Ваенная гісторыя беларускіх земляў (да канца XII ст.)
Том. 2
Ягор Новікаў
Выдавец: Логвінаў
Памер: 300с.
Мінск 2008
Зместам першага этапу бою стала атака Мсціславава крыла смаленскіх войскаў супраць чарнігаўцаў. Мсціслаў «нзряднвше полковь свокхь, наборзе оустреммшася на ннхь, н поткоша кь ннмь, н сшнбошася co Ольговым полкомь, н стягн Ольговы потопташа, н сына его Давыда нсекоша».336 Адкінуўшы чарнігаўцаў, смаляне заняліся іх пераследаваннем. Для чарнігаўска-полацкага войска наступіў крызіс бою.
Другі этап бою распачалі таксама смаляне. Другое іх крыло атакавала палачан, але не даехаўшы да полацкай баявой лініі, павярнула ўбок і пакінула поле бою. Прычынай гэтага можна лічыць незадаволенасць смалян Давыдам Расціславічам, які бясконца ўцягваў іх у міжусобныя войны. Пасля бітвы палонныя смаляне пацвердзілі гэта, расказаўшы чарнігаўцам аб сваёй варожасці з князем.
Без бою застаўшыся гаспадарамі на полі, палачане ў ходзе
336 йпатьевская летопнсь. Ст. 691.
трэняга этапу оою разважылі, што поспех не можа лічыцца дасягнутым, пакуль ім пагражае пераможнае крыло смалян. Яны не сталі пераследаваць смаленскіх апалчэнцаў, а нанеслі ўдар у тыл Мсціслававу палку «м потопташа н». Сам Мсціслаў, захапіўшыся пераследаваннем, забегдалёка наперад і арганізаваць супраціўленне ўжо не мог. Больш за тое, «мневь, яко уже победйвд> Ольга», «вьеха вь ратныя, н познавше Полчане яша н».337 Расціслаў з Глебам, вярнуўшыся з пераследавання, пабачылі паражэнне свайго крыла і разам з рэштай войска ўцяклі ў Смаленск. Бітва скончылася рашучай перамогай палачан. Неўзабаве на поле бою вярнуўся Алег Святаславіч. Ён выпрасіў у Барыса Друцкага палоннага Мсціслава і адправіў яго ў Чарнігаў. Алег неадкладна сабраўся выступіць на Смаленск, заклікаўшы далучыцца ўсіх чарнігаўскіх князёў. Давыд Смаленскі апынуўся на мяжы ваеннай катастрофы, але быў уратаваны заступніцтвам свайго брата Рурыка, які пагразіў наступленнем на Чарнігаў. Буйны тактычны поспех ізноў не прывёў пераможцаў да жаданых палітычных вынікаў па прычыне агульнага палітычнага беспарадку.
Віцебская бітва з’явіла асноўныя характэрныя рысы тактыкі XII ст. Асноўнай ударнай сілай на полі бою была цяжкая дружынная конніца, якая дзейнічала наступальна. Бой адбываўся вельмі дынамічна і хуткаплынна. Пераможцамі сталі палачане, якія не абмежаваліся адкідваннем і пераследаваннем процілеглага ім крыла, а скарысталі сваю конніцу для імгненнага ўдару ў тыл іншаму крылу варожага войска. Наадварот, смаленскі камачдуючы Мсціслаў Раманавіч дапусціў памылку, захапіўшыся пераследаваннем разбітых ім чарнігаўцаў. Таксама ў ходзе пераследавання ён не здолеў падтрымаць парадак на сваім крыле, у выніку чаго яно моцна расцягнулася ў глыбіню, а сам камандуючы аказаўся ад задняга краю настолькі далёка, што пры ўдары палачан яму ў тыл войскамі фактычна ўжо не кіраваў. Ненадзейнасць асобных частак войска таксама была тыповай для таго часу з’явай.
Ваеннае майстэрства XII ст., нягледзячы на незаслужана нізкую рэпутацыю сярод пазнейшых ваенных гісторыкаў,
337 йпатьевская летоппсь. Ст. 692.
зрабіла крок наперад у параўнанні з палярэднімі часамі. Вылучэнне дружыны ў адмысловы вайсковы слой і яе паступовая феадалізацыя вялі да ўдасканалення ваеннай справы. Зыход бітваў вырашаўся складанымі тактычнымі манеўрамі пры цесным узаемадзеянні падзеленых паводле ўзбраення груп ваяроў пры асаблівай ролі цяжкай дружыннай конніцы. Пры спрыяльных абставінах палкаводцы XII ст. маглі ажыццяўляць і складаныя стратэгічныя планы, якія дапамагалі ім дасягаць перамог малой крывёй. Прычынай недаацэненасці тагачаснага ваеннага майстэрства стала палітычнае становішча, якое характарызавалася драбленнем беларускіх земляў на варожыя адно адному княствы і воласці і рабіла немагчымым пераўтварэнне ваенных поспехаў у сталыя палітычныя вынікі. Развіццё ваеннага майстэрства залежала ад пераадолення палітычнага крызісу.
Заканчэнне
Вось і надышоў час развітацца з нашымі героямі і іх подзвігамі. Кінем на іх апошні позірк, каб захаваць іх адбітак у памяці. А перад тым яшчэ раз падумаем, якой мэце служынь апісанне мінулых падзей. Некаторыя могуць успрымаць гісторыю як прыемную і цікавую рэч, якая дапамагае з асалодай бавіць час. Натуры, больш схільныя да захапленняў, паставяцца да гісторыі як да збору старажытнасняў, з якіх цікава складаць памятныя калекцыі. Калі і да гэтага даследавання паставяцца такім чынам, аўтар успрыме гэта з прыязнасйю і разуменнем.
Найбольшую ж радасць аўтару даставяць тыя, хто перагорне апошнюю старонку кнігі з усведамленнем авалодання ведамі, прыдатнымі і карыснымі ў штодзённай жыццёвай сітуацыі і ў разуменні падзей вялікага маштабу. Як развіццё прыроды на працягу тысячагоддзяў адбываецца па тых самых законах, так і рух чалавечай супольнасні на працягу ўсёй яе гісторыі накіроўваецца па тых самых шляхах, мяняючы толькі формы. Таму веданне мінуўшчыны дае нам у рукі ключ для разумення цяперашняга і прагназавання будучага часу. Як мудра зазначыў Палібій, «з двух шляхоў для выпраўлення, якія існуюць для ўсіх людзей, уласныя нягоды ці чужыя, першы шлях, уласныя нягоды, больш дзейсны, затое другі, нягоды чужыя, менш шкодны». «Ніколі не варта добраахвотна абіраць першы шлях, бо дадзены ім урок купляецца цяжкімі стратамі і небяспекамі; наадварот, мы заўсёды мусім ісці другім шляхам, бо ён дае нам магчымасць навучыцца без шкоды для нас. Хто зразумее гэта, той мусіць прызнацца, што лепшай школай правільнага жыцця служыць нам досвед, здабыты з праўдзівай гісторыі падзей. Бо толькі яна без шкоды для нас робіць людзей беспамылковымі суддзямі таго, што з’яўляецца лепшым ва ўсялякі час і ва ўсялякім становішчы».1 Па гэтых прычынах і мы пішам не так дзеля забавы ці цікаўнасці, як дзеля навучання. I апошні погляд на нашы падзеі мусіць мінуць усё
1 Полнбмй. Всеобіцая йсторйя. (Polib.). Москва, 2004. 1, 35. С. 52.
малазначнае і другаснае і захаваць толькі важнае, павучальнае і карыснае.
Звернемся яшчэ раз да сутнасці вайны, якая ёсць пачатак і нарожны элемент нашага даследавання. Ва ўводзінах мы падрабязна разважалі на гэты конт і прыйшлі да дакладнага азначэння вайны. зрабіўшы гэта, аднак, тэарэтычным шляхам. Цяпер, акінуўшы позіркам сотні год і мноства падзей ваеннай гісторыі беларускіх земляў, асэнсаваўшы іх прычыны, ход і вынікі, мы можам пацвердзіць нашыя высновы сведчаннямі і доказамі.
Па нашым меркаванні, вайна ёсць вынік імкнення дзяржаў, дзяржаўных фармаванняў і іх частак вырашаць узніклыя канфлікты з дапамогай узброенай сілы. Палітычная арганізацыя з’яўляецна натуральнай формай арганізацыі чалавечага грамадства і на высокім узроўні нясе на сабе адбітак праяваў асабістай чалавечай прыроды. Канфлікт, што зараджаецца ўжо на ўзроўні міжасабовых адносін паміж людзьмі і вынікае з іх імкнення вырашаць спрэчкі з дапамогай гвалту, на ўзроўні палітычнай арганізацыі мас людзей набывае фор.му вайны. Вайна не можа цалкам залежаць ад жаданняў асобных людзей. Яна не з’яўляецца праявай суб’ектыўных фактараў і выпадковым злом. Як ні сумна гэта гучыць, вайна ёсць неад’емны чыннік гісторыі чалавецтва. Ніводны з даследаваных намі перыядаў гісторыі беларускіх земляў не абышоўся без вялікай колькасці ўзброеных сутыкненняў. Ад першапачатковых хаатычных сутычак паміж балцкімі тубыльцамі і славянскімі каланістамі да нарманскіх паходаў на Візантыю і Каспій, войнаў паміж Полацкім княствам і Кіеўскай дзяржавай і княскіх міжусобіц XII ст. вайна неадступна прысутнічала на даляглядзе падзей.
Вайна была вынікам чалавечай недасканаласці. Яна была непазбежным злом, якое часта набывала самадастатковы і непадкантрольны чалавеку характар. Усё ж яе разбуральная сіла, будучы справай чалавечых рук, магла і павінна была людзьмі кантралявацца. У ходзе гістарычнага развіцця беларускіх земляў ваенная моц выкарыстоўвалася грамадствамі па-першае, для замацавання свайго міжнароднага становішча і ўрэгулявання адносін з суседзямі. Па-другое, ваенная мон была дарэчы пры ўнутраным уладкаванні саміх грамадстваў.
Знешняе выкарыстанне ваеннай моцы зводзілася да дасягнення і забеспячэння магутнасці аднаго грамадства адносна іншых. Найменшым прымальным узроўнем уласнай магутнасці было адстойванне права свайго грамадства на існаванне самастойнай палітычнай арганізацыі і ўтварэнне свайго дзяржаўнага фармавання. Максімальна дасяжным узроўнем магутнасці было навязванне сваёй улады іншым. Зыходзячы менавіта з такіх падстаў прышлыя славяне вялі з.маганне на беларускіх землях з тутэйшымі балцкімі плямёнамі, што скончылася суіснаваннем і паступовым сінтэзам дзвюх этнічных груп. 3 мэтай дасягнення найбольшай магутнасці прышлыя нарманскія правадыры і мясцовае славянскае, балцкае і фіна-ўгорскае насельніцтва ў барацьбе з суседзямі ўмацоўвалі дзяржаву ўздоўж гандлёвых шляхоў паміж Балтыкай, Чорным морам і Каспіем, якая дала пачатак цывілізацыі Русі. Адбіўшы пагрозу з боку хазар і іншых стэпавых народаў і засцярогшыся ад нападаў ваяўнічых скандынаваў, яны ў сваю чаргу нанеслі шэраг моцных удараў па Візантыі і прыкаспійскіх краінах, прымусіўшы іхлічыцца з сабой. XI ст. было пікам магутнасці Полацкага княства і Кіеўскай дзяржавы, дзвюх дзяржаў, з якіх і складаўся рэгіён Русі. Полацк і Кіеў пашырылі свой уплыў на суседнія краі шляха.м прамых заваяванняў і палітычнага ціску. Полацкія і кіеўскія князі не забыліся высветліць і адносіны паміж сабой у некалькіх войнах. Нарэшце, князі Полацкай, Смаленскай і Тураўскай земляў патрацілі шмат рэсурсаў, каб змяніць на сваю карысць баланс сіл у войнах паміж сабой і іншымі князямі Русі, што пры асобных поспехах паслабіла іх адносна іншых дзяржаў рэгіёну і адкрыла шлях для ўзыходжання Літвы і перамены палітычнага жыцця краю на іншых падставах.
Знешнія канфлікты аказалі моцны ўплыў на ўнутранае ўладкаванне грамадстваў на беларускіх землях. Сутыкненні, якія адбываліся ў ходзе пранікнення славян на тэрыторыі, заселеныя балтамі, вылучылі падтрыманне знешняй і ўнутранай бяспекі грамадства ў якасці асноўных функцый вярхоў грамадства. Асноўным інструментам падтрымання бяспекі была ваенная моц. Адпаведна дружыны і іх правадыры, якія гэтай моцай валодалі, і сталі галоўнымі прэтэндэнтамі на месца верхавіны. Так быў закладзены пад-
мурак улады і дзяржаўнасці. Нарманскія дружыны, валодаючы непараўнальным на свой час ваенным майстэрствам, як нельга лепей былі здольныя да выканання згаданых функцый. Часткова зліўшыся з мясцовымі славянскімі, балцкімі і фіна-угорскімі дружынамі, часткова іх выцесніўшы, яны ператварылі свой уплыў на грамадства ва ўладу, стаўшы ля пачаткаў дзяржаўнасці на беларускіх землях. Іх пераемнікі ў канцы X -XI стст. завяршылі будову дзяржаўных інстытутаў, стварыўшы дзяржаўны апарат і распрацаваўшы заканадаўства. Асновай апарату ізноў сталі ўзброеныя дружыннікі, якія маглі падтрымаць вайсковай сілай выкананне прынятых рашэнняў. Да канца X ст. адносяцца звязаныя з Уладзімірам Святаславічам першыя звесткі аб узброенай барацьбе з унутранай злачыннасцю. Магутным князям XI ст., якія выкарыстоўвалі сваю ваенную моц у інтарэсах большасці грамадства, у XII ст. наследавалі іх эпігоны. Скарыстаўшыся прафесіяналізацыяй ваеннай справы і яе засяроджваннем у руках дружыннікаў, яны ўзяліся весці войны на ўласны страх і рызыку сіламі дружын. Дамагаючыся своекарыслівых мэтаў і пагарджаючы інтарэсамі паспольства, яны падарвалі сацыяльную аснову ўлады і падрыхтавалі перадумовы свайго выцяснення ваяўнічымі літоўскімі князямі.