У сэрцы слова адзавіся
зборнік для 7 класа. У 2 кн. Кн. 2
12+
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 407с.
Мінск 2018
Тым часам хвароба Генадзя ўступіла ў новую фазу — пачалося перараджэнне клетак. На паражоных месцах узнікла
нешта падобнае на ракавыя пухліны. Яны раслі хутка, і здавалася, няма ад іх ратунку.
— Вось так, напэўна, гінулі жыхары Мегі, калі толькі ў іх не было дасканалай медыцыны,— усхвалявана сказаў Волгін, выслухаўшы паведамленне Андрэя аб стане здароўя Юрзінава.
— Яны гінулі нават хутчэй,— адказаў Андрэй,— На першай стадыі хваробы. Успомні Туа.
— Няўжо яны не ўмелі лячыць? — не мог супакоіцца Волгін.— Яны ж разгадалі тайну біятокаў мозгу. Дзіўна. Вельмі дзіўна.
Атрымаўшы слабы вірус, Андрэй здолеў разгадаць яго сутнасць. А гэта дало магчымасць знайсці прэпараты, якія абясшкоджвалі і моцны вірус. Цяпер здаровым людзям ён быў ужо не страшны. Але толькі здаровым — Волгіну, Андрэю, Круміныпу. 3 Генадзем жа справа была не простая. Адзінае, што магло яго выратаваць,— гэта ўмяшанне ў механізм пашкоджаных клетак з тым, каб вярнуць іх да нармальнай дзейнасці. На Зямлі ў той час такое лячэнне прымянялі. Праўда, і там гэта быў вельмі складаны працэс, які патрабаваў вялікай дакладнасці і ў аналізах, і ў самім уздзеянні. Лячэнне праводзілі толькі ў стацыянарных умовах. Але ў Андрэя іншага выйсця не было, і ён вырашыў рызыкнуць.
Хвароба адступала нехаця. I адзінае, чаго Андрэй здолеў дабіцца,— гэта абмежаваць яе далейшае распаўсюджанне і аднавіць дзейнасць пашкоджаных органаў.
Смерць Генадзю больш не пагражала, але да канчатковага выздараўлення было далёка.
— Магло быць горш,— толькі і сказаў Волгін. Ен разумеў стан Андрэя, яго нездаволенасць сваёй бездапаможнасцю, але суцяшаць не стаў. Людзі іх эпохі не мелі патрэбы ў суцяшэнні. Яны лічылі за лепшае глядзець праўдзе ў вочы,— Генадзю патрэбна твая дапамога? — спытаў ён пасля кароткага роздуму.
— Ужо не.
— Тады пакінем з ім Круміньша. А мы адпраўляемся заўтра.
Волгін і Андрэй вылецелі на невялікім гравіплане, узяўшы курс на поўнач. Упэўненасці, што жыхары планеты выжылі ў
няроўнай барацьбе з буну (касманаўты прынялі тэрміналогію з расшыфраванага гуказапісу) і схаваліся за гарамі, не было. 3 часу тых трагічных падзей, як сведчылі даследаванні рэшткаў летапісца, мінула каля тысячы зямных гадоў, і гэта было не на шмат болып тутэйшых. Але шукаць трэба было. I вельмі хацелася верыць у поспех.
Унізе праплываў зменлівы пейзаж планеты. Багацце расліннага свету, з якім яны сутыкнуліся вакол зоркалёта, паступова ўступіла месца пахмурай шэрасці. На многія кіламетры пацягнулася камяністая пустыня. А потым неяк непрыкметна на гарызонце ўзнік горны хрыбет. Ен здзіўляў сваёй магутнасцю і прыгажосцю. Сотні кіламетраў даўжынёй, з высачэзным грэбенем, хрыбет стаяў непарушнай сцяной на шляху да поўначы. Абрывістыя голыя пікі і вяршыні, абточаныя ветрам, холадам і вадой, падкрэслівалі яго дзікаватасць і непрыступнасць.
Гравіплан набраў вышыню.
— Ого, пятнаццаць кіламетраў! — у голасе Волгіна прагучала захапленне.
— Дзіва што яны хацелі тут схавацца,— адказаў Андрэй.
А за грэбенем адкрылася новая цудоўная карціна. Зніклі скалістыя ўцёсы, бяздонныя цясніны. На пакатых схілах закучаравіліся густыя чырванаватыя шапкі лясоў.
Волгін запаволіў хуткасць, апусціў гравіплан так, каб простым вокам можна было разгледзець нават асобныя дрэвы. Але на экранах лакатараў, як і там, на раўніне, нічога не з’яўлялася. Нават гарадоў-астраўкоў, падобных на той, што яны ўжо агледзелі, тут не было. Толькі горы і густыя лясы.
— Але ж далей пойдзе нешта накшталт халоднай тундры,— заўважыў Андрэй.
— Так, трэба глядзець тут.
Яны доўга кружылі над горным лесам, пакуль не заўважылі паміж дрэў доўгую стужку-прасеку. Натрапіўшы на паляну, апусціліся. Лес жыў. Шумелі высачэзныя хвоі, шапацелі хмызнякі. Лес быў напоўнены іншымі гукамі, якіх зусім не чуваць было на раўніне,— стракатаннем, піскам, крыкам.
Волгін з Андрэем пераглянуліся, выклікалі робатаў і асцярожна рушылі па прасецы, дзе трава была быццам прымятая.
Яны пільна ўглядаліся ў дарогу, шукаючы хоць якога следу. Але сухое, цвёрдае покрыва не пакідала адбітку нават ног важкіх робатаў.
— Трэба ехаць далей,— вырашыў Волгін і выклікаў усюдыход, пакінуты ў гравіплане.
— Пакуль аўтаматычны вадзіцель прыгоніць усюдыход, можа, паспрабуем злавіць якога-небудзь звярка,— прапанаваў Андрэй.
Волгін не згадзіўся.
— He будзем адхіляцца. Да таго ж невядома, хто тут зараз гаспадар,— сумна сказаў ён...
Усюдыход, вузкі, як лодка, імчаўся між высокіх, магутных дрэў па дарозе, якой, здавалася, не будзе канца. Яна пятляла ўздоўж горнага хрыбта на адным узроўні, не ўзнімаючыся да вяршынь і не апускаючыся ў даліны.
— Запаволь ход,— сказаў Волгін.
Ледзь прыкметны знак — абламаная галінка — насцярожыў Андрэя. Волгін спыніў усюдыход, падышоў да галінкі. За разлапістай хвояй таілася незарослая сцежка.
— Пайшлі,— кіўнуў Волгін.
Робаты сталі адзін спераду, другі ззаду іх.
Крокаў праз трыста сцяжынка павярнула ўніз. Мінула яшчэ з паўгадзіны, і касманаўты ўбачылі на крутым схіле гары некалькі пячор. Яны здаваліся нежылымі, пустымі. Але калі Волгін з Андрэем падышлі бліжэй, раптам прагучаў вокліч. У ім адчувалася адначасова і трывога, і здзіўленне, і яшчэ нешта такое, што не давалася чалавечаму разуменню: ці то жах і роспач, ці, наадварот, нястрымная радасць.
Волгін падаў каманду спыніцца. Водгулле апошніх гукаў чужога голасу замерла ў цяснінах. Стала надзвычай ціха і неяк трывожна. Секунды цягнуліся марудна і гэтак жа марудна, быццам нехаця, складваліся ў хвіліны. Людзі з хваляваннем, затаіўшы дыханне, чакалі, што будзе далей. А таго, хто падаў голас, усё не было. Андрэй нецярпліва паварушыўся, адкрыў быў рот. Волгін ледзь паспеў зрабіць жэст перасцярогі. I ў гэты момант з крайняй пячоры высунулася галава: кудлатая, з зарослым валасамі зморшчаным тварам, на якім ярка блішчалі вялікія і, як здалося касманаўтам, разумныя
вочы. Іх позірк пранізваў людзей наскрозь у нямым запытанні: хто вы і адкуль? У ім не было ні страху, ні нават здзіўлення, нібы ён даўно чакаў сустрэчы з людзьмі.
— Дык вось ты які, чалавек Мегі! — Волгін не мог адарваць вачэй ад гэтага суровага твару. Апамятаўшыся, загадаў робату: — Пераклад! — Пачакаўшы крыху, хрыпла спытаў: — Хто ты, жыхар Meri?
Нягледзячы на ўсю значнасць моманту, Андрэй не стрымаў усмешкі і, хоць ніхто старонні пачуць яго не мог, сцішыўшы голас, сказаў:
— Гэта ён павінен у нас пытацца, хто мы? Ен — жыхар Мегі. Гаспадар.
Істота зрабіла крок наперад — нязграбная, з непрапарцыянальна доўгімі рукамі і нагамі і кароткім тулавам.
Нахіліўшы галаву, мяганін слухаў механічны голас робата-перакладчыка.
— Мы ведаем пра вашу бяду,— пачакаўшы трохі, зноў загаварыў Волгін,— і мы прыйшлі, каб даведацца, ці не можам чым дапамагчы.
Істота слухала, не рэагуючы.
— He тое, не тое,— нездаволена прамовіў Волгін.— Як сказаць, каб ён зразумеў?
He адзін раз яны ўяўлялі сабе, як некалі сустрэнуцца з разумнымі жыхарамі чужых планет, што скажуць ім, як наладзяць першы кантакт. А вось прыйшла пара, сустрэча, здаецца, адбылася, і ўсё атрымліваецца неяк не так, як думалася раней. Знаёмства яўна не ўдавалася.
Андрэй падышоў да Волгіна і, быццам баючыся, што мяганін пачуе, нахіліўшыся, сказаў:
— Можа, мова іншая стала. Тысяча гадоў...
— Здымкі! — коратка кінуў Волгін.
Задні робат, які быў яшчэ і насілыпчыкам, падаў здымак, зроблены ў знойдзеным горадзе. Андрэй паказаў яго мяганіну. У вачах мяганіна бліснуў агеньчык. Нібы ратуючыся ад нечага страшнага, ён засланіўся ад здымка рукамі.
— Мы вашы сябры,— Волгін дакрануўся да сваіх грудзей.
Робат, павольна і дакладна вымаўляючы гукі, паўтарыў фразу на мове Мегі.
Мяганін разгублена перавёў позірк з робата на Волгіна, потым зноў на робата.
— Мы вашы сябры,— паўтарыў Волгін.
Мяганін паказаў на здымак, які трымаў Андрэй, і загаварыў:
— Там смерць! Там смерць!
— Мы яе знішчым,— адказаў Волгін, быццам працягваючы даўнюю размову і не заўважаючы нават, што мяганін нарэшце сказаў першую фразу.
— Смерць перамагчы нельга,— і такая туга пачулася ў яго нізкім да хрыпаты голасе, што людзі аж скалануліся, нібы самі сталі са смерцю тварам у твар.
— Мы перамаглі смерць,— першым схамянуўся Андрэй.
Мяганін падышоў да яго, дакрануўся да скафандра, памацаў гермашлем і сказаў:
— Смерць мацнейшая за вас.
Андрэй зірнуў на Волгіна. Той, зразумеўшы, згодна кіўнуў. Андрэй адкінуў гермашлем, на поўныя грудзі ўдыхнуў свежае і чыстае горнае паветра. Яно мела ў сабе і пах азону, і нейкі незнаёмы, прыемны водар, ад якога на імгненне закружылася галава. Але Андрэю не было калі аналізаваць уласныя адчуванні. Ен зірнуў на мяганіна і ўсміхнуўся, усім сваім выглядам падкрэсліваючы, што нічога небяспечнага няма.
Цень роздуму прамільгнуў па твары мяганіна. Ён пастаяў крыху, задумлівы і, здавалася, далёкі ад усяго. Потым рашуча адышоў убок, адкрываючы ўваход у пячору.
Гэта выглядала як дазвол, запрашэнне, і людзі, захапіўшы з сабой робата-перакладчыка, увайшлі.
Убранне пячоры было сціплае, нават беднае. Можна было падумаць, што яны трапілі ў жыллё першабытнага чалавека Зямлі. Шкура-посцілка, нешматлікі керамічны посуд. I толькі металічная зброя не пасавала да выгляду пячоры.
Людзі пакланіліся гаспадару, які ўвайшоў следам за імі, і назвалі сябе. Выслухаўшы пераклад, мяганін крыху падумаў і вымавіў:
— Рашат.
Робат добрасумленна паведаміў: «Апошні». Волгін сур’ёзна папрасіў мяганіна паўтарыць сваё імя і адключыў на хвіліну робата. У цішыні пячоры выразна прагучала: «Рашат».
Шырокім жэстам Рашат прапанаваў гасцям сесці на гладкі камень, які, напэўна, служыў тут лаўкай, а сам прымасціўся насупраць. Пачакаўшы, пакуль госці ўсядуцца, ён павярнуўся да робата.
— Некалі мы таксама былі магутныя, але смерць аказалася больш магутнай. Перадай гэта сваім творцам.— Выслухаўшы гукі металічнага голасу, ён дадаў: — I ў нас былі разумныя машыны, пра гэта сведчаць легенды. Але машыны нас не выратавалі.
Волгін узняў руку, запрашаючы Рашата выслухаць яго.
— Мы сустрэліся з вашай бядой. Яна ледзь не забрала нашага таварыша. Але мы адолелі яе.
На бясстрасным дагэтуль твары Рашата раптам наступіла хваляванне.
— Так, вылечылі,— пацвердзіў Андрэй.