Творы замежнай літаратуры для дадатковага чытання ў 10—11 класах
Эрнэст Хемінгуэй, Райнер Марыя Рыльке
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 335с.
Мінск 2024
Так ён ляжаў, заціскаючы сабою, усім целам сваім шнур, перакладаючы ўсю сваю вагу на правую руку, і ўрэшце заснуў.
Стары чалавек сніў не львоў, а вялізны касяк марскіх свіней, што расцягнуўся на восем ці дзесяць міляў, і гэта было ў час іхняга спароўвання, і яны скакалі высока ў паветра ды вярталіся ў тую ж яму, якую яны, скачучы, утваралі ў вадзе.
Потым яму снілася, што ён у вёсцы на сваім ложку і што дзьме паўночнік2, яму дужа сцюдзёна, а левая рука здранцвела, бо галава ягоная спачывае на ёй замест падушкі.
Пасля гэтага прысніўся яму доўгі жоўты бераг, і ён убачыў, як шарай гадзінай першы леў ступіў на бераг, а пасля прыйшлі іншыя львы, і ён, успёршы падбародак на борт, на носе карабля, што стаяў на якары пад павевам берагавога брызу, чакаў з’яўлення новых ільвоў і быў шчаслівы.
Месяц ужо даўно ўзышоў, але стары чалавек спаў сабе, і рыба рупна цягнула лодку, і тая кіравалася ў тунэль, збудаваны з хмар.
Ен прачнуўся ад удару ў твар кулаком уласнай правай рукі. Апякаючы яе, шнур ірваўся ўніз, у мора. Стары чалавек зусім не чуў левай рукі і як толькі мог тармазіў правай, але шнур з імклівасцю раскручваўся. Урэшце левая рука намацала шнур, і ён прыціснуўся да яго спінай, хоць шнур апальваў яе і руку, што прыняла на сябе ўсю напругу, і балюча рэзаў яе.
1 Стары чалавек, персаніфікуючы і сваю правую руку, ужывае ў дачыненні да яе мужчынскі род.
2 Моцны паўночны вецер.
Ён азірнуўся на запасныя маткі: яны падавалі шнур са спорнасцю канвеера. Якраз тады рыба скочыла з вады, як быццам выбухнула ў акіяне, а пасля цяжка ўпала. Потым яна скакала зноў і зноў, але лодка ішла хутка, хоць шнур усё размотваўся, і стары чалавек напінаў яго аж да небяспечнай напругі, напінаў яшчэ і яшчэ раз. Урэшце яго шпурнула на нос лодкі, тыцнула тварам у адрэзаны кавалак дэльфіна, і ён не мог паварушыцца.
«Вось што мы атрымалі,— падумаў ён.— Прымайма падарунак. Але змусь яго заплаціць за гульні са шнурам,— падумаў ён,— Змусь яго заплаціць за гэта».
Ен не мог бачыць рыбіных скачкоў, адно чуў, як нібыта разломваўся акіян, ды цяжкі ўсплёск, калі марлін рухнуў. Шнур з ягонай хуткасцю моцна раніў рукі, але стары чалавек загадзя ведаў, што гэтак будзе, і звыкла намагаўся, каб той не чапляў найбольш далікатных частак рукі, не саслізнуў у далонь ды не разануў па пальцах. «Калі б хлопчык быў тут, ён змачыў бы маткі шнура,— падумаў стары чалавек.— Але, калі б хлопчык быў тут. Калі б хлопчык быў тут...»
Шнур усё знікаў і знікаў у вадзе, але цяпер рух гэты павольнеў, і стары чалавек прымушаў рыбіну здабываць кажнюткую цалю шнура. Вось ён узняў галаву на дне лодкі, пакінуўшы там кавалак рыбы, расплюшчаны ягонай шчакой. Пасля ён укленчыў, а тады паволі ўстаў на ногі. Ен адпускаў шнур, але з кожным разам усё больш непаспешліва. Ен адсунуўся назад, туды, дзе намацваў нагою маткі шнура, якіх не мог бачыць у цемры. Тут яшчэ было процьма шнуру, і на марлінаву долю выпадала валачыць увесь прыпас у вадзе.
«Так,— падумаў ён,— I, апрача таго, марлін скочыў болып за тузін разоў і напоўніў мяшкі ўздоўж свайго хрыбта паветрам і цяпер не можа падацца паміраць глыбока на дно, адкуль я не здолеў бы яго выцягнуць. Неўзабаве ён пачне кружляць, і вось тады я павінен як след націснуць на яго. Цікава, што яго так раптоўна спудзіла? Мажліва, голад напоўніў адчаем або штосьці напалохала ўночы? Можа, ён раптам адчуў страх. Але ж гэткая спакойная дужая рыбіна, і такая, здавалася, бясстрашная і ўпэўненая. Дзіўна».
— Лепей сам будзь бясстрашны і ўпэўнены ў сабе, старэча,— сказаў ён.— Ты трымаеш яго ізноў, ды не можаш
ані трохі падцягнуць шнур. Але неўзабаве ён павінен закружляць.
Трымаючы шнур левай рукой і плячыма, стары чалавек нахіліўся і чарпануў вады правай рукой, каб змыць рэшткі рыбінага мяса са свайго твару.
Ен непакоіўся, каб яно не пацягнула яго на ваніты, і ён не падупаў на сіле. Абмыўшы твар, стары чалавек памыў правую руку ў вадзе за бортам і не выцягваў яе пэўны час з салёнай вады, назіраючы за з’яўленнем першага святла, за якім — усход сонца. «Ен кіруецца амаль на ўсход,— падумаў стары чалавек.— Значыцца, ён замарыўся і даверыўся плыні. Неўзабаве ён абавязкова закружляе. Тады і распачнецца праўдзівая нашая праца».
Палічыўшы ўрэшце, што яго правая рука была ў вадзе дастаткова доўга, стары чалавек выцягнуў яе і агледзеў.
— Нічога страшнага,— сказаў ён,— I няхай баліць, боль для мужчыны рэч звычная.
Ен асцярожна ўзяўся за шнур, каб той не трапіў на ніводны свежы парэз, і пасунуўся так, каб мог апусціць левую руку ў мора з другога боку чоўна.
— Для такое нікчэмнасці, як ты, твае паводзіны былі яшчэ не найгоршыя,— звярнуўся ён да левай рукі.— Але быў момант, калі я не мог цябе знайсці.
«Чаму я не нарадзіўся з дзвюма добрымі рукамі? — падумаў ён,— Магчыма, гэта мая віна, што я не вытрэніраваў руку належным чынам. Але Богу вядома, што ў яго было досыць шанцаў навучыцца. Зрэшты, ён не так і кепска паводзіўся ўночы і здранцвеў усяго адзін раз. Здранцвее зноў, дык няхай шнур яго ператне». Калі ён гэтак падумаў, дык уцяміў, што на яго найшло памутненне, і вырашыў яшчэ трохі падсілкавацца рыбай. «Але я не магу,— сказаў ён у сваіх думках,— Лепей хай круціцца галава, як страціць сілу ад ванітаў. I я ведаю, што не ўтрымаю ў роце тую рыбу пасля таго, як уляпаўся ў яе тварам. Буду хаваць яе на сама крайні выпадак, пакуль не сапсуецца. Але цяпер запозна падмацоўвацца ежай. Дурбель,— сказаў ён сабе,— З’еш другую лятучую рыбу».
Яна была тут, пачышчаная і гатовая, і ён падняў яе левай рукой і ўплятаў, старанна перажоўваючы косці, ядучы ўсю яе аж да хваста.
«Яна больш спажыўная за ўсе амаль іншыя рыбы,— падумаў ён.— Прынамсі, у ёй болей той сілы, якая неабходная мне. Усё, што я магу, я зрабіў. Хай распачынае сваё кружлянне, хай прыйдзе бой!»
Сонца ўзыходзіла ў трэці раз з таго часу, як ён рушыў у мора, калі рыба пачала кружыць.
Ён не мог вызначыць па нахіле шнура, што рыба кружыць. Для гэтага было занадта рана. Ен усяго толькі адчуў лёгкае паслабленне напору шнура і правай рукой стаў мякка выцягваць яго. Той напінаўся, як заўсёды, але якраз там, дзе, здавалася, вось-вось парвецца, яго пачало прыбываць. Выслабаніўшы плечы і галаву ад шнура, што ціснуў на іх, стары чалавек цягнуў мерна і нямоцна. Рукі ягоныя нагадвалі цяпер маятнік, таксама, наколькі мог, ён выкарыстоўваў у рабоце тулава і ногі. Старыя ногі і плечы круціліся ў суладдзі з узмахамі рук.
— Гэта вельмі вялікі круг,— сказаў стары чалавек,— Але ён кружляе.
Пасля шнур у лодцы перастаў расці, і стары чалавек цягнуў яго, пакуль не ўбачыў, як ад таго адскокваюць на сонцы кроплі. Пасля марлін пацягнуў шнур далей, у мора, і стары чалавек, укленчыўшы, адпусціў яго з неахвотай назад у цёмную ваду.
— Напачатку ён бярэ шырока,— сказаў стары чалавек.— Я павінен напінаць шнур як мага мацней. Напруга будзе штораз скарачаць ягоны круг. Магчыма, праз гадзіну я ўбачу яго. Я павінен яго адужаць, а тады павінен дакончыць.
Але рыба спавольна кружыла, як і раней, і праз дзве гадзіны стары чалавек узмакрэў ад поту і валіўся з ног ад стомы. Аднак кругі цяпер нашмат пакарацелі, і па нахіле шнура ён вызначыў, што рыба, апісваючы іх, падымалася вышэй і вышэй.
Гадзіну стары чалавек бачыў перад вачыма чорныя плямы, салёны пот заліваў вочы, парэзы пад вокам і на лбе. Чорныя плямы яго не палохалі. Гэта было нармальна, калі ўлічыць напругу, з якою ён цягнуў шнур. Двойчы, аднак, ён адчуваў млосць і заварот галавы, і вось гэта яго непакоіла.
— Я не магу зганьбіць сябе і аддаць канцы, пазмагаўшыся з гэткім марлінам,— сказаў ён.— Цяпер, калі я прымусіў яго
хадзіць такімі прыгожымі кругамі, Божа, дай вытрываць. Я прачытаю сотню «Ойчаў нашых» і сотню «Анёльскіх прывітанняў». Але я не магу чытаць іх цяпер.
«Уважай іх за прачытаныя,— падумаў ён,— Прачытаю пазней».
Якраз тады нешта стукнула ў вадзе па шнуры, які ён трымаў абедзвюма рукамі, і рванула шнур рэзка, моцна — ён адчуў гэта.
«Ён б’е па драцяным павадку сваёй пікай,— падумаў ён.— Гэтага варта было чакаць. Ён павінен быў так рабіць. Праўда, цяпер ён можа ўзяць ды скочыць, вынырнуць, і мне больш было б даспадобы, калі б ён кружляў сабе. Скачкі былі неабходныя, каб ён нахапаў паветра. Але пасля гэтага кожны скачок можа разрываць рану ад кручка, і каб ён не выкінуў кручок наогул.
— He скачы, рыба,— сказаў ён.— He скачы.
Марлін лупіў па дроце яшчэ колькі разоў, і кожнага разу, пакруціўшы галавой, стары чалавек трохі папускаў шнур.
«Нельга, каб ягоны боль узмацняўся,— падумаў стары чалавек,— Мой боль не мае значэння. 3 маім я магу спраўляцца. Але ён можа ашалець ад болю».
Мінула трохі часу, рыба перастала біцца аб дрот і зноўку пачала паволі кружыць. Цяпер стары чалавек усё выбіраў і выбіраў шнур. Але на яго зноў наплыла млоснасць. Ён зачэрпнуў левай рукой крыху марской вады і лінуў сабе на галаву. Потым лінуў яшчэ і расцёр карак.
— Здранцвеласці няма,— сказаў стары чалавек,— Я магу трываць, а ён у хуткім часе выплыве. Я павінен трываць.
Ён апусціўся на калені на носе лодкі і на нейкі час закінуў шнур зноў за спіну. «Я перадыхну, пакуль марлін кружляе, a тады ўстану і вазьмуся за яго, калі ён прыйдзе»,— вырашыў стары чалавек.
Была вялікая спакуса адпачыць на носе лодкі, даўшы рыбіне магчымасць зрабіць адзін круг самой, не выбіраць шнур увогуле. Але калі напружанне паказала, што рыбіна павярнула ды плыве да лодкі, стары чалавек устаў на ногі, закруціўся, захістаўся, уцягваючы ў лодку ўвесь шнур, які ён даставаў.
«Ніколі яшчэ я не быў такі змучаны,— падумаў стары чалавек,— і ў дадатак пасат узнімаецца. Але пасат дапаможа
мне дабрацца з рыбінай да прыстані. Мне ён будзе ох як патрэбны».
— Я адпачну ў наступны раз, калі марлін рабіцьме круг,— сказаў стары чалавек.— Я пачуваюся нашмат лепей. Яшчэ дватры абароты, і я займею яго.
Саламяны капялюш з’ехаў нізка на патыліцу, і стары чалавек упаў на дно лодкі, калі рыба, паварочваючы, тарганула шнур.
«Цяпер працуй ты, рыбіна,— падумаў ён.— Я вазьмуся за цябе, калі ты павернеш назад».
Мора добра-такі ўзнялося. Але гэта быў вецер, які суправаджае добрае надвор’е, і стары чалавек мецьме ў ім патрэбу, калі рушыць дадому.
— Я папросту буду кіраваць на поўдзень і захад,— сказаў ён.— Чалавек не заблудзіць у моры, ды і выспа нашая доўгая.