• Газеты, часопісы і г.д.
  • У святой краіне выгнання Імпрэсіі, адлюстраванні Ала Сямёнава

    У святой краіне выгнання

    Імпрэсіі, адлюстраванні
    Ала Сямёнава

    Выдавец: Кнігазбор
    Памер: 488с.
    Мінск 2011
    108.25 МБ

     

    Аўтаматычна згенераваная тэкставая версія, можа быць з памылкамі і не поўная.
    Цяпер у судзе на першым паверсе быў доўгі калідор, дзе заўсёды тоўпіліся людзі, налева канцылярыя маці, направа зала пасяджэнняў, вялізны доўгі пакой, перароблены з ранейшых двух. За ім маленечкі пакойчык, у якім Дана ніколі не была, менавіта туды «суд накіроўваўся дзеля нарады», як абвяшчаў суддзя. Там выносілі прысуды. Маці заставалася ў зале. «Выступленні бакоў» адбываліся тут. Маці была адным з «бакоў».
    Напрасткі па калідоры быў пакой сакратарак і справаводаў прыёмная, а па абодва бакі прыёмнай кабінеты суддзяў, першага і другога ўчасткаў. У адзін з гэтых кабінетаў Дана ўвайшла ўпершыню толькі праз шмат гадоў падзякаваць суддзі, што прыехаў на пахаванне маці. А тады тады для яе надзвычай прыцягальны быў прыёмны пакой: аграмадныя шкляныя дзверы вялі наўпроста ў сад. Ці то падчас вайны разабралі веранду, ці то не паспелі пабудаваць. Гэта былі не вокны-эркеры, а менавіта дзверы, шырачэзныя, з дзвюма дзверцамі і акном пасярэдзіне. Мелася ў доме яшчэ былая кухня з печчу, на старасвецкі лад прасторная кухня. Прыстасаваць яе, дарэчы, да казённай карысці было цяжка. Усюды толькі дзверы і адно вузкае акно на пакой метраў пад трыццаць пяць: *мабыць, пан адвакат і пані адвакатова лічылі, што кухарыць можна і ў прыцемках. Дык функцыянальнага прызначэння кухня не займела і засталася, так бы мовіць, дадатковым калідорам, побач з якім быў маленькі пакойчык, што ўвесь час мяняў сваё прызначэнне, як і два пакоі мансарды.
    Пракуратура месцілася асобна ў двухпавярховым будынку. Стаўленне да гэтых служак закону сярод судоўцаў было насцярожаным, а тыя, падобна, лічылі менавіта
    сябе асноўнымі носьбітамі ісціны і ўлюбёнцамі Феміды. Карычневы мундзір, блішчастыя гузікі і недаверлівы позірк. Пракурор з гучным прозвііпчам Трубяцкі ставіўся з сумнівам нават да самой прафесіі Данчынай маці. «Вось ты, Вольга Станіславаўна, цадзіў ён, ты абараняла солтысаў, старастаў, розных фашыстоўцаў. Гэта таму, што не член партыі. He разумееш, што абараняць варожы элемент гэт-та...» Ён шматзначна падымаў палец.
    У маці ўзлятала брыво, яна моўчкі адкрывала карабок «Казбека». Ведала, што людзей з НКУСа і пракуратуры лепш слухаць моўчкі.
    Трубяцкі неяк увесь час стаяў на шляху Вольгі Станіславаўны. I нават калі ёй далі пуцёўку ў Кіславодск, ухапіў сабе, хаця ўрачы забаранялі толькі што пасля інфаркту. Ён так і не паглядзеў на той Кіславодск: памёр падчас палёту...
    Усё гэта толькі фіксавалася ў памяці Даны, сам Трубяцкі быў ёй чалавек нецікавы. А маці сябравала і з гэтымі людзьмі ў мундзірах. Былі ў яе сяброўкі.
    Цікавы для Даны быў судовы сад. Зімовы калі Азарэвічы толькі прыехалі, белы цалік. Судовым не было часу на шпацыры, іншыя не насмельваліся шыбаваць без дай прычыны па садзе гэтай установы. Аснежаныя прысадзістыя яблыні, зусім замеценыя кусты парэчак. А ўвесну сад рабіўся празрыста-ружовы, светлавата-зялёны, і судовыя сакратаркі, Ядзя і Марыля, хадзілі садам падчас перапынку ў працэсе. Астатнія чамусьці дымілі цыгарэтамі па сваіх пакоях баяліся збыцца гонару, ці што? Быў адзіны выпадак-выключэнне, але гэта было пазней....
    Да лета Азарэвічы з’ехалі з судовай «кватэры». Аднак сад надоўга застаўся ледзь не прыватнай уласнасцю Даны у судовых былі свае садэ, як казалі ў іх краі, ці службоўцам было не да збору садавіны: кірмаш побач, танны, багаты. Адным словам, парэчкі і маліны з куста ела Дана колькі хацела. А парэчкі былі і белыя, і чырвоныя, і чорныя. Выбірала Дана белыя, пераспелыя, нават крыху падвялыя, салодка-кіславатыя. Яблыкі раслі
    тут нейкага зімовага гатунку, летам былі, што камень, Дана не вельмі давала ім рады. Удома хапала наліву і малінаўкі, штрыфелю і грабштэйну, а ўзімку папяровак.
    Так і засталося ў Даны ўяўленне пра суд як пра нешта хатняе, звычнае і чужое. Хатняе не так ад таго, што яны там жылі, як ад самога будынка утульнага катэджа, разлічанага на самавітае і прыватнае жыццё. Чужое... Таму што Дана ніколі не дабрала да стадыі зацікаўленасці тым, што адбывалася ў будынку. Закон у гэтым слове было для яе нешта далёкае і жорсткае. Суд. Прысуд. Дана ўяўляла пакаранне толькі справядлівым, але тое, што пачынаюць дзейнічаць катэгорыі свету пагрозлівага і таямніча-варожага, выдавала бояззю: кодэкс, прэзумпцыя невінаватасці, падсудны... Некага забілі, некага ашукалі, нехта рабаваў, нехта латраваў... Яна інстынктыўна адстаранялася ад гэтага. Ніводнага разу не ўвайшла падчас працэсу ў залу суда... I не ведала, што гэта было суцэльны эгацэнтрызм ці натуралыіае стаўленне натуральнай істоты?
    Пазней, калі Дана ўжо толькі наязджала ў свой горад, дык не любіла прыходзіць у суд яшчэ і таму, што павінна была ўвасабляць палепшаны, квінтэзіраваны, матчын стандарт. Гарнітур, паліто, капялюш, пальчаткі усё павінна было быць у лепшых традыцыях сям’і Азарэвічаў. «Ты памятаеш Чэхава?» I ў тэатр, і на візіт, і на службу і ўдома каля печы трэба апранацца адпаведна і ніякіх капотаў наросхрыст або пакамечаных спадніц. Ці аксамітавых сукенак на кірмаш так меліся фарсіць жонкі вайскоўцаў. Праўда, памылак сваіх папярэдніц 39-га года яны не паўтаралі: тыя шыкавалі ў начных кашулях па горадзе, лічачы іх за святочныя строі. Дасюль на гэны конт хадзілі здзеклівыя анекдоты.
    Дана разумела маці. Але прыязджала яна падчас адпачынку, каб мець нейкі пярэдых, і эстэтычныя катурны даставалі ёй дух. Потым яны паразумеліся візіт перад ад’ездам. Свой час ягадзе, свой час баравіку. А да таго Дана хадзіла па хаце і ў парку, і на замку ў вузкіх
    нагавіцах і нейкіх блузах і свэдрах кампрамісны варыянт: і ёй зручна, і маці не супраць.
    На вакацыях і падчас адпачынку Дана прыглядалася да здымка, што быў навідавоку: бацька ў цывільным гарнітуры стаяў, абапершыся за стаяк з кветкамі; бацька ў вайсковым убранні разам з маці, а Дана стаіць паміж імі; бацька глядзіць з-пад палёў капелюша загадкавы, таямнічы, знаёмы і незнаёмы, як герой фільма. Маці не вельмі ахвотна гаварыла пра яго. Вобраза ідэальнага бацькі і героя збройнай справы не рабіла, але нічога кепскага таксама не згадвала. Дана магла выдумляць сама...
    Свае ж уласныя карані маці хавала і ганарылася імі. Маці Вольгі Станіславаўны памерла, калі ёй было восем гадоў, а бацька, дзед Даны... О, дзед! Дзед прыехаў сюды разам з імі. Ці хутчэй яны прыехалі разам з дзедам. Называлася гэта спецыялістаў накіроўваюці^ на вызваленую тэрыторыю. Спецыялістам была маці. Здаецца, яе не вельмі каб хацелі сюды выпраўляць; шосты пункт анкеты не адпавядаў высокім запатрабаванням. Там стаяла: б/п, беспартыйная. He зусім той спецыяліст. «Недаспецыялізаваны спецыяліст», пасміхаўся дзед. Дзед быў не проста беспартыйны. Горш некалі сасланы. Пра тое не гаварылі нікому.
    СІЛУЭТЫ I ПОСТАЦІ
    Да свайго горада, да Беларусі была доўгая дарога. Праз Сібір. Праз багаты горад Растоў. Праз станцыю з язычніцкай назвай Варажба. Ехалі таварнякамі. Нават і на платформах. Галоўнае ўражанне ў Растове вялікі шыкоўны кірмаш. Сорак чацвёрты год, яшчэ грымяць блізкія гарматы, яшчэ ідзе вайна, яшчэ карткі на харч і талоны на адзетак. А тут што табе абрус самабраны. Белыя булкі, пернікі, рыба, малако, сыры, ікра. Яблыкі, ігрушы, слівы іх Дана бачыла ў свае шэсць гадоў упершыню, як і ікру. Увогуле столькі наедку бачыла ўпершыню. Колькі ўсё гэта каштуе, нават не мела значэння. Аказваецца, магло быць гэтулькі харчу.
    Прыпыніліся ж у Растове з-за Данчынай хваробы. Жнівень, спёка, а ў яе ангіна.
    У Варажбе чакалі цягніка. Вакзала не было. Туліліся каля нейкай разбуранай хаты. Трагедыі руінаў Дана яшчэ не ўсведамляла, успрымалася толькі казачна-райскае: жыццё наўпрост пад жнівеньскімі зорамі, у садзе, поўным белага наліву і спелых вішняў. У Растове ёй купілі адзін яблык, а тут можна было раскашавацца, што ў раі. Зоры былі яркія і здаваліся добрымі і цёплымі. Здавалася яшчэ, што маюць яны нейкую патаемную сувязь з пладамі саду. Плады віселі на галінах і ўжо гатовыя былі асыпацца месяцова-светлыя яблыкі і загадкава-цёмныя вішні.
    А ў дарозе дзед распавядаў пра іх родны край. Якія там людзі. Як увесну ўсё цвіце, а ўлетку спее садавіна і гародніна. Зімой там няма лютых маразоў, летам спёкі, а восень улашчаная Богам, залатая, багатая.
    ...У свой горад яны прыехалі ўжо зазімкам, надвячоркам. Святла ў хатах яшчэ не палілі, дамы стаялі цёмныя, пагоркі пад снегам, і Дане падалося: едуць нейкім тунэлем. Па-за часам. Па-за падзеямі. Недзе існаваў іншы свет, карыстаў плён перамогі, ачомваўся ад паражэння, прыкідваў набыткі ад нейтралітэту і адкрыцця Другога фронту. Вёў рахунак ахвяр, страт, болю. Недзе грымелі маршы перамогі і гралі мірныя вальсы. Недзе. Тут былі толькі гурбы снегу і цішыня.
    А да свайго горада быў яшчэ адзін Вілейка. Казалі Старая Вілейка. Бо недзе існавала і Новая.
    У Вілейку прыехалі і зусім уначы. На хаду з платформы раскідалі рэчы, паўз увесь перон. На хаду замаруджаным, павольным дзед скокнуў на зямлю і прыняў на рукі Дану. Дзед быў зусім сівы, але спрытны, хударлявы, высокі. I вочы невыцвілым блакітам пазіралі на ўсіх халаднавата і спакойна.
    Да дзедавага сябра яны і рушылі ў Вілейцы. Матчына накіраванне было ў Маладзечна, і яна цалюткі год ездзіла кожнага дня туды і назад. Затое для Даны гэта быў год казкі маленства. Дзедавы сябар быў каморнікам і
    жыў ва ўтульным старасвецкім доме. Вялізная кухня, гасцёўня з узорыстай кафлянкай, паўпусты дзіцячы пакой, спальня гаспадароў і пакойчык, дзе сталі жыць Азарэвічы. Іх вокны выходзілі на вуліцу, у гародчык з бэзам, а ўсе астатнія вокны ў доме глядзелі ў сад. Ён быў такі ж, як пазней судовы: пасярэдзіне агарод (у судзе здзірванелы), а паабапал, паўз плот, прысады, альтанка з блакітнаватых хвоек і лаўка з акуратным столікам. Вербы, ліпы, бэз і півоні. А двор паміж хатай і свірнам зялёны-зялёны. Газон гэтае слова Дана тады пачула ўпершыню.
    Электрычнае святло было толькі зрэдзьчасу, і ўвечары ўсе збіраліся спачатку ў кухні, а потым у гасцёўні. Са столі побач з жырандоляй звісала на ланцужках парцалянавая 10-лінейная лямпа. Дана з малодшай дачкой каморніка Светай разглядвалі малюнкі ў кніжках, слухалі, што ім чытаў або распавядаў дзед. Вера Аляксандраўна, гаспадыня, нешта шыла, цыравала або чытала. Яе муж, Андрэй Мікалаевіч, або чытаў нешта сабе, або гуляў з дзедам у шахматы. А найчасцей яны ішлі з дзедам з хаты і вялі нейкія свае размовы. I не любілі, калі іх слухалі. Маці часцей за ўсё прыязджала позна ўвечары з Маладзечна, перакусвала і клалася спаць. Яна была заўсёды стомленая, тоненечкая, як свечка.