• Газеты, часопісы і г.д.
  • Высьпятак ад Скарыны  Міхась Скобла

    Высьпятак ад Скарыны

    Міхась Скобла

    Выдавец: Радыё Свабода
    Памер: 500с.
    2017
    83.3 МБ
    — Днямі мы з вамі былі на выставе вашага сябра Алеся Шатэрніка, дзе гаварылася пра
    творы, якія арыштоўваліся. Сярод іншыхзгадвалася Шатэрнікава мэмарыяльная дошка Ларысе Геніюш, якая знаходзілася ў зэльвенскім пастарунку цэлы год. А якія вашы творы зазналі падобны лёс?
    — Мне да гэтага часу не вярнулі карціну «Беларускія лялькі». Я спрабаваў вярнуць, пісаў у розныя інстанцыі — цішыня. Праўда, адзін з тых, хто яе ў мяне забіраў, паляпаў мяне па-сяброўску па плячы і сказаў: «Не хвалюйцеся, гэты твор будзе захоўвацца ў мяне на лецішчы». Я кажу: «Толькі ж не зьнішчайце». Да гэтай пары арыштаваныя мае малюнкі, прысьвечаныя Алесю Пушкіну, там, дзе ён з тачкай гною ля рэзыдэнцыі.
    У мяне ўжо няма сілаў з гэтымі арыштамі змагацца. Лепш я нешта новае напішу, чым буду абіваць парогі пастарункаў. Калі я сустракаўся з мастакамі ў Нямеччыне і Польшчы і расказваў ім пра тое, як у Беларусі здымаюцца з экспазыцыяў і арыштоўваюцца карціны, у іх вочы гарэлі: «Ух ты! Каб жа ў нас такое было! Гэта ж такая рэкляма!». Так што забароненыя творы праходзяць з плюсам на мастацкім рынку, але колькі нам гэта каштуе нэрваў... Мне падабаецца выказваньне аднаго мастака: «Я размнажаюся ў адзіноце». Такі стан мне цяпер больш блізкі, бо мастацтва ж ня цырк.
    — Вы шчасьлівы чалавек, у вас два дні народзінаў — 10 і 30 сакавіка. Прынамсі, у розных энцыкляпэдыях і даведніках называюцца дзьве розныя даты. Адкуль узьнікла гэтая блытаніна?
    — Так ужо атрымалася, што мэтрыка мая не захавалася. Калі я пайшоў у школу, то мяне папрасілі запоўніць анкету. Я ведаў, зь якога я году,
    і месяц сакавік памятаў, ён для мяне быў заўсёды зьвязаны з гуканьнем вясны, а дату я назваў прыблізную. Потым ужо маці сказала, што я нарадзіўся ў дзень сьвятога Аляксея, Божага чалавека. I тады я вылічыў, што дзень гэты прыпадае на 30 сакавіка. Так што я сьвяткую цэлых дваццаць дзён — ад 10 да 30 сакавіка!
    — А ў якім узросьце вы канчаткова зразумелі сваё прызваньне? Скажам, капі вы выкладалі маляваньнеў сярэдняй школе вёскі Рубель на Століншчыне, вы ўсьведамлялі, што вам трэба ехаць і заваёўваць сталіцу?
    — Я гэта абсалютна дакладна ўсьведамляў і ведаў, што сталіца ад мяне нікуды не ўцячэ. I мне было абыякава, куды мяне разьмяркуюць пасьля Віцебскага пэдагагічнага інстытуту. Калі я прыйшоў у дэканат і мне там сказалі, што мяне накіроўваюць на Палесьсе, у Рубель, я з радасьцю пагадзіўся. Там такая калярытная мова! I калі я прыехаў у той Рубель (а гэта адна з самых вялікіх вёсак у Беларусі), то нават ня ўсё разумеў. Скажам, паказваю дзецям свае малюнкі, а яны кажуць: «Як хвайно!». Едучы ў Рубель, я ўжо ведаў, што пайду ў войска. Служыў я ў знакамітых Пячах, дзе спаліў танк, — ненаўмысна, вядома. I той танк яшчэ доўга стаяў, абгарэлы. А афіцэры ўвесь час паказвалі: «Вось глядзіце, што натварыў курсант Марачкін!».
    — Дык вы яшчэ тады паставілі пад пагрозу абароназдольнасьць Савецкага Саюзу?
    — Яшчэ тады, у 1963 годзе. Я часта выдурняўся ў войску, паколькі быў ня толькі танкістам, але і мастаком. Я павінен быў афармляць усякія
    «ленінскія пакоі», пісаць на плякатах маральны кодэкс будаўніка камунізму. А гэта была такая нудота! Каб павесяліцца, я часам спэцыяльна рабіў памылкі. Напрыклад, на адным плякаце замест «Волн, будь бдлтелен» я напісаў «Волн, будь спокоен». I ніхто гэтага не заўважыў, бо ніхто тых плякатаў не чытаў. Пакуль я сам не паказаў нампаліту. За «дывэрсію» мяне адправілі на сьвінафэрму, дзе я дзяжурыў, узброены штыком. Пасьля таго мне аўтамат не давяралі, толькі штык-нож.
    — Кажуць, што першую частку жыцьця мастак працуе на сваё імя, а другую частку — імя на мастака. Ці дасягнулі вы таго парогу, за якім можна і расслабіцца, бо на вас і за вас працуе вашае імя?
    — Пра імя — гэта занадта гучна сказана. У сёньняшняй Беларусі мастак калі і вядомы, то пераважна сярод сяброў і аднадумцаў. Ня буду ўтойваць, у мастакоўскім асяродзьдзі ёсьць і такія, якія люта мяне ненавідзяць, стараюцца са мной не вітацца, абыходзяць. Зразумела, што прыўладныя арганізацыі мяне таксама стараюцца не заўважаць. Гэта сьмешна, але бываюць проста недарэчныя выпадкі. Напрыклад, колькі гадоў таму выйшла кніга памяці Міколы Селешчука, і там зьмешчаны групавы фотаздымак, на якім Селяшчук, Гаўрыла Вашчанка, Леанід Шчамялёў. А мяне з таго здымку... выцерлі! I нікога гэта не абурыла, было спакойна ўспрынята ў нашым Саюзе мастакоў. Што ж, час ва ўсім разьбярэцца. Бо, акрамя дыктатуры палітычнай, ёсьць яшчэ і дыктатура часу, яна ўрэшце будзе расстаўляць усё па сваіх месцах.
    Мікалай Халезін, кіраўнік Свабоднага тэатру, вельмі хораша сказаў, што «сёньняшняя ўлада не нараджае геніяў». I гэта сапраўды так. Мне часам закідваюць: «Аляксей, ты нармальны мастак, маляваў бы кветачкі, краявіды, ня лез бы ў палітыку». Я гэтага не прымаю. Відаць, некаму вельмі хочацца, каб нашыя людзі думалі пра што заўгодна, толькі не пра палітыку. Думалі-гадалі, напрыклад, адкуль узяўся хлопчык Міколка ў нашага правадыра? А дзе яго маці? Вось пра што думайце, а пра лёс Бацькаўшчыны — нельга, бо гэта палітыка.
    Мне ўспамінаюцца словы Казімера Малевіча: «Форма — гэта і ёсьць зьмест». Калі я бачу ў «Нашай ніве» здымак амапаўца ў чорнай масцы, то адчуваю, што чорная форма дыктуе яму і ягоны «зьмест». Апраніце ў такую форму вас, мяне, надзеньце маску, прыдушыце нашую вольнасьць, і, хочаш ня хочаш, нешта нялюдзкае ўчыніць захочацца. Прыйшоў амапавец у масцы ў маю майстэрню і глуміўся з маіх твораў. Адкрывайце свой твар, гаварыце. Лепш весьці дыялёг, чым спадзявацца на свае біцэпсы і кулакі.
    — Свой славуты верш «Начная песьня вандроўніка» Гётэ напісаў на дзьвярах паляўнічай хаткі. Вы таксама часам малюеце на дзьвярах, на прасьніцах...
    — На гэта мяне натхніў Язэп Драздовіч. Я доўгія гады зьбіраў ягоную спадчыну, і калі знаходзіў новы твор, то глядзеў на другі бок палатна — што там напісана? А ён запісваў безьліч усякай інфармацыі: чый партрэт, пры якіх абставінах маляваў і г. д. I вось я таксама спа-
    кусіўся і на некаторыхтворах нібы дзёньнік пісаў, часам нават вершаваныя радкі. Неяк мой сябра і вучань Мікола Ісаёнак папракнуў: «Ты малюеш нонканфармісцскія творы, а ўлада ж гэтага ня любіць. А я вось пішу краявіды, балотцы, бярозкі». Я пра Міколу склаў такія радкі: «Штодня малюю хмызьнякі / і застаюся на вякі». А калі я сядзеў на Акрэсьціна, то хадзіў туды-сюды па камэры і раптам бачу — дзьверы як твор мастацтва! На іх былі выдрапаныя імёны, нейкія словы. Дзьверы тыя, вядома, фарбаваліся, але рэльефы заставаліся. I мне было цікава іх расчытваць. Так што, паўтаруся, для творцы нават карысна пабыць у турэмных сьценах. Мастацтва — гэта мая споведзь, бо ня кожны дзень будзеш хадзіць да сьвятара спавядацца. Мы з вамі, Міхась, шчасьлівыя людзі — спавядаемся на паперы, на палатне.
    — Як ні дзіўна, але ў гісторыі застаюцца і тыя, хто чыніў і памнажаў зло. Той жа Сталін. Як вы лічыце, чаму гісторыя паблажлівая да зла?
    — Я думаю, гісторыя да зла не паблажлівая. Яна проста высьвятляе мінулыя зацемненыя старонкі. I высьвятляе праўдзіва, хоць часам і тэндэнцыйна. У кожнай краіны свая гісторыя: у Беларусі свая, у Расеі свая. Што да Сталіна, то тут я падтрымліваю Расейскую праваслаўную царкву, якая закляйміла сталінізм як страшэннае зло. Сталін — гэта людаед, ён столькі бязьвінных людзей загубіў! Самае гнюснае, праз што мы прыйшлі, — гэта пабудова камунізму. «Пралетарыі ўсіх краін, яднайцеся!» Каб гэтыя пралетарыі займелі ўсясьветную ўладу, гэта быў бы хаос,
    страшнейшы за атамную вайну. Дзякуй Богу, што ўсё гэта ляснулася.
    — Ваш сябар Аляксандар Родзін жыве ў Нямеччыне, той жа Алесь Шатэрнік усё даўжэй затрымліваецца ў ЗША. Пры якіх умовах вы таксама змаглі б пакінуць Беларусь?
    — Толькі тады, калі мяне выціснуць сілком. Але пакуль я трымаюся, мне тут камфортна, тут мае сябры. Я нават жартую: «Ну, калі нас усіх пасадзяць — добрая кампанія будзе!» Што з таго, што я буду пісаць у Амэрыцы ці ў Нямеччыне свае нонканфармісцскія творы? Каму яны там патрэбныя? Там гэта можна рабіць. А вось у Беларусі гэта вымагае і мужнасьці, і адказнасьці за тое, што ты робіш. Я не мазахіст, але дыктатура мяне натхняе.
    — Вы згадалі «Свабодны тэатар», які вымушаны быў зьехаць зь Беларусі. Так, ён ставіў сьмелыя спэктаклі, але ж ад аплядысмэнтаў сотні-другой гледачоў трон не пахісьнецца. Гэта я да таго, што ўладу, за якую аберуч трымаецца кожны дыктатар, мастацтва ў яго не адбярэ.
    — Гэта так здаецца, а насамрэч — трон пахісьнецца. Возьмем, напрыклад, гісторыю эўрапейскіх каралёў ці цара расейскага. Заўсёды побач быў блазан, які мог гаварыць праўду. А ў нас у Беларусі дыктатар нават блазну не дазваляе гаварыць праўду, спрабуе не дазволіць і мастаку, таму што ён адчувае: трон пахісьнецца, бо сьмех, іронія — гэта магутная зброя. Калі я напісаў карціну «Расейская частушка», то яе не прымалі на выставы, я меў непрыемнасьці з боку чыноўнікаў. Я скажу так: калі чалавек баіцца іроніі, баіцца
    сьмеху, то відавочна, што ён хоча пры жыцьці быць кананізаваным. Вось калі ідзе абрад кананізацыі, а нехта сьмяецца, то гэта вельмі небясьпечна — трон тады якраз і хістаецца.
    24 траўня 2013 г.
    I зразумееш яшчэ, што Бог, калі не дарэшты гневаецца на чалавека, каго паніжае — узносіць, і цешыць, каго карае.
    Францішак Скарына
    АДЫСЬЦІСЯ АД БЕЗДАНІ
    Vis-a-viS: Раіса Баравікова
    3 2005 году ў Беларусі існуюць два саюзы пісьменьнікаў — прыўладны (кіраўнік Мікалай Чаргінец) і незалежны (старшыня Барыс Пятровіч). Начальнік новастворанага ў інтэрвію любіць пахваліцца, што ў ягонай арганізацыі чальцоў больш, чым у канкурэнтаў. Але ў літаратуры колькасьць ніколі не пераходзіць у якасьць. А зь якасьцю ў суполцы былога міліцэйскага генэрала праблема. Янаяшчэ больш увідавочнілася, калі нядаўназ СПБ выйшла паэтка, ляўрэатка Дзяржаўнай прэміі Янкі Купалы Раіса Баравікова.
    — Спадарыня Раіса, вы ў прыўладным саюзе былі з дня яго заснаваньня, з 2005 году. Што здарылася, чаму вы вырашылі пакінуць гэтую арганізацыю?
    — У заяве аб выхадзе я напісала вельмі коратка: я беларуска, я ўсё жыцьцё змагалася за беларускую літаратуру, усімі магчымымі сродкамі яе рэклямавала. I таму з прычыны непаважлівага стаўленьня да беларускай мовы і літаратуры пэўных асобаў з СПБ я проста не магу заставацца ў такой арганізацыі. Нават Пушкіна працытавала: «На вялікі жаль, я не магу сказаць: «Друзья, прекрасен наш союз». Усё ж калі людзі зьбіраюцца ў адной арганізацыі, гэта, як правіла, аднадумцы, аб яднаныя адной ідэяй. У адным саюзе ня можа быць, як у крылоўскай байцы: рак цягне назад, лебедзь — у неба, а нехта — яшчэ некуды. А тут...