Творы замежнай літаратуры для дадатковага чытання ў 10—11 класах  Эрнэст Хемінгуэй, Райнер Марыя Рыльке

Творы замежнай літаратуры для дадатковага чытання ў 10—11 класах

Эрнэст Хемінгуэй, Райнер Марыя Рыльке
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 335с.
Мінск 2024
73.14 МБ
РАЗДЗЕЛ СОРАК ПЕРШЫ
Неяк я прачнуўся каля трэцяй раніцы і пачуў, што Кэтрын варочаецца ў ложку.
— Ты нездаровая, Кэт?
— У мяне як быццам схопкі, любы.
— Рэгулярна?
— He, не зусім.
— Калі пойдуць рэгулярна, трэба ехаць у бальніцу.
Мне вельмі хацелася спаць, і я заснуў. Хутка я прачнуўся зноў.
— Ты мо затэлефануеш доктару,— сказала Кэтрын.— Мо гэта ўжо распачынаецца?
Я падышоў да тэлефона і затэлефанаваў доктару.
— Як часта паўтараюцца схопкі? — спытаў ён.
— Як часта, Кэт?
— Прыкладна кожныя пятнаццаць хвілін.
— Тады едзьце ў бальніцу,— сказаў доктар.— Я зараз апрануся і таксама прыеду туды.
Я павесіў слухаўку і затым затэлефанаваў у прывакзальны гараж, каб выклікаць таксі. Доўга ніхто не браў слухаўку.
Нарэшце я дабіўся нейкага чалавека, які абяцаў адразу ж выслаць машыну. Кэтрын апраналася. У яе чамадане ўжо было складзена ўсё неабходнае для бальніцы і дзіцячыя рэчы. Мы выйшлі ў калідор, і я пазваніў ліфцёру. Адказу не было. Я сышоў уніз. Унізе нікога не было, апрача начнога швейцара. Я сам падняўся ў ліфце, занёс у кабіну чамадан Кэтрын, яна ўвайшла, і мы спусціліся ўніз. Начны швейцар адчыніў нам дзверы, і мы селі на каменныя тумбы ля прыступак параднага ўвахода і чакалі таксі. Ноч была светлая, і на небе былі зоркі. Кэтрын была вельмі ўзбуджаная.
— Я так рада, што ўжо распачалося,— сказала яна.— Зараз хутка ўсё будзе ў мінулым.
— Ты малайчына.
—	Я не баюся. Толькі каб хутчэй прыехала таксі.
Мы пачулі шум машыны на вуліцы і ўбачылі святло ад фар. Таксі пад’ехала да ганка, і я дапамог Кэтрын сесці, a шафёр паставіў чамадан на пярэдняе сядзенне.
—	У бальніцу,— сказаў я.
Мы выехалі на дарогу і пачалі падымацца ўгару.
Калі мы пад’ехалі да бальніцы, я ўзяў чамадан, і мы ўвайшлі. Унізе за канторкай сядзела жанчына, якая запісала ў кнігу імя і прозвішча Кэтрын, узрост, адрас, звесткі пра родзічаў і пра рэлігію. Кэтрын сказала, што ў яе няма ніякай рэлігіі, і жанчына паставіла супраць гэтага слова ў кнізе рысачку. Кэтрын сказала, што яе прозвішча Генры.
—	Я адвязу вас у палату,— сказала жанчына.
Мы падняліся на ліфце. Жанчына спыніла ліфт, і мы выйшлі і пайшлі за ёй па калідоры. Кэтрын моцна трымалася за маю руку.
—	Вось гэта ваша палата,— сказала жанчына,— Калі ласка, распранайцеся і кладзіцеся. Вось вам начная кашуля.
—	У мяне ёсць начная кашуля,— сказала Кэтрын.
—	Вам зручней будзе ў гэтай,— сказала жанчына.
Я выйшаў і сеў на крэсла ў калідоры.
—	Зараз можаце ўвайсці,— сказала сястра, стоячы ў дзвярах.
Кэтрын ляжала на вузкім ложку, у звычайнай начной кашулі з квадратным выразам, зробленай, здавалася, з палатна. Яна ўсміхнулася мне.
— Цяпер у мяне ўжо добрыя схопкі,— сказала яна.
Сястра трымала яе руку і сачыла за схопкамі па гадзінніку.
— Вось цяпер была моцная,— сказала Кэтрын. Я бачыў гэта па яе твары.
— Дзе доктар? — спытаў я ў сястры.
— Спіць унізе. Ён прыйдзе, калі трэба будзе. Я павінна сёе-тое зрабіць madame,— сказала сястра,— Будзьце ласкавы выйсці зноў.
Я выйшаў у калідор. Калідор быў пусты, з двума вокнамі і зачыненымі дзвярыма на ўсю даўжыню калідора. У ім пахла бальніцай. Я сядзеў на крэсле, і глядзеў на падлогу, і маліўся за Кэтрын.
— Можаце зайсці,— сказала сястра. Я ўвайшоў.
— Гэта ты, любы? — сказала Кэтрын.
Я.
— Цяпер ужо зусім часта.
Яе твар скрывіўся. Пасля яна ўсміхнулася.
— Вось гэтая была сапраўдная. Калі ласка, сястра, пакладзіце мне зноў руку пад спіну.
— А вам так лягчэй? — спытала сястра.
— Ты ідзі, любы,— сказала Кэтрын,— Ідзі што-небудзь з’еш. Сястра кажа, што можа быць вельмі доўга.
— Першыя роды звычайна бываюць працяглымі,— сказала сястра.
— Калі ласка, ідзі паеш,— сказала Кэтрын.— Я добра пачуваюся. ГІраўда.
— Я яшчэ крыху пабуду,— сказаў я.
Схопкі паўтараліся рэгулярна, затым сталі радзейшыя. Кэтрын была вельмі ўзбуджаная. Калі ёй было асабліва балюча, яна казала, што схопка добрая. Калі схопкі сталі слабейшымі, яна была расчараваная і збянтэжаная.
— Ты ідзі, любы,— сказала яна.— Калі ты тут, мне неяк несвабодна.— Яе твар скрывіўся,— Вось. Гэтая ўжо была лепшая. Я так хачу быць добрай жонкай і нарадзіць без усялякіх штукарстваў. Калі ласка, ідзі паснедай, любы, а пасля прыходзь зноў. Я не буду сумаваць без цябе. Сястра такая слаўная.
— Вам хопіць часу, каб паснедаць,— сказала сястра.
— Добра, я пайду. Да сустрэчы, дарагая.
— Да сустрэчы,— сказала Кэтрын,— Паснедай як след, за мяне таксама.
— Дзе тут можна паснедаць? — спытаў я ў сястры.
— На нашай вуліцы, ля самай плошчы, ёсць кавярня,— сказала яна,— Павінна быць адчынена.
Развіднелася. Па пустой вуліцы я дайшоў да кавярні. У вокнах гарэла святло. Я ўвайшоў і спыніўся ля ацынкаванай стойкі, і стары буфетчык падаў мне шклянку белага віна і брыёш. Брыёш была ўчарашняя. Я макаў яе ў віно і пасля яшчэ выпіў кубак кавы.
— Што вы робіце тут так рана? — спытаў стары.
— У мяне жонка нараджае ў бальніцы.
— Вось як! Жадаю шчасця.
— Дайце мне яшчэ шклянку віна.
Ён наліў, надта моцна нахіліўшы бутэльку, крыху вылілася на стойку. Я выпіў, заплаціў і выйшаў. Ля ўсіх дамоў на вуліцы стаялі вёдры са смеццем. Адно вядро абнюхваў сабака.
— Што ты там іпукаеш? — спытаў я і нахіліўся, каб паглядзець, ці няма ў вядры нечага для яго; зверху была толькі гушча ад кавы, смецце і некалькі звялых кветак.— Нічога няма,— сказаў я. Сабака перайшоў на другі бок. Прыйшоўшы ў бальніцу, я падняўся па лесвіцы на той паверх, дзе была Кэтрын, і па калідоры дайшоў да яе дзвярэй. Я пастукаўся. Ніхто не адказваў. Я адчыніў дзверы; палата была пустая, толькі чамадан Кэтрын стаяў на стуле і на кручку вісеў яе халацік. Я выйшаў у калідор і пачаў каго-небудзь шукаць. Я ўбачыў другую сястру.
— Дзе madame Генры?
— Толькі што нейкую даму ўзялі ў радзільню.
— Дзе гэта?
— Пайшлі, я вам пакажу.
Яна павяла мяне ў канец калідора. Дзверы радзільні былі прачыненыя. Я ўбачыў Кэтрын на стале, накрытую прасціной. Ля стала стаяла сястра, а з другога боку, ля нейкіх цыліндраў — доктар. Доктар трымаў у руцэ гумовую маску, прымацаваную да трубкі.
— Я дам вам халат, і вы можаце ўвайсці,— сказала сястра,— Хадзіце, калі ласка, сюды.
Яна апранула на мяне белы халат і зашпіліла яго ззаду ля каўняра англійскай шпількай.
— Зараз можаце зайсці,— сказала яна. Я зайшоў у пакой.
— Гэта ты, любы? — сказала Кэтрын напружаным голасам.— Нешта справа не рухаецца.
— Вы monsieur Генры? — спытаў доктар.
— Так. Як тут у вас, доктар?
— Усё ідзе вельмі добра,— сказаў доктар.— Мы перайшлі сюды, каб можна было даваць газ падчас схопак.
— Дайце,— сказала Кэтрын.
Доктар накрыў яе твар гумовай маскай і крутнуў нейкі дыск, і я ўбачыў, як Кэтрын пачала дыхаць глыбока і хутка. Пасля яна адштурхнула маску. Доктар выключыў апарат.
— He вельмі моцная. Вось нядаўна яна была вельмі моцная. Доктар зрабіў так, што мяне як быццам не было. Праўда, доктар? — У яе быў дзіўны голас. Ен выдзеліў слова «доктар». Доктар усміхнуўся.
— Дайце,— сказала Кэтрын. Яна моцна прыціснула гуму да твару і хутка дыхала. Я пачуў, як яна трохі застагнала. Пасля яна ссунула маску і засмяялася.
— Гэтая была мацнейшая,— сказала яна.— Гэтая была вельмі моцная. Ты не турбуйся, любы. Ідзі. Паснедай яшчэ раз.
— Я пабуду тут,— сказаў я.
Мы паехалі ў бальніцу каля трох раніцы. Апоўдні Кэтрын была яшчэ ў радзільні. Схопкі зноў сталі слабейшыя. Выгляд у яе быў стомлены, але яна ўсё яшчэ трымалася бадзёра.
— Нічога я не вартая, любы,— сказала яна,— Так крыўдна. Я думала, што ў мяне ўсё будзе вельмі лёгка. А цяпер — вось, зноў...— Яна працягнула руку па маску і паклала яе сабе на твар. Доктар крутнуў дыск і сачыў за ёй. Схопка хутка закончылася.
— Гэтая так сабе,— сказала Кэтрын. Яна ўсміхнулася.— Мне страшна падабаецца гэты газ. Цудоўная рэч!
— Мы возьмем крыху дамоў,— сказаў я.
— Зараз будзе яшчэ,— сказала Кэтрын паспешліва. Доктар пакруціў дыск і паглядзеў на гадзіннік.
— Які зараз прамежак паміж схопкамі? — спытаў я.
— Каля хвіліны.
— Вы не галодны?
— Я зараз пайду снедаць,— сказаў ён.
— Вам абавязкова трэба паесці, доктар,— сказала Кэтрын.— Мне вельмі крыўдна, што я так доўга. Мо мой муж здолее пакуль даваць мне газ?
— Калі хочаце,— сказаў доктар.— Будзеце круціць да лічбы два.
— Разумею,— сказаў я. На дыску была стрэлка, і ён круціў з дапамогай рычажка.
— Дайце,— сказала Кэтрын. Яна моцна прыціснула маску да твару. Я пакруціў дыск да лічбы два, а калі Кэтрын адняла маску, пакруціў яго назад. Я быў вельмі рады, што доктар даў мне занятак.
— Гэта ты даваў мне газ, любы? — спытала Кэтрын. Яна пагладзіла маю руку.
Я.
— Які ты добры!
Яна была крышку п’яная ад газу.
— Я паем у суседнім пакоі,— сказаў доктар,— Калі што — вы мяне можаце паклікаць.
Я глядзеў, як ён есць; пасля, крыху пазней, я ўбачыў, што ён лёг і курыць цыгарэту. Час ішоў. Кэтрын усё больш стамлялася.
— Як ты мяркуеш, я ўсё ж здолею нарадзіць? — спытала яна.
— Вядома, здолееш.
— Я стараюся, як толькі магу. Я штурхаю, але яно зноў адыходзіць. Зараз будзе. Дай хутчэй.
А другой гадзіне я выйшаў і пайшоў паесці. У кавярні было некалькі чалавек, і на століках стаяла кава і чаркі з кіршвасарам. Я сеў за столік.
— Што ў вас ёсць? — спытаў я ў кельнера.
— Другі сняданак ужо скончыўся.
— Хіба няма парцыённых страў?
— Можна згатаваць choucroute1.
— Дайце choucroute і піва.
— Куфаль ці паўкуфля?
— Паўкуфля светлага.
Кельнер прынёс порцыю Sauerkraut2 з кавалачкам вяндліны зверху і сасіскай у гарачай, прамоклай віном капусце. Я еў
1 Кіслая капуста (фрамц.).
2 Кіслая капуста (ням.).
капусту і піў піва. Я быў вельмі галодны. Я пазіраў на публіку за столікамі кавярні. За адным столікам гулялі ў карты. Двое мужчын за суседнім столікам размаўлялі і курылі. У кавярні было поўна дыму. За цынкавай стойкай, дзе я снедаў раніцай, цяпер было трое: стары, поўная жанчына ў чорным, якая сядзела ля касы і сачыла за ўсім, што падаецца за столікі, і хлапчук у фартуху. Я думаў пра тое, колькі ў гэтай жанчыны дзяцей і як яна іх нараджала.
Скончыўшы з choucroute, я пайшоў назад у бальніцу. На вуліцы цяпер было зусім чыста. Вёдраў са смеццем не было. Дзень быў пахмурны, але сонца старалася прабіцца. Я падняўся ў ліфце, выйшаў і пайшоў па калідоры ў пакой Кэтрын, дзе я пакінуў свой белы халат. Я апрануў яго і зашпіліў ззаду ля каўняра. Я паглядзеў у люстэрка і падумаў, што я падобны на барадатага шарлатана. Я пайшоў па калідоры ў радзільню. Дзверы былі зачыненыя, і я пастукаў. Ніхто не адказаў; тады я павярнуў ручку і ўвайшоў. Доктар сядзеў ля Кэтрын. Сястра нешта рабіла ў другім канцы пакоя.