Вострая Брама
Сяргей Дубавец
Выдавец: Радыё Свабода
Памер: 520с.
2005
— Я зрабіў некалькі разьдзелаў. Частка іх надрукаваная ў «Хрэстаматыі сусьветнай літаратуры». Яшчэ некалькі разьдзелаў у мяне тут перакладзена. Я хачу зрабіць ня поўную вэрсію, а... Ну, не такую ўжо, як, ведаеш, «клясыкі на 20-ці старонках», а сярэднюю вэрсію для аблегчанага чытаньня. Таму што, будзем казаць так, чытаць яго вельмі цяжка. Па-гішпанску яшчэ цікавасьць ёсьць да мовы, і гэтак далей, а так калі чытаць... Я яго ў дзяцінстве чытаў і вельмі зьдзіўляўся — чаго гэта ўсе на яго так накінуліся. Таму я тут выбіраю такія разьдзелы, знакамітыя... Напрыклад, пра ветракі, зь якімі ён змагаўся, бо ўсе ведаюць — «змагацца зь ветракамі», а хто і што — ня ведаюць. Карацей, я паціху калупаю і думаю, што праз годзік я яго закончу.
Якуб Лапатка кажа тое, што скажа кожны, хто чытаў « Дон Кіхота» ў неадаптаванай вэрсіі — чытаць яго цяжка. Гэта, бадай, клясычны прыклад таго, як усеагульнае прызнаньне набывае зьмест твора, форма якога — хутчэй для спэцыялістаў.
Чаму ж такая цяжкая для чытаньня кніга
стала найлепшай кнігай чалавецтва? Мой асабісты адказ наступны. Дон Кіхот — першы паводле перасьпеваў. У розных культурах на працягу ўсёй гісторыі за гэты вобраз браліся пісьменьнікі — як за толькі абазначаны матыў. Гэтак увесь сьвет пісаў і працягвае пісаць свой агромністы гіпэртэкст, які часам надта далёкі ад першакрыніцы, і якому няма канца. Для літаратуры факту і проста для будзённае сьвядомасьці Дон Кіхот — гэта ўстойлівы сымбаль іррацыянальнага дабра.
Расейскі пісьменьнік-эмігрант Уладзімер Набокаў згадваў, як у часе сваіх гарвардзкіх лекцыяў ён у Мэмарыяльнай залі на вачах шасьціста студэнтаў разьдзёр «Дон Кіхота» на кавалкі, назваўшы яго злобнай, тапорнай старой кнігай. Набокава раздражняла будова paMany, устаўныя навэлы, бесьсюжэтны сюжэт. Асабліва абурала яго чамусьці тое, што ёсьць мноства людзей, якія не чыталі Сэрвантэса, але гатовыя ўва ўсіх дэталях распавесьці пра пэрыпэтыі ягонага раману.
I яшчэ — спэцыфічная гішпанская жорсткасьць, якой, на думку Набокава, напоўненая кніга. Бязьлітасная жорсткасьць, што карае старога, які гуляецца, бо стаў падобны да дзіцёнка. Кніга пісалася ў тыя часы, калі з карлікаў і вар’ятаў пасьміхаліся, калі тых, хто думае інакш, спальвалі на пляцы пад усеагульныя воплескі, калі міласэрнасьць і дабро нібы выпарыліся. Набокаў лічыў, што сучасьнікі Сэрвантэса сьмяяліся менавіта з жорсткасьці ў ягонай кнізе:
«Аднак у сьвеце хутка знайшоўся іншы спо-
саб прачытаньня. Кніга дала штуршок сучаснаму раману па ўсёй Эўропе. Філдынг, Смолет, Гогаль, Дастаеўскі, Дадэ, Флябэр выдрапалі з Гішпаніі гэтую гісторыю і ўжылі яе дзеля сваіх уласных мэтаў. Герой, які выйшаў з-пад пяра стваральніка блазнам, зь цягам часу ператварыўся ў сьвятога».
Сваё арыгінальнае прачытаньне Сэрвантэса — у дзёньніках Франца Кафкі:
«22 кастрычніка 1917 году. 5 гадзінаў раніцы.
Адзін з найважнейшых подзьвігаў Дон Кіхота, яшчэ больш настойлівы, чым змаганьне зь ветраком, — гэта самагубства. Мёртвы Дон Кіхот хоча забіць мёртвага Дона Кіхота; але для гэтага яму патрэбны хоць адзін жывы кавалачак, які ён і вышуквае мячом — настолькі ж бесьперапынна, наколькі і безнадзейна. У гэтым занятку барукаюцца абодва мерцьвякі неразрыўным клубком праз усе стагодзьдзі».
Пасьля Кафкі мне згадаўся прынцып «апошняга абзацу». Гэта калі пачынаеш чытаць кнігу з канца, і паводле той выбуховай энэргетыкі, што зьбіраецца «на дне твора», разумееш, ці варта прачытаць яго ўвесь. Натуральна, Кафка ня меў на ўвазе сьмерць Дон Кіхота, што апісваецца ў рамане Сэрвантэса. I ўсё ж захацелася перачытаць ня той разьдзел пра змаганьне зь ветраком, а той апошні, дзе гішпанскі рыцар піша перад скананьнем свой запавет.
«Розум мой праясьніўся, цяпер ён ужо вольны ад густога змроку невуцтва, у які яго абрынула злашчаснае й няспыннае чытаньне мярзотных рыцарскіх раманаў. Цяпер я бачу ўсю
іхную глупоту і хлусьлівасьць, і адзінае, што мяне засмучае, гэта што ацьверазеньне настала занадта позна, і ў мяне ўжо няма часу выправіць памылку і ўзяцца за чытаньне іншых кніг, якія ёсьць сьветачамі для душы. Мне хацелася б памерці так, каб людзі пераканаліся, што жыў я недарэмна, і каб за мною не засталося мянушкі вар’ята, — няхай я гэткі і быў, аднак жа сьмерцю сваёй хачу даказаць адваротнае».
Праз два гады ўвесь сьвет будзе адзначаць чатырохсотыя ўгодкі «Дон Кіхота» — найлепшай кнігі ўсіх часоў і народаў. Кнігі пра іррацыянальную дабрыню і высакароднага вар’ята. Магчыма, да таго часу пабачыць сьвет і паўнавартасны беларускі пераклад гэтага твору. Далейшы ягоны лёс губляецца ў смузе будучыні. Бо ніхто не адкажа на пытаньне, што нас чакае там. Хіба што Дастаеўскі, які, відаць, прадбачыў сёньняшні посьпех і меркаваў, што «Дон Кіхот» Сэрвантэса здолее паслужыць чалавецтву апраўданьнем на Страшным судзе».
этэр 23 чэрвеня 2002 г.
Стаянка першага чалавека
Дарожныя паказальнікі на гомельскай Беларусі не такія, як на віленскай. Залесься ці Навасёлак я ня ўлічваю. Гэта, скажам так, агульны фон. Але чаго тут зусім няма, дык гэта балцкіх назваў вёсак: Жупранаў з Кушлянамі
ды Мірклішак са Скірдзімамі. На Гомельшчыне: Пакалюбічы, Сьвяцілавічы, Сенажаткі... A вось яшчэ вёскі — Барэц і Дварэц. Гэта не русізмы. Гэта якраз чыстая Беларусь, бо назвы ўтвораныя ад словаў «бор» і «двор». Яны такім самым чынам названыя, як невялікі трактар тут называюць «трактарэц».
У гэткую вось тапанімічную раскошу мы выпраўляемся зь Вільні на другі край Беларусі — у Рэспубліку Радзіму, якую называем так і таму, што гэта край старадаўніх радзімічаў, і таму, што самі нарадзіліся ў гэтых мясьцінах. А ў майго калегі літаратара Барыса Пятровіча — яшчэ й бацькі ў Хойніцкім раёне. Туды мы зьявімся пазьней, бо пачынаем — для паўнаты карціны — зь Веткаўшчыны, дакладней, з Чамярні...
Навокал — краіна кантрастаў, дзе адселеныя пасьля Чарнобылю вёскі, у якіх «зашкальвае» дазымэтар, суседзяць зь дзейнымі дамамі адпачынку, дзе сьмяротна небясьпечна жыць, але дзе буяе й памнажаецца жывая прырода, дзе Беларусь пакінула самыя лепшыя й плодныя свае палі; край, у якім, паводле пашыранага ўяўленьня, высьпяваюць абрыкосы і дыні. I ня толькі ў гэтым кантраст. Забягаючы наперад, скажу, што, бадай, нідзе ў Беларусі ня бачыў у мястэчках і вёсках такой дамінацыі дзяцей і моладзі, як тут, у гэтых раёнах, у зоне, што падлягае адсяленьню.
За Сьвяцілавічамі — вёска Вялікія Нямкі, акурат тут давялося пабачыць «жыўцом» прыкрынічныя крыжы — знак спракаветнай беларускай архаікі, які падрабязна апісаў этнограф
Міхась Раманюк. Гэта калі ля крыніцы ставяцца крыжы, і месца робіцца сьвятым, нешта накшталт царквы пад адкрытым небам. Тут зьбіраюцца мясцовыя людзі і на крыжы вешаюць ручнікі. I так з году ў год. Старых ручнікоў не здымаюць, таму крыжы з часам ператвараюцца ў такія захутаныя постаці...
Вялікія Нямкі — радзіма пісьменьніка Акуліна. У самых гэтых словах — літаратура. Мусіць, так доўга маўчалі гэтыя Нямкі, так ім у нутры ўсяго надумалася, нацешылася і набалела, што не маглі ня выплеснуць усё сваім уласным пісьменьнікам. Гэтак разам з вандроўкай пачынаецца яшчэ адна тэма — «радзіма пісьменьніка». Далей на нашым шляху такіх будзе шмат, аж да Бярозаўкі за Мазыром — радзімы пісьменьніка Федарэнкі. У гэтых краях радзімы пісьменьнікаў — як тыя этнаграфічныя крыжы, трапляюцца на кожным кроку. Верагодна, таму, што тут і сапраўды — радзіма, яшчэ і ў гэтым сэнсе.
... У Гомелі бацька нахінаецца да пяцігадовага хлопчыка, робіць вуснамі «пу-у» і кажа: «Ты што зрабіў?» Малы падымае ўгору вінаватыя вочкі. Ай-яй-яй, — кажу я, нашто ж так бянтэжыць хлопчыка. — Каб вучыўся саромецца, — адказвае бацька. Эпізод нацыянальнае пэдагогікі...
Ну, вось і Чамярня. Заснавальнік Веткаўскага музэю Фёдар Шкляраў — чалавек вельмі адораны і дасьціпны, заўсёды згадваў гэтую Чамярню, як узор краявіду. Чамярня — амаль на мяжы з Расеяй. Гэта спракаветнае гарадзішча на беразе Бесядзі. Сказаць, што мясь-
ціны прыгожыя, будзе банальна. Зрэшты, за гэтую вандроўку мы пабачылі вялікае мноства краявідаў, якія, перанясі іх на холст, выглядалі б абсалютнай пошласьцю. I ў гэтым для мастака-пачаткоўца — вялікая спакуса: перадаць боскае стварэньне так, як яно ёсьць. I ў гэтым вялікі ўрок для кожнага майстра — чаму літаральна змаляваны прыгожы краявід на халсьце ператвараецца ў пошласьць.
У Чамярні, на гэтым самым гарадзішчы — спаленыя могілкі: карціна, якая сёлета ў Беларусі суправаджае цябе паўсюль, куды б ні паехаў. Абгарэлыя сосны. Першыя такія ў траўні мы бачылі адразу за беларускай мяжой на Пскоўшчыне. У пакінутай вёсцы — ржавага колеру сасновая купа на ўзгорку. Згарэла ўсё, што было з дрэва — усе драўляныя крыжы. Засталіся на папялішчы толькі крыжы каваныя і цясаныя з каменя. Першая і найбольш верагодная здагадка — нехта падпаліў леташнюю жухлую траву, ад якой загарэлася і ўсё астатняе. Праўда, траву ў нас палілі заўсёды, а столькі спаленых могілак давялося пабачыць толькі сёлета.
Мы ад’ехалі ад гарадзішча, каб паглядзець на яго з дарогі. Сапраўды, сярод лысага поля плаўна вырастае пагорак, які раптам рэзка ападае да ракі. I на гэтым спадзе купкаю — тыя ржавыя сосны. Барыс Пятровіч, які меўся знайсьці літаратурнае параўнаньне ўсяму гэтаму, ляканічна сказаў: «лабок».
У Ветцы наша даўняя знаёмая Галіна Нячаева, якая зьмяніла на пасадзе дырэктара музэю Фёдара Шклярава пасьля ягонае сьмерці, ска-
зала, што гэта яна адкрыла яму гэтую мясьціну — Чамярню. Пасьля Шкляраў не аднойчы прыяжджаў сюды з эцюднікам, бо быў яшчэ й жывапісцам. А мабыць, яшчэ часьцей — з гасьцямі. Каб проста так завезьці людзей, вывесьці на стромы бераг і сказаць: «Глядзіце!» I раптам такая музыка пачынае гучаць, такая нахлыньвае гармонія, што куды там да гэтага японскім школам зь іхным урокам любаваньня прыродай. Нашу сытуацыю нават любаваньнем не назавеш. Гэта хутчэй нейкае філязофскае глядзеньне ў абсалют. Ты ня сьлізгаеш позіркам, а зазіраеш у прадоньне сябе самога...
Дарэчы, у Ветцы, дзе сьцяной стаяў дождж, Галіна Нячаева паказала нам абноўленую экспазыцыю музэю, дзе гісторыя і мастацтва стараабрадцаў увесь час падсьвечваюцца тутэйшай беларускай традыцыяй — ручнікамі з геамэтрычнымі ўзорамі, у якіх спадарыня Галіна вялікі сьпец. Ад свайго папярэдніка Шклярава яна пераняла ня толькі пасаду, але й манеру размаўляць з наведнікамі. Гэта і экскурсія, і лекцыя, а раптам разумееш, што ўсё гэта — урок этыкі.