Высьпятак ад Скарыны
Міхась Скобла
Выдавец: Радыё Свабода
Памер: 500с.
2017
— Гэта залежыць ад волі народу. Больш за сотню гадоў расейцы забаранялі польскую мову. Нельга было нават у школе гаварыць па-польску, але польская мова аніяк ад гэтага не пацярпела. Наадварот, мы моцна трымаемся нашай мовы. Калі народ мае жаданьне абараніць мову, ён яе абароніць. Але часам чалавеку ня хочацца жыць. I ў нацыі, як і ў чалавека, бываюць такія часы, калі ёй ня хочацца жыць, і тады нацыя памірае. А ёсьць у людзей такі ўнутраны рух, калі яны хочуць быць нацыяй. I я бачу, як гэта адбываецца, напрыклад, у Казахстане, дзе казахі — меншасьць. Але як магутна там адраджаецца нацыянальная самасьвядомасьць казахаў, якія былі заўсёды прыніжаныя і цярпелі ад русіфікацыі, як і беларусы. А вазьміце Канаду, дзе быўвелізарны ціск на францускую мову, а як яна квітнее цяпер! Яе не ўдалося зьнішчыць, хоць уплыў ангельскай мовы там велізарны. Усё залежыць ад таго, ці мае нацыя жаданьне жыць. Гэтак і сярод людзей: хто
стаміўся і лічыць, што яму ня варта жыць, той памрэ, а хто хоча жыць, той выжыве.
— Вы часта бываецеў Беларусі. 3 вашых назіраньняў і адчуваньняў — беларусы стаміліся жыць?
— На першы погляд, так. Але ў глыбіні вашага народу, калі пакапацца, даўжэй пагаварыць зь людзьмі, я бачу велізарнае жаданьне выжыць, здольнасьць вытрымаць усе ўціскі. Вы, беларусы, вядомыя тым, што ўмееце вытрымаць велізарны ўціск. Сіла беларусаў праяўляецца ў супраціве вонкавым уціскам.
— Беларусь знаходзіцца на памежжы заходняй і ўсходняй цывілізацый. У сувязі з гэтым Беларусь бачыцца вам якой? Бачыцца вам дзе? I ці бачыцца ўвогуле?
— Бачыцца, безумоўна. I я вельмі хачу, каб мой усходні сусед быў самастойным у мысьленьні, у сваім палітычным выбары, у мове. Гэта ня толькі мой асабісты інтарэс. Гэта інтарэс Эўропы, каб Беларусь існавала і адрозьнівалася і ад палякаў, і ад расейцаў, і ад літоўцаў, і ад украінцаў. Незалежная Беларусь — агульнаэўрапейскі інтарэс. Калі б Беларусь зьнікла і ператварылася проста ў банальную расейскую правінцыю, гэта было б вялікай стратай для нас усіх. Але я перакананы — гэтага не адбудзецца.
10 студзеня 2013 г.
Відма выявілася пры цары Балтазары, калі ён спраўляў гасьціну вялікую: на сьцяне рукою вогненнай словы накрэсьліліся — знакавалі яны, што меў страціць царства сваё Балтазар.
Францішак Скарына
МАСТАК, НАТХНЁНЫ ДЫКТАТУРАЙ
Vis-a-viS: Аляксей Марачкін
«Любіце жывапіс, паэты!» — заклікаў Мікалай Забалоцкі, аддаючы першынство пэндзьлю перад пяром у спасьціжэньні чалавечай душы. Але бывае, што і жывапісцы любяць паэзію і, адклаўшы ўбок пэндзаль, бяруцца за пяро. Усе ведаюць росьпісы Мікелянджэлё ў Сыкстынскай капэле, але і вершы ягоныя вартыя ўвагі. Мастак Аляксей Марачкін спачатку падпісваў вершамі свае некаторыя карціны («Звычайны натурморпі», «Мірон» ды інш.), пазьней чаргаваў вершаваныя творы з творамі жывапіснымі ў сваіх мастацкіх каталёгах, а ўрэшце выдаў і свой першы паэтычны зборнік «Калодзеж у жыце» (сям-там «разбаўлены» ўласнай графікай).
— Спадар Аляксеіі, у прадмове да вашай кнігі Анатоль Вярцінскі даволірызыкоўна тлумачыць, чаму мастак Марачкін падаўсяў паэты. На ягоную думку, пэндзаль просіць падмогі ў пяра. Але, якмне бачыцца, пэндзаль ваш ці ня ўсёмагутны, прычым ва ўсіх жанрах — ад пэйзажаў і партрэтаў да палітычнай карыкатуры. Дык хтоў каго тут просіць падмогі?
— Цяжка сказаць. Я сын вясковага інтэлігента — бацька быў вясковым бібліятэкарам і прыносіў дадому багата кніг. А мяне ў маленстве цікавілі толькі кнігі з малюнкамі. Без малюнкаў мне ўсе кніжкі былі нецікавымі. А кіно — бяз стрэлаў. Хлопцы перамаўляліся: «Як кіно?» — «Ай, нецікавае, толькі двух немцаў застрэлілі». Страляніны мусіла быць многа. А ілюстраваная кніга заўсёды была ў асалоду. Так што слова і малюнак з маленства жылі побач. Слова кніжнае і слова гутарковае, нават песеннае. Памятаю, халодная восень, я сяджу на печы, а па хатах ходзіць стары Захар. У яго была лера, ён круціў яе і сьпяваў: «Хрыстос выйшаў з храму і казані кажа пра Ўскрэшаньне зь сьмерці Свае». Сьпевы тыя вельмі ўражвалі. А яшчэ мяне заўсёды цікавілі замёрзлыя вокны з узорамі, і я алоўкам ці чымсьці вострым, скажам, голкай, паўтараў тыя ўзоры.
— Дык суаўтарам вашых першых малюнкаў быў Дзед Мароз?
— Фактычна так, ты гэта трапна заўважыў. А пасьля вокны адтайвалі і ўсё зьнікала. I я пачынаў крэмзаць на газэтах і кнігах, за што бацька на мяне дужа сварыўся.
— У ваш зборнік увайшла і паэма «Акрэсьціна», напісанаяў турмеў сакавіку 2008 году. Вы, паводле ўласнага прызнаньня, «ахрышчаны Акрэсьціна». Хрост турмой з псыхалягічнага гледзішча — гэта што?
— Для мастака гэта неабходна. Увогуле, для творцы, для чалавека, які мусіць спазнаць жыцьцё ва ўсіх фарбах. Нездарма я іранічна напісаў: «Жыцьцё ня дужа мяне песьціла. / Ах, гэта мілае Акрэсьціна». Хоць гэта і дзіка гучыць, але я ўдзячны тым, хто мяне пасадзіў на тыя суткі. Я паглядзеў на турму зь сярэдзіны. Да сваіх сутак я неба ў клетачку ня бачыў. Гэта па-першае. Па-другое, сярод таварышаў па няшчасьці можна сустрэць цікавых людзей. Прыкладам, са мной сядзеў алькаголік, хворы чалавек. Сутак троеўсё было нармальна, а на чацьвёртыя ён раптам пачаў хадзіць па камэры і размаўляць сам з сабою. А другі, болын дасьведчаны, кажа: «Пачаліся белыя коні». Ніколі раней я тых коней ня бачыў! A неяк мяне запрасіў да сябе ў кабінэт начальнік турмы: «Аляксей Антонавіч, вы ж ведаеце, вас не за расейскі мат пасадзілі». I мне раптам здалося, што ён мне амаль сябра, я ажно прыўстаў. А начальнік як крыкне: «Сндеть!». Я хацеў павярнуць табурэтку, а яна прыкручаная да падлогі. I тут я адразу схамянуўся і ўспомніў, дзе я...
— Праз два гады пасьля «Акрэсьціна» зьявілася яшчэ адна натсанаяў вязьніцы паэма — «Турма» Ўладзімера Някляева. Яны ў нечым блізкія, у абедзьвюх апісваецца турма знутры.
— У Някляева — турма-жанчына. Я вельмі высока ацэньваю ягоную паэму. Гэта паэзія высо-
кага кшталту. У мяне — як бы замалёўкі з натуры, нейкія свае рэфлексіі. Турма ў жыцьці чалавека як злая мачыха. Але вось што дзіўна. Я ведаў некаторых былых вязьняў ГУЛ АГу. Скажам, Станіслава Пятровіча Шушкевіча ці Сяргея Новіка-Пеюна. Яны мяне заўсёды ўражвалі сваім аптымізмам. Так іх навучыла няволя — любіць вольнае жыцьцё. Але ня будзем ідэалізаваць турму, яна нясе з сабой няшчасьце.
— Пра гэта я пытаўся ў Някляева, спытаюся і ў вас. У Вільні турма НКВД стала Музэем генацыду. А якая беларуская турма надаецца для такой ролі — быць музэем?
— Гэткі музэй у Беларусі абсалютна неабходны. Каб там можна было паказаць катаваньні, каб нашы наступнікі ведалі, пры якой сыстэме мы жылі. Музэй варта было б зрабіць у так званай Валадарцы. Там Якуб Колас пісаў «Новую зямлю», там шмат выдатных людзей сядзела! Але трэба спалучыць турэмны музэй і карцінную галерэю, дзе паказаць, як мастакі ўслаўлялі рэжым. Я на свае вочы бачыў у Нацыянальным мастацкім музэі падвалы, заваленыя такімі творамі. Там сацрэалізм аж пішчыць!
— Працытуюрадкі з «Акрэсьціна»: «Зачыстка, арышты, разгон... /Маё тут топчуць далакопы. / Замоўк, зьнямеў Свабоды звон. /Мы залягліў свае акопы. / Такое нам не навіна. / Я ў эпіцэнтры калатнечы. / Ідзе сапраўдная вайна. / He адсядзісься, дзед, на печы». Акопы і вайна мастака і паэта Марачкіна — што стаіць за гэтым вобразам?
— У мяне і сёньня такое адчуваньне, быццам я знаходжуся ў акопе. Тут ніякага гераізму няма,
але ў нас калі чалавек хоць крышачку мысьліць іначай, чым яму дыктуюць зьверху, ён заўсёды пад прыцэлам. Каб я ня быў пад прыцэлам, то сёньня глядач убачыў бы мае творы ў сталай экспазыцыі ў Нацыянальным музэі. Мая карціна «Вераніка і Максім» была ў экспазыцыі, але, калі музэй наведваў начальнік краіны, яе тут жа зьнялі. I назад не вярнулі. Вось такія парадкі ў нашых музэях. Нездарма ў мяне нарадзіліся радкі: «Ідзем няведама куды. / Вусаты цмок наш паганяты. / Туды-сюды, сюды-туды — / пакорлівыя, як ягняты». Калі глядзіш расейскае тэлебачаньне, то там шмат перадачаў пра іхных артыстаў, мастакоў, паказваюцца фільмы пра іх трагічны лёс. У нас жа на БТ — пустата.
— А ці мае права мастак быць абсалютна апалітычным?
— Мастакоў і наогул творцаў ня трэба дзяліць на тых, хто адгукаецца на сацыяльныя ці палітычныя праблемы, і на тых, хто не адгукаецца. Творца — свабодны чалавек. Ён мае права нават у часе катаклізмаў ці вайны пісаць прыгажосьць, даваць асалоду душы чалавека. Але мастак мае права адгукацца і на праявы зла і паказваць яго. Як гэта рабіў, прыкладам, Франсіска Гоя ў сваім цыкле «Сон розуму спараджае пачвараў». У яго ёсьць таксама цэлая сэрыя — «Інквізыцыя». I ў нас ёсьць такія мастакі, якія ня ў лоб, а мэтафарычна выказваюць сваё стаўленьне да зла. Я мог бы назваць іхныя прозьвішчы, але тады і яны апынуцца пад прыцэлам. А хтосьці зь іх хоча атрымаць мэдаль ці прэмію... Я назіраю людзей, мастакоў, якія героі вайны, вэтэ-
раны. I падазраю, што там для іх было прасьцей, бо яны бачылі ворага, а тут, аказваецца, зрабіць выбар болын складана. Гэта страшней за вайну. Там было проста — сказалі ісьці наперад і страляць... А тут столькі апраўданьняў знойдзецца, каб не пайсьці на ўчынак!
— Знакамітаму Мірону, які вывешвае белачырвона-белыя сьцягі ў маладаступных месцах, вы прысьвяцілі і верш, і карціну. Як вы лічыце, міронаў у нас большае?
— Большае. Тут я ўспамінаю нашага слыннага сьпевака Віктара Скорабагатава, зь якім мы аднойчы на тую ж тэму гаварылі — больш ці менш нас робіцца. Дык ён: «Вядома ж, больш! Вазьмі 1910-1914 гады. Што ў Менску было і чым Менск быў? Правінцыйным горадам імпэрыі. Хібаўнас тады была Акадэмія мастацтваў, унівэрсытэт, філярмонія?». I я зь ім пагадзіўся. Мяне нядаўна парадавала дзяржаўнае сацыялягічнае дасьледаваньне, якое праводзілася сярод моладзі і чыноўнікаў. Пытаньне гучала прыблізна так: «Ці адчуваеце вы сябе беларусам, грамадзянінам Беларусі?». Дык больш за 90% маладых адказалі, што адчуваюць. А сярод чынавенства — усяго каля 10%. Так што супраціву ёсьць на каго абаперціся. На маю думку, апазыцыя — гэта шматварыянтнае існаваньне дзяржавы. Калі нейкая галіна адсохла і яе адрэзалі, то ёсьць у запасе другая. А калі ты думаеш, што толькі ты правільна гаворыш, ты адзіны мудры і непагрэшны — гэта шлях у нікуды.