• Часопісы
  • У сэрцы слова адзавіся зборнік для 7 класа. У 2 кн. Кн. 2

    У сэрцы слова адзавіся

    зборнік для 7 класа. У 2 кн. Кн. 2

    12+
    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 407с.
    Мінск 2018
    101.71 МБ
    Бесклапотнасць, якая пачулася ў Генадзевых словах і жэстах, неяк супакоіла нават Андрэя, і касманаўты ў суправаджэнні ўсюдыхода рушылі наперад.
    Хутка выбраліся з чашчобы. На шмат кіламетраў, як хапала вока, цягнуліся амаль зямныя прэрыі, пакрытыя густой, у пояс чалавека, чырванаватай травой. Быццам фарбы ранняй восені крануліся яе.
    Людзі стаялі прыціхлыя, уражаныя гэтым панаваннем расліннага свету.
    — Дзіўна,— нібы працягваючы колішнюю думку капітана, прамовіў Андрэй,— Навошта такое багацце флоры? Для каго яно?
    Ён не разумеў, чаму нідзе не відаць хаця б слядоў тутэйшай фаўны. He было той логікі, якой заўсёды валодае зямная прырода. Бо як магла самастойна так інтэнсіўна развівацца расліннасць без спалучэння з іншымі арганічнымі формамі жыцця на гэтай планеце?..
    — Напэўна, мы іх проста не бачым,— зазначыў Юрзінаў.
    — Няўжо для прыроды абавязкова аднастайнасць? Чаму ўсё павінна быць, як на Зямлі? — запярэчыў Артур Крумінып, ён любіў, каб усё было лагічна, абгрунтавана.
    — He абавязкова, як на Зямлі,— згадзіўся Андрэй,— але каб без узаемасувязі — не веру. Помніш трэцюю планету Бернарда? Ніякага падабенства да Зямлі, і такая разнастайнасць жыцця. Але адзінага, непадзельнага.
    — Андрэй пачаў біць класічнымі прыкладамі,— засмяяўся Волгін,— трымайся Круміньш, твая школа...
    — Аднак планета сапраўды раслінная,— не здаваўся Артур.
    — Раслінная? — Волгін пасур’ёзнеў— Раслінная... Нават шкодных мікробаў быццам няма. Што ж, усё можа быць. A што сказаць пра горад?
    — Тую пляму на плёнцы ты лічыш горадам? — здзівіўся Крумінып.
    — А ты? — у сваю чаргу пацікавіўся Волгін.
    — Пасля таго, што ўбачыў тут,— Круміньш абвёў вакол сябе рукой,— не. Расліннае жыццё не стварае гарадоў.
    — Але трэба пераканацца,— усміхнуўся Волгін,— засталося ж недалёка.
    Андрэй слухаў меркаванні сяброў, а сам уважліва прыглядаўся да раслін, у душы спадзеючыся ўбачыць хаця б якога жучка. I вочы паступова прывыклі да чырванаватых адценняў на дрэвах, траве, пяску. Наваколле ўжо не здавалася такім трывожным, як крыху раней.
    Пасля кароткага прывалу рушылі далей. Волгін вёў таварышаў на захад. Там, як сведчылі фотаздымкі, знаходзілася нешта падобнае на штучнае збудаванне. Здымкі былі зроблены з вялікай вышыні, у воблачнае надвор’е, і адлюстраванне атрымалася не надта выразнае. Але капітан быў перакананы, што той падзелены на сектары пятачок-пляма, які яны нядаўна разглядалі на фатаграфіі, не мог утварыцца сам.
    Андрэй падзяляў думку Волгіна, і яму было зразумела нецярпенне Генадзя.
    Яны ўбачылі горад у ружова-фіялетавых прамянях вячэрняга свяціла. Ен узнік раптоўна, як толькі ўсюдыход апынуўся каля шырокай ракі. Горад стаяў на крутым правым беразе і на фоне палаючага неба выглядаў як старажытная гравюра — ніякіх паўтонаў, адны рэзка акрэсленыя контуры.
    — I гэта горад? — усумніўся Андрэй.
    Касманаўты падышлі да самай вады. Відовішча было дзіўнае. Калі гэтае нагрувашчванне і было горадам, то архітэктура яго не мела ніякага падабенства з тым, што вока прывыкла бачыць на Зямлі. Высокія вастраверхія сілуэты быццам укручваліся ў неба і нагадвалі Андрэю хутчэй трубы ці неахайна адлітыя металічныя нарыхтоўкі, чым пабудовы разумнага прызначэння. Ніякай сістэмы, поўная асіметрыя. У кожным аб’екце — дынаміка руху, а ва ўсіх разам — застыласць, статычнасць.
    Касманаўтам зноў здалося, што гэта нешта знаёмае, ужо бачанае.
    — Горы?..— падаў думку Круміньш.
    — Ну вядома, мы ж на іх арыентаваліся,— усклікнуў Генадзь,— Дзівакі!
    — Падобна,— сказаў Волгін,— але ты, Генадзь, нешта блытаеш. Зараз праверым.
    Касманаўты селі ва ўсюдыход, ад’ехалі крыху назад.
    — Вось глядзі! — капітан Волгін не мог схаваць свайго задавальнення.
    Крыху ў баку ад палоскі вячэрняй зары, амаль зліваючыся з пацямнелым небам, высіўся горны краж. Звычайны, дзікаваты, магутны.
    — Здымкі! — патрабаваў Волгін. I калі аўтаматы падалі яму здымкі кража і таго, што людзі лічылі горадам, прапанаваў:
    — Параўнайце.
    I горы на здымку, здалося, загаварылі. Андрэя ўразіла, што невядомы творца горада нібы паўтараў прыроду і ў той жа час уводзіў у малюнак нешта сваё. Горад быў копіяй кража, толькі больш фантастычнай, загадкавай і ў нечым нават грознай.
    — Навошта? He разумею,— Андрэй збянтэжана развёў рукамі.
    — Паўтарэнне прыроды.— Генадзь засмяяўся нечаму свайму,— Гэта ж цікава, праўда, Артур?
    Круміньш не адказаў. Ен пільна ўглядаўся ў фатаграфію горада.
    — Яны ідуць ад свайго разумення,— усхвалявана сказаў Волгін.— I ўрэшце не гэта важна. Я цяпер паверыў канчаткова, што мы напаткалі цывілізацыю.
    — Дадай: маўклівую,— скептычна заўважыў Круміньш.
    — Ат,— махнуў рукой Волгін на рэпліку астрафізіка, маўляў, ведаем твае вечныя сумненні,— вяртаемся да ракі.
    Андрэй адчуў, як стукае яго сэрца: так бывае заўсёды пры сустрэчы з незнаёмым.
    Цямнела хутка. Калі касманаўты вярнуліся на ранейшую сваю стаянку, ноч ужо запаліла вялікія яркія зоркі. Іх святла, аднак, было малавата, каб уберагчы абрысы горада. Яны паступова размываліся і неўзабаве зніклі зусім.
    — Пара,— нецярпліва сказаў Юрзінаў.
    — Раніцай,— зразумеўшы яго жаданне, сказаў капітан.
    Усе прынялі гэта як загад, не пярэчачы, аднак і не хаваючы расчаравання. Яны разумелі капітана, які рабіў так толькі з-за асцярожнасці. А сэрца Андрэя не хацела згаджацца. Гэта ж зусім побач, напэўна, знаходзіцца горад. Дзеля гэтай сустрэчы яны пераадолелі прастору ў некалькі парсекаў, а цяпер, амаль дасягнуўшы мэты, вымушаны яшчэ чакаць. I тое, што гадзіны, якія засталіся да раніцы, нікчэмна малыя
    ў параўнанні з гадамі, што спатрэбіліся, каб даляцець сюды, неяк забывалася. Бо гэтыя апошнія гадзіны здаліся раптам самымі доўгімі.
    Горад быццам спаў. Ніводзін агеньчык не засвяціўся між фантастычных гмахаў. I гэта таксама здзіўляла, хвалявала.
    He толькі Андрэй не мог заснуць. Думкі ўсіх былі там — на незнаёмых вуліцах. Людзям Зямлі ўяўляліся таямнічыя жыхары гэтага горада, якія не хацелі або чамусьці не маглі выйсці ім насустрач.
    —	Дарэмна трацім час,— пачуў Андрэй голас Юрзінава.
    Яму не адказалі. Толькі зарыпелі паходныя ложкі. I было ў гэтай маўклівасці людзей нешта такое тужлівае, што Андрэй узрадаваўся, калі Волгін загаварыў:
    —	Мы не Калумбы, якія адкрывалі новыя землі. Яны былі дома. А мы на іншай планеце. Мы не маем права на спешку, на памылку.
    I капітану не адказалі. Розум — розумам, але ёсць яшчэ і сэрца...
    Пабудзіў Андрэя праменьчык. Нясмелы, цеплаваты, ён прабіўся скрозь акенца — зусім такі, які бываў ясным ранкам на Зямлі.
    У Андрэя зашчымела ў грудзях. Ен любіў космас, любіў шукаць новае, жыць у напружанні. Гэта прыносіла яму найвялікшае задавальненне. Але яно не магло замяніць любві да сваёй Зямлі — яе людзей, яе гор і палёў, непаўторнага сіняга неба.
    Пазіраючы на дрыготкі праменьчык, Андрэй чамусьці ўспомніў праводзіны на касмадроме. Адчай сціснуў горла. Каб не паддацца яму, хуценька падхапіўся і выйшаў з палаткі.
    Ад учарашняй змрочнасці не засталося і следу. Усё навокал было заліта яркім святлом, у прамянях якога нават грозныя вартавыя робаты здаваліся бяскрыўднымі і мірнымі. Андрэй адышоў убок і зірнуў на горад. I горад выглядаў зусім інакш. Вастраверхія будынкі былі як пазалочаныя і не такія ўжо чужыя ў сваёй канструкцыі, а больш зразумелыя і блізкія.
    Андрэеў настрой непрыкметна палепшыўся. Ен ужо радаваўся гэтай планеце, будучым знаходкам і адкрыццям. I раптам Андрэй здзіўлена азірнуўся. Воддаль стаяў Генадзь.
    Перабіраючы пальцамі кволыя лісцікі на раскідзістым дрэве, ён задуменна пазіраў на ранішні горад. Андрэй не адразу ўцяміў, што ўсхвалявала яго, і раптам, сам не чуючы свайго голасу, шалёна закрычаў:
    — Шлем! Шлем!
    Генадзь хутчэй здагадаўся, чым пачуў, што патрабуе Андрэй, бо шлем, у які былі ўманціраваны невялікія навушнікі, вісеў на спіне. Ен бесклапотна засмяяўся, адмахнуўся:
    — Водар які!
    — Шлем! — грозна патрабаваў Андрэй і для пераканаўчасці паказаў на палатку, дзе знаходзіўся капітан.
    Генадзь вельмі неахвотна падпарадкаваўся. Потым загаварьгў:
    — Як ты не разумееш! Мне абрыдла глядзець на ўсё гэта праз акуляры скафандра. Быццам сядзіш у кіно ці ў вагоне цягніка. А так хочацца памацаць сваімі рукамі і вось гэтае дрэўца,— ён паварушыў сіняваты парастак, які, прымяты палаткай, упарта цягнуўся ўгару,— і вось гэты пясочак... Аналізы ж не паказалі небяспекі.
    Андрэй слухаў моўчкі і, акрамя асуджэння, адчуваў яшчэ і журбу. Ён разумеў Юрзінава, большая палавіна жыцця якога прайшла ў касмічных падарожжах, далёка ад роднай Зямлі.
    — Дзівак, паветра тут зусім чыстае. Азон. А якія аксамітныя лісцікі. Кволенькія. Далікатненькія,— Генадзь гаварыў і гаварыў, стараючыся супакоіць Андрэя. А той толькі асуджальна ківаў галавой.
    — Аб чым гаворка? — запытаў Круміньш, вылазячы з палаткі і размінаючыся на хаду.
    — Аб кіно,— усміхнуўся Генадзь.
    Андрэй адвярнуўся.
    Робаты хутка прыстасавалі ўсюдыход для пераправы цераз шырокую мнагаводную раку. Імклівая плынь аднесла касманаўтаў крыху ўлева ад намечанага пункту, і яны высадзіліся на ўзгорак. Горад перад імі быў як на далоні — поўны святла і прасторы, лёгкіх канструкцый. Такое было першае ўражанне. Але чым даўжэй глядзелі на яго людзі, тым больш ён мяняўся ў іх вачах.
    Дваццаць—трыццаць будынкаў, здавалася, вырасталі з адзінай асновы — каменнай пліты, што тоўстым карычневым, як падпечаным, блінам ляжала на шэрым пяску. На вуліцах, якія хутчэй угадваліся, чым былі на самай справе, не раслі ні дрэвы, ні хмызнякі. Кожны будынак стаяў сам па сабе — высокі, імклівы ў сваёй накіраванасці да неба. А разам — сумная карціна нерухомасці і запусцення, якое адчувалася ў курганках пылу паміж будынкамі, у траве, што сям-там кусцілася, прабіўшы тоўсты каменны фундамент.
    Людзі паслалі на разведку робата. Ён прайшоў паміж будынкаў, перадаючы свае назіранні па відэасувязі, і, не заўважыўшы нічога небяспечнага, вярнуўся назад.
    Тады яго шляхам накіраваліся касманаўты.
    Яны хадзілі па горадзе, паміж стромкіх вежаў — гладкіх, бліскучых, цвёрдых — і не маглі зразумець, ці сапраўды гэта пабудовы, ці, можа, тыя ж горы, якія яны бачылі здалёк. Hi ў адной вежы не было не толькі ўвахода, але нават і акна.
    — Прарэжам? — спытаў Генадзь, дастаючы плазменны нож.