Высьпятак ад Скарыны
Міхась Скобла
Выдавец: Радыё Свабода
Памер: 500с.
2017
спатыкацца аб няўцямныя словазлучэньні «гуляў у бор» (замест «ганяў»), «баяй бясконца» (замест «буяй»), «спачыцьмуць спакой» (замест «сачыцьмуць»).
Ня надта давяраючы «Беларускай газэце», дзе «Тастамэнт» быў упершыню надрукаваны 6 жніўня 1942 году Яўхімам Кіпелем, я праз добрых людзей зьвярнуўся да сына публікатара Вітаўта Кіпеля, дырэктара Беларускага інстытуту навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку. I неўзабаве атрымаў ад яго копію аўтографу. Параўнаў тэксты — аўтэнтычны нью-ёркскі і менскі — і налічыў ажно 35 памылак і недакладнасьцяў!
На гэтым мае сумныя «адкрыцьці» не спыніліся. Зь некаторых твораў па невядомай прычыне былі выкасаваныя цэлыя строфы. Так, у вершы «Ўзысьці на вогнішча натхненьня...» не ставала чатырохрадкоўя: «Перадбачаць далёкім вокам / і зь нестрыванай яснатой / над хаосам і ночы змрокам / ўладаць гармоньні глыбінёй».
Але найбольш пацярпеў верш «Антону Навіну», скарочаны напалову — зь дзесяці строфаў у кнігу трапілі толькі пяць. Абсалютна незразумела, зь якой прычыны, такое ўражаньне, быццам проста не хапіла месца на старонцы.
На фоне такога складальніцка-рэдактарскага самаўпраўства адзін радок, што прапаў у вершы «Будзь бласлаўлёна, мая маладосьць...», здавалася б, невялікая бяда. Але названы верш унікальны ў беларускай паэзіі. Яшчэ крытык Антон Адамовіч у заўвагах да нью-ёркскага выданьня Жылкавых «Твораў» (1955) выказаў думку, што страфічная схема гэтага верша вынайдзена самім аўта-
рам, і прапаноўваў назваць новы від верша ў гонар паэта жылкай.
I трэба сказаць, што жылка прыжылася-такі ў беларускай паэзіі. Прынамсі, мне вядомы адзін верш, напісаны з выкарыстаннем аналягічнай рыфмоўкі. Гэта «Прыйсьце» (1958) Міхася Кавыля. На мой пісьмовы запыт паэт паведаміў, што ён насамрэч сьвядома напісаў менавіта жылку. А яшчэ дадаў: выкінуць зь яе адзін радок — значыць разбурыць усю архітэктоніку. Гэта тое самае, як у клясычным санэце пакінуць толькі трынаццаць радкоў.
Скрэсьліўшы папраўкамі зьнявечаныя ў «Мастацкай літаратуры» тэксты Ўладзімера Жылкі, я цьвёрда пастанавіў выдаць іх у аўтэнтычным выглядзе. I ў 1998 годзе Жылкаў том выйшаў у клясычнай сэрыі «Беларускі кнігазбор».
Здавалася б, усе наступныя выдаўцы, складальнікі і рэдактары не палянуюцца пры патрэбе ў яго зазірнуць. Паленаваліся. Праз пэўны час тая ж «Мастацкая літаратура» выдала чарговае выбранае шматпакутнага Жылкі пад назвай «Матылі». I што там убачыў чытач? Той жа верш Якуба Коласа «Беларускаму люду», той жа зьнявечаны «Тастамэнт», таго ж невядома кім «пакусанага» беларуса, таго ж «цьвёрдакаменнага» воя і дзясяткі іншых згаданых і не згаданых раней памылак. Плюс да ўсяго Жылку прыпісалі яшчэ адзін чужы верш — «Пры Roentgen» чэскага паэта Іржы Волькера...
Пры гэтым складальнік-інкогніта (імя ў выходных дадзеных не пазначана) не пасаромеўся напісаць, што кніга друкуецца паводле «кніга-
збораўскіх» «Выбраных твораў». Як складальнік і аўтар прадмовы да таго выданьня я мушу канстатаваць: гэтахлусьня. Скажу болей: выдавецтва «Мастацкая літаратура», так свавольна (тройчы!) абышоўшыся са спадчынай Жылкі, зьняважыла ягоную памяць і засьведчыла прафнепрыгоднасьць сваіх супрацоўнікаў.
Рэдактар, які ня можа адрозьніць Коласа ад Жылкі (паэтаў абсалютна непадобных), і карэктар, які пакутуе на моўную глухату, адназначна заслугоўваюць прафэсійнай дыскваліфікацыі. Такіх на гарматны стрэл нельга дапускаць да выдавецтва. Але ў «Мастацкай літаратуры» лічаць іначай. У выдавецтве аніхто аніякага спагнаньня за ўчыненае не атрымаў. Атрымалася, як у той прыказцы: калі свая сьвіта, то шыта-крыта. А калі камусьці сьвярбіць, то няхай ён і чухаецца...
Уладзімер Жылка, якога крытыка 20-х гадоў называла другім Багдановічам, не вярнуўся са сталінскага ГУЛАГу. Ён памёр ад тубэркулёзу 1 сакавіка 1933 году ў горадзе Уржум Кіраўскай вобласьці. Праз трыццаць гадоў — у красавіку 1961-га — Вярхоўны Суд БССР рэабілітаваў паэта. Але рэпрэсіі супраць яго, як выглядае, працягваюцца і ў нашыя дні. У сумнавядомыя 30-я паэтаву далікатную лірыку нявечыла бальшавіцкая цэнзура, нацдэмаўскую крамолу вышуквалі ў ёй крытыкі Тодар Глыбоцкі і Лукаш Бэндэ. Сёньня іх ролю, як бачым, выконвае дзяржаўнае выдавецтва «Мастацкая літаратура».
2012
Як золата пералітоўваецца агнём, каб стаць яшчэ залацейшым і каб ня мець ніякай заганы ў сабе і ніякай вады, — гэтак і Божыя людзі, каб стаць сьвятымі, пералітоўваюцца агнём вялікай пакуты.
Францішак Скарына
УКРАІНСКІ ФРОНТ БЫКАВА
«Вайна Васіля Быкава так і не пакінула ў спакоі, ён да апошніх дзён заставаўся ваяром», — гаворыць Юры Мушкетык. 3 адным са старэйшых ва Ўкраіне пісьменьнікаў мы сядзім у гатэлі « Дніпро» ў Чаркасах, дзе праходзіць міжнародны паэтычны фэстываль, прысьвечаны 200-м угодкам Тараса Шаўчэнкі. Толькі што госьці сьвята на двух аўтобусах вярнуліся з Халоднага Яру, дзе Юры Міхайлавіч у свае восемдзесят пяць пад сьпякотным сонцам з паўгадзіны расказваў пра антыбальшавіцкую Халоднаярскую рэспубліку, якая за кароткі час змагла паставіць «пад ружжо» 15 тысячаў змагароў. Пасьля яркіх сонечна-сланечнікавых краявідаў хочацца пабыць у паўзмроку, у нумары не гарыць сьвятло. Прыцьмела і зорка Героя Ўкраіны на грудзях майго суразмоўцы.
Быкава мы прыгадалі з тае прычыны, што празь нейкую сотню кілямэтраў на поўдзень — Кіраваградчына, дзе ён ваяваў і адкуль у вёску Бычкі на Віцебшчыне ў 1944 годзе прыйшла «пахаронка». У пасёлку Вялікая Севярынка да гэтай пары стаіць помнік загінулым, на якім сярод іншых пазначана і прозьвішча Быкава, а ў мясцовай школе створаны невялікі быкаўскі музэй, якім апякуецца былая настаўніца Лізавета Сергіенка.
Раней я думаў, што ў выпадку з «пахаронкай» штабісты нешта наблыталі ў ваеннай неразьбярысе. Але нядаўна дасьледнік Сяргей Шапран апублікаваў архіўны дакумэнт — сьпіс загінулых у тым жорсткім баі пад Вялікай Севярынкай. Дык там усё па-ваеннаму коратка і ясна: камандзер стралковага ўзводу лейтэнант Васіль Уладзімеравіч Быкаў загінуў 10 студзеня 1944 году, паведаміць бацьку... I пячатка з подпісамі камандзера і начштабу палка — капітана Перапёлкіна і маёра Марозава.
Сам Быкаў у «Доўгай дарозе дадому» прыводзіў дзьве вэрсіі свае «гібелі». Цікаўных адсылаю да гэтай кнігі, безь якое шмат што ў быкаўскім жыцьцяпісе зразумець складана. Зрэшты, у лёсе геніяў выпадковасьцяў не бывае. Нейкі знак звыш быў і ёсьць і ў той даўняй «пахаронцы», і ў тым помніку на Кіраваградчыне, на якім так і засталося прозьвішча пісьменьніка. Здаецца, ён і не прасіў нікога, каб сьпіс той падкарэктавалі, ня бачыў у тым праблемы. Можа, верыў у народную прыкмету, паводле якой пахаваны пры жыцьці мусіць жыць доўга.
Раптоўна, як нейкая палёгка, да нас з Мушкетыкам прыходзіць выснова, што Быкаў загінуў за Ўкраіну. Хай сабе і сымбалічна. He за неабсяжную «родмну», а менавіта за Ўкраіну. Бо за сьпінай лейтэнанта Быкава быў украінскі стэп, была Вялікая Севярынка, якую штурмавалі нямецкія танкі. Канкрэтна ён абараняў лапік менавіта ўкраінскай зямлі, а не прасторы і хімэры савецкай імпэрыі. Самы галоўны ваенны фронт Быкава быў усё ж украінскім.
Мушкетык са шкадаваньнем прызнаёцца, што ня ведае новай прозы Быкава, ягоных прыпавесьцяў. А яны, тыя прыпавесьці, ляжаць у маім нумары на стале! Ды яшчэ па-ўкраінску. У перакладзе Дзьмітра Шчарбіны з Крывога Рогу. Кніжку я прыхапіў з сабой са спадзевам, што ў чарадзе сьвяточных імпрэзаў знойдзецца акно, знойдуцца яшчэ ахвотнікі, і мы зьезьдзім у тую Вялікую Севярынку. Нейкая сотня кілямэтраў... На жаль, не знайшлося ні акна, ні ахвотнікаў.
Але кніжка ўсё ж нездарма прыехала ва Ўкраіну. Неўзабаве мой суразмоўца ўжо разглядае, узважвае яе на далоні. «Васнль Бнков. Байкн світові. Передне слово — Ігор Ольшевськнй, перекладач Дмнтро ІЦербнна, вндавннцтво «Янтар», кнмжку надруковано в кількісті 60 нумерованнх прнмірннків...»
Мушкетыку ажно ня верыцца, што Быкава зусім нядаўна выдалі ў Луганску, які стаў адным з цэнтраў сэпаратызму, вакол якога ідуць поўнамаштабныя ваенныя дзеяньні з выкарыстаньнем баявых самалётаў і танкаў.
Атрымалася, Быкаў нібы ізноў змабілізаваны на ўкраінскі фронт. У Другую ўсясьветную ў ягоным распараджэньні быў узвод. На гэтай вайне ягоныя салдаты, ягоная нацыянальная гвардыя — 60 кніжак. Дзе яны служаць сёньня? У бібліяфільскіх калекцыях, на якія праз патрушчанае шкло стэляжоў вогненна дыхнула вайна? Ці ў вайсковых заплечніках тых луганцаў, якія змагаюцца за адзіную і непадзельную Ўкраіну? А можа, «Байкм світові» гартае цяпер, прысеўшы ў акопе, які-небудзь маладзён, які ўпершыню знаёміцца з творчасьцю Васіля Быкава. На вайне чытачы таксама трапляюцца. Памятаеце радавога Фішара з «Жураўлінага крыку»?
Юры Мушкетык шматкроць сустракаўся з Быкавым, калі быў старшынём украінскага Саюзу пісьменьнікаў. Добра ведае ранейшую творчасьць свайго амаль раўналетка, лічыць яе актуальнай да сканчэньня веку («Сотнікаў» — твор на вечную тэму»). А ці актуальныя быкаўскія прыпавесьці? Я раю прачытаць «Насарогі ідуць» — пра тое, як адно племя трапіла пад прыгнёт другога, болын магутнага, якое адбірала ў сваіх суседзяў зямлю, брала ў палон людзей. Прычым зямлю захоплівала паступова, па частках. I паланіла таксама ня ўсіх адразу — спачатку забірала, як выкуп, самых прыгожых дзяўчат. Племя насарогаў дзейнічала нахабна, парушаючы ўсе дамовы, аж пакуль не наткнулася на адчайны, самаахвярны адпор...
Юры Міхайлавіч чытае «Насарогаў» уголас, хваліць майстэрства перакладніка. А я пра яго што магу сказаць? Ведаю, што Дзьмітро Шчарбіна — карэнны крыварожац, які ніколі ня быў
у Беларусі. Мову беларускую вывучыў, чытаючы «Слова пра паход Ігаравы» і «Вожык» ды слухаючы Радыё Свабода. Перакладаць зь беларускай мовы на ўкраінскую і наадварот пачаў гадоў сем таму — пунктам адліку тут прыпавесьць Быкава «Тры словы нямых», надрукаваная ў кіеўскім часопісе «Всесвіт».
Свае пераклады з Рыгора Барадуліна, Ліны Кастэнкі, Анатоля Вярцінскага, Рыгора Крушыны, Уладзімера Някляева Дзьмітро публікуе на сваёй старонцы ў сеціве: http://dmytrosherbyna.blogspot. com. Пазнаёміліся мы зь ім завочна, праз «Фэйсбук», год таму. I з тае пары я не перастаю захапляцца яго перакладніцкім талентам, яго літаратурным густам, яго адчуваньнем нашай мовы (калі браць пад увагу адсутнасьць спэцыяльнай адукацыі).