Выбух камунікацыі
Нараджэнне новай ідэалогіі
Філіп Брэтон, Сэрж Пру
Памер: 336с.
Мінск 1995
12. Сацыяльна-палітычны аспект камунікацыі
3 канца 60-х гг. многія плыні крытычнага аналізу імкнуліся да таго, каб пры апісанні механізмаў уплыву сродкаў масавай інфармацыі іх мадэлі ўлічвалі сацыяльна-палітычны кантэкст. Калі адны з гэтых мадэляў сёння здаюцца састарэлымі, часта з-за “драўлянай мовы”, якой не стае тонкасці, то другія, наадварот, дазволілі адкрыць плённыя шляхі даследаванняў, што дапамагаюць паказаць часта нябачныя ўзаемадзеянні, якія папярэднічаюць феномену распаўсюджання паведамленняў сродкамі масавай інфармацыі. Гэтыя мадэлі і сёння працягваюць аказваць уплыў на крытычныя канцэпцыі вывучэння камунікацыі. У гэтым раздзеле мы маем намер прадставіць праблематыку некалькіх значных плыняў, што павінна дапамагчы акрэсліць сацыяльна-палітычныя мэты камунікацыі ў такім выглядзе, у якім яны былі вызначаны ў рамках крытычных даследаванняў на працягу дваццаці пяці гадоў. Перад гэтым мы коратка нагадаем некаторыя элементы кантэксту, якія паказваюць той маштаб, што набылі з цягам часу гэтыя плыні ў даследаваннях.
На пачатку 70-х гг. многія французскія даследчыкі, якія лічылі сябе паслядоўнікамі крытычнай традыцыі, выбралі ў якасці накірунку сваёй аналітычнай работы вывучэнне ідэалагічнага ўздзеяння сродкаў масавай інфармацыі. Меўся на ўвазе аналіз дзеяння сродкаў масавай інфармацыі ў якасці механізма ўзнаўлення грамадства ў інтарэсах пануючых класаў. Многія з гэтых даследчыкаў непасрэдна звярталіся да марксісцкіх і неамарксісцкіх канцэпцый ідэалогіі (у прыватнасці, інтэрпрэтацый Альцюсэра і Грамшы), і ўключалі гэтыя тэарэтычныя падыходы ў мадэлі, што прысвячаліся ідэалагічным функцыям камунікацыі ў грамадстве. Са свайго боку брытанскія вучоныя пад уплывам марксісцкай сацыялогіі культуры, якую ў прыватнасці прапагандаваў Рэйманд Вільямс, у працяг традыцыі “Cultural Studies” (“Культурных даследаванняў”), пачынаючы з сямідзесятых гадоў, 211
займаліся распрацоўкай новых падыходаў, імкнучыся пры гэтым уключыць ідэалагічную працу сродкаў масавай інфармацыі ў саму тэкстуру культурнай тканіны, са зваротам да этналогіі жывых культур, да якіх адносяцца культура рабочых і народныя культуры. Як згадвалася раней, асабліва моцным штуршком правядзення даследаванняў ідэалагічнага ўздзеяння сродкаў масавай інфармацыі сталі апублікаваныя на пачатку 80-х гг. два артыкулы Сцюарта Хола, які клікаў да новага адкрыцця ідэалагічнай функцыі сродкаў масавай інфармацыі, прапануючы праграму даследаванняў, што злучала ў адно цэлае працэсы ідэалагічнага кадзіравання і дэкадзіравання паведамленняў, якія распаўсюджваюцца.
Затым іншыя навукоўцы вызначылі ўвесь комплекс сродкаў масавай інфармацыі як эканамічную сістэму прамысловай вытворчасці культуры. Як бачым, яны зноў пайшлі шляхам, які першымі адкрылі і разведалі прадстаўнікі Франкфурцкай школы Хоркхаймер і Адорно, прапануючы крытыку сучаснай культуры на аснове паняцця “культурнай індустрыі”. Такая пастаноўка праблем камунікацыі на падставе паняцця культурнай індустрыі прынесла асаблівы плён некаторым даследчыцкім франкамоўным калектывам, якія ў наш час выканалі шмат прац: гэта, у прыватнасці, калектывы Бернара М’ежа з Грэнобля, Гаэтана Трамбле і Жан-Гі Лякруа з Манрэаля і Патрыс Флішы з Парыжа. Гэтая плынь даследаванняў культурнай індустрыі ўзмацнілася ў 80-х гг., узбагаціўшы сваю праблематыку праз увядзенне паняцця “грамадская прастора”. Адзначым, што ў 1962 г. на нямецкай мове была апублікавана праца нямецкага філосафа Хабермаса (Habermas), прысвечаная грамадскай прасторы асветнікаў. Зроблены ў 1978 г. пераклад гэтай працы на французскую мову выклікаў сярод франкамоўных даследчыкаў крытычнага напрамку шчырае захапленне праблематызацыяй феноменаў палітычнай камунікацыі на падставе паняцця грамадскай прасторы.
Нарэшце, развіццё на пачатку 80-х гг. у Францыі камп’ютэрных сетак перадачы дадзеных спарадзіла шматлікія працы, прысвечаныя сацыяльнай ацэнцы эксперыментаў у гэтай галіне: некаторыя даследаванні выявілі 212
супярэчлівыя і кампліментарныя сацыяльныя ўзаемадачыненні, што ляжалі ў аснове гэтых эксперыментаў, у якіх удзельнічалі дзяржава, палітычная і эканамічная эліта, традыцыйныя сродкі масавай інфармацыі і г. д. (возьмем, у прыватнасці, працы Андрэ Віталі (Vitalis) і Жан-Мары Шарона (Charron))Пры падвядзенні, у сувязі з некаторымі калёквіумамі, вынікаў гэтых ацэначных даследаванняў, што ажыццяўляліся сацыёлагамі часцей за ўсё па заказе французскай дзяржавы, былі зроблены некаторыя заўвагі стымулюючага плана, што датычыліся ролі і месца сацыёлага ў прамысловым развіцці тэхнічных сістэм. Ці не забяспечвае даследчык усяго толькі маральную падтрымку палітыкам і прамыслоўцам, якія ўжо распрацавалі крытычны падыход да свайго плана развіцця? Ці сапраўды прымаюць да ўвагі вынікі даследаванняў гэтыя асобы, ад якіх залежыць прыняцце рашэнняў? Ці не аказваецца так, што гульня ўжо зроблена яшчэ да атрымання вынікаў ацэначнага даследавання сацыёлагаў? Гэтую спрэчку, відаць, было б цікава супаставіць з іншай дыскусіяй, што натхняла левых інтэлектуалаў у 60-я гг., — аб палітычнай ролі інтэлектуалаў у дачыненні да сродкаў масавай інфармацыі. Тая іншая ідэалагічная спрэчка ўзніла ў 1970 г. у сувязі з публікацыяй артыкула Энцэнсбергера, які называўся “Складовыя часткі тэорыі сродкаў масавай інфармацыі” (“Constituents of a Theory of the Media”) i тычыўся той абыякавасці да сродкаў масавай інфармацыі, якую на той час дэманстравалі левыя мысліцелі. Элементы гэтай спрэчкі можна знайсці ў разважаннях Жана Бадрыяра ў ягоным “Рэквіеме сродкам масавай інфармацыі” (1972), потым — у выказваннях Армана і Мішэля Матляраў у “Роздуме пра сродкі масавай інфармацыі”.
Урэшце даследчыкі пацвердзілі факт інтэрнацыяналізацыі сістэм камунікацыі і праводзімай імі ў маштабе ўсёй планеты культурнай апрацоўкі аўдыторыі (у прыватнасці, гэта датычыць амерыканскай культуры). Арман Матляр і яго супрацоўнікі, як і амерыканец X. I. Шылер і скандынавец К. Нордэнстрэнг (Nordenstreng) былі піянерамі ў гэтай галіне. Акрамя таго, з уяўленнем аб культурным уздзеянні сусветнай сістэмы сродкаў масавай 213
інфармацыі на краіны трэцяга свету звязана некалькі плыняў крытычнага аналізу, якія ўзніклі ў сувязі з публікацыяй справаздачы камісіі Мак-Брайда, падрыхтаванай для ЮНЭСКА (1980), у якой прапаноўвалася ўсталяваць у свеце новы парадак у сферы камунікацыі і інфармацыі. У многіх працах падкрэслівалася аднабаковая накіраванасць распаўсюджання інфармацыйных плыняў пры ажыццяўленні камунікацыі на нашай планеце.
Далей мы паспрабуем прадоўжыць дыскусію адносна мадэляў аналізу камунікацыі, засяродзіўшыся на сацыяльна-палітычным аспекце і аддаючы перавагу сярод шматлікіх магчымых шляхоў перш за ўсё вынікам некалькіх значных прац.
Ідэалапчнае дамінаванне сродкаў масавай інфармацыі
Адным з перыых спосабаў асэнсавання камунікацыі як сацыяльна-палітычнай мэты было падкрэсліванне ідэалагічнага дамінавання, якое ажыццяўляюць сродкі масавай інфармацыі ў заходнім капіталістычным грамадстве. На мяжы 70-х гг. адна з панаваўшых у сацыялогіі парадыгм, так званая “прагрэсісцкая”, што ў вялікай ступені знаходзілася пад уплывам ідэй марксісцкага філосафа Луі Альцюсэра, была заснавана на вызначэнні сацыяльнай стуктуры як сістэмы канфліктных сацыяльных узаемаадносін у сферы палітыкі, эканомікі і ідэалогіі. Паводле яе, на кожным з гэтых узроўняў праяўляецца класавая барацьба паміж тымі, хто пануе, і тымі, над кім пануюць, існуе канфліктная прастора, якую ўвогуле павінна ўлічваць “празрыстая” сістэма сродкаў масавай інфармацыі. Аднак гэта сістэма функцыянуе не свабодна: яна кантралюецца пануючай эканамічнай і палітычнай элітай і функцыянуе ў якасці “ідэалагічнага апарату дзяржавы”. Паглядзім больш пільна, куды і якім шляхам нас вядзе гэтая першая спроба сацыяльна-палітычнай інтэрпрэтацыі.
У індустрыяльным капіталістычным грамадстве Захаду формы панавання робяцца ўсё больш шматлікімі і больш складанымі: да эканамічнай эксплуатацыі і 214
палітычнага падпарадкавання дадаліся новыя формы ідэалагічнага і сімвалічнага панавання, для ажыццяўлення якіх разам са школай і сям’ёй выкарыстоўваўся канал сістэмы сродкаў масавай інфармацыі. Эканамічны кантроль над гэтым “апаратам сродкаў масавай інфармацыі” рабіўся важнай сацыяльна-палітычнай задачай: звычайна як правыя, так і левыя імкнуцца авалодаць сродкамі масавай інфармацыі. Гэтае першае апісанне дзеяння сродкаў масавай інфармацыі з сацыяльна-палітычнага гледзішча заключалася, як бачым, у яго прадстаўленні на падставе паняцця “апарату ідэалагічнай маніпуляцыі”, які тэарэтычна лёгка кантраляваць.
Аднак жа зместы, што распаўсюджваюцца праз сістэму сродкаў масавай інфармацыі, не з’яўляюцца чымсьці цэласным: яны характарызуюцца разнароднасцю і двухсэнсоўнасцю. Сярод іх сустракаюцца паведамленні розных ідэалагічных арыентацый, каторыя супярэчаць адна адной, што сведчыць, па словах некаторых распаўсюджвальнікаў інфармацыі, пра іх “аб’ектыўнасць”. У той жа час яны распаўсюджваюць эфектныя выказванні праціўнікаў, кіруючыся логікай выгады, якая заснавана на каштоўнасці “эфектнасці” інфармацыі: напрыклад, эфектыўнасць сучаснага тэрарызму ў вялікай ступені выклікана гэтай логікай перабольшвання яго сродкамі масавай інфармацыі. Але ці мае тут месца сапраўдны працэс палітычнай дэмакратызацыі? Ці сапраўды сацыяльная прастора сродкаў масавай інфармацыі стала “новай апорай” XX стагоддзя? Даследчыкі, якія абвяшчаюць сябе паслядоўнікамі крытычнай традыцыі, заклікаюць нас да большай асцярожнасці. Ужо на першым узроўні аналізу можна было б сказаць, што вялікая колькасць разнародных і супярэчлівых паведамленняў сама па сабе вядзе да рызыкі зніжэння іх камунікацыйнай эфектыўнасці: адны паведамленні анулююць другія, іх паўсядзённая банальнасць разраджае іх “падрыўны патэнцыял”. Можна было б задумацца і над тым фактам, што дыскурс сродкаў масавай інфармацыі ў большай меры складаецца з паведамленняў сацыяльнай эліты, чымсьці яе праціўнікаў. Гэтая надта відавочная небесстароннасць, несумненна, менш эфектыўная, чым некаторыя больш тонкія ідэалагічныя механізмы.
Так ствараецца ўражанне, нібыта сродкі масавай інфармацыі “кажуць усё”... Вядома ж, гэта немагчыма, хоць бы па прычыне тэхнічных абмежаванняў: напрыклад, адны вобразы больш тэлегенічныя, чым іншыя, і менавіта іх выбірае той, хто распаўсюджвае інфармацыю. Існуе адбор інфармацыі, якую трэба перадаваць. Давайце ўлічым і тое, што не было захавана з-за неадпаведнасці крытэрыю так званай “прафесійнай” якасці рэпартажу: сёння ідэалогія прафесіяналізму структуруе форму і змест паведамленняў, каторыя перадаюцца. Цяпер ухваляецца паказ сенсацыйнага (часта анекдатычнага) боку падзеі. Гэтае імкненне да надання інфармацыі эфектнасці, магчыма, ужо і ёсць механізм дэпалітызацыі дыскурсу, які функцыянуе на карысць існуючай ідэалогіі: выгляд і асабісты “стыль” палітыкаў высунуўся на першы план, зрабіўшыся больш важным, чым змест і філасофія палітычных праграм. Акрамя таго, на адбор элементаў інфармацыі, што перадаюцца, уплываюць абмежаванні арганізацыйнага тыпу: імкненне да хуткасці і дасягнення максімальнага эфекту пры перадачы навін, жаданне забяспечыць лёгкасць разумення інфармацыі тымі, каго распаўсюджвальнікі лічаць “асноўнай аўдыторыяй”, часта вядуць да “пераказвання” падзей пры адсутнасці ў журналістаў імкнення да больш шырокага і крытычнага іх асэнсавання з-за браку часу і фінансавых сродкаў. Калі зірнуць глыбей, то ўсё, што гаворыцца сродкамі масавай інфармацыі, гаворыцца ў пэўнай манеры: у сістэме сродкаў масавай інфармацыі назіраецца тэндэнцыя змяшчаць тэксты апанентаў у больш шырокі кантэкст, які структуруецца распаўсюджвальнікамі інфармацыі, што дазваляе дамагчыся іх “ідэалагічнай падпарадкаванасці”.