Творы замежнай літаратуры для дадатковага чытання ў 10—11 класах  Эрнэст Хемінгуэй, Райнер Марыя Рыльке

Творы замежнай літаратуры для дадатковага чытання ў 10—11 класах

Эрнэст Хемінгуэй, Райнер Марыя Рыльке
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 335с.
Мінск 2024
73.14 МБ
— Так, так,— сказаў я — Усё ў парадку, Кэт.
—	Усё ў парадку, любы. He хвалюйся. Мы добра выспімся, і заўтра ты ўжо не будзеш п’яны.
—	Я зусім п’яны,— сказаў я.— Увесь гэты дзень падобны на аперэту. Магчыма, я галодны.
—	Ты проста стаміўся, любы. Гэта ўсё пройдзе.
Экіпаж спыніўся каля гатэля. Хлопчык выйшаў забраць нашы чамаданы.
—	Ужо праходзіць,— сказаў я. Мы былі на вуліцы і ішлі ў гатэль.
—	Я ведала, што пройдзе. Ты проста стаміўся. Табе трэба выспацца.
—	Ва ўсялякім выпадку, мы ў Швейцарыі.
—	Так, мы сапраўды ў Швейцарыі.
Следам за хлопчыкам з чамаданамі мы ўвайшлі ў гатэль.
Кніга пятая
РАЗДЗЕЛ ТРЫЦЦАЦЬ ВОСЬМЫ
Той восенню снег выпаў вельмі позна. Мы жылі ў драўлянай хаціне сярод соснаў на схіле гары, і начамі бывалі замаразкі, вада ў двух збанах на рукамыйніку пакрывалася да раніцы тонкай скарынкай лёду. Madame Гуцінген ранкам уваходзіла ў пакой, каб зачыніць вокны, і распальвала высокую кафляную печку. Сасновыя дровы трашчалі і разгараліся, і агонь у печцы пачынаў гусці, і madame Гуцінген другі раз заходзіла ў пакой, несучы тоўстыя палены для печкі і збан з гарачай вадой. Калі пакой награваўся, яна прыносіла снеданне. Снедаючы ў ложку, мы бачылі возера і горы на тым баку возера, на французскім беразе. На вяршынях гор ляжаў снег, і возера было шэрае са стальной сінявой.
Звонку, ля самага дамка, праходзіла дарога. Ад марозу каляіны былі цвёрдыя, як камень, і дарога ўпарта лезла ўгару цераз гай і затым, абвіўшы гару, выбіралася туды, дзе былі лугі, і хлявы, і хаціны на лугах на ўскраіне лесу, над самай далінай. Даліна была глыбокая, і на дне яе цякла рака, якая ўпадала ў возера, і калі вецер дзьмуў з даліны, было чуваць, як рака шуміць па камянях.
Часам мы збочвалі з дарогі і ішлі па сцежцы праз сасновы гай. У гаі зямля пад нагамі была мяккая: яна не сцвярдзела ад марозу, як на дарозе. Але нам не шкодзіла тое, што зямля на дарозе цвёрдая, бо падэшвы і абцасы ў нас былі падбітыя цвікамі, і цвікі прабівалі мерзлую зямлю, і ў падбітых цвікамі чаравіках ісці па дарозе было прыемна і бадзёрыста. Але ісці ў гаі было таксама прыемна.
Ля дамка, дзе мы жылі, пачынаўся круты спуск да невялікай раўніны ля возера, і ў сонечныя дні мы сядзелі на верандзе, і нам было бачна, як уецца дарога па горным схіле, і быў бачны схіл другой гары і размешчаныя тэрасамі вінаграднікі, дзе ўсе лозы ўжо высахлі па-зімоваму, і палі, падзеленыя агароджамі з каменю, і ніжэй вінаграднікаў гарадскія дамы на вузкай раўніне ля берага возера. На беразе быў астравок з двума дрэвамі, і дрэвы былі падобны на падвойны ветразь рыбацкай лодкі. Горы на тым баку возера былі крутыя і вастраверхія, і ля паўднёвага краю возера доўтай упадзінай паміж двух горных кражаў ляжала даліна Роны, a ў далёкім канцы, там, дзе даліну зразалі горы, быў Дан-дзюМідзі. Гэта была высокая снежная гара, і яна валадарыла над далінай, але яна была так далёка, што не пакідала ценю.
Калі было сонца, мы снедалі на верандзе, але іншым часам мы елі наверсе, у маленькім пакойчыку з дашчатымі сценамі і вялікай печкай у кутку. Мы накуплялі ў горадзе часопісаў і кніг і навучыліся гуляць у карты. Маленькі пакойчык з печкай быў нашай залай і сталовай. Там былі два зручныя крэслы і столік для часопісаў, кніг, а ў карты мы гулялі на абедзенным стале, пасля таго як прыбяруць посуд. Monsieur і madame Гуцінген жылі ўнізе, і па вечарах мы часам чулі, як яны размаўляюць, і яны таксама былі вельмі шчаслівыя. Ен раней быў обер-кельнерам, а яна працавала пакаёўкай у тым жа гатэлі, і яны сабралі грошы, каб купіць гэты дамок. У іх быў сын, які рыхтаваўся стаць обер-кельнерам. Ен служыў у гатэлі ў Цюрыху. Унізе было памяшканне, дзе прадавалі віно і піва, і вечарам мы часам чулі, як на дарозе спыняліся вазы і мужчыны падымаліся па прыступках, каб кульнуць шкляначку.
У калідоры ля нашага пакоя стаяла скрыня з дрывамі, і адтуль я браў палена за паленам, каб падкідваць у печку. Але мы не сядзелі позна. Мы клаліся спаць у нашай вялікай спальні,
не запальваючы святла, і, распрануўшыся, я адчыняў вокны, і глядзеў у ноч, і на халодныя зоркі, і на сосны ля вокнаў, і пасля як мага хутчэй клаўся ў ложак. Добра ў ложку, калі паветра такое халоднае і чыстае, а за акном ноч. Мы спалі моцна, і калі ноччу я прачынаўся, то ведаў чаго, і тады я адсоўваў пярыну, вельмі асцярожна, каб не пабудзіць Кэтрын, і зноў засынаў, з новым адчуваннем лёгкасці ад тонкай коўдры. Вайна здавалася далёкай, як футбольны матч у чужым каледжы. Але з газет я ведаў, што баі ў гарах усё яшчэ ідуць, бо да гэтага часу не выпаў снег.
Часам мы спускаліся па схіле гары ў Мантрэ. Ад самага дамка ўніз вяла сцяжынка, але яна была вельмі крутая, і звычайна мы спускаліся па дарозе і ішлі па шырокай, зацвярдзелай ад марозу дарозе між палёў, а пасля між агароджамі з каменю вакол вінаграднікаў і яшчэ ніжэй паміж дамкамі прыдарожных вёсак. Вёскі былі тры: Шарнэ, Фантаніван і яшчэ адна, забыўся якая. Затым па той жа дарозе мы праходзілі міма старога, моцна збітага мураванага chateau на выступе гары, сярод размешчаных тэрасамі вінаграднікаў, дзе кожная лаза была падвязана да тычкі, і ўсе лозы былі сухія і бурыя, і зямля чакала снегу, а ўнізе, у глыбіні, ляжала возера, гладкае і шэрае, як сталь. Ад chateau дарога ішла ўніз даволі паката, а затым збочвала ўправа, і далей быў выбрукаваны каменем вельмі круты спуск проста да Мантрэ.
У нас не было знаёмых у Мантрэ. Мы ішлі па беразе возера і бачылі лебедзяў, і мноства чаек, і буравеснікаў, якія ўзляталі, як толькі падыдзеш бліжэй, і жаласна крычалі, гледзячы ўніз на ваду. Далей ад берага плылі чароды гагар, маленькіх і цёмных, пакідаючы пасля сябе след на вадзе. Прыйшоўшы ў горад, мы пайшлі па галоўнай вуліцы і разглядвалі вітрыны крамаў. Там было шмат вялікіх гатэляў, цяпер зачыненых, але крамы амаль усе былі адчыненыя, і нам усюды былі вельмі рады. Была вельмі добрая цырульня, і Кэтрын зайшла туды. Гаспадыня цырульні сустрэла яе вельмі ветліва, гэта была адзіная наша знаёмая ў Мантрэ. Пакуль Кэтрын была ў цырульні, я сядзеў у піўным паграбку і піў цёмнае мюнхенскае піва і чытаў газеты. Я чытаў «Corriere della Sera» і англійскія і амерыканскія газеты з Парыжа. Усе абвесткі былі запэцканыя друкарскай фарбай, відаць, каб нельга было выкарыстаць іх
для зносін з непрыяцелем. Гэта было невясёлае чытанне. Справы ўсюды былі невясёлыя. Я сядзеў у кутку з вялікім куфлем цёмнага піва і разарваным папяровым пакетам pretzels1 і еў pretzels, бо мне падабаўся іх саланаваты прысмак і тое, якім смачным ад іх станавілася піва, і чытаў пра разгром. Я думаў, што Кэтрын зойдзе па мяне, але яна не заходзіла, і я паклаў газеты на месца, заплаціў за піва і пайшоў шукаць яе. Дзень быў халодны, і пахмурны, і зімні, і камень у сценах здаваўся халодным. Кэтрын усё яшчэ была ў цырульні. Гаспадыня завівала ёй валасы. Я сядзеў у кабінеціку і глядзеў. Гэта мяне хвалявала, і Кэтрын усміхалася і размаўляла са мной, і голас мой быў крыху сіпаты ад хвалявання. Шчыпцы прыемна пазвоньвалі, і я бачыў валасы Кэтрын у трох люстэрках, і ў кабінеціку было цёпла і прыемна. Затым гаспадыня зрабіла ўкладку валасоў, і Кэтрын паглядзела ў люстэрка і крыху памяняла прычоску, дастаючы і заколваючы шпількі; затым устала.
— Мне проста сорамна, што я тут доўга.
— Monsieur было проста цікава. Хіба не так, monsieur? — усміхнулася гаспадыня.
— Праўда,— сказаў я.
Мы выйшлі і пайшлі па вуліцы. Было холадна і змрочна, і быў вецер.
— Ты нават не ведаеш, як я цябе кахаю,— сказаў я.
— Праўда ж, нам цяпер вельмі добра? — сказала Кэтрын.— Ведаеш што? Давай куды-небудзь зойдзем і замест чаю вып’ем піва. Для маленькай Кэтрын піва вельмі карысна. Яно не дасць ёй занадта хутка расці.
— Ты і праўда не давай ёй расці, і калі гэта будзе хлопчык, ён здолее стаць жакеем.
— Бадай што, калі народзіцца дзіця, нам і насамрэч трэба будзе пажаніцца,— сказала Кэтрын. Мы сядзелі ў гііўной за столікам у кутку. На вуліцы ўжо цямнела. Было рана, але дзень быў пахмурны, і рана наступіў вечар.
— Давай пажэнімся цяпер,— сказаў я.
— Не,— сказала Кэтрын,— Цяпер няёмка. Ужо надта прыкметна. He пайду ж я такая ў мэрыю.
1 Від печыва (ням.).
— Шкада, што мы не пажаніліся раней.
— Бадай, так было б лепей. Але калі ж мы маглі, любы?
— He ведаю.
— А я ведаю толькі адно. He пайду я ў мэрыю гэткай важнай матронай.
— Якая ж ты матрона?
— Самая сапраўдная, любы. Цырульніца пыталася, ці першае дзіця. Я сказала ёй, што ў нас ужо ёсць два хлапчукі і дзве дзяўчынкі.
— Калі ж мы пажэнімся?
— Як толькі я зноў пахудзею. Я хачу, каб у нас было цудоўнае вяселле і каб усе думалі: якая прыгожая пара.
— Але цябе гэта не засмучае?
— А чаго мне засмучацца, любы? У мяне толькі адзін раз было пагана на душы, гэта ў Мілане, калі я адчула сябе дзеўкай, і то праз пяць хвілін усё мінулася, і тут больш за ўсё быў вінаваты пакой. Хіба я дрэнная жонка?
— Ты цудоўная жонка.
— Вось і не думай пра фармальнасці, любы. Як толькі я зноў пахудзею, мы пажэнімся.
— Добра.
— Як ты лічыш, ці можна мне выпіць піва? Доктар сказаў, што ў мяне вузкаваты таз, так што лепей не дазваляць маленькай Кэтрын вельмі расці.
— Што ён яшчэ сказаў? — Я захваляваўся.
— Нічога. У мяне выдатны крывяны ціск, любы. Ен проста ў захапленні ад майго ціску.
— А што яшчэ ён сказаў наконт вузкага таза?
— Нічога. Зусім нічога. Ён сказаў, што мне нельга ездзіць на лыжах.
— Правільна.
— Ён сказаў, што цяпер позна пачынаць, калі я да гэтага не ездзіла. Ён сказаў, што ўвогуле ездзіць на лыжах можна, толькі каб не падаць.
— Твой доктар жартаўнік.
— He, напраўду, ён вельмі слаўны. Мы паклічам яго, калі наступіць час нарадзіцца нашаму малому.
— Ты не пыталася ў яго, ці можна нам жаніцца?
— He. Я сказала яму, што мы жанатыя чатыры гады. Ведаеш, любы, калі я выйду за цябе, я стану амерыканкай, а згодна з амерыканскімі законамі, калі б мы ні жаніліся,— дзіця лічыцца законным.
— Дзе ты гэта вычытала?
— У нью-ёркскім «Уорлд алманак» у бібліятэцы.
— Ты проста цуд.
— Я вельмі рада, што буду амерыканкай. I мы паедзем у Амерыку, праўда, любы? Я хачу паглядзець Ніягарскі вадаспад.
Ты цуд.
— Я яшчэ нешта хацела паглядзець, толькі я забылася што.