кроў, але залез глыбей і лёг ніц. Затым я павярнуўся назад і зноў замацаваў брызент.