Выбух камунікацыі
Нараджэнне новай ідэалогіі
Філіп Брэтон, Сэрж Пру
Памер: 336с.
Мінск 1995
Адна з арыгінальных рысаў Мак-Лухана, безумоўна, — яго антыакадэмічны стыль: сістэматычна выкарыстоўваючы аналогіі, каб знайсці падыход да з’яў, каторыя аналізаваліся, ён з задавальненнем паўтараў, што для “акустычнага” абследавання свайго матэрыялу і для таго каб выклікаць у ім “рэзананс”, ён карыстаецца “зондамі”. Калі ён, напрыклад, заяўляў, што “сродак інфармацыі — гэта паведамленне”, або “сродак інфармацыі — гэта масаж”, або што “зместам новага сродку інфармацыі з’яўляецца сродак інфармацыі, які яму папярэднічае”, то ён імкнуўся, з аднаго боку, прыцягнуць увагу чытача, а з другога боку, па-іншаму паставіць пытанне наконт рэальнасці феномену сродкаў масавай інфармацыі. Мысленне Мак-Лухана палягала ў правакацыйным стылі. Уся яго творчасць уяўляла сабой вялізную метафару, у якой адчуваецца гумар і якая пабудавана на адмысловых “кароткіх замыканнях” думкі. Яго шматлікія канцэптуальныя ракурсы і гістарычныя памылкі не могуць, відавочна, задаволіць строгі розум. Нават дзіўна канстатаваць, што вельмі сур’ёзны “Journal of Communication”, 189
прэстыжны акадэмічны часопіс амерыканскіх даследчыкаў камунікацыі, апублікаваў у 1981 г. вялікі матэрыял, прысвечаны творчасці Маршала Мак-Лухана, які памёр у 1980 г. Як быццам праз дваццаць гадоў некаторыя акадэмічныя мысліцелі былі гатовы прызнаць МакЛухана за свайго.
Застаецца дадаць, што, пачынаючы з 60-х гг., спрабуючы паказаць нам уздзеянне сродкаў масавай інфармацыі на ўзроўні культуры, у якую яны ўпісваюцца, у цэлым, Мак-Лухан унёс уклад у радыкальны перагляд пастулата аб нейтральнасці тэхнікі камунікацыі і глыбокае абнаўленне праблематыкі ўздзеяння сродкаў масавай інфармацыі, якому да гэтага давалася вельмі абмежаванае вызначэнне. Многія крытыкі звязвалі ідэі Мак-Лухана з праблематыкай тэхнічнага дэтэрмінізму. На самай справе, як адзначае Роберт А. Уайт, вельмі ажыўленыя тэарэтычныя спрэчкі, выкліканыя поглядамі Мак-Лухана, верагодна, мелі сваім вынікам тое, што даследчыкі камунікацыі сталі больш улічваць доўгатэрміновыя ўздзеянні на культуру тэхнічных новаўвядзенняў у сферы камунікацыі, а таксама прымаць пад увагу, што тэхнічныя і культурныя змены нельга растлумачыць, не звяртаючыся да іх цеснай сувязі з тым сацыялагічным кантэкстам, у які яны ўпісваюцца.
Сімвалічны аспект
У 60-я гг. у Еўропе адкрыліся два навуковыя цэнтры, што наклалі значны адбітак на даследаванне масавай камунікацыі, звярнуўшы асаблівую ўвагу на сімвалічны аспект сучаснай культуры. У Францыі Ралан Барт (Barthes) прыняў удзел у стварэнні Цэнтра вывучэння масавай культуры (CECMAS) у Парыжы і заснаваў новую плынь семіялагічных даследаванняў культурных зместаў, якія перадаюцца з дапамогай сродкаў масавай інфармацыі. У Велікабрытаніі Сцюарт Хол (Hall) стварыў пры Бірмінгемскім універсітэце Цэнтр сучасных культурных даследаванняў (CCCS), мэтай якога было вывучэнне “жывых культур” (культура рабочых, культура моладзі, 190
папулярная прэса і г. д.) і дынамікі ўключэння феномена сродкаў масавай інфармацыі ў сучасную культурную тканіну.
Амерыканскія даследчыкі эмпірычнага напрамку доўгі час ужывалі ў дачыненні да масавай камунікацыі метады так званага кантэнт-аналізу. Упершыню гэты метад быў прыменены ў 20-я гг. на факультэце журналістыкі Калумбійскага універсітэта ў Нью-Ёрку. Тады гаворка ішла пра тое, каб выявіць значэнне, якое газеты надавалі пэўным агульным тэмам (унутраная і міжнародная палітыка, спорт і г. д.), зыходзячы з “выкарыстанай плошчы”. Гэтыя колькасныя і строга дэскрыптыўныя даследаванні паступова распаўсюдзіліся на іншыя сродкі масавай інфармацыі (радыё, кіно, тэлебачанне). Аднак яны не прыводзілі ні да якой належнай інтэрпрэтацыі матэрыялу: гэта былі, выкарыстоўваючы тэрмін Пола Лэйзэрсфельда, чыста “адміністрацыйныя даследаванні”. X. Д. Ласвэл у канцы 40-х гг. у працы, прысвечанай “палітычным міфам”, паспрабаваў пераадолець абмежаванні, якія былі навязаны метадалагічнымі прынцыпамі кантэнт-аналізу. Ён паслядоўна перагледзеў праблемы, звязаныя з сістэматычнай выбаркай, карэктнасцю і канцэптуалізацыяй катэгорый аналізу. У сваім даследаванні ён засяродзіўся на асаблівасці выкарыстання кожнай палітычнай групай спецыфічнага набору сімвалаў у сваіх палітычных выступленнях. Фактычна тое, што ён меў на ўвазе пад “сімваламі”, уяўляла сабой выбар больш спецыфічных тэматычных кампанентаў. Такім чынам, ён закадзіраваў стаўленне (станоўчае, негатыўнае, нейтральнае) да гэтых “сімвалаў”.
Пачынаючы з гэтага моманту, які стаў пераломным з гледзішча метадалогіі, метады кантэнт-аналізу разглядаліся як аптымальны сродак правядзення сацыялагічных даследаванняў. У далейшым амерыканскія навукоўцы прапаноўвалі ўсё больш складаныя метадалагічныя мадэлі, што прывяло да так званага метадалагічнага перфекцыянізму. У 1955 г. па ініцыятыве “Ithiel de Sola Pool” амерыканскія даследчыкі паспрабавалі разабрацца з выкарыстаннем гэтага тыпу 191
метадалогіі. Найбольш нездавальняючымі выглядалі два аспекты: а) з аднаго боку, змянілася стаўленне да частаты з’яўлення пэўных тэматычных элементаў як да паказніка меркавання аўтара паведамлення; б) з другога боку, канстатавалася, што метады кантэнт-аналізу зусім не ўлічвалі сувязі, якія існуюць паміж тэматычнымі элементамі аднаго і таго ж дыскурсу, што з’яўляецца важнейшым аспектам яго значэння. Напрыклад, у рэкламе, па меры таго як сімвалы прэстыжу сістэматычна звязваюцца пераважна з пэўнымі тыпамі персанажаў, a не з іншымі, можа стацца так, што значэнні двух дыскурсаў, якія ўтрымліваюць аднолькавую колькасць тэматычных элементаў, будуць дыяметральна супрацьлеглымі. Даследаванні, праведзеныя ўслед за канстатацыяй гэтага факта, не дазволілі канчаткова вырашыць звязаныя з гэтымі пярэчаннямі фундаментальнага характару праблемы, не зважаючы на ўсе ўдасканаленні, што былі ўнесены ў метады вывучэння і некаторыя сенсацыйныя працы па “аўтаматычным аналізе тэкстаў”. Абмежаванні, якія накладвалі прынцыпы кантэнтаналізу, былі пераадолены новымі еўрапейскімі плынямі семіялогіі і “культурных даследаванняў”. Яны пазначаюць сапраўдны “парадыгматычны разрыў”.
У 1957 г. Ралан Барт паказаў нам у сваёй “Міфалогіі”, у якой ступені дыскурс сродкаў масавай інфармацыі ёсць прадукт пэўнага неўсведамляльнага сімвалічнага парадку, які яго структуруе. Аўтару ўдалося апісаць дыскурс сродкаў масавай інфармацыі як ёмішча новых міфаў, месца, дзе пераважна праяўляецца сучасная міфалогія. У сваіх далейшых працах, натхненне для каторых ён чэрпаў у структурнай лінгвістыцы і псіхааналізе, Барт паспрабаваў заснаваць навуку, што вывучае культуру як сістэму сімвалаў: семіялогію. Тэарэтычным аб’ектам семіялагічнай інтэрпрэтацыі у такіх умовах паўстаюць “утаймаваныя памкненні”, выцесненыя ў працэсе культурнай творчасці. Крытычная праца накіравана на выцясненне сучасных міфаў, што распаўсюджваюцца, у прыватнасці, дыскурсамі сродкаў масавай інфармацыі. Барт паспрабаваў сістэмна давесці свае прынцыпы аналізу, выкарыстоўваючы пры аналізе сучас192
ных твораў культуры мадэль, узятую са структурнай лінгвістыкі. Паралельна ён высунуў у якасці канчатковай мэты семіялоіі аналіз функцыявання ідэалогіі: яго культурная крытыка прэтэндавала таксама на правядзенне працы па дэмістыфікацыі сацыяльных адносін панавання, што імпліцытна прысутнічаюць у гэтых дыскурсах.
Калі для Фердынанда Сасюра (Saussure) лінгвістыка (навука пра мову) з’яўлялася толькі часткай семіялогіі (агульнай навукі пра знакі), то для Барта семіялогія была часткай лінгвістыкі — “...якраз той часткай, што займаецца вывучэннем вялікіх значных адзінак дыскурсу”. Безумоўна, для яго гаворка ішла пра тое, каб узяць з лінгвістыкі дастаткова агульныя аналітычныя паняцці, якія б дазволілі стварыць метадалагічныя прынцыпы семіялагічнай інтэрпрэтацыі. Апошнюю можна было б вызначыць як пошук сэнсавай сістэмы дадзенай сукупнасці паведамленняў з дапамогай структурнага вывучэння змен сярод абазначальнікаў і абазначальных гэтай сукупнасці.
Сваёй праблематыкай і сваімі метадамі семіялогія радыкальна адвяргае амерыканскі метад “кантэнт-аналізу”. 3 аднаго боку, яна звязана з крытычнай праблематыкай культуры, адкрытай для ўзаемадзеяння з сацыёпалітычнай крытыкай. 3 другога боку, на ўзроўні свайго метаду семіялогія не вызнае ў якасці паказніка выказанай думкі частату з’яўлення пэўных сімвалаў; наадварот, яна засяроджвалася на вывучэнні структурных сувязей паміж сімваламі як складовымі часткамі сэнсу (“сэнс — гэта адрозненне”); нарэшце, яна зноў звярталася да латэнтнага зместу паведамлення, больш не пастулюючы абавязковай адпаведнасці яўна выказанаму зместу, a вывучаючы канатацыю. Такім чынам, са з’яўленнем семіялогіі адбыўся пераход ад вывучэння зместаў да аналізу дыскурсу, аповеду, вобраза і, нарэшце, да вывучэння міфа і функцыянавання ідэалогіі.
Супраць выкарыстання Бартам лінгвістычнай мадэлі выступілі некаторыя лінгвісты. Так, на падставе прапанаванага ім адрознення паміж “семіялогіяй камунікацыі” і “семіялогіі значэння” (дзе “аб’ект даследавання спачатку , 1 QQ
7 Выбух камунікацыі
быў прадстаўлены не як пэўны тып камунікацыі, а толькі як нейкі комплекс значных фактаў”) Жорж Мунэн (Mounin) заявіў, што Ралан Барт злоўжывае паняццем семіялогіі, бо сацыяльныя аб’екты, якія ён аналізаваў, неабавязкова з’яўляліся часткай сапраўднай сістэмы камунікацыі. Напрыклад, калі аналіз коду дарожных знакаў адносіцца да семіялогіі камунікацыі, то бартаўскі аналіз тэксту са сродкаў масавай інфармацыі пра адзенне адносіцца, згодна з Мунэнам, толькі да семіялогіі значэння. Але ці сапраўды аналітычная мадэль Барта імкнулася абмежавацца тлумачэннем з пункту гледжання камунікацыі? На нашу думку, семіялогія Барта ў большай ступені звязана з праблематыкай распаўсюджання твораў культуры, якая далёка выходзіць за рамкі простага пытання іх перадачы ад крыніцы распаўсюджання да аўдыторыі ўспрымання. Гэты новы тып семіялагічнай інтэрпрэтацыі закранае фундаментальнае пытанне формаў інстытуцыялізацыі пэўных тыпаў сацыяльнай камунікацыі за кошт іншых магчымых тыпаў; урэшце, гаворка ідзе пра адносіны панавання ў працэсе стварэння і распаўсюджання твораў культуры. Гэта семіялагічная і крытычная інтэрпрэтацыя выходзіць за рамкі выключна камунікацыйнай праблематыкі, якая пастуліруе, што значэнне культурных феноменаў заключаецца толькі ў функцыянаванні спосабу іх камунікацыі.