Вострая Брама
Сяргей Дубавец
Выдавец: Радыё Свабода
Памер: 520с.
2005
Наступнай ноччу я ўжо браў страшную кнігу з павагаю, разгортваў павольна. Як дзеці разгортваюць страшныя казкі. Гэтым разам я пазнаёміўся з Тупігам. Трыццацігадовым днепрапятроўцам, шарагоўцам карнага батальёну Мельнічэнкі, маўклівым бамбізам, які не здымаў шыняля нават у самую сьпёку. I працаваў. Ня п’янстваваў з аднапалчанамі, ня зьверстваваў попусту й без патрэбы. А менавіта працаваў. I аўтар даў мне напоўніцу пакаштаваць тае працы. Асабліва ў сцэне ліквідацыі ўсёй вёскі, што сабралася ў адной хаце. Тупіга, калі хто забыўся на зьмест, паспрачаўся з калегам, што пакладзе ўсіх адным дыскам. Як прафэсіянал, ён не любіў марнаваць патроны. I, зайшоўшы ў забітую людзьмі хату, вёў зь сялянамі пустую размову, сам у гэты час выбіраючы найбольш зручнае месца для агню. Каб націснуць на курок у самы нечаканы момант, і першымі пад кулі патрапілі дзеці на печцы.
За ўвесь час чытаньня «Карнікаў» я не прысьніў ніводнага кашмару. Але сам таго не
жадаючы, я пачынаў паважаць Тупігу. Сярод астатніх герояў раману — паўп’яных сьмярдзючых хахлоў, якія рабілі з забойства цяжарных жанчын забаву, інтэлігентнага масквічаафіцэрыка, заклапочанага пошукамі апраўданьня сваім дзеяньням, эсэсаўцаў, што ня бачылі ў тутэйшых людзях людзей, толькі Тупіга выглядаў чалавекам, які ведаў цану ім усім. Чалавекам, які ў прапанаваных умовах жыцьця й сьмерці зрабіў свой выбар сьвядома. I жыў, і працаваў згодна са сваім выбарам. Безь непатрэбнага енчаньня.
Ад моманту прачытаньня я яшчэ доўгі час ня мог пазбавіцца ад таго Тупігі. Ува мне раптам зьявілася ягоная спакойная ўпэўненасьць. Быццам і мне, які ніколі ў сваім жыцьці не забіваў, вядомае тое пачуцьцё, што дорыць чалавеку кулямёт і права навесьці ягоную рулю на іншых. I апранаючы штодня цяжкія кірзовыя боты ды брудны халат, і павольна ідучы штодня па залітым сонцам заводзкім двары, і пазіраючы на свой цень, я бачыў на зямлі адбітак Тупігі ў шынялі.
А майстар быў незадаволены маімі спазьненьнямі. I начальнік цэху быў таксама нечым абураны.А калегі па працы дазвалялі сабе жарты на мой адрас. I ніхто зь іх ня мог даўмецца, чаму я такі спакойны і абыякавы. Быццам мяне зусім не хвалюе месячная прэмія з трынаццатай зарплатай. Я глядзеў на іх вачыма адамовіцкага героя, і мяне сапраўды абсалютна не хвалявала тое, што ім здавалася жыцьцёва важным...
Да Тупігі я вярнуўся пасьля войска, падчас
няўдалай спробы паступіць у маскоўскі ВГІК на акторскі курс Джыгарханяна ды Філозава. Спазьніўшыся на першыя туры, я меў намер зачараваць камісію адразу на трэцім. У посьпеху свайго матэрыялу я не сумняваўся. Як і ў сваім выкананьні таго самага маналёгу Тупігі, дзе ён абірае больш зручнае месца для агню. У тым, што камісію яшчэ ніхто не расстрэльваў, я быў пэўны.Але калі Армэна Барысавіча я заінтрыгаваў, дык Філозаў застаўся непахісны. Адным словам, артыст зь мяне не атрымаўся. Хоць маналёг я магу ўзгадаць і зараз...
•k -k -к
Адамовіч і піша па-расейску, і імкнецца ў Маскву не таму, што ён пачуваецца расейцам і цаляе заняць месца ў расейскай літаратуры. Нездарма і імя ён сабе пакінуў беларускае — Алесь, і нацыянальнаму сантымэнту ў яго знаходзіцца месца. Ен едзе туды, дзе на той час быў цэнтар, дзе было самае высокае начальства, дзе вырашаліся праблемы глябальнае ядзернае пагрозы, трэцяй сусьветнай вайны, канца камунізму. Ён едзе ва ўнівэрсальнасьць, відаць, і адчуваючы пры гэтым прывіднасьць таго ўнівэрсалізму. Але вонкавыя знакі: шасьцідзясятніцтва, Сахараў, «Мэмарыял», — заварожваюць.
Ягоная сьмерць не дазволіла нам прасачыць разьвіцьцё гэтае лёгікі. Хоць сёе-тое для асэнсаваньня ў нас ёсьць. Перастройка разваліла ня толькі савецкую імпэрыю, але й вобраз Масквы як унівэрсуму. Масква з сталіцы сьвету ці,
прынамсі, многіх народаў стала ператварацца ў расейскую сталіцу — тады яшчэ нясьмела. Але і тады ўжо Адамовіч робіць характэрныя ўчынкі •— знакавыя для ягонага вяртаньня. Ен бярэ ўдзел у Чарнобыльскім Шляху, ягоная постаць заўважная на Сойме БНФ, ён заснавальнік Беларускага ПЭН-цэнтру...
Сёньняшняя расейская і маскоўская моўная і геаграфічная дысьлякацыя ўжо зусім не азначае ўнівэрсуму. У культурным сэнсе гэта такая самая правінцыя, як і Беларусь. I тут і там усё яшчэ адбываецца пераходны пэрыяд. Адно, што ўсеагульнае стала расейскім, а беларускае засталося беларускім. Сваім запаветам пахаваць сябе на радзіме Адамовіч сам адказаў на пытаньне пра вэктар свайго руху.
Вяртаньне на эвалюцыйны шлях абярнулася вяртаньнем да разнастайнасьці ня толькі чалавечай і псыхалягічнай, але й нацыянальнай — разнастайнасьці відаў, моваў, спадчынаў, радзімаў, краінаў... I той Адамовічаў унівэрсум, што складаўся з Масквы як пупа зямлі, з глябальнай ядзернай пагрозы, чалавека «вообгце» і звышлітаратуры — гэты ўнівэрсум ляснуў, а на ягоным месцы ўтварылася мноства непадобных, і тым цікавых культураў, кожная зь якіх вядзе свой дыялёг паміж небам і зямлёю без пасярэдніцтва якогась цэнтру, кожная ўзыходзіць да ўнівэрсуму сама, сваімі сродкамі. I няма сярод іх ні большых, ні меншых, ні галоўных і другасных. Пры гэтым унівэрсальны Адамовіч не ператварыўся ў расейскага пісьменьніка. Ягонае імя яшчэ можна сустрэць у даведніках «русскнх пнсателей», але зь
нязьменнаю пазнакай — «белорусскнй пнсатель». Адамовіч вяртаецца туды, дзе ён сапраўды патрэбны, дакладней, дзе ён можа быць найболей запатрабаваным і ўжо адкуль можа паўтарыць свой выхад не ва ўнівэрсальны panTap, а ў шырокі сьвет.
этэр 26 студзеня 2003 г.
Менск: горад, складзены зь вёсак
У адрозьненьне ад большасьці эўрапейскіх сталіц, у «вечна маладым» Менску ня цэняць і не зьберагаюць помнікаў архітэктуры, колішніх вуліц ды кварталаў і прыроднага ляндшафту. Адзінкавыя выключэньні толькі пацьвярджаюць правіла. У выніку не пасьпявае вырасьці чарговае пакаленьне менчукоў, як незваротна зьмяняецца сам дух гораду, у якім тое пакаленьне нарадзілася. Менск ня ведае і ня любіць сваёй мінуўшчыны.
Так адбываецца зусім не таму, што менчукі горшыя за парыжан або варшавякаў ці віленчукоў. Некалі ж і Менск быў горадам магдэбурскім, ганзейскім, «партовым». Але было тое надта даўно. Мінулае 20 стагодзьдзе канчаткова ператварыла сталіцу Беларусі ў мэгаполіс, складзены зь вёсак. Грушаўка і Ляхаўка, Цівалі і Дразды, Лошыца, Курасоўшчына, Сьляпянка, Зялёны Луг, Карзюкі ды шмат-шмат іншых вёсак апынуліся пад адной назваю
«Менск», які ня стаў ад гэтага горадам, падобным да іншых сталіц сьвету.
Дух і традыцыя вёскі, якая паводле прыроды сваёй ня дбае пра помнікі архітэктуры і гістарычны цэнтар, запанавалі ў Менску. Гэты дух і сёньня нясуць у сабе менчукі — у большасьці гараджане першага ці другога пакаленьня, учорашнія вяскоўцы. Гэты дух — у самым ладзе жыцьця, у культурным і палітычным выбары менчукоў, у іхным спэцыфічным стаўленьні да роднае мовы.
Як сьвет стаіць на трох чарапахах, як Рым — на сямі ўзгорках, так Менск стаіць на сваіх вёсках. Вёсак ня сем, а сямнаццаць ці, можа быць, дваццаць сем. Але сутнасьць ад гэтага не зьмяняецца. 3 даўніх часоў у Менску змагаюцца між сабою два пачаткі — вясковы і гарадзкі.
Калі тое змаганьне пачалося, напэўна, ніхто ўжо ня скажа. Бо звычайна адбываецца наадварот — вёска паступова вырастае ў горад. I справа тут ня ў тым, што зьмяняецца аблічча, што дамы вышэйшыя і каменныя, што жыхароў болей. Нашмат важнейшыя зьмены ў сьветапоглядзе насельнікаў. Вось жа ў Менску, які вырас да памераў мэгаполісу, пануе гэты самы вясковы сьветапогляд. Ад таго і сам горад пачуваецца ня цэлым горадам, а населеным пунктам, складзеным, злучаным, зьлепленым у адно з мноства вёсак.
Ці гэтак было заўсёды?
Апісваючы Менск сярэдзіны 19 стагодзьдзя, Уладзіслаў Сыракомля ўвесь час параўноўвае яго зь Вільняй:
«Заўважым, што... на адзін дом прыпадае 16
жыхароў, у той час як у Вільні — 34 жыхары; але разам з тым у Менску няма такіх вялікіх дамоў, як у Вільні...»
«Важнейшая вуліца места — Койданаўская, на якой раней было некалькі касьцёлаў і цэркваў, а цяпер мала хто можа паказаць, дзе яны стаялі».
«Вуліца Саборная... і яе працяг — Фэліцыянская, ужо найбольш забудаваныя аднаі двухпавярховымі драўлянымі дамамі і дамкамі, што ўціснуліся ў асяродак сваіх арыстакратычных братоў, як тыя вяскоўцы, што, трапіўшы на відовішча, праціскваюцца, як могуць, бліжэй да сцэны, не зважаючы на грамаду вяльможных паноў».
Хоць у пару Сыракомлі, паўтараста гадоў таму, і былі прыкметныя рысы будучае менскае мэтамарфозы, але выглядалі як атавізмы, ад якіх горад непазьбежна пазбавіцца. Паўстануць вялікія гмахі, а драўляныя хаты зьнікнуць, а галоўнае — зьявіцца памяць пра тое, што і дзе было, зьявіцца зусім іншае разуменьне часу, зьявіцца гарадзкая гісторыя.
Але адбылося па-іншаму. Менск разрастаўся ў вялікі горад, з кожным пакаленьнем руйнуючы тое, што было створана папярэднікамі. Зноў і зноў малады горад вынішчаў цэлыя вуліцы і кварталы свае памяці, свае гарадзкое гісторыі. Калі зруйнаваная Варшава пасьля вайны наноў адбудоўвала сваю Старуўку, у Менску ўсё старое пайшло пад знос, які цягнецца да нашых дзён. Менск адбудоўваць свой Стары Горад ня стаў.
Сьветапогляд вяскоўца падказваў, што хата
або дом ня маюць каштоўнасьці толькі таму, што яны старыя. Наадварот, захоўваць або паднаўляць староцьце было б непрактычна. Яго трэба перарабіць або зьнесьці. Вёска ня ведае рэстаўрацыі.
Захапленьне згібам крывой вулкі, маляўнічай шчылінай у сьцяне, пахам цэглы, вясёлкай на дзікім бруку пасьля дажджу — тое, што знаёмае месьцічу, для вяскоўца няважнае, бескарыснае. I знос найстарэйшае менскае вуліцы Нямігі ў 1960-я гады быў зусім прагрэсіўным у вачах гараджанаў першага пакаленьня. I знос вуліцы Замкавай пазалетась — таксама.
Мабыць, галоўнай прычынай менскае мэтамарфозы сталася ператварэньне губэрнскага цэнтру ў сталіцу краіны, якой ён стаў з заснаваньнем БССР. Вось калі вясковы пачатак перамог. Ня стаўшы, па сутнасьці, сучасным самадастатковым горадам, Менск прыпадобіўся да таго навабранца, якому раптам пачапілі генэральскія пагоны. Калі ты сталіца, ці варта табе задумляцца пра тое, наколькі ты — горад? Гэта нібы і так зразумела.
У адрозьненьне ад гораду, вёска ня мае гісторыі, а толькі традыцыю, яе культура — этнаграфія. Вясковы паэт, складальнік песень, казак і прымавак — народ, а ня Янка Купала ці Ўладзімер Караткевіч. Вёска не пэрсаналізуецца так, як горад. Можна сказаць: адна баба, адзін мужык — і ўжо ясна, пра каго гаворка.