Высьпятак ад Скарыны
Міхась Скобла
Выдавец: Радыё Свабода
Памер: 500с.
2017
He, што ні кажыце, прыемна стаць героем кнігі, хай сабе і коштам разьбітай аўтамабільнай фары! А тады, калі мы на самым прыцемку ўсё ж дабраліся ў Бычкі, Анатоль Вярцінскі па-філязофску падсумаваў: «Дарога да Быкава простай не бывае». I як тут не пагадзіцца з паэтам-мысьляром? Да зрубленай на скорую руку музэйнай хаты можна і па заасфальтаванай шашы пад’ехаць, a каб асэнсаваць творчасьць вялікага пісьменьніка, трэба часам і пакружляць. Увогуле, быкаўская тэма для Вярцінскага — не прахадная і не праязная. Свайму старэйшаму сябру прысьвяціў ён нямала радкоў. Вось і ў новым зборніку мы знаходзім такія выдатныя вершы, як «Зь ліста Васілю Быкаву ў Фінляндыю» і «Быкаў — гэта лета».
Адметная кніга «Жыцьмем» і тым, што некаторыя творы, зьмешчаныя ў ёй, у свой час друкаваліся толькі ў пэрыёдыцы і ніколі не траплялі
ў кніжныя выданьні. Зь ліку такіх хачу назваць паэму зь дзіўнай назвай «Кэты-мэнэй». Напісаная ў далёкім 1971 годзе, яна чакала апублікаваньня ў часопісе «Крыніца» роўна трыццаць гадоў, а пасьля ізноў зь невядомых прычынаў была адкладзеная аўтарам у глыбокую шуфляду. He ўвайшла, скажам, у «кнігазбораўскі» том, пра што мне як чытачу і даўняму прыхільніку паэта даводзіцца толькі пашкадаваць. «Кэты-мэнэй» не забараняла цэнзура, яна пра каханьне, пра сьветлае маладое каханьне, пра дзівосную пару, калі закаханыя могуць размаўляць на адной ім зразумелай мове, вынаходзячы для яе нечуваныя раней словы: «Кэты-мэнэй!» — гукнулі разам мы. / «Кэты-мэнэй!» — зашапацела лісьце. / «Кэты-мэнэй!» — зашчабяталі птушкі. / «Кэты-мэнэй!» — загаманілі дрэвы. / Выходзіла, што двое закаханых / знайшлі агульную з усімі імі мову»... Або: «і я глядзеў на яблыні, / на гэты цуд новаяўлены, / я глядзеў на квецень / і адыходзіў душой. / Такое было адчуваньне, / такое хваляваньне, / якое бываеўхраме / зь яго ўрачыстай імшой». Зрэшты, выбачаюся, апошняя цытата не з паэмы, а зь верша «Ня помню такога лета». Але як гэтыя два творы (між датамі іх напісаньня — цэлае чалавечае жыцьцё) гучаць ва ўнісон! Паверце, гэта вельмі рэдкая зьява, калі паэт і ў сталым веку не развучыўся глядзець на сьвет па-юнацку.
Блізкі мне Анатоль Вярцінскі і сваім стаўленьнем да айчыннай гісторыі. Чытаючы яго верш «Адзін дзень у БНР» (яго можна назваць міні-паэмай), дзе фігуруе ці ня ўвесь сакратарыят Беларускай Народнай Рэспублікі, ледзь не пагалоўна
пасьля вынішчаны, міжволі прыгадваеш, што і аўтар гэтага твору самым непасрэдным спосабам прычыніўся да абвяшчэньня незалежнай Беларусі ў 1991-м. Так што сьледам за «Адным днём у БНР» ня шкодзіла б Анатолю Вярцінскаму апісаць і тыя дні ў Вярхоўным Савеце, калі яму даводзілася і тэкст Канстытуцыі рэдагаваць, і Дзень Незалежнасьці з парлямэнцкай трыбуны абвяшчаць.
Калі ўжо зайшла гаворка пра гісторыю, то не выпадае абмінуць увагай і верш-рэцэнзію на кнігу «Расстраляная літаратура». Шэсьцьдзесят шэсьць яе аўтараў былі забітыя ў Курапатах, не вярнуліся з ГУЛАГу, былі закатаваныя ў савецкіх турмах. Наймаладзейшаму зь іх — Янку Філістовічу — было 26 гадоў, найстарэйшаму — Аляксандру Уласаву — шэсьцьдзесят сем. Трыста дзевяноста дзевяць кніг «ворагаў народу» ў 1937-м былі спаленыя ва ўнутраным дворыку тагачаснай турмы НКВД. Чытаць «Расстраляную літаратуру» цяжка, і складаць яе было цяжка — сьведчу як адзін з укладальнікаў. Як пра гэтую трагедыю сказаць у вершы? Тут любая неасьцярожная рыфма можа стацца блюзьнерскай бразготкай. А як падшукаць той эпітэт, які будзе да месца і не паблякне на чорным мармуры? Анатоль Вярцінскі знайшоў патрэбныя словы. I калі на месцы спаленьня кніг калі-небудзь паўстане помнік (а ён позна ці рана павінен паўстаць), то словы для яго ўжо знойдзеныя Вярцінскім: «Пакутніцкія лікі / глядзяць з тых кніжных бачын. / Госпадзе, памілуй, / дай іхным душам спачын. / А нам, жывым, дай моцы, / дай пільнасьці, каб
надалей / нас гэтак больш не зьнішчалі, / нас, нашых кніг і людзей».
У Нямеччыне падобны помнік на месцы, дзе ў часы трэцяга райху адбываліся кніжныя аўтадафэ, паставілі. Колісь час ачышчэньня і пакаяньня настане і ў Беларусі, і пісьменьнікам і іхным кнігам аддасца належнае. Бо спаліць кнігу — гэта таксама злачынства.
«Паболей вершаў, паменей Трэцяга аддзяленьня», — так, здаецца, адгукнулася Ганна Ахматава на манаграфію аднаго пушкініста, які на жыцьцяпісы Бэнкендорфа і яго супрацоўнікаў таксама не пашкадаваў атраманту. Магчыма, падобнага водгуку заслугоўвае і аўтар гэтых радкоў. Маўляў, хіба няма ў творчасьці Вярцінскага, як і ў кожнага сапраўднага паэта, чыстай красы? Вядома ж, ёсьць. Але ёсьць і болевыя кропкі, якія, на маю думку, зьяўляюцца вызначальнымі для кнігі «Жыцьмем».
А яе вяршынным творам, ні хвіліны не вагаючыся, я назаву верш (які, ізноў жа, сваім зьместам заважыць на цэлую паэму) «Здарэньне ў Судны дзень, або Ніл Гілевіч як аргумэнт». Твор-прыпавесьць пра тое, як вернасьць роднай мове аднаго чалавека ўратавала цэлы народ. Гэта вялікі ва ўсіх сэнсахтвор — і колькасьцю радкоў (каля паўтары сотні), і сваёй мастацкай значнасьцю. Наўмысна ня буду яго цытаваць. Знайдзіце і прачытайце. Шэдэўры (як жа яны рэдка зьяўляюцца!) заслугоўваюць быць прачытанымі ад пачатку да канца. У кнізе, поўнай знакаў неспакою, «Здарэньне ў Судны дзень...» выглядае, наадварот, як знак су-
пакою і нацыянальнага аптымізму. А такіхзнакаў беларускай літаратуры сёньня відавочна бракуе.
Думаў на гэтым паставіць кропку. Але згадаў яшчэ адзін — самы нечаканы — падарунак ад Анатоля Вярцінскага. Аднойчы ён падараваў мне... Каран. Дыхтоўнае выданьне — пераклад і грунтоўны камэнтар акадэміка Ігната Крачкоўскага. На мой запытальны позірк дароўца параіў знайсьці дваццаць шостую суру пад назвай «Паэты». I што я прачытаў у мудрай, шанаванай мільёнамі людзей кнізе? Дайце веры, там чорным па белым было напісана, што «паэты — хлусы, якія блукаюць па раўнінах і гавораць тое, чаго самі ня робяць». Рызыкую наклікаць на сябе гнеў прарока Мухамада, але беларускіх паэтаў тыя словы ніякім чынам не датычацца.
Беларускі паэт — і на Найвышэйшым судзе аргумэнт, як пераканальна паказаў Анатоль Вярцінскі. Беларускія паэты сваю праўду адстойвалі часам коштам сваіх жыцьцяў, і пра гэта высокі Судзьдзя таксама не забудзе. А лжэсьведчаньні, як вядома, на тым судзе пад увагу не бяруцца.
2012
Як у каштоўным камені моц, як ядро ў арэху, як золата ў зямлі, гэтак мудрасьць у прыпавесьцях схавана.
Францішак Скарына
КАВАЛЕР ОРДЭНА ЎСМЕШКІ
Аднойчы, быўшы ў Варшаве, я зайшоў у кнігарню паблізу Тэатральнай плошчы. Заўважыўшы маё зацікаўленьне польскай паэзіяй, ветлівая пані параіла зьвярнуць увагу на адну кніжную паліцу. На ёй стаяла кніг трыццаць — рознага фармату і формы. Былі там кнігі-мініятуры і падарункавыя фаліянты, кнігіўбліскучых супэрвокладках і факсымільныя перавыданьні. Была нават кніга, зробленая ў форме сэрца.
Ва ўсіх гэтых кніг быў адзін аўтар — невядомы мне Ян Твардоўскі. Я ўзяў у рукі прыемны на дотык томік, разгарнуў і прачытаў: «Kiedy Bog drzwi zamyka — to otwiera okno» («Калі Бог зачыняе дзьверы, то адчыняе акно»). Гэты радок настолькі ўразіў мяне, што я згроб усю тую паліцу ў абярэмак і пад зьдзіўленым позіркам прыязнай
прадавачкі прыладкаваўся за нізенькім столікам у куце кнігарні...
Праз гадзіну я выйшаў на вуліцу трошкі іншым чалавекам. Лепшым за таго, які нядаўна от так сабе, ад няма чаго рабіць тузануў дзьверы тае кнігарні. Ці шмат увогуле на сьвеце кніг, якія могуць нас палепшыць?
Яшчэ пару гадзінаў таму я бязмэтна блукаў па Варшаве, недзе глыбока ў памяці трымаючы двух Твардоўскіх. Адзін зь іх, беларус з паходжаньня, стаў выдатным расейскім паэтам, рэдактарам найлепшага ў СССР літаратурнага часопісу. У часы партыйных ганеньняў на Васіля Быкава ён насуперак усім загадам зьверху друкаваў земляка, а аднойчы з Масквы ў Горадню, дзе жыў тады апальны пісьменьнік, прыслаў паштоўку з памятнымі зь юнацтва словамі — «усё мінецца, а праўда застанецца». Hi характарам, ні абліччам ён ня вельмі ўпісваўся ў маскоўскія літаратурныя прэзыдыюмы, дзе яго за вочы пагардліва называлі чудь белоглазая.
Звалі таго паэта і рэдактара Аляксандар Твардоўскі.
Другі Твардоўскі быў зь ліку маіх улюбёных літаратурных герояў — гэта ён у вядомай балядзе Адама Міцкевіча перадасьціпнічаў нячысьціка ў наваградзкай карчме пад назвай «Рым».
I вось у маім жыцьці зьявіўся трэці Твардоўскі — Ян. I засланіў сабою ўсіх астатніх.
У той варшаўскай вандроўцы я ўсё ж схітрыўся заашчадзіць колькі дзясяткаў злотых і дамоў вярнуўся з кніжкай паэта-ксяндза «Budzic nadziej^». А неўзабаве ў менскай кнігарні «Духоўная кніга»
трапіліся мне вершы Яна Твардоўскага ў перакладзе на расейскую мову. Таксама набыў. Яшчэ і з тае прычыны, што адным зь перакладнікаў значыўся там масквіч Андрэй Базілеўскі, мой даўні знаёмец. Неяк на адным зь міжнародных паэтычных фэстываляў у Варшаве, зьдзіўлены ягонай бездакорнай польскай мовай (для масквічоўзьява даволі рэдкая) і западозрыўшы ў ім тую самую «чудь белоглазую», я напаўжартам пацікавіўся ў Андрэя — зь якіх базілеўсаў ён выводзіць свой радавод? I пачуў у адказ прадказальнае — мой бацька зь Беларусі, зь Віцебскай вобласьці...
Помніцца, сваім прыпозьненым адкрыцьцём вялікага паэта-мысьляра я падзяліўся з рэдактаркай часопісу «Наша вера» Хрысьцінай Лялько. I як жа быў усьцешаны, калі пачуў ад яе, што рыхтуецца кніга Яна Твардоўскага па-беларуску. I вось яна выйшла ў выдавецтве «Pro Christo» — на паспалітае чытаньне і добрае навучаньне, калі пакарыстацца вядомым Скарынавым выразам.
Кніга «Разам з Табою» — гэта паэтычны ружанец, які кліча да роздуму і да малітвы; перабіраеш вершы-пацеркі — і змрочны сьвет робіцца ясьнейшым, а нам сёньня так бракуе яснасьці сьвету!
Кніга «Разам з Табою», як спрыктыкаваны лекар, робіць чытачу небалючыя прышчэпкі веры ў несьмяротнасьць чалавечай душы. Я ўпэўнены — нават зацятага матэрыяліста прымусіць задумацца ну хоць бы такі радок: «Сьмерць — хвіліна найбольшай надзеі».
У кнізе «Разам з Табою» з усьмешкай гаворыцца пра рэчы сакральныя, але гэта не дэсакралізуе і не прыніжае іх. Ці гэта просьба да
Крыжа, каб не прыходзіў у наш сьвет без Укрыжаванага. Ці гэта іранічны пасаж наконт фіранак у стаенцы, дзе нарадзіўся Збаўца. А як вам такая замалёўка, зробленая (аж ня верыцца) паэтамксяндзом: «Мой Бог галодны / худое цела і рэбры / ня мае грошай / высокіх катэдраў са срэбра / не памагаюць яму / доўгія песьні і сьвечкі / упалыя грудзі / лекаў ня хоча з аптэчкі»?