• Газеты, часопісы і г.д.
  • Вострая Брама  Сяргей Дубавец

    Вострая Брама

    Сяргей Дубавец

    Выдавец: Радыё Свабода
    Памер: 520с.
    2005
    108.8 МБ
    Алесь Пісьмянкоў — з тых хлапцоў, што, кажучы словамі нашых мэтраў, ператварыліся ў
    харошых паэтаў. Ён заўсёды любіў Пысіна, свайго земляка, здаецца, нават больш за ўсю пісьменьніцкую сям’ю. Усе ўспрымалі Алеся з сымпатыяй — і як паэта, і як чалавека. Але не як рэдактара. Бо « ЛіМ» за ім апусьціўся ніжэй узроўню 1956 году. На жаль. Але паэт — зусім ня значыць рэдактар. Тут, верагодна, проста нейкая кабінэтная памылка.
    Аднак я спыняюся, бо неўзабаве раскрыю вам усе таямніцы, а тады, ведаючы гісторыю сям’і, вам раптам не захочацца браць у рукі творы сямейнікаў. I гэта, паверце, будзе няслушна. Бо творы існуюць самі па сабе і шмат якія зь іх вартыя чытаньня і нават захапленьня.
    Калі ў выпадку кінарэжысэра Копалы чацьвертай сэрыі ягонага фільма быць ня можа, дык у нашай гісторыі працяг цалкам магчымы. Страціў сэнс існаваньня Саюз пісьменьнікаў, але працягвае жыць і разьвівацца нацыя паэтаў. Яе нішто ня зьнішчыць. Трэба было б спыніць жыцьцё кожнага беларуса. Але гэта немагчыма. Нас усё яшчэ 10 мільёнаў, і знайсьці нас можна і ў Беларусі, і ў суседніх краінах, і ў Амэрыцы ці Аўстраліі, і нават у Афрыцы. Hi адна іншая мафія ня здолее пералавіць нас усіх. I нішто не перапыніць нашай апантанай цягі да паэзіі. Мы пішам вершы. Мы ўсе пішам вершы — на паперы, у кампутары ці проста ў галаве, бо мы нацыя паэтаў. I так будзе вечна.
    этэр 19 траўня 2002 г.
    «Дон Кіхот» — найлепшая кніга на ўсе часы
    Зусім нядаўна Нобэлеўскі інстытут назваў «Дон Кіхота» найлепшай кнігай чалавецтва. Паўнавартаснага беларускага перакладу гэтага шэдэўра не існуе дагэтуль. Выбіраючы з сусьветнае клясыкі найважнейшае, акурат Сэрвантэсаў раман наша культура абмінала.
    Перад тым, як назваць «Дон Кіхота» найлепшай кнігай усіх часоў і народаў, Нобэлеўскі інстытут апытаў сто найбольш вядомых і прызнаных у сьвеце літаратараў. Сярод рэспандэнтаў былі Мілан Кундэра, Сальман Рушдзі, Джон Ірвінг, Карлас Фуэнтас ды іншыя. Назва намінацыі гучала так: «Найлепшы мастацкі твор у гісторыі». У выніковым сьпісе, апроч Сэрвантэса, на першым месцы знайшліся творы Флябэра, Талстоя, Томаса Мана, Кафкі, Маркеса, Вірджыніі Вулф. Знайшлося месца і для Гамэра з Шэксьпірам. Беларускага чалавека можа цешыць тое, што паводле колькасьці найлепшых раманаў лідэр — наш суродзіч Дастаеўскі.
    Галоўнае тлумачэньне перамогі Сэрвантэса гучыць так: менавіта «Дон Кіхот» стаў першым такога кшталту раманам, зь якога бяруць пачатак усе наступныя, што патрапілі ў сьпіс. Мэксыканец Фуэнтас кажа пра «першы вялікі раман» у сусьветнай гісторыі. Гэта, вядома, слушная, але й чыста аб’ектывісцкая ацэнка. Вобраз высакароднага ці проста добрага вар’-
    ята стаў асабліва прыцягальным у мінулым стагодзьдзі, і сёньня перажывае пік свае славы. Папулярная навука з радасьцю паведамляе нам, што ўсе мы «крыху таго», і што вар’яты — ня хворыя, a — інакшыя; Галівуд раз-пораз выпускае на экраны то «Чалавека дажджу », то «Форэст Гамп». Прычым творчы запас гэтага пэрсанажа і самой тэмы ўяўляецца невычэрпным. Дастаткова толькі засяродзіцца на словах «я звар’яцела», або «я зусім згубіў галаву», якія мы чуем і прамаўляем ледзь не штодня, і крыху пафантазіяваць. Што можа быць лепшым сьведчаньнем жывасьці розуму, чым рызыкоўныя фантазіі! Вось чаму няма ў гісторыі лепшае кнігі, чым «Дон Кіхот».
    А, між тым, пісаўся «Дон Кіхот» вельмі даўно — на пачатку 17 ст. Пародыя на папулярныя тады рыцарскія раманы — а менавіта такі жанр « Дон Кіхота» — была настолькі не ў сваім часе, што быццам сама вымалявалася з-пад бязвольнага пяра аўтара. Напалоханы такім свавольствам Сэрвантэс зараз жа па сканчэньні «Дон Кіхота» сядае і піша правільны рыцарскі раман, які, натуральна, кануў у гісторыі разам з цэлым эвэрэстам падобнай літаратуры. A «крывое дзіцятка» выжыла і, здаецца, яшчэ толькі ўбіраецца ў сілу.
    Аднак што гэта быў за час? У 1606-м у Магілёве ўздымаецца бунт жыхароў супраць злоўжываньняў магістрату. Гарадзкую ўладу скідаюць, а на яе месца абіраюць новую. Росквіт самакіраваньня! Ня тое, што цяпер. У 1608-м памірае Канстанцін Астроскі, адзін з найбуйнейшых магнатаў ВКЛ. Ня той, які перамог у
    славутай бітве пад Воршай, а ягоны нашчадак, заснавальнік Астроскай друкарні. Надта багаты быў чалавек. Яму належала 25 гарадоў, 10 мястэчак і 670 вёсак. Гэты Астроскі любіў кнігі і падтрымліваў школьніцтва. Няма сумневу, што ён чытаў Сэрвантэсаў бэстсэлер, бо тады эўрапейскія навінкі даходзілі да нашых краёў хутка. Ня тое, што цяпер. У 1610-м пакідае гэты сьвет Андрэй Волан, філёзаф і правазнаўца, аўтар трыццаці працаў, што ня страцілі актуальнасьці да нашых дзён, бо казалі пра роўнасьць усіх перад законам, пра верацярпімасьць, а ў такіх рэчаў няма мяжы дасканаласьці. Вось жа Волан мог «Дон Кіхота» і не чытаць, каб не муціць сабе розум марнымі лятункамі. Але доступ да кнігі, безумоўна, меў. Тады адукаваныя людзі ведалі шмат моваў. Ня тое, што цяпер. У 1611-м Смаленск захапілі расейцы. Усходняя крэпасьць Вялікага Княства апынулася ў чужых руках. I далей на працягу 17 стагодзьдзя гэты крывіцкі горад будзе некалькі разоў пераходзіць з рук у рукі, пакуль не адыдзе да Расеі назаўсёды. А тады гэта быў горад зусім беларускі, цэнтар княства. 3 смаленскага рыцарства выходзілі пісьменьнікі і асьветнікі. I Смаленск зусім ня быў правінцыяй. Ня тое, што цяпер...
    Словам, часы былі супярэчлівыя. I для многіх людзей у тагачаснай Беларусі не складала праблемы знаёмства з «Дон Кіхотам». Прычым, ня толькі таму, што часта не было моўнага бар’еру, але й таму, што рэаліі раману — тыповыя для тагачаснае Эўропы. Кожны зьбяднелы шляхціц мог пазнаць у гішпанскім гідаль-
    га сябе, а ў Санчу Пансу — свайго збраяносца. А «Пагоня», рыцар на кані, які спрэс патрапляў на вочы і ў жыцьці, і на дзяржаўным ды гарадзкіх гербах... Вобраз беларускага зьбяднелага шляхціца, які «высакародна арэ сваё поле» зь мячом на баку, маляўніча выпісаў Уладзімер Караткевіч у рамане «Хрыстос прызямліўся ў Гародні»...
    Усё сказанае сьведчыць, што разглядаць Дон Кіхота, як мэнтальна чужога для беларусаў, не выпадае. Тым болып, што сам вобраз гішпанскага рыцара багата сьлядоў пакінуў і ў беларускай літаратуры.
    Расейскі біёграф Сэрвантэса Іван Тургенеў у публічным выступе 1860 году зьвярнуў увагу на тое, што першае выданьне трагедыі Шэксьпіра «Гамлет» і першая частка «Дон Кіхота» зьявіліся ў адзін год — у 1604-м. Тургенеў называе такое супадзеньне сымбалічным, бо, на ягоную думку, гэта два супрацьлеглыя вобразы: самаахвярны альтруіст Дон Кіхот і эгаіст Гамлет, які жыве толькі для самога сябе.
    Украінскі біёграф Сэрвантэса Іван Франко заўважае, што памёр пісьменьнік у 1616 годзе ў той самы дзень, калі ў Англіі памёр вялікі драматычны паэт Ўільям Шэксьпір.
    «Гамлет» па-беларуску перакладаўся ня раз. Але ў найноўшым рэйтынгу галоўных кніг чалавецтва перамог ня ён, а «Дон Кіхот». Праўда, рэйтынгі — рэч ня самая стойкая. I яшчэ праз сто гадоў найлепшай кнігай можа стаць іншая. Эпоха, у якой мы жывем, моцна ўплывае на наш выбар. Нейкія пачуцьці сьцішваюцца, a нейкія робяцца вострымі, як лязо.
    Іван Франко, які ў 1913 годзе апублікаваў свой вершаваны пераклад «Дон Кіхота» на ўкраінскую, пісаў пра Сэрвантэса — Мігуэль, а ў дужках — Міхайла. А ў назве пазначыў героя не як гідальга, а як шляхціца. Менавіта так мусіць быць і па-беларуску. (А ў гішпанскім перакладзе наш шляхціц Завальня няхай называецца гідальгам.) Вось што пісаў Франко:
    «Гэтая аповесьць мела нечуваны датуль посьпех, першае выданьне разышлося на працягу чатырох тыдняў, а яшчэ ў той самы год выйшлі чатыры выданьні. У тым самым годзе пачалі таксама зьяўляцца яе пераклады на іншыя мовы, асабліва ў Францыі... Пра папулярнасьць можа сьведчыць хоць бы тое, што ў Гішпаніі гэтую кнігу выдавалі болып за 400 разоў, што яна перакладалася на ангельскую мову 200 разоў, на францускую 168 разоў, на італьянскую 96, на партугальскую 80, на нямецкую 70, на швэдзкую 13, на польскую 8, дацкую 6, расейскую 2 разы і на лаціну 1 раз. Поўнага ўкраінскага перакладу «Дон Кіхота» дагэтуль яшчэ ня маем, дый, відаць, няхутка дачакаемся».
    Сёньня на «Дон Кіхота», напісанага зь беларускім «і», адгукаецца ў інтэрнэце мноства якраз украінскіх сайтаў — пераклады і крытыка. А да беларускай сытуацыі пасуе менавіта тая стогадовае даўніны характарыстыка Івана Франка — ня маем, а поўнага перакладу дачакаемся ці хутка.
    У 1940 годзе зьявіўся першы пераклад на беларускую, але не з арыгіналу, а з расейскай. У 1999-м гісторыя паўтарылася. У сэрыі «Школьная бібліятэка» выйшаў яшчэ адзін
    пераклад з расейскай. Але такога беларускага «Дон Кіхота» цяжка назваць і беларускім, і «Дон Кіхотам». Расейскія перакладчыкі ў такіх выпадках карыстаюцца архаічным «высокім штылем» — каб перадаць і гістарычны дух твора, і экзатычную для расейскай мінуўшчыны сярэднявечную Эўропу. Што да нашай мовы, дык у ёй такога «высокага штылю» няма, і сярэднявечныя беларускія рэаліі, калі наша краіна была ў складзе Вялікага Княства Літоўскага, нічым асабліва не адрозьніваліся ад заходнеэўрапейскіх. Тая самая шляхта, рыцары ды збраяносцы, замкі і палацы, каралікаралевы... У Расеі нічога такога не было. Абсалютызм цара, баярыня Марозава і «Раніца стралецкае кары»... Таму пераклад з расейскай аўтаматычна праводзіць паміж кнігай Сэрвантэса і беларускім чытачом лінію адчужэньня.
    Некалі праблемы зь якасным перакладам былі і ў Расеі. Да прыкладу, у 1860 годзе, калі Іван Тургенеў у публічнай лекцыі казаў:
    «На жаль, мы, расейцы, ня маем добрага перакладу «Дон Кіхота»; большая частка з нас захавала пра яго даволі няпэўныя ўспаміны; пад словам «Дон Кіхот» мы часта маем на ўвазе проста блазна, — слова «донкіхоцтва» ў нас раўназначнае з словам «недарэчнасьць» — між тым як у донкіхоцтве нам трэба было б прызнаць высокі пачатак самаахвярнасьці, толькі схоплены з камічнага боку. Добры пераклад «Дон Кіхота» быў бы сапраўднай заслугай перад публікай, і ўсеагульная ўдзячнасьць чакае таго пісьменьніка, які перадасьць нам гэты адзінкавы твор ува ўсёй ягонай красе».
    Напэўна, і ў гэтым выпадку беларуская сытуацыя адрозьніваецца ад расейскай. Прынамсі, той першы, хто зробіць якасны наўпроставы пераклад «Дон Кіхота», наўрад ці стане ў нас такім вось нацыянальным героем. Добра ўжо, што такі перакладчык ёсьць. Гэта Якуб Лапатка, які цяпер жыве ў Фінляндыі. Каб высьветліць, у якім стане беларускі пераклад раману Сэрвантэса, я затэлефанаваў у Хэльсынкі. Кажа Якуб Лапатка: