Высьпятак ад Скарыны
Міхась Скобла
Выдавец: Радыё Свабода
Памер: 500с.
2017
Неяк аўтару гэтых радкоў давялося выступаць з чытаньнем вершаў у касьцёле (цяпер літаратурныя сустрэчы ў храмах — ня рэдкасьць). Прагучалі тады і радкі пра тое, як «ня можа ніяк — увесьчасна занята — дазваніцца да Бога адноўлены храм». Пасьля сустрэчы да мяне падышла сур’ёзная кабета і наківала пальцам — больш так, малады чалавек, не багахульствуйце. Пачытала б яна Яна Твардоўскага, у яго падобнага «багахульства» — тры корабы з каптуром.
I яшчэ адно адхіленьне ў сваё, асабістае. Калі мы з братамі ставілі надмагільны помнік па бацьку, паўстала пытаньне — а што на ім напісаць? Думалі-прагаворвалі, а да згоды ніяк прыйсьці не маглі. Тады я ўзяў Біблію і папрасіў аднаго з братоў назваць старонку і нумар радка зьверху. Прагучалі дзьве адвольныя лічбы. Я разгарнуў Кнігу кніг і прачытаў нібы знарок напісанае для эпітафіі: «Душа мая да Цябе прыляпілася, і Ты трымаеш яе ў дзясьніцы Сваёй».
Чаму мне гэта прыгадалася? Бо Ян Твардоўскі падобным спосабам выбіраў назвы для сваіх зборнікаў!
Ён быў мудрацом і любіў паглыбіцца ў одум на лавачцы пад лістоўніцай, што расла паблізу
яго сьціплай, як манаская кельля, кватэркі пры касьцёле сясьцёр-візытантак у Варшаве. У той кватэрцы ён жыў разам з парцалянавымі анёламі і драўлянымі пеўнікамі, што скакалі па падваконьні, а ў шыбах зіхацелі каляровыя батлеечныя вітражы.
Ён любіў усё жывое, у сваіх паэтычных казанях размаўляў з кветкамі, птушкамі і дрэвамі, a яго ўлюбёным лірычным героем была... божая кароўка, якая павольна перапаўзала зь верша ў верш ды так і засталася на вокладцы адной зь ягоных кніг.
Ён ведаў, што самая вялікая каштоўнасьць у сьвеце — любоў, і перад няспынным гадзіньнікам вечнасьці заклікаў сваіх чытачоў: «Сьпяшаймася любіць людзей!».
Яна Твардоўскага называлі паэтам Хрыста, які ўсьміхаецца, і гэта вельмі трапнае і дакладнае азначэньне.
Імем паэта-ксяндза ў Польшчы названыя больш за 200 (!) школаў і бібліятэк, ён быў доктарам honoris causa Люблінскага ўнівэрсытэту, атрымаў вельмі шмат розных прэміяў і ўзнагародаў, у ліку якіх і найганаровейшы Камандорскі крыж ордэна Адраджэньня Польшчы. Але, як мне падаецца, знакі дзяржаўнай увагі не асабліва цікавілі паэта. Праўда, быў ва ўзнагародным сьпісе Яна Твардоўскага незвычайны ордэн — польскія дзеці ўганаравалі яго ордэнам Усьмешкі! Паэт атрымаў узнагароду з будучыні, і гэта найлепшае прызнаньне для творцы.
Сам Ян Твардоўскі пра сваё служэньне Богу і паэзіі сказаў так: «У сьвеце бязьверя я спрабую
гаварыць пра веру, у сьвеце без надзеі — пра надзею, у сьвеце безь любові — пра любоў». I ягоная творчасьць, што грунтуецца на веры, надзеі і любові, — гэта паэтычнае кварцаваньне прасторы, пасьля чаго зьнікаюць бацылы бязьверя, адчаю і нянавісьці.
Калісьці ўжо прыгаданы ў гэтых нататках другі Твардоўскі (ня той, што перахітрыў нячысьціка ў карчме «Рым») параўнаў паэтычны пераклад з высушаным сенам, а арыгінал — з пахучай сакавітай канюшынай.
Перакладніцы кнігі «Разам з Табою» — Данута Бічэль і Хрысьціна Лялько — аспрэчылі гэтыя словы. Паэзія Яна Твардоўскага ў іхным перакладзе ня страціла ні каліва сваёй першароднай вобразнай красы і філязофскай сілы. Думаю, што гэта была нялёгкая праца, параўнальная хіба зь перакладам багаслужбовых тэкстаў.
На жаль (і гэта адзіны выпадак, калі, загарнуўшы кнігу «Разам з Табою», хочацца прамовіць: на жаль), у беларускі зборнік Яна Твардоўскага ня трапіў адзін верш, які запыніў маю ўвагу яшчэ ў той, шчасьлівай для мяне, варшаўскай кнігарні. Я яго проста перакажу сваімі словамі, не прэтэндуючы на эквілінеарнасьць ды іншыя патрабаваньні перакладніцкага рамяства. Верш мае назву «Больш нічога».
«Бог мой» — напісаў ён. I закрэсьліў, падумаўшы: настолькі ж мой, наколькі я эгаіст. Напісаў «Бог людзей» — і прыкусіў язык, згадаўшы, што ёсьць яшчэ анёлы і камяні, падобныя ў сьнезе на зайцоў. Нарэшце напісаў проста «Бог». Болын нічога. Бо і так напісаў занадта шмат».
Ян Твардоўскі працаваў, як Радэн. Скульптар прызнаваўся, што бярэ мармуровую глыбу і проста адсякае ўсё непатрэбнае. Паэт зь безьлічы словаў таксама пакідаў у вершы мінімум, гаворачы пры гэтым пра многае.
I ашчасьліўлены будзе той, хто пачуе гэтага кавалера ордэна Ўсьмешкі.
2012
I калі я схібіў у нечым і нешта сказаў ня так, прашу вас — усіх, хто ўвабраў у сябе большыя веды і мае глыбейшае разуменьне, — папраўце мяне і дапоўніце дзеля Ўсявышняга Бога і паспалітай карысьці.
Францішак Скарына
ПРАСЕЯНАЯ ЭНЦЫКЛЯПЭДЫЯ, альбо ХТО ЗАСЛУЖЫЎ ВЫСЬПЯТКА АД СКАРЫНЫ
Сто чатыры гады таму ўкраінскі славіст Іларыён Сьвянціцкі выдаў у Львове кнігу «Відроджене білоруського пнсменства», дзе сказаў колькі словаў пра апавяданьне Максіма Багдановіча «Музыка», незадоўга перад гэтым надрукаванае ў «Нашай Ніве». Гэтую публікацыю, відаць, і можна лічыць пунктам адліку для айчыннага багдановічазнаўства. За стагодзьдзе з добрым гакам жыцьцёвы і творчы шлях паэта быў дасьледаваны даволі падрабязна. Калі і засталіся факталягічныя таямніцы, то хіба нязначныя, а фэномэн зьяўленьня генія заўсёды застанецца загадкавым, і кожнае новае пакаленьне разгадвае яго па-свойму.
Велізарны факталягічны матэрыял даўно патрабаваў энцыкляпэдычнай сыстэматызацыі. I вось нарэшце зьявілася доўгачаканая энцык-
ляпэдыя «Максім Багдановіч» — трэцяя пэрсанальная, пасьля аналягічных выданьняў, прысьвечаных Янку Купалу (1986) і Францішку Скарыну (1988).
Тры пэрсанальныя энцыкляпэдыі за чвэрць стагодзьдзя — зусім ня кепскі паказьнік для адзінага ў краіне галіновага выдавецтва «Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі», якое гадоў пяць таму загадам сталічных уладаў было выселенае з уласнага будынка на Акадэмічнай вуліцы. Цяпер там засядае суд. Што ж, судзьдзі ў сучаснай Беларусі насамрэч запатрабаваныя куды больш, чым энцыкляпэдысты...
Энцыкляпэдыя «Максім Багдановіч» пакідае прыемнае ўражаньне — і сваім густоўным паліграфічным аздабленьнем, і зьместам. Але гэта толькі на першы погляд. I чым далей я яе гартаў, тым болей маё ўражаньне мянялася — у горшы бок.
Скажам, аўтар грунтоўнага артыкулу «Багдановічазнаўства» Юрась Пацюпа добрым словам згадвае двух знаных дасьледнікаў — Антона Адамовіча і Станіслава Станкевіча, пад рэдакцыяй і з прадмовамі якіх мюнхэнскае выдавецтва «Бацькаўшчына» ў 1960 годзе выпусьціла ў сьвет «Вянок паэтычнай спадчыны» М. Багдановіча. Сам факт выхаду гэтай кнігі сучасны дасьледнік называе «яркай падзеяй». Але артыкулаў пра Адамовіча і Станкевіча ў энцыкляпэдыі няма. «Вянкоў» там зафіксавана ажно чатыры: славуты «марцінакухтаўскі» 1913 году, віленскі 1927 году, выдадзены на дзясятыя ўгодкі з дня сьмерці паэта, славацкі «Veniec» — 59 вершаў у перакладзе
Юрая Андрычыка (год выданьня — 1990) і факсымільнае перавыданьне «Вянка», ажыцьцёўленае ў 1981-м. А мюнхэнскі «Вянок», хоць і «яркая падзея ў багдановічазнаўстве», на старонкі энцыкляпэдыі, на жаль, ня трапіў.
Зразумела, што ў энцыкляпэдыях падобнага кшталту павінны быць артыкулы пра кожнае асобнае выданьне дасьледаванага творцы. Скажам, як выглядала б Скарынаўская энцыкляпэдыя, калі б на яе старонках былі абыдзеныя ўвагай «Малая падарожная кніжка» ці «Апостал»? А вось у Багдановічаўскай энцыкляпэдыі гэты заганны выбарачны прынцып прысутнічае. Апісваецца, напрыклад, нічым не прыкметнае менскае «Выбранае» 1977 году, але чамусьці забытыя «Выбраныя творы» (Ватэнштэт, 1946) і «Апокрыф» — выдадзены чацьвёрачы: Згуртаваньнем беларускіх скаўтаў у тым самым Ватэнштэце ў 1946-м, выдавецтвам «Ніва» ў ЗША ў 1952-м і двойчы па-гішпанскуў 1956-м — уМадрыдзеіНью-Ёрку (пераклад Янкі Сурвілы). Перакладнік у энцыкляпэдыі ўвогуле ня згадваецца.
He пашанцавала і іншым перакладнікам. Прычым выбар іх таксама дзіўнаваты. Скажам, украінец Раман Лубкіўскі ў энцыкляпэдыю заслужана трапіў, а ягоны суайчыньнік Леанід Палтава — не. А ён жа выдаў «Малую анталёгію беларускай паэзіі», дзе зьмешчаная і ладная нізка перакладзеных ім жа вершаў М. Багдановіча. Зь незразумелых прычынаў адсутнічае ў энцыкляпэдыі і перакладнік Валеры Стралко — аўтар шыкоўна выдадзенай анталёгіі «Трыяда беларускай паэзіі» (Кіеў, 2008). Ён перакладае М. Баг-
дановіча на ўкраінскую і расейскую мовы. Так, у перакладніка можна знайсьці нямала хібаў, але ці падстава гэта для выкрэсьліваньня яго імя са слоўніка пэрсаналій? He. Артыкул пра Стралка мусіў быць у энцыкляпэдыі — з адпаведным аналізам зробленых ім перакладаў.
Забыліся энцыкляпэдысты-багдановічазнаўцы і на яшчэ аднаго перакладніка — нямецкага гісторыка і літаратара Аўгена фон Энгельгарта, які пакінуў па сабе ня толькі цікавае дасьледаваньне «Беларусь: народ і край» (1943), але і пераклаў цэлы зборнік лірыкі М. Багдановіча «Беларуская радзіма» (1949).
А ці шмат у нас манаграфічных дасьледаваньняў пра М. Багдановіча? Паспрабуем пералічыць асноўныя: «Сьвятло паэзіі і цені жыцьця» Ўладзімера Конана, «Чалавек напрадвесьні» Рыгора Бярозкіна, «Загадка Багдановіча» Міхася Стральцова, «Максім Багдановіч і праблемы разьвіцьця беларускай літаратуры» Алега Лойкі, «Космас «Вянка» Тамары Чабан, «Шляхі» Ніны Ватацы, «А сэрца ўсё імкне да бацькаўскага краю» Генадзя Каханоўскага... Пра ўсіх названых дасьледнікаў у энцыкляпэдыі зьмешчаныя артыкулы. А вось аўтар манаграфіі «Пясьняр свабоды і красы» (Баварыя, 1947) Аўген Калубовіч (выступаў пад псэўданімам А. Верасень) на яе старонкі ня трапіў. I дзе ж тут лёгіка?
Яшчэ менш у нас буйных мастацкіх твораў пра М. Багдановіча. Калі называць, асабліва не ператрасаючы кішэні памяці, то і ўспомніцца ўсяго пара-тройка: «Каханьне і сьмерць, або Лёс Максіма Багдановіча» (аўтар — Яўген Міклашэўскі),
паэма Эдуарда Акуліна «Шлях да радзімы», вершаваныя цыклі Дануты Бічэль і Алеся Чобата «Ты не самотны»... I тут мне тым больш незразумела, чаму з энцыкляпэдыі выпаў Уладзімер Глыбінны — аўтар аповесьці «Пад лебядзіным знакам» (Нью-Ёрк, 1983)? А хіба не заслужыў энцыкляпэдычнай нататкі пісьменьнік Леанід Зубараў — аўтар кнігі «Максім Багдановіч» (1989) і дакумэнтальнай аповесьці «Крык буравесьніка» — пра М. Горкага і сям’ю Адама Багдановіча (яны былі ў блізкім сваяцтве)?
He знайшлося месца ў энцыкляпэдыі і мастачцы Ірэне Рагалевіч-Дутко, якая напісала цудоўны партрэт М. Багдановіча. Ён, дарэчы, да 100-годзьдзя паэта быўдвойчы выдадзены ў НьюЁрку ў выглядзе паштоўкі агульным накладам 6 000 асобнікаў.