• Часопісы
  • Высьпятак ад Скарыны  Міхась Скобла

    Высьпятак ад Скарыны

    Міхась Скобла

    Выдавец: Радыё Свабода
    Памер: 500с.
    2017
    83.3 МБ
    У фашыстоўскай Нямеччыне таксама змагаліся зь літаратурай і нават палілі кнігі на плошчах. Прыкладна ў той самы час у двары менскай турмы-амэрыканкі таксама гарэлі вогнішчы з кніг. Паўтары тысячы назваў — сьпіс гэты апублікаваны ў кнізе Аляксандра Лукашука «За кіпучай чэкісцкай работай». Былі там творы Максіма Багдановіча, Язэпа Пушчы, Уладзімера Дубоўкі,
    Вацлава Ластоўскага, Уладзімера Жылкі... Жудаснае відовішча — агонь гартае і ператварае ў попел белыя старонкі. Пра гэта напісаў адзін паэт, якога ўлады таксама выкідалі са школьных падручнікаў. Звалі яго Бэртольд Брэхт.
    «Калі загадалі нацысты публічна спаліць / кнігі са шкодным зьместам, / калі адусюль цягнулі валы да кастроў / павозкі з кнігамі, / адзін ганімы паэт, адзін з самых лепшых, / прачытаўшы сьпіс спаленых, жахнуўся, / чаму яго кнігі забыты. / Акрылены гневам, / ён падбег да пісьмовага стала / і напісаў ліст да тых, у каго ўлада. / «Спаліце мяне! He зьневажайце мяне! / У сьпіс уключыце мяне! / Хіба я ў сваіх кнігах не пісаў шчырую праўду? / Чаму ж вы ставіцеся да мяне, як да лгуна*?»
    Хто з прыўладнага пісьменьніцкага саюзу змог бы сёньня паступіць, як брэхтаўскі Паэт? Вось, скажам, прыехаў антыфашыст Брэхт у лукашэнкаўскую Беларусь і пытаецца — хто? А ў адказ яму чуецца: «Не всё плохое в нсторнм Германнн было связано с Гнтлером»...
    Дык дзе ж яны, беларускія пісьменьнікі? Пытаньне пад шклянымі скляпеньнямі Нацыянальнай бібліятэкі так і засталося без адказу. На вайне, адкажу я. На грамадзянскай вайне, дзе ідзе змаганьне за сучаснасьць і будучыню Беларусі і за тое, каб ва ўласнай краіне ня дыхаць крадзеным паветрам.
    2011
    * Пераклад зь нямецкай мовы Аляксея Зарыцкага.
    I няма нам, хрысьціянам, вялікай патрэбы тыя іхныя пісьмы чытаць, бо мы маем найбольшае самі.
    Францішак Скарына
    РАСПУСКАНЬНЕ ТКАНІНЫ
    Кросны для мяне — не экспанат у музэі. У мае школьныя гады ў вёсках на Гарадзеншчыне яшчэ ткалі. Адзін з дарагіх успамінаў — зімовым вечарам вучу ўрокі, а за перагародкай мякка пастукваюць кросны. Маці ткала посьцілкі на ложкі — у нас іх называлі радзюжкамі. Ромбікі, палоскі, дробныя квадрацікі, нейкія мудрагелістыя карункі сьняжынкападобнай формы — невядома адкуль тыя арнамэнты браліся. Спалучэньне колераў і па сёньня выклікае зьдзіўленьне — то чорным па жоўтым, то зялёным па чорным, то рознакаляровыя квадраты і ромбікі — па такой жа стракатай тканіне.
    Маці ткала доўга, почасту далёка за поўнач, але вельмі марудна. Так мне, прынамсі, здавалася. Імкліва лётаў чаўнок, хутка, як пэдалі ровара, апускаліся-падымаліся панажы, але гатовая ўзорыстая тканіна накручвалася на навоі надзвычай павольна. Амаль незаўважна — па некалькі сан-
    тымэтраў за гадзіну. На тканьне адной посьцілкі ішоў мінімум месяц. Што і казаць, нудная была праца ткальляў, мусілі яны, апрачаўсяго іншага, мець вялікае цярпеньне.
    Каб разьвеяць нуду, да нас у хату штовечар прыходзілі суседкі. Успаміналі маладосьць, часам ціха сьпявалі, часам прыладжвалі ў куце калаўротак. О, гэта было за шчасьце — пакруціць яго з паўгадзіны! Уяўлялася, што некуды едзеш і едзеш на вялікім драўляным коле. Кола шпарка круцілася, бёрды ў кроснах мякка пастуквалі, нясьпешна цякла размова, і раптам...
    — Лёдзя, ты ж няправільна тчэіп, тут у строгі раёк трэба, а ты закасіла. Распускаць трэба! — гэта маладзейшая і нібыта больш відушчая суседка, якая незадоўга перад тым зайшла ў хату.
    Жаночы кансыліюм схіляецца над сьвежавытканай посьцілкай. Прыглядаюся да яе і я, хоць, прызнацца, ніякіх «райкоў» і «перакосаў» ня бачу. Узор ляжыць роўна, сымэтрычна, і мне не зразумелыя прэтэнзіі патрабавальнай суседкі. Тым ня менш прымаецца калегіяльнае рашэньне распусьціць немалы адрэзак посьцілкі.
    Гэта была самая недарэчная, самая антыпрадукцыйная праца, якую мне даводзілася назірацьу маленстве. На патрабаваньне суседкі, якая, падазраю, разьбіралася ў народных ткацкіх арнамэнтах, як у канфігурацыі зорак на небе, колькідзённая работа ішла кату пад хвост. Маці як не сваімі рукамі выцягвала назад «няправільна» ўтканыя ніткі, каб па-новаму выткаць той строгі раёк.
    Яшчэ раз паўтару, расплятаньне тканіны выглядала нават у дзіцячых вачах відавочнай непа-
    трэбшчынай. Ды і маці шкадаваў, яе вачэй і рук, што «цягам доўгія часіны» (ужо тады я ведаў на памяць «Слуцкіх ткачых» Багдановіча), сантымэтар за сантымэтрам выштукоўвалі тыя неабходныя ў хатнім побыце посьцілкі.
    Той даўні выпадак прыгадваецца мне кожнага разу, калі сёньня ў СМІ ці на інтэрнэт-форумах чытаю пра неабходнасьць адмовіцца ад назвы Беларусь. Маўляў, накінула яе нам расейская імпэратрыца, каб прывязаць Белую Русь да Русі Маскоўскай. А вось калі мы адмовімся ад гэтай імпэрскай «белай рашкі» на карысьць гістарычнай Літвы, то ўсё ў нас адразу пойдзе на лад: і нацыянальная сьвядомасьць адновіцца, і мова адродзіцца, і самы зацяты імпэрац з намі ва ўсім палахліва згодзіцца. I тады ўжо, маўляў, мы падкуём сваіх коней залатымі цьвікамі — як нібыта казалі некалі ў Вялікім Княстве Літоўскім.
    He падкуём, на жаль. Па-першае, коней амаль усіх зьвялі; па-другое, золата ў Нацбанку — кот наплакаў, каб хоць на падтрымку штаноў хапіла, ня тое што на цьвікі.
    А калі сур’ёзна, то хочацца спытацца ў ахвотнікаў пераназвацца — вы сапраўды думаеце, што калі трухлявы плыт назваць ледаколам, то ён лёд пачне крышыць? Сёньня вам «прывязка» да Расеі жыць замінае, а заўтра «прывязка» да Летувы — ня будзе?
    На маю думку, дыскусіі пра зьмену назвы краіны — гэта тое самае расплятаньне тканіны. Цягам стагодзьдзяў, хай сабе з вымушанымі перапынкамі, працавалі кросны і ткаўся, напаўняўся сэнсамі назоў Беларусь. Са сваімі пазнавальнымі,
    хоць і някідкімі, узорамі. А тут прыходзіць «суседка» (ці свой, ёю падвучаны) і кажа: саткана няправільна, трэба распусьціць. I калі пагадзіцца, то пачнецца доўгае і пакутлівае распусканьне-расплятаньне тканіны. Камусьці, відаць, патрэбнае, але з нашага нацыянальнага гледзішча — самае звычайнае марнатраўства.
    Пакаленьні і пакаленьні працавалі за тымі кроснамі. Працавалі стваральна, пакідаючы сваю залатую нітку ў агульным узоры. Марудна, празь неймаверныя высілкі палатно ўсё ж ткалася. Прыходзіў вораг, ламаў кросны, драпежыў ільняныя палеткі і гнаў з сабой воўну, якая яшчэ бляяла і мэкала. Але мінаў час, недатканае палатно даставалася са сховані, рабіліся новыя кросны, і праца працягвалася.
    I калі Францішак Багушэвіч у прадмове да сваёй «Дудкі беларускай» накрэсьліваў нашы этнічныя межы — ён ствараў нацыянальнае палатно пад назвай Беларусь.
    I калі касінеры Кастуся Каліноўскага на пытаньне «Каго любіш?» адказвалі «Люблю Беларусь!» — яны імкнуліся даткаць тое самае палатно.
    I калі Янка Купала, які па прыродзе сваёй ня ўмеў пісаць лёзунгі, усё ж апошнім радком выдыхаў «Гэта крык, што жыве Беларусь!» — ён даствараў тое самае палатно, якое ў часы паэта ператварылася ў напоўнены сэнсам габэлен, які можна было і на сьцяну павесіць.
    I Максім Багдановіч («Беларусь, твой народ дачакаецца»), і Ўладзімер Жылка («О як соладка сэрцу маліцца: Беларусь, Беларусь, Беларусь»),
    і Ўладзімер Дубоўка («О Беларусь, мая шыпшына»), і Натальля Арсеньнева («Беларусь, Беларусь залатая»), і Ларыса Геніюш («Як жыць — дык жыць для Беларусі»), і Рыгор Барадулін («Беларусь — ты мой сон велікодны»), і сотні іншых выдатных творцаў жыцьцё паклалі, каб той габэлен Беларусь даткаць, дарабіць, дастварыць. I амаль даткалі, дарабілі, засталося пару ўзораў давяршыць ды кутасікамі аздобіць.
    А тут зьяўляюцца разумнікі і кажуць: усё ня так, трэба габэлен назад расплесьці і з тых самых нітак выткаць новы, пад іншай назвай — Літва ці Вялікалітва. А мы ўсе пад тым габэленам станем, назавёмся ліцьвінамі, і ад той пары ні Кацярына Вялікая, ні Ўладзімер маленькі над намі ніякай улады ня мецьмуць.
    У сацыяльных сетках растуць як грыбы пасьля дажджу кіраваныя спрактыкаванай рукой «ліцьвінскія» суполкі, выдаюцца тэматычныя альманахі; любы гісторык, які разумее ўсю небясьпеку кампаніі перайменаваньня, літаральна задзёўбваецца на інтэрнэт-форумах (прычым хутка і дружна — відаць, што працуе адмысловая каманда). Паступова падобная дзейнасьць дае свой плён. I вось ужо моладзь пляскае ў ладкі, а знаны празаік, аўтар гістарычных раманаў пра Міндоўга, Усяслава Чарадзея і Канстанціна Астроскага пасяляе сваіх герояў-суайчыньнікаў у краіне Ліцьвініі...
    Усё гэта — закрэсьліваньне працы папярэдніх пакаленьняў, падсяканьне сука, на якім мы ўсе сядзім. Расплятаньне тканіны, распусканьне палатна.
    У старажытнай міталёгіі ёсьць адпаведнік апісанаму тут беларускаму выпадку. Памятаеце, Пэнэлёпа, замест таго каб прагнаць з двара нахабных залётнікаў, ткала і расплятала палатно. Праца бессэнсоўная, але яна ведала, што вернецца Адысэй і паразганяе нахабнікаў, якія спустошвалі каморы. Нам на Адысэя-збаўцу спадзявацца не выпадае. Таму не гуляйма з агнём і не падпускайма да беларускіх кроснаў сумнеўных тыпаў, мэта якіх адна — распусканьне палатна.
    2015
    Каін, калі забіў Абэля, свайго брата, вызнаў свой грэх — сказаў: «Завялікі чын беззаконьня майго, каб мог вымольваць міласэрнасьць».
    Францішак Скарына
    КАІНАВА БРАТЭРСТВА
    «I сказаў Каін Абэлю, брату свайму: хадзем у none. I калі яны былі ў полі, паўстаў Каін на Абэля, брата свайго, і забіў яго» (Быцьцё, 4:8). Першае ў гісторыі чалавецтва братазабойства было ўчыненае праз дробязь: ахвяра Абэля прыйшлася больш даспадобы Богу, чым ахвяра Каіна, і апошні зараўнаваў. Факт забойства знайшоў сваё адлюстраваньне ў шматлікіх творах мастацтва, спарадзіў крылатыя выразы: каінава пячатка і г. д. Набыў, адным словам, шырокую вядомасьць.
    Чамусьці падрабязнасьці гэтай біблейскай гісторыі заўсёды выклікалі куды меншую цікавасьць. Ну вось, напрыклад, чым Каін забіў Абэля?
    Славуты ілюстратар Бібліі Гюстаў Дарэ паказвае Каіна зь нейкай невыразнай ламачынай.
    Ды і забойства адбываецца відавочна ня ў полі, a ў нейкім змрочным, зарослым хмызьняком яры.
    На карціне Аляксея Марачкіна «Каін і Абэль» старэйшы брат забівае малодшага штылетам, які, папраўдзе, не зусім спалучаецца з набедранымі павязкамі сыноў Адама і Эвы.
    У паэта Алеся Пісьмянкова мне сустрэліся радкі: «Ох і лёгкі ў Каіна нож, / ох і цяжкі ў Каіна грэх!».