Пазней, жывучы ў гарадскіх менскіх кватэрах з запляванымі лесвіцамі чым далей да канца стагоддзя, тым больш, Дана заўсёды згадвала ясную, як з просценькай казачкі, лесвічку: «У нейкім царстве, у нейкім гасударстве жылі-былі...» Жылі-былі... Луіза Генрыхаўна любіла рэчы, як відавочнае ўяўленне непахіснасці рэальнасці. Любіла рэчывы. Прысмакі. Гародніну. Садавіну. Мяса. Яйкі. Кароннымі яе днямі былі яшчэ дні кірмашовыя. Аднак тут займелася не абыякая суперніца Ніна. ПЛЁН ЗЯМЛІ Кірмаш быў справай сур езнай. Тут былі свае законы. У нядзелю у кірмашовы дзень усё ажно гуло ад вазоў на брукаванцы. А парсючкі вішчалі так, як быццам іх тут, на возе, і смаляць. У хатах спяшаліся на кірмаш. Кірмашовы гандаль да гэтага ставіліся з павагай. Асноўны набытак быў адтуль, з кірмашу. Мяса, масла, яйкі, садавіна, гародніна усё адтуль. Купіць добрае і танна было справай гонару. Луіза Генрыхаўна ў адзінаццаць гадзін павінна была быць у краме, і яны з Нінай выпраўляліся з дому гадзіне а сёмай. Чамусьці заўсягды цягнучы з сабою Дану, Ніна любіла хадзіць на кірмаш без гаспадыні. Калі йпла маці людзі пазнавалі яе і скідалі якую капейчыну. Хто яго ведае, як жыццё абернецца, няпэўнае паваеннае жыццё. Куды ж кінешся? Да адваката. Абаронца. Дарадчык. Дзе ж тут Ніна магла аказаць свой талент? Ну, а калі адна... Дана ў разлік не бралася, хіба што было перад кім пакрасавацца. Ну, а паглядзець было на што. Ніна і Луіза Генрыхаўна разбягаліся ў розныя бакі ледзь не ад гары Міндоўга кірмаш месціўся пад гарою. I кожная пачынала свой спектакль? гульню? экзамен на спрыт? Дана заставалася пры Ніне. Ніна ж... Трымайцеся, гаспадыні і гаспадары! Ніна перашчупае ўсіх курэй, пакаштуе ўсё масла, папераварочвае ўсё мяса. Спрачаецца за кожнага паўрублёвіка так, як быццам ад гэтага залежыць дабрабыт і лёс усіх яе сваякоў, нашчадкаў і знаёмых. Абабяжыць дзесяць разоў усе вазы, перастарэкаецца з усімі. Ой, бацюхна, дык вашаму пеўніку столькі ж гадоў, як майму свёкру, адчайна ледзь не драла пер’е няшчаснай птушцы Ніна. Дане хацелася ўкінуць свае тры грошыкі наконт неіснуючага свёкра, але яна моўчкі падтрымлівала непадробны Нінчын гандлёвы імпэт. А Ніна раскідвала на возе яблыкі. Даражэнькі, мне такіх смакаўных ды прыгожых, як ваша жонка перад вяселлем! Той даражэнькі і слова ўкінуць не паспяваў, як Ніна спрытна напакоўвала поўны кошык, адабраўшы самыясамыя, адзін да аднаго. Го, яблычкі, хоць на калядную яліну, пасміхаўся паважна гаспадар. Ну, дзе вы бачылі, каб у жніўні ды такая цана? Дзе вы бачылі? I адкуль вы такая спраўная? рагатаў дзядзька. Яму відавочпа падабалася весці гандаль з гэтай кабетай: ну што за кірмаш, калі словам не перакінешся? Ніна ўжо на хаду нешта вясёла крычала і неслася далей. Ухапіўшы ледзь не тузін куранят і сунуўшы Дане кошык з яблыкамі, яна вяла свой маналог: «Во акурат, крыху іх падгадую і ў смятане, з баравічкамі і з бульбай». Дана ведала, што ў смятане, з баравічкамі будзе гатаваць маці, але Ніне не пярэчыла, хай сабе галёкае. Яе фэст. Ды Ніна і не пачула б, ляцела, што ганчак за зайцамі. А было дзе раскашавацца кірмаш быў ад гары Міндоўга і да таго месца, дзе пазней нейкі час быў аэрапорт, лёталі «кукурузнікі», сорак хвілін і ў сталіцы. Як вецер, то быў «кукурузнічак» як трэнажор для касманаўтаў, а нічога: тутэйшы народ трымаўся, што табе тузін Гагарыных: самалёцік меў якраз дванаццаць месцаў. Дык тым часам Ніна бегла да вазоў на ўзгорак, вярталася ў павільёны з мясам, борздзенька нахілялася, каб пакаштаваць масла, яшчэ патузаць куранят, ухапіць сыру гаспадыні кідалі саломы на брукаванку і раскладалі тут свой тавар у кошыках: масла ў зялёным лісце капусты або ў палатнянай чысценькай анучыне, сыр, смятана ў слоіках. Яблыкі, ігрушы, слівы, вішні, чарэшні продалі ўсё больш з вазоў прывозілі многа, парэчкі, агрэст, маліну, клубніцы таргавалі таксама не менш як кошыкамі. На тую пару ў іх ніхто не меў моды ні прадаваць, ні купляць шклянкамі такой абразы гандлю ніхто б не знёс. Вялікія гарады былі далекавата, даехаць да іх горада было не проста чыгункі не было, аўтобусы яшчэ доўга не засвойвалі мясцовую прастору, уласны аўтамабіль быў немаведама якой раскошай. I мінчукі, якім здаралася трапляць у іх горад, глядзелі на мясцовы кірмаш як на філіял зямнога раю. А нехта і злосна кідаў: «Распанелі заходнікі! Вось прыйдуць да вас калгасы». Калгасы і сапраўды неўзабаве прыйшлі... Тыя кірмашы засталіся толькі ў памяці. I цэны тых кірмашоў таксама... Ніна, зразумела, не рабіла футуралагічных прагнозаў, яна жыла імгненнямі. Яна адчувала сябе гаспадыняй на кірмашы зразумела пазней Дана. I толькі што з вёскі мела, мабыць, тут і роднаснае атачэнне. I ўмела ў ім аказаць сябе. Ад яе было не ўтоіць ёлкага масла, ці жарсткаватага тварагу, ці мяса кароўкі, пра год нараджэння якой не памятаў нават сам гаспадар. Да таго ж на кірмашы былі ўсе. Шаўцы, краўцы, настаўнікі, урачы, людзі са швейнай фабрыкі, народ з трыкатажнай, з прамкамбіната, з ліцейнага цэха... Ішоў майстар з «Індпашыву» Бузук, цырульнік Гальдштэйн, прыгажуня-манікюрша, высокі саністы ганаровы грамадзянін рэспублікі Чэхаславакія, што партызаніў у тых краях, судмедэксперт Харытончык з жонкай, настаўнікі з яе, Данчынай, СШ № 2, «мэр» горада Ірына Паўлаўна, намеснік ваенкама Варава з жонкай, якую Дана ведала як цёцю Шуру, як увасабленне дабрыні і чалавечай спагадлівасці. Гандлёвы, кірмашовы дзень... Увечары Ніна і Луіза Генрыхаўна рабілі, так бы мовіць, рэестр перамог. Кожная хваліла куплёнае суседкай: гэтага вымагала этыка адносін. «О, якія вішні! Варэнне будзе хоць да царскага стала!» «Божа літасцівы! Якое кураня! Хай крыху пагадуецца, з маёй качкай рэзаць будзем!» Птушак продалі і куплялі жывых. I галоўнымі «экзекутарамі» былі Ніна і Луіза Генрыхаўна. Трэба было, каб істота не пакутавала, адсекчы галаву за адным разам, спусціць кроў, а потым чысценька-чысценька абскубці, абсмаліць ну, не смаленне вепрука, але таксама навука. Вольга Станіславаўна той навукі і не ўмела, і не любіла. Дана ж увесь рытуал уяўляла толькі тэарэтычна, і то не вельмі пэўна. Але куранят, асабліва ў смятане ды з маладой бульбай і баравічкамі ці лісічкамі, ела. Хаця смаку дэгустацыйнага дабралася пазней, з гадамі. На тую пару лічыла ўсё мітуснёй, баўленнем часу гэта ж не птушак слухаць гадзінамі: во, то справа для яе! Калі ж пачыналіся слоўна-рэчавыя гульні на кухонным рысталішчы, хто каго перахваліць, хто каго перасіліць, хто на рубель выйграў у кірмашовым турніры Дана ціхенька сыходзіла з хаты ці зашывалася куды-небудзь з кніжкай. Свет не існаваў для пераможцаў. Да кірмашу ў Даны адносіны былі складаныя. Яна любіла летні ранак у нядзелю. Зазвычай добрым надвор'ем клалася спаць на гаўбец і прачыналася гадзін у шэсць ад заклапочаных крыкаў варон на клёнах праз дарогу, ад скрогату вазоў па брукаванцы, ад віску парсючкоў на вазах, ад шлёгання пугі ў гаспадарскіх сялянскіх руках. Было надзвычай добра ад свежасці раніцы, ад незамглёнага блакіту неба, ад шоргату вазоў, ад адчування пачатку дня. Было ва ўсім гэтым нешта неадольна трывалае, надзейнае, усім патрэбнае. Мабыць, Анёл у цені сваіх крылаў не адно стагоддзе глядзеў на тыя вазы, на парсючкоў, на яблыкі, на акуратныя кошыкі і бласлаўляў зямное дзейства, і меў асалоду ад выявы пладоў зямлі, ад плёну яе. Дане падабалася і віраванне натоўпу на кірмашы, і сыры на мокрым палатне, і жоўценькае масла на лістах капусты, светлае, свежазбітае, з кропелькамі-расінкамі ў ямінках-рэбрынках, зробленых лыжкай. I вязкі залацістай цыбулі, і вазы з яшчэ цвердаватымі грушамі і празрыстымі летнімі яблыкамі, і кашы з алычой і слівамі, яблычкамі-«райкамі». I вочы коней вільготныя, спакойныя, мудрыя, нібыта яны, коні, ведаюць нешта такое, пра што сном-духам не ведаюць людзі. Увогуле ёй падабалася вясёлая мудрасць местачковай імпрэзы. Хаця мітусня, таргі, гвалт тут Дана не ўмела дабраць цікавасці. Мо таму, што была толькі сведкай і Ніна нават спробы не рабіла, каб далучыць яе да сваіх ведаў, да таямніц куплі-продажу, да ўласцівасцяў рэчаў: што такое ёлкае масла? Мо таму, што Дана не мела да гандлю прыроднага спрыту. Так і не займела ніколі. «Ат, паненка», махала на яе рукой Ніна. I злавалася, калі Дана ўставала да ўзыходу сонца, прыцемкам, каб сустрэць пачатак дня на замку. «I чаго ўзбілася? Сама спаць канікулы, рабіць ёй няма чаго!» Дана не магла растлумачыць Ніне, чаго яна ўставала на золаку і імчала на гару. ІНТАНАЦЫІ ЖЫЦЦЯ Узыход сонца ўвогуле было лепш за ўсё сустракаць на замку. Сонца толькі-толькі з'яўляецца, перасоўваецца ад Сяльца да Градзілоўкі, што яшчэ не мела свайго сумнага прызначэння як месца вечнага спакою, а была ўтульным лясочкам з рачулкай і млыном. Свет суцішыўся ў будзённа-ўрачыстым чаканні дня. Гаючая самота. Сума гадоў яшчэ не абавязвае, не пагражае, не прыціскае да зямлі, нагадваючы: «Таму што зямля ты і ў зямлю сыдзеш». Душа засяроджана. I лётна свабодна. Далягляды прыгожыя і на пару Данчынага дзяцінства яшчэ не маюць дакучных адзнак цывілізацыі. Мабыць, усё так, як было ў часы Гражыны. Ці Міндоўга. I HexTa таксама глядзеў адсюль на спакой зяленіва і Боскую чысціню неба. I аднекуль таксама пазіраў на яго Анёл Боскі. Чаму, дарэчы, Анёл іх горада з шалямі і цёмны, нібыта на яго ўпаў цень? Што ён узважвае рух жыцця, яго зменлівыя абліччы? Можа, час? Прыкідвае каму колькі гадоў адшкадаваць? А магчыма, вызначае меру поспеху? Меру славы і няславы? Меру таленту? Меру сумлення? Дана зазвычай углядвалася ў неверагодную верагоднасць фарбаў, ліній, абрысаў, ідучы абарончым валам. Потым скіроўвалася самым стромым схілам гары на дно былога рова (напрадвесні і вясною тут заўсёды вада), бегма бегла на наступны пагорак, з яго у парк, да сажалак, і паўз ручай, цыркліва негаманкі, цацачна нешырокі, выкіроўвалася да прыступак фарнага касцёла фары. Тут Дана зазвычай прыпыняла хаду, ішла доўга, павольна, садзілася на лаўку ля касцёла. Проста сядзела. Слухала птушак. Глядзела на дрэвы. I адчувала амаль фізічна гармонію існага. Раніцы. Цішыні. Свежасці. Адчувала на сабе ясвіны святла вялікай Загадкі Быцця. Гадзін у сем дзверы касцёла расчыняліся. Там было строга-прыгожа. Заўсёды многа кветак. Увесну бэз і півоні. У ліпені белыя лілеі. У жніўні гладыёлусы і астры. А потым ад восені да самай вясны хрызантэмы. Асабліва ёй падабаліся лілеі і хрызантэмы. I дзіўна у пакоях у хаце пах лілеяў меў нейкую склівую слодыч, быў даўка-задушны. Тут, у храме, пах раствараўся ў паветры, у прасторы і набываў адухоўленую вытанчанасць, рабіўся ўстойліва-няўлоўным. Нейкім асаблівым хара-