Вострая Брама
Сяргей Дубавец
Выдавец: Радыё Свабода
Памер: 520с.
2005
А паспрабуеш уявіць, убачыш дысананс — што робіць гэты літаратар, які піша рэабілітацыйныя тэксты пра нацдэма Гарэцкага (яўна не бяз каверзы чалавек), што ён робіць сярод правільных дзядуляў, так падобных міжсобку нават выразам вачэй. А, настроіўшыся на душэўны матыў вэтэранаў, і наагул адчуеш раптам, як сама сабою складзецца выснова: ня наш чалавек.
Натуральна, не пра адных нацдэмаў думаў і пісаў Адамовіч. Якраз мінулая вайна займае ў ягонай творчасьці галоўнае месца. Але й гэтыя аповесьці, як сказалі б вэтэраны, ня нашы, не пра тое, не пра нас. Найбольш актыўныя партызаны гнеўна патрабавалі такога пра вайну — не друкаваць!
Людзі савецкія не рабіліся ў прозе Адамовіча нейкімі адмысловымі запамінальнымі тыпажамі. Псыхалёгія «нашага» чалавека ў яго ня толькі пазнавальная, але й прадказальная. Найчасьцей аўтару дастаткова некалькіх рысаў, каб абазначыць тып ці то старога партызана, ці то дзяўчыны-падлетка, ці нечай жонкі, маці і г.д. Тут ад пачатку ёсьць завершанасьць вобразу. Нічога новага сказаць немагчыма. Іншая рэч — немцы, цэлае прадоньне ўнутраных матывацыяў, і ніколі ня ведаеш, якім чынам будзе разьвівацца ў яго думка або пачуцьцё.
Скажам, калі Быкаў найперш «нашым» людзям аддае свой асабісты псыхалягічны палігон, свае розум і душу пазычае найперш ахвярам, дык Адамовіч пазычаецца карнікам, забойцам і немцам. I чым вышэйшы ў ярархіі той
немец, тым Адамовічу цікавей яго дасьледаваць. I тым больш парадоксаў адбываецца ўсярэдзіне такога чалавека. А што за цікавасьць атаясамлівацца зь якім Васіліем Цёркіным — зборным, уніфікаваным, трафарэтным вобразам удалага расейскага салдата.
Чым прасьцейшая выява, тым лягчэй зрабіць зь яе трафарэт, і тым болей надаецца яна да тыражаваньня. Адсюль і таталітарызм, які магчымы толькі ў спрошчаным жыцьці, дзе найменшая варыянтнасьць разбурае ўсё.
Славянскі плякатны тып у нас малявалі, бадай, ніяк ня менш, чым арыйскіх плякатных ваякаў у Нямеччыне. Пісьменьнік-раманіст займаўся тым самым, што і плякатысты, толькі наратыўная частка ў яго была пашыраная. Сёньня ўжо, відаць, ніхто ня зьлічыць, колькі тонаў такой вось макулятуры напладзілі савецкія, у тым ліку і беларускія пісьменьнікі. Што да Адамовіча, дык ён, бадай, з малых гадоў пачуваўся нейкім вывертам з усёй гэтай схемы. Пасьля на зьмену юначаму духу пярэчаньня прыйшла філялягічная культура, і ўжо яна не дазваляла пісаць плякатаў. Адштурхоўваючыся, нават падсьведама, ад савецкай дыдактыкі, ён аўтаматычна трапляў на другі бок лініі фронту — да карнікаў, да Фрыца-нямка, да Гітлера. Зрэшты, сам аўтар прызнаецца, што рабіў саступкі савецкай цэнзуры, зьмяняючы ва ўгоду ёй партрэты і лёсы сваіх рэальных пэрсанажаў. Але гэта былі выключэньні.
He, не маглі Адамовіча цікавіць іпастасі савецкага салдата-пераможцы, бесшабашнага і прастакаватага да прымітыву. Тым больш, што
пісьменьнік з уласнага жыцьцёвага досьведу ведаў цану тых плякатных перамогаў і з асаблівай упартасьцю дакопваўся да схаваных у памяці і ў архівах фактаў. Такіх, як факты спаленьня беларускіх вёсак разам з жыхарамі, што ўчынялі асобыя атрады, чэкісты. Ды й самы трагізм «нашага» чалавека на тле сусьветнага літаратурнага досьведу выглядаў спрошчана. Вось у немца што ў душы, ці ў карніка — там цэлы Дастаеўскі. Натуральна, пісьменьнік нідзе не сыходзіць з абранай гуманістычнай пазыцыі, за што і атрымлівае ад былых паплечнікаў таўро «абстрактнага гуманіста».
Абстрактны дык абстрактны — пагаджаецца Адамовіч. Унівэрсальны — больш дакладнае азначэньне. Гэта значыць, што зьверствы савецкіх партызанаў нічым ня лепшыя за зьверствы фашыстаў, і ніхто ня мае права іх замоўчваць, як гэта робяць гуманісты канкрэтныя, выбарачныя. Як, да прыкладу, вось у гэтай гісторыі, што мела месца ў рэальнасьці:
«Праз паўгоду большасьць з глушанскіх падпольшчыкаў пайшлі ў лес, у партызаны, і ў гэтую ж ноч з 3 на 4 сакавіка 1943 году партызаны павялі з сабой, выкраўшы ў немцаў з-пад носу (як зімой ваўкі сабаку выкрадваюць ад самага парога гаспадара), усю паліцыю. Іх пагналі кудысьці асобна ад нашага абозу, а калі наляцелі нямецкія самалёты і ўзяліся нас бамбіць, паліцэйскіх зачынілі ў нейкім хляве, каб не разьбегліся. Але адтуль яны так і ня выйшлі, і толькі потым мы пачулі, што адбылося: ляжалі там дровы, і камусьці з начальнікаў аховы прыйшла ідэя — няхай самі кан-
чаюць сябе. Сказалі паліцэйскім: «22 — гэта перабор, далей павядзём толькі палавіну, самі вось гэтым (паленьнем) вырашайце, каму жыць, а каму не». Слухалі празь сьцены, як унутры гэта адбывалася, а потым зайшлі і перастралялі «пераможцаў турніру» (так гэта называлі зь нядобрым сьмехам)».
Ну, каму б гэта з вэтэранаў спадабалася ўспамінаць такое. Асабліва, калі сам пра гэта ведае, і яшчэ болып асабліва — калі сам у падобным удзельнічаў. Якія з такіх успамінаў атрымаюцца «ўрокі міру», і як у вочы глядзець звонкагалосай піянэрыі? Зь іншага боку, a чаму з гэтага трэба рабіць тайну? Гэта ж ня змус нейкі, гэта ж самі савецкія партызаны той турнір прыдумалі й наладзілі. Але гэта ўжо Адамовічава лёгіка, абстрактны гуманізм.
Адамовіч парушаў лінію кола, намаляванага вакол савецкага пісьменьніка, выходзіць за якую было непажадана, падазрона, злачынна. На цкаваньне літаратара паўсталі не асобы, паўстаў сам савецкі прымітывізм.
Між іншым, гэты тэрмін абазначыў ня толькі літаратуру сацрэалізму, але й самое савецкае жыцьцё. Мы яшчэ не разглядалі гэтых зьяваў ва ўзаемазалежнасьці. Насамрэч літаратура — убогая, хлусьлівая, прымітыўная — адлюстроўвала такое самае ўбогае і прымітыўнае жыцьцё. Найперш сацрэалізм быў у жыцьці. Ён адбіваўся ў літаратуры і зноў вяртаўся ў жыцьцё, тыражуючы тыя стэрэатыпы, якіх з гэтага ж жыцьця і набраўся. Заўважце, як сёньня з пагардаю гаворым мы пра сацрэалізм, быццам на яго імкнемся перакінуць увесь той
прымітыў, тым часам сваё ж сацрэалістычнае жыцьцё пакідаем сабе як нешта сьветлае, бо гэта ж была наша маладосьць... Але гэта — усяго толькі падманлівы эфэкт нашае памяці.
Груба кажучы, савецкіх людзей можна было падзяліць на некалькі зусім простых тыпаў — маці і бацька, дзеці, бабуля і дзядуля, начальнік, вучоны кабінэтны і камандзіровачны, артыст. У дасканаласьці сацрэалізму ўсё з.водзілася да падзелу наагул на два тыпы: добры і дрэнны. I абодва былі пазнавальныя зь першага погляду і зразумелыя да неглыбокага свайго дна. Што тут можна было адкапаць псыхолягу, інжынэру чалавечых душаў?
Сёньня мы спакваля адыходзім ад гэткага спрашчэньня. Зьявілася тое, чаго не магло быць за саветамі — унікальнасьць канкрэтна ўзятага чалавека. Ягоная неспазнавальнасьць зь першага погляду. Вось бярэцца, скажам, сто выпадковых менчукоў — і кожны іншы, нетыповы, не такі, а каб зразумець, які — двума пытаньнямі не абыдзесься.
Кульмінацыя сацрэалізму, ці, дакладней, сацпрымітывізму была найлепей адпрацаваная ў кітайскіх камуністычных турмах, дзе стаяла задача ня толькі зрабіць усіх аднолькавымі, але... мэтад называўся — ператварэньне чалавека ў жабу. Чалавека садзілі ў глыбокую закрытую яміну з жабамі, і з часам ён забываўся, як выглядае неба, і што на сьвеце ўвогуле нешта ёсьць, акрамя гэтых самых жабаў. Урэшце, ён і сябе пачынаў атаясамліваць зь імі. Гэтак прымітывізацыя даводзілася да абсалюту. Верагодна, у Савецкім Саюзе настолькі ак-
рэсьленай і доўгатэрміновай мэты ня ставілі, але якімі б іншымі мэтамі гарманічнага разьвіцьця ні прыкрывалася ідэалёгія, відавочна тое, што ўся савецкая гісторыя была гісторыяй прымітывізацыі чалавека, вяртаньня яго да болып простага віду. I ў гэтым сэнсе камунізм быў адваротнай эвалюцыяй.
Перастройка сталася вяртаньнем на эвалюцыйны шлях. На нашым канцы сьвету адбыўся зрух да чалавечае разнастайнасьці. А да таго, у савецкі час, галоўным полем прымітывізацыі і супраціву ёй была расейская культура. Там, як выглядала, вяршыліся лёсы сьвету. I туды цягнуўся Адамовіч, прагны да непасрэднага ўдзелу ў гэтых самых важных, як выглядала, працэсах. Непасрэднага — гэта значыць, безь перакладу.
У Адамовіча крок да чалавечае разнастайнасьці быў крокам ад плякатнага савецкага партызана — у процілеглы бок — да карніка, які паліў беларускія вёскі разам зь людзьмі. Гэта быў крок пісьменьніка. У 1980-м наш абстрактны або ўнівэрсальны гуманіст ня мог яшчэ і пальцам крануць хлусьлівы плякат, затое мог усю сілу свайго псыхалягічнага аналізу перакінуць на паліцая, на немца, на ворага. Так зьявіліся «Карнікі» — можа быць, самы папулярны і чытаны твор Адамовіча. Чытач мусіў сьледам за аўтарам зрабіць крок да чалавечае разнастайнасьці і нават прымерыць сьледам за ім тыя душы да сябе. Падобна, што менавіта такі эфэкт ад кнігі і атрымаўся. Людзі моцна задумаліся...
Зьміцер Бартосік:
Лета 1987-га. Разгар перабудовы. Чытва — мора. Я працую шліфоўшчыкам на гомельскім заводзе станочных вузлоў, чакаю прызыву ў войска і чытаю. Што такое станочныя вузлы, я ня ведаю й дагэтуль. А вось адамовіцкія «Карнікі» не забываюцца. Пачытаць іх параіў мне бацька. Маўляў, пачытай, сынок, добрую беларускую кніжку. Hi ў якой іншай літаратуры такога ты не прачытаеш.
I неяк, перад сном, адрабіўшы другую зьмену, я, каб хутчэй заснуць, разгарнуў гэтую беларускую кніжку пра ваіінушку. Яшчэ не разумеючы, якую пастку падрыхтаваў мне аўтар — інтэлігентны дзядзечка ў акулярах, які цёпла пазіраў са здымка.
У тую першую ноч я адолеў толькі разьдзел, дзе апісваліся трызьненьні Гітлера. Насалодзіўшыся аўтарскай фантазіяй, што перанесла мяне ў апартамэнты фюрэра, ды паспачуваўшы людажэру й ворагу маёй савецкай радзімы, я спакойна заснуў. Пакінуўшы прыемнае чытво на наступныя ночы.
I наспгупнай ноччу, пасьля плённай працы ды сытнае вячэры, я ў ложку разгарнуў адамовіцкі том, як разгортваюць дэсэртны дэтэктыў. А страшнага Гітлера ўжо не было. Пайшлі беларускія пасёлкі на шляху ў колішніх украінскіх рабацяг, колішніх афіцэраў савецкай арміі ды іхных нямецкіх паплечнікаўкамісараў. Пачаліся забітыя людзьмі, спаленыя зрубы, у якіх трупы працягвалі стаяць. Пачаліся карціны. лягераў, дзе чырвоныя камандзіры елі трупы сваіх баявых таварышаў.
Пачаўся салодкі дым ад спаленага чалавечага мяса. Пачаліся больш чым пераканаўчыя доказы, што чалавек ня ведае сваіх д’ябальскіх здольнасьцяў. I няма той мяжы, да якой можна апусьціцца. У тым ліку й табе. Васямнаццацігадоваму шчанюку-камсамольцу, які нахабна думае, што сьвет створаны адмыслова дзеля ўвасабленьня ягоных мараў. Шчанюку, у параўнаньні зь якім, пры пэўных абставінах, і дзядуля Гітлер выглядаў бы райхстагскім летуценьнікам.