Вострая Брама
Сяргей Дубавец
Выдавец: Радыё Свабода
Памер: 520с.
2005
Веткаўскі музэй — самы дасканалы і жывы, а таму і самы багаты з усіх, якія даводзілася бачыць у Беларусі. He зважаючы нават на даражэзныя экспанаты, столькі сюды ўкладзена ўсяго нематэрыяльнага, што музэй гэты, здаецца, стаў сувымернай духоўнай альтэрнатывай самой чарнобыльскай бядзе.
Яшчэ адзін кантраст: самы жывы музэй у самым нежывым месцы. Турысты сюды валам ня валяць, бо баяцца радыяцыі...
Гомельшчына даволі позна ўвайшла ў літаратуру. Але выглядае яна ці не найбольш беларускай. Тут заўважна часьцей гавораць па-беларуску, і беларускае візуальнае інфармацыі больш. Часам гэта калькі — «Шчасьлівага шляху!», часьцей нармальна — «Шчасьлівай дарогі!»
Барыс распавядае, як бачыў у адной тутэйшай вёсцы хворага на AIDS. Той лічыў сваё захворваньне несправядлівым (заразілі!) і помсьціў. Жыў у зоне адсяленьня, а абсьледавацца езьдзіў у Маскву. Кожнага разу купляў купэ і спакушаў якую-небудзь кабету. Туды кабету, назад кабету. Гэтак помсьціў. Калі Барыс напісаў пра гэта ў газэце, зь ім ледзьве не судзіўся цэнтар прафіляктыкі AIDS, маўляў, аўтар раскрыў мэдычную таямніцу. Справа была гадоў дзесяць таму, а Барыс абураецца дагэтуль. Чаму хворыя на AIDS абароненыя таямніцай ад астатніх, а астатнія ад іх — не!
А што табе «Ваўчыная яма»? — пытаюся ў Барыса пасьля гэтай гісторыі. Быкаў, — кажа, — у краявідах Чарнобыльскай зоны ўпарта апісвае Віцебшчыну, хмызьнякі ды ўзгоркі. A якія тут, на Палесьсі, хмызьнякі?..
Тым часам мы заяжджаем у Гомель. Гомель — увесь у рысях. Гарадзкі герб, праўдзівасьць і права на існаваньне якога яшчэ пятнаццаць гадоў таму трэба было даказваць, цяпер паўсюль — на шыльдах, на этыкетках, у газэтах...
Далей — на Лоеў. Там нас чакае другі пасьля Чамярні «эратычны эпізод» гэтай вандроўкі. А пакуль пераяжджаем Дняпро. На ўвесь прасьцяг па даляглядзе — вёска Гарош-
каў. Радзіма пісьменьніка Толіка Сыса. Барыс перакананы, што і сам пісьменьнік цяпер недзе тут. Але шукаць яго ня сталі. У Толіка цяпер усе сюжэты пачынаюцца зь мілым палескім акцэнтам: « Я ўупіў альбо му ўупілі і...», далей ідзе сюжэт. Чаму мы да яго не заехалі? Барыс кажа, што калі я так хачу зь ім пабачыцца, мушу ўзяць бутэльку і з Сысом ўупіць. A інакш — навошта я яго шукаў? Жалезная лёгіка.
I мы пакідаем гэтае месца зь ня надта добрым паветрам. Тут рэчыцкія адстойнікі — ці то бытавыя, ці для нейкай вытворчай гадасьці — ня важна.
...Ізноў назвы паселішчаў на паказальніках уражваюць. Едзеш, як па Ірляндыі. Вось вёска Дублін, а вось нейкі Велін дый сам Брагін таксама. Мужчынскія словы.
Лоеў, як і ўсе тутэйшыя мястэчкі і вялікія вёскі, гадоў сто таму быў жыдоўскім. Гэта значыць, што апроч наежджай расейскай адміністрацыі, тут жылі пераважна гэбраі, а сялянская маса, якая атачала паселішча, была беларуская. Ад гэбраяў засталіся камянічкі, якія й сёньня ўтвараюць аблічча гэтага зусім курортнага гарадка. Ціхі і ўтульны, акуратны Лоеў мае ўсе падставы прыцягваць турыстаў. Вялікую ваду дае зьліцьцё Дняпра з Сожам, пляжы, прыгажэнныя краявіды... I асаблівае радыяцыі тут няма. Праўда, колішні дух і інтэлект малюсенькага мястэчка ўжо ня тут — ён разьвеяны па ўсім сьвеце. Варта згадаць, да прыкладу, лоеўскага выхадца бэн Бэцалеля, знакамітага талмудыста, які апынуўся ажно ў Празе і на-
прыканцы 16 ст. стаў галоўным праскім рабінам. Гэта ён прыдумаў слыннага праскага голема. А з Францішкам Скарынам яны там разьмінуліся прыблізна на чвэрць стагодзьдзя...
Зрэшты, алюзіі колішняга лоеўскага інтэлектуалізму і досьціпу можна пабачыць і сёньня. Гэта я пра той абяцаны «эратычны сюжэт». А ўбачылі мы яго на цэнтральнай плошчы мястэчка, побач з будынкам райвыканкаму. Убачылі, і вачам сваім не паверылі. Ленін. Звычайны Ленін, вельмі акуратны помнік, вельмі правільны, амаль такі, як у Менску на плошчы Незалежнасьці, чорны. Толькі Ільліч тут ні на што не абапіраецца, а паказвае пальцам на сутоку Дняпра і Сожа, туды, дзе гарадзкі пляж. А замест указальнага пальца ў Леніна — фалас. Самы што ні ёсьць рэалістычны, адпаведны ўсяму помніку. Ну, усякіх даводзілася бачыць ленінаў — і пафарбаваных зялёнай ці блакітнай фарбай, і нават такога, як у пасёлку Жаркоўскі на Цьвершчыне, у якога штаны ўехалі ў зад, але гэткага — з фаласам замест указальнага пальца...
Мы сьмяяліся, але стрымана. Усё ж месца тут сур’ёзнае — штаб раённай вэртыкалі, вакол дзелавіта сноўдае мясцовае начальства. I потым, сам факт такога Леніна ўяўляўся за межамі магчымага. Ці гэта жарт скульптара? Але ж ставіўся помнік у самыя суворыя сталінскія часы — у 1948-м. Магчыма, пажартаваў які пазьнейшы рэстаўратар? А можа, гэта водгук беларускай палескай архаікі, дзе фаласам, да прыкладу, упрыгожвалі вясельны каравай,
зьвязваючы гэта ўсё з заклінаньнем плоднасьці. А яшчэ думалася пра тое, што людзі ў нас часта на такія рэчы не зьвяртаюць увагі. Усё ж такі Ленін — штука сур’ёзная, таму, калі й бачыш у ім нешта «ня тое» — ня вер вачам сваім.
...Чарнобыль суправаджае нашу вандроўку хутчэй як вобраз, чым як рэальнасьць. Сапраўды ж, радыяцыі не памацаеш, а што ў горле запяршыла — дык магло і ад цыгарэты. Чарнобыль — невідзімка. Іншы раз хацелася думаць пра яго, як пра вялікі міт, створаны беларускім народам у канцы мінулага стагодзьдзя, як пра фальклёр. Нешта падобнае да пачвары Нэсі ў шатляндзкім возеры, толькі не такое «матэрыяльнае». Чарнобыль нагадвае дух Нэсі. Такое прыблізна адчуваньне Чарнобылю, па-мойму, у людзей, якія жывуць на забруджаных тэрыторыях. I ў такім стылі пра яго распавядаюць. Пра хваробы гавораць, як пра іншую тэму, падыходзячы ўжо нібы «з другога боку». Хваробы — гэта рэальнасьць. А Чарнобыль — злая, натуральна, але ўсё ж казка. Зьмешваць іх, складаць у прычынна-выніковую сувязь не выпадае. Як нельга зьмешваць уласную хату з палацам якога Зьмея Гарыныча. Гэта два розныя жанры. I калі зьмешваць — як тады жыць?
...У вечаровым сонечным Брагіне на акуратным цэнтральным пляцы парамі шпацыруюць дзяўчаты і хлопцы. Дзеці ядуць хойніцкае марозіва. Маладая жанчына годна нясе свой вялікі жывот — цяжарная. На сьветлавым табло на будынку палаца культуры сьвецяцца
лічбы — 96 мікрарэнтген у гадзіну. За бюстам земляка-пажарніка, які загінуў на АЭС, — тры сьпісы населеных пунктаў: пахаваных, якія зрылі бульдозэрамі, адселеных і тых, якія знаходзяцца ў стадыі адсяленьня. Брагін — у гэтым апошнім сьпісе.
Дарога з Брагіна ў Хойнікі ідзе паміж засеяных палёў. Зьлева і справа — адселеныя, пустыя вёскі. Проста сярод поля раз-пораз стаяць знакі — трохсотмэтровая забарона на прыпынак. Гэта яны абазначаюць, што злы казачны дракон усё ж існуе, і адчуць ягоны дотык, матэрыялізаваць небясьпеку пры жаданьні можна акурат у гэтым месцы.
Дарога на Бабчын закрытая шлягбаўмам і ахоўваецца міліцыяй. Але гэтым разам у нас няма задачы патрапіць у трыццацікілямэтровую зону, і таму мы праяжджаем міма. Бабчынскі пэдтэхнікум, у якім у 1920-я гады ўтварылася беларуская нацыяналістычная арганізацыя альтруістых, застаецца пакуль неадведаным. А яшчэ Бабчын — радзіма пісьменьніка Мятліцкага, таго самага, які цяпер прызначаны рэдактарам часопіса «Полымя», і які пісьменьніцкую кар’еру зрабіў на вершах пра Чарнобыль. Я цытую нешта з колішняга верша Мятліцкага пра радзіму: «Дзе помнічак пад ліпамі ля школы вартуе даўняй памяці грамы». I мы ўсе разам задумляемся, што гэта ўсё значыць...
Хойнікі — чыста польскае слова. Толькі націск трэба ставіць правільна — Хойнікі. Гэта як Мінск або Гродна — таксама польскія варыянты беларускіх назваў, якія прыйшлі назад у
мову беларускую праз расейскую. Зусім яскравы прыклад — Гайнаўка. Яна цяпер з польскага боку мяжы, і па-польску — Гайнувка, а ў расейцаў няма такога «г», і яны польскую ўжо назву перадаюць праз «х» — Хайнувка. Ну, a паколькі ў нас доўгі час за эталён ва ўсім бралася расейская мова, дык цяпер і па-беларуску афіцыйна — Хайнуўка. У выніку беларуская вёска зь беларускім насельніцтвам, якое так прыгожа назвала сваё паселішча Гайнаўка, цяпер па-беларуску — Хайнуўка.
Праўда, нашы людзі, як правіла, на такія алягізмы не зьвяртаюць увагі, як на той фалас Леніна ў Лоеве. Альбо — як на расклад руху на ашмянскай аўтастанцыі, дзе Літва названая «дальнім зарубежжам», хоць ехаць да яе 20 кілямэтраў, а быў бы аўтобус на Ашгабад — называўся б «блізкім зарубежжам», хоць ехаць да яго трэба было б 3 тысячы кілямэтраў, далей, чым да Нью-Ёрку, дарэчы...
Празаік Барыс Сачанка, які пра тутэйшую сваю родную вёску Вялікі Бор напісаў тоўсты раман «Вялікі Лес», тлумачыў, што спрадвечная беларуская назва Хойнікаў — Хвойнікі.
Глінішча. Радзіма пісьменьніка Мележа. Дом-музэй, як той казаў, вылізаны, акуратненькі. Перад ім — бюст Мележа, які ў гэтым выкананьні нагадаў нам Быкава. Барыс Пятровіч зьвяртае ўвагу на тое, што дом-музэй належыць аддзелу культуры Хойніцкага райвыканкаму. А ў Хойніках сваіх пісьменьнікаў, маўляў, любяць, як нідзе. Натуральна, праяжджаючы такой вёскай, пачынаеш углядацца ў абліччы вяскоўцаў — хто тут знакаміты Васіль,
а хто — Ганна Чарнушка. Людзі на балоце, якога даўно ўжо няма...
У Юравічах Барыс заявіў, што менавіта тут самыя прыгожыя беларускія дзеўкі. Ён наагул патрыёт Хойнікаў ці Хвойнікаў. Але тут нешта здаўся на карысьць, выходзіць, Калінкавіччыны. Гэтая -ччына правакуе цэлую плойму згадак пра тое, як гомельцы або гамяльцы або афіцыйныя гамяльчане — у сэнсе, жыхары вобласьці — называюць жыхароў сваіх гарадоў і вёсак. Можна ж брагінцы сказаць, а можна і брагінчане, хойнікцы — і хайнічане. Гэтыя -ане гучаць болып на расейскі манер, хоць гэта няпраўда, дакладней, гэта чыста мясцовая праўда. А ўсё расейскае ў нас ухваляецца, і нягледзячы на ўзор якіх-небудзь ленінградцаў, тут жыхароў Чачэрску, да прыкладу, упарта называюць чачарчане. I толькі так. Чачэрцы ўжо як бы і не па-нашаму.
Архітэктурная прыкметнасьць Юравічаў — руіна кляштару і стары калегіюм, у якім сёньня праваслаўны манастыр. Усё гэта абнесена высокім плотам. Уваход — напісана — толькі з блаславеньня, і побач табліца з папярэджаньнем пра злога сабаку. Нечым усё гэта нагадвае зону. Магчыма, так і трэба. Тут утаймоўваюць целы, каб мацаваўся дух...
Юравічы можна лічыць абсалютным пачаткам чалавека ў Беларусі. Менавіта тут знойдзеная самая старая ў нас чалавечая стаянка. Каля 30 тысячаў гадоў таму. I — абсалютная прастора для фантазіі. Што гэта быў за чалавек, адкуль прыйшоў, і чаму ён менавіта тут