Уводзіны ў археалогію
Браян М. Фэйган
Выдавец: Беларускі Фонд Сораса
Памер: 272с.
Мінск 1996
Час сярэдняга плейстацэну пачаўся са змен у магнетычнай палярнасці Зямлі каля 730 тыс. гадоў таму. Даследаванні палеамагнетызму паказалі, што геамагнетычныя палі Зямлі шмат разоў змяняліся ў мінулым. Гэтыя змены можна заўважыць у даследаваннях вулканічных парод. Палярнасць змянілася ў эпоху Матуяма. Зноў да нормы яна вярнулася з надыходам эпохі Брунес каля 730 тыс. гадоў таму. Пра гэтыя змены даведаліся не толькі з геалагічных даследаванняў глыбакаводных адкладаў, але і праз вывучэнне наземных вулканічных парод, якія можна датаваць калій-аргонавым метадам. 3 таго часу адбылося восем халодных (ледавіковых) і цёплых (міжледавіковых) цыклаў. Апошні цыкл скончыўся прыблізна 12 тыс. гадоў таму. (Дакладней кажучы, мы сёння знаходзімся ўсё яшчэ ў часе міжледавікоўя.) Гэтыя цыклы змянялі адзін аднаго настолькі сістэматычна, што сусветны клімат знаходзіўся ў стане пераходу ад халоднага да цёплага і наадварот прыблізна 75% часу за апошнія 700 тыс. гадоў. Звычайна халодныя цыклы пачыналіся паступова, са з’яўлення агромністага кантынентальнага ледзянога покрыва ў Скандынавіі, Альпах і вакол паўночнай часткі Паўночнай Амерыкі. Ледзяное покрыва павялічвалася, скоўвала вялізную колькасць вады, што выклікала памяншэнне ўзроўню сусветнага акіяну на некалькі сотняў футаў. Геаграфія свету драматычна мянялася і вялізныя кантынентальныя пляцоўкі, якія раней былі пад вадой, адкрываліся для чалавечых паселішчаў. Калі ж пачалося пацяпленне, ледавікі сталі вельмі хутка таяць. Узровень мора павысіўся, і нізінныя берагавыя прасторы былі затоплены за некалькі тысячагоддзяў. Падчас максімальнага аледзянення лёдам
цалкам была пакрыта трэцяя частка паверхні зямлі. Ледавік быў такі ж вялізны, як і сёння, у часы міжледавікоўя.
На працягу апошніх 730 тыс. гадоў змены расліннасці адлюстроўвалі кліматычныя ваганні. Падчас аледзянення бязлесны арктычны стэп і тундра пакрывалі большую частку Еўропы і Паўночнай Амерыкі, а ў час міжледавікоўя на гэтых тэрыторыях з’яўляўся ўмераны лес. У тропіках, афрыканскай пустыні Сахара магло з’явіцца травяное покрыва ў міжледнікоўе, якое асабліва развівалась падчас сухіх, халодных перыядаў.
Стадыя верхняга плейстацэну пачалася каля 128 тыс. гадоў таму, з пачаткам апошняга міжледавікоўя. Гэты перыяд працягваўся прыблізна да 118 тыс. гадоў таму, калі павольнае пахаладанне выклікала амаль поўнае аледзяненне Еўропы і Паўночнай Амерыкі. Гэта было аледзяненне Вюрм, названае так па рацэ ў Альпах. Яно працягвалася да 10 тыс. гадоў таму, калі пачалося хуткае вяртанне да больш умеранага клімату.
У канцы аледзянення Вюрм адбываліся пастаянныя кліматычныя ваганні з некалькімі перыядамі болып умеранага клімату ў сярэдніх шыротах. Гэтыя перыяды мелі вялікае значэнне для чалавецтва на пачатковых стадыях яго развіцця. Асабліва для рассялсння сучаснага Homo sapiens sapiens з тропікаў ва ўсе часткі Старога Свету і ў Амерыку. Прыблізна паміж 25000 і 15000 гадамі таму паўночнаеўразійскі клімат быў дйволі халодны. Некалькі выдатных культур паляўнічых-збіральнікаў каменнага веку развіваліся і ў адкрытай тундры, і ў далінах рэк паўднёва-заходняй Францыі, Паўночнай Іспаніі. Гэтыя культуры вядомыя сваімі артэфактамі з рога аленя і косці і незвычайнымі творамі мастацтва.
Геаграфія свету моцна адрознівалась ад сучаснай 18 тыс. гадоў таму. Гэтыя адрозненні мелі вялікі ўплыў на дагісторыю чалавецтва — можна было прайсці ад Сібіры да Аляскі па паверхні нізіннай раўніны — масту Берынгавай Зямлі. Гэта быў шлях, якім людзі ўпершыню дайшлі да Амерыкі крыху раней за 12 тыс. гадоў таму. Нізінныя ўзбярэжжы Паўднёва-Усходняй Азіі 15 тыс. гадоў таму былі значна большымі за сучасныя. Там жылі квітнеючыя папуляцыі паляўнічых-збіральнікаў каменнага веку. Змены ў распаўсюджванні раслінных зон таксама ўплывалі на ход гісторыі чалавецтва і на спосабы пасялення.
ГЕААРХЕАЛОГІЯ
У перспектыве вялікія кліматычныя падзеі апошніх 1,6 млн. гадоў забяспечаць археолагаў асновай для адноснай храналогіі чалавечай культуры. Чалавечыя істоты амаль не жылі побач з ледавіком, які ахапіў вялікую частку паўночнага паўшар’я. Яны жылі ў раёнах, закранутых геалагічнымі зменамі, якія былі звязаны з аледзяненнем: ўзбярэжжы, азёры, месцы разліваў рэк. Чалавечыя артэфакты, якія знаходзяць у непасрэднай сувязі з тыповымі геалагічнымі асаблівасцямі плейстацэну, часам дазваляюць суаднесці археалагічныя помнікі з адноснай храналогіяй падзей плейстацэну, якія ўстаноўлены з геалагічных пластоў. Гэтая галіна даследаванняў вядома як геаархеалогія — археалогія, якая выкарыстоўвае метады і палажэнні навук, прадметам даследавання якіх з’яўляецца Зямля. Геаархеалогія — гэта краевугольны камень рэканструкцыі асяроддзя. Яна значна шырэй за геалогію, бо ўключае па меншай меры пяць асноўных падыходаў:
— геахімічныя, электрамагнетычныя і іншыя асобныя адчувальныя спосабы вызначэння месцапалажэння помнікаў і прыкмет асяроддзя (раздзел 6);
— вывучэнне працэсаў фарміравання помнікаў і іх прасторавых кантэкстаў (раздзелы 6, 10);
— рэканструкцыя старажытнага ландшафту праз разнастайныя палеагеаграфічныя і біялагічныя метады, і аналіз пылку раслін;
— адноснае і хранаметрычнае датаванне помнікаў і іх геалагічных кантэкстаў;
— спосабы вызначэння з’яў у натуральным асяроддзі, выкліканых чалавечай дзейнасцю.
Людзі — гэта такая ж геамарфалагічная з’ява, як і вецер. Выпадкова альбо намерана яны пераносяць арганічныя і неарганічныя матэрыялы ў свае дамы. Яны выкідваюць смецце, будуюць дамы, вырабляюць прылады і пакідаюць іх. Падчас засялення помніка людзьмі альбо пасля гэтага на ўсе мінералы і арганічныя матэрыялы ўздзейнічаюць розныя механічныя і біяхімічныя працэсы. Кантраляваная геамарфалагічная сістэма на помніку любога памеру складаецца не толькі з натуральных элементаў, але і з жывучых культурных кампанентаў таксама. Геаархеолаг уключаецца ў археалагічныя даследаванні з самага пачатку і мае справу не толькі з працэсамі фармі-
равання помнікаў і са зменамі, якія адбыліся падчас іх засялення, але і з тым, што здарылася з помнікамі пасля таго, як іх пакінулі людзі.
У полі геаархеолаг — адзін з каманды даследчыкаў розных дысцыплін. Для таго каб здабыць інфармацыю з дапамогай паслядоўнасці земляных адкладаў, ён фіксуе вертыкальныя профілі раскопаў і спецыяльных шурфаў no634 з імі. I ў той жа час ён бярэ ўзоры грунту для пылковага аналізу і для даследавання адкладаў, а таксама з дапамогай тапаграфічнага агляду вызначае суадносіны паміж помнікам і яго асяроддзем. Працуючы поруч з палявымі археолагамі-разведчыкамі, геаархеолагі вызначаюць месцапалажэнне помнікаў і іншых культурных аб’ектаў у прыродным асяроддзі з дапамогай аэрафотаздымкі, другасных прыкмет і нават геафізічных даследаванняў на асобных помніках. Яшчэ яны правяраюць дзесяткі натуральных геалагічных аголеных пластоў, каб даследаваць гісторыю адкладаў і стратыграфію ўсяго рэгіёна, каб ведаць найболып шырокі кантэкст фарміравання помніка ў гэтым месцы. Іх канчатковая мэта — вызначыць не толькі мікраасяроддзе помніка, але і ўсяго рэгіёна, экалагічныя і прасторавыя межы сацыяльна-эканамічных мадэляў і прыкладаў пасяленняў, якія адкрыты з дапамогай археалагічнай разведкі і раскопак.
Акрамя геаархеалогіі, косці жывёл і палеабатанічныя знаходкі, асабліва ў спалучэнні з іншымі падыходамі, могуць даваць важную інфармацыю пра дагістарычнае асяроддзе і для вызначэння адноснай храналогіі падзей. Дзякуючы такім складаным батанічным метадам, як аналіз пылку, часта бывае магчымым рэканструяваць мясцовае асяроддзе часоў ледавіковай эпохі з прыкметнай дакладнасцю.
Шматлікія плямёны паляўнічых-збіральнікаў часоў плейстацэну размяшчалі свае стаянкі на берагах азёр, якія ўжо даўно высахлі. Адклады гэтых азёр багатыя на арганічныя матэрыялы, якія даюць шмат інфармацыі пра асяроддзе таго часу. Мільёны маленькіх акамянелых часцінак пылку з дрэў і кустоў захоўваюцца ў азёрных адкладах. Гэтыя часцінкі пылку вельмі розныя і вызначыць іх проста, таму што кожная парода дрэў і нават кожны від травы мае сваю адметную форму. Дзякуючы ўзорам азёрных адкладаў, ёсць магчымасць рэканструяваць расліннасць, якая была вакол возера часоў плейстацэну. Для гэтага вызначаюць віды і падлічваюць часцінкі акамянелага пылку.
Гэты метад ёсць палібатаніка, навука аналізу пылку, адзіны спосаб вызначэння дакладнай, дэталёвай карціны дагістарычнага асяроддзя. Дзякуючы ўзорам пылку, удалося даведацца, як паляўнічыя-збіральнікі, якія жылі ў цэнтральнай частцы Афрыкі 50 тыс. гадоў таму, распрацоўвалі густыя лясы. У 10000 г. да н.э. Заходняя Еўропа была пакрыта бязмежнай арктычнай раўнінай, якая прадзімалася ледзянымі вятрамі. Спатрэбілася ўсяго некалькі тысяч гадоў, каб арктычны клімат Паўночнай Еўропы змяніўся на сучасны, умераны. Нязначныя змены ў раслінным покрыве адбываліся поруч з кліматычнымі зменамі, якія можна прасачыць праз вывучэнне пылку з азёрнай гліны і глею, дзе залягае шмат археалагічных помнікаў. Кожны раслінны тып можа быць вызначаны ў адпаведнасці з датаванай зонай постплейстацэнавага часў.
Адносная храналогія плейстацэну забяспечвае археолагаў сістэмай галоўных падзей дагісторыі. Гэтая сістэма стала яшчэ больш дакладнай для часу, пачынаючы з 100 тыс. гадоў да н.э.. Шмат помнікаў гэтага перыяду знойдзена побач з азёрамі і ў іншых мясцовасцях, дзе можна выкарыстаць аналіз пылку для вывучэння раслінных і навакольных змен.
ДАТАВАННЕ Ў ГАДАХ .
(ХРАНАМЕТРЫЧНАЕ ДАТАВАННЕ)
Людзі заўсёды спрабавалі датаваць мінулае ў каляндарных гадах. Сёння целы шэраг метадаў хранаметрычнага, альбо абсалютнага, датавання даступны археолагам. Некаторыя з іх з яўляюцца чадзейнымі і добра распрацаванымі, напрыклад, датаванне па гадавых кольцах спілаваных дрэў і калій-аргонавае датаванне. Іншыя метады з’яўляюцца ў значнай ступені эксперыментальнымі. Сярод іх можна назваць амінакіслотнае датаванне, абсідыянавую гідрацыю і тэрмалюмінесцэнцыю. Аб’ём кнігі не дазваляе расказаць пра ўсе спосабы датавання. таму спынемся на хранаметрычных метадах, якія найбольш шырока ўжываюцца. 3 іх дапамогай можна датаваць большую частку дагістарычнага часу. Каб пазнаёміцца з эксперыментальнымі метадамі датавання, звяртайцеся да раздзелу «Дадатховая літаратура», які знаходзіцца ў канцы кнігі.