Выбух камунікацыі
Нараджэнне новай ідэалогіі
Філіп Брэтон, Сэрж Пру
Памер: 336с.
Мінск 1995
. Асноўныя хібы гэтых падыходаў коратка можна было б сфармуляваць наступным чынам: квантытатыўнае даследаванне асвятлення праблем прэсай (вымярэнне адведзенай розным тэмам газетнай плошчы, частата з’яўлення тэм і г. д.), з аднаго боку, і грамадскай думкі (апытанні, праведзеныя самімі даследчыкамі і другасны 232
аналіз ужо праведзеных апытанняў), з другога боку, пакідае недаследаванымі дадзеныя якаснага характару, што маюць надзвычай важнае значэнне для разумення працэсу ўтварэння іерархіі прыярытэтаў. Гэта адносіцца да зместу праблем, якія разглядаюцца: збор квантытатыўных дадзеных па такіх адносна неакрэсленых і агульных тэмах, як навакольнае асяроддзе, злачыннасць, наркотыкі, інфляцыя, расізм і г. д., перашкаджае вывучэнню самога зместу дыскусій і адмысловых праблем, якія ўзнікаюць вакол гэтых тэм. Так, у тэксце можа ісці гаворка пра навакольнае асяроддзе або пра расізм, але адна справа ведаць, што там прыгадваецца тая ці іншая тэма, і зусім іншая — разглядаць, як яна там падаецца. У цяні застаецца пасрэдніцкая праца і апрацоўка інфармацыі, што выконваюцца журналістамі і арганізацыямі масавай інфармацыі: сродкі масавай інфармацыі не проста нейтральныя пераносчыкі інфармацыі, якую перадае эліта, яны выконваюць значную працу па “ўпарадкаванні” гэтай інфармацыі, каторая прапануецца чытачам. Што тычыцца апошняй, то просты падыход да яе апісання з дапамогай апытанняў грамадскай думкі падаецца даволі абмежаваным, паколькі пакідае ўбаку пытанне пабудовы сэнсу ў пункце ўпрымання, што было галоўнай тэмай даследавання, каторае мы распачалі ў папярэднім раздзеле.
На працягу апошняга дзесяцігоддзя былі распрацаваны новыя метадалагічныя прыстасаванні: напрыклад, лабараторныя даследаванні суб’ектаў успрымання, якія інтэрпрэтуюць атрыманую інфармацыю, у кантэксце кагнітыўнай псіхалогіі; манаграфіі, арыентаваныя на вывучэнне нейкай супольнасці на працягу доўгага перыяду яе гісторыі, у якіх улічваецца ўвесь комплекс напрамкаў утварэння іерархій прыярытэтаў: грамадзяне, палітычныя дзеячы, сродкі масавай інфармацыі, рэальная выпрацоўка дзяржаўнай палітыкі. Акрамя таго, узніклі новыя пытанні: як утвараюцца іерархіі прыярытэтаў? Чаму часам маюць месца значныя разыходжанні паміж паказчыкамі, што датычаць сапраўдных сацыяльных паводзін, з аднаго боку, і іерархіяй прыярытэтаў, што прапануюцца сродкамі масавай інфармацыі, з другога? Што 233
сабой уяўляе канструяванне сэнсу адрасатамі: ці адбываецца пры гэтым кагнітыўная перагрупоўка атрыманай інфармацыі? Ці можна болып адэкватна вызначыць, не звяртаючыся выключна да вынікаў апытанняў грамадскай думкі, тое, як апошняя ўспрымае розныя сацыяльныя мэты і каштоўнасці? Вось якога кшталту пытанні цяпер хвалююць навукоўцаў, якія лічаць сябе паслядоўнікамі традыцыі даследавання пабудовы іерархіі прыярытэтаў.
Фактычна сёння мы сутыкнуліся з эвалюцыяй праблематыкі, каторая цалкам выходзіць за межы першапачатковай традыцыі даследавання функцыі стварэння іерархіі прыярытэтаў сродкаў масавай інфармацыі. Сёння было б больш правільна гаварыць пра збліжэнне інтарэсаў даследчыкаў рознага накірунку ў тым, што датычыць працэсу дэкларавання сацыяльных задач: як нараджаецца ўвага грамадства да некаторых праблем? Якую ролю адыгрываюць ва ўзнікненні гэтых цэнтраў грамадскай увагі сродкі масавай інфармацыі? Як адбываецца ўспрыманне публікай падзей, што асвятляюцца сродкамі масавай інфармацыі?
Выкарыстанне такога прыёму як канструяванне (framing), каторы ўжо сустракаўся ў працах Гофмана (Goffman), дало магчымасць даследчыкам гэтай плыні аналізаваць уплыў журналістаў на структуру інфармацыйных выпускаў з новых пазіцый. Выкарыстанне так званых “прафесійных” нормаў і “правілаў рамяства”, ужыванне пэўнага тыпу “дапушчальнай” у сродках масавай інфармацыі мовы, выбар метафар і фармуліровак, каторыя “гавораць” лепш за іншыя, у рамках абмежаванняў, звязаных з арганізацыяй працы (гадзіны падачы інфармацыі, памер і працягласць у часе, што дыктуюцца сродкамі масавай інфармацыі, і г. д.), — усё гэта ўтварае структурныя рамкі, якія непасрэдна ўплываюць на выбар або адхіленне і на фармуляванне розных тэм, а ў рэшце рэшт і на фармуляванне “сацыяльных мэтаў”, каторыя будуць прапагандавацца журналістамі з дапамогай сродкаў масавай інфармацыі. Гэты аналітычны падыход знаёміць даследчыка з мовай і праблематыкай саміх удзельнікаў сацыяльных працэсаў, незалежна ад таго, 234
ідзе гаворка пра журналістаў ці пра палітычную эліту. Пераадолеўшы аналітычныя межы мадэлі пабудовы іерархіі прыярытэтаў, даследчыку больш не трэба спачатку фармуляваць мэту, каб потым сачыць за працэсам перадачы яе сродкамі масавай інфармацыі і ўспрыманнем яе грамадскай думкай. У дадзеным выпадку выбраныя для аналізу тэмы — гэта тыя самыя тэмы, што фармулююцца ўдзельнікамі сацыяльных працэсаў унутры іх уласнага інтэрпрэтацыйнага асяроддзя. Можна бачыць, што гэты падыход дазваляе нам не толькі вывучаць працэс канструявання інфармацыі, які ажыццяўляецца арганізацыямі, каторыя маюць дачыненне да масавай інфармацыі. Ён непасрэдна вядзе да аналізу канструявання, якое прапануецца самімі ўдзельнікамі палітычнага працэсу, а таксама да разгляду інтэрпрэтацыйнага асяроддзя суб’ектаў, якія ўспрымаюць гэтую інфармацыю, што распаўсюджваецца сродкамі масавай інфармацыі.
Каб праілюстраваць значэнне выбару метафар, прапанаваных удзельнікамі палітычнага працэсу з мэтай сфакусавання ўвагі на праблемах, каторыя яны жадалі б асвятліць з дапамогай сродкаў масавай інфармацыі, вернемся да прыкладу, які прыводзіў Дж. М. Касіцкі. Калі прэзідэнт Буш абраў метафару “вайна наркотыкам” (war on drugs), ён імкнуўся ўнушыць журналістам і грамадскасці, што для паспяховага вырашэння гэтай праблемы існуе пэўны, найбольш прымальны спосаб. Гэтае метафарычнае параўнанне з вайной дазволіла яму вызначыць шэраг мер процідзеяння, якія і былі адначасова абвешчаны: умацаванне заканадаўства, мабілізацыя нацыянальнай гвардыі, узмацненне пакаранняў, выкарыстанне ўзброеных сіл для аховы межаў і г. д. Гэткі выбар метафары наводзіць на думку пра асабістую адказнасць кожнага грамадзяніна за вырашэнне гэтай, звязанай з “адхіленнем ад нормы”, праблемы. Дзякуючы гэтаму ён цалкам адмяжоўваецца ад пазіцыі Дэмакратычнай партыі і пазіцыі крытыкаў прэзідэнта, якія разглядаюць шлях падаўлення як “частковае вырашэнне” праблемы наркотыкаў, што звязана з бядотным становішчам у грамадстве (адчужанасць, адчай, беспрацоўе і г. д.).
Такім чынам, дыскурс сродкаў масавай інфармацыі, які датычыць праблемы наркотыкаў і магчымых шляхоў яе вырашэння, будзе стварацца ў працэсе адбору, інтэрпрэтацыі і структуравання, каторы ажыццяўляецца журналістамі, што рыхтуюць свае “навіны” і “гісторыі”, звяртаючыся да тых самых метафар і той жа структуры інфармацыі, якія былі прапанаваны палітычнымі і грамадскімі дзеячамі. У сувязі з гэтым для палітычных дзеячаў і іх дарадцаў вялікае значэнне набывае ўменне выбіраць метафары і лозунгі, якія б успрымаліся прэсай як слушныя і прыдатныя для пашырэння сродкамі масавай інфармацыі. Але, як мы ўжо казалі, працэс камунікацыі не абмяжоўваецца стварэннем і распаўсюджаннем паведамлення: даследчык павінен таксама разумець, як інтэрпрэтуецца паведамленне там, дзе яго ўспрымаюць.
Апошнія працы навуковага калектыву Луі Керэ і Мішэля Бартэлемі з Цэнтра вывучэння сацыяльных і палітычных рухаў уяўляюць у гэтай сувязі цікавую спробу эмпірычнага аналізу механізмаў давядзення да ведама грамадскасці інфармацыі пра дзеянні, словы, дзеячаў або падзеі, што ўтвараюць грамадскую прастору. Зыхозячы ў асноўным з арэнтаўскага, а значыць, фенаменалагічнага вызначэння грамадскай прасторы, Керэ пад маркай “падзейнага падыходу да грамадскай прасторы” прапануе “праводзіць эмпірычны аналіз гэтай узаемазвязанай фенаменалізацыі палітыкі, паўсядзённага жыцця і грамадскай прасторы, што адбываецца праз “сацыяльнае канструяванне” падзей, праблем, грамадскіх акцый і іх удзельнікаў”. Крытычная сацыялогія падзей прывучыла нас накіроўваць аналіз на адносіны, якія звязваюць падзею з дзейнасцю сродкаў масавай інфармацыі, напрыклад, для таго, каб выкрыць скажэнне падзеі, якое адбываецца пры яе адлюстраванні ў сродках масавай інфармацыі, або стварэнне сенсацыі з факта, каторы не заслугоўвае такой рэкламы. “Падзейны падыход да грамадскай прасторы”, прапанаваны Бартэлямі і Керэ, радыкальна адрозніваецца: іх аналіз, грунтуючыся на тым прынцыпе, што падзея набывае сваё грамадскае значэнне толькі пры пэўным яе апісанні, выяўляе значны 236
ўплыў розных апісанняў адной і той жа падзеі на арыентацыю кантэксту ўспрымання гэтай падзеі.
Іх эмпірычны аналіз датычыць справы, якая ўзнікла ў сувязі з апаганеннем яўрэйскіх могілак у Карпентрасе вясной 1990 г. Нагадаем, што гэтая мясцовая падзея праз некалькі гадзін пасля таго як пра яе стала вядома набыла маштабы падзеі агульнанацыянальнага значэння. Падзея паслужыла падставай для дзвюх серый публікацый у сродках масавай інфармацыі. Спачатку было заяўлена пра антысеміцкі характар гэтага акта, што прывяло да ўскладання маральнай і палітычнай адказнасці на французскіх ультраправых. Потым, у другой серыі публікацый, тэзіс антысеміцкай накіраванасці акцыі быў пастаўлены пад сумненне: праведзенае прэсай даследаванне выявіла некаторыя факты, на каторыя да гэтага не звярталі ўвагі, і ўзнік альтэрнатыўны погляд на падзею. Адказнасць за гэты акт сталі прыпісваць хутчэй кампаніі маладых п’яніц і наркаманаў, чым антысемітам. Гэты альтэрнатыўны тэзіс, не адвяргаючы зусім першай інтэрпрэтацыі, спарадзіў палеміку. Яна засведчыла, што некаторыя сродкі масавай інфармацыі і палітычныя дзеячы аддалі перавагу версіі антысеміцкай правакацыі занадта паспешліва. Бартэлемі і Керэ паказваюць працэс займання падзеяй месца ў грамадскай прасторы. “Адносіны паміж падзеяй і яе апісаннем становяцца цэнтральным аб’ектам даследавання. <...> У святле падзей вакол Карпентраса сапраўды выяўляецца, што выбар апісання вызначае тып і ўзровень адказнасці, што звязваецца з тым дзеяннем, якое ставіцца ў віну”.
Гэты падыход да аналізу паказвае нам, што грамадская падзея не існуе сама па сабе, незалежна ад яе апісання ў сродках масавай інфармацыі. Падзея неаздольная ад сваёй “грамадскай прэзентацыі” і ўспрымаецца так, як яе падаюць сродкі масавай інфармацыі. Падзея набывае сваю адметнасць і займае сваё месца ў грамадскай прасторы ў ходзе самога працэсу рэкламавання і асвятлення ў сродках масавай інфармацыі.