З гісторыяй на «Вы» выпуск 2
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 351с.
Мінск 1994
У XIII стагоддзі, калі татара-манголы захапілі некаторыя землі ўсходнеславянскіх княстваў і пачалі рухацца на захад, была спроба аб’яднання каталіцкай і праваслаўнай цэркваў, каб сумесна выступіць супраць качэўнікаў. Але сярод князёў не было еднасці. За аб’яднанне выказваліся галіцка-валынскія князі. Супраць — паўночна-ўсходнія, у прыватнасці Аляксандр Неўскі. Сустрэўшы адпор з боку Венгрыі і Польшчы, татараманголы павярнулі назад ва Усходнюю Еўропу, і таму ў аб’яднанні ўжо не было патрэбнасці.
Фармальнае аб’яднанне каталіцкай і праваслаўнай цэркваў адбылося ў 1439 годзе з падпісаннем Фларэнційскай уніі. Штуршком для заключэння яе быў зварот візантыйскага імператара і канстанцінопальскага патрыярха да папы рымскага з прапановай арганізаваць сумесны крыжо-
вы паход хрысціянскіх дзяржаў супраць мусульмантуркаў, якія пагражалі Візантыі з усходу. На саборы, які адбыўся ў Фларэнцыі і дзе быў падпісаны дакумент аб уніі, побач з дзеячамі каталіцкай царквы прымалі ўдзел усходнія патрыярхі і ў тым ліку прадстаўнікі рускай праваслаўнай царквы на чале з маскоўскім мітрапалітам, філосафам і паліглотам грэкам Ісідарам. Але унія не апраўдала надзей. Саму каталіцкую царкву раздзіралі супярэчнасці: мясцовыя цэрквы патрабавалі аўтаноміі. У праваслаўных краінах адмаўляліся прызнаваць Фларэнційскую унію. Па звароце ў Маскву, мітрапаліт Ісідар па загадзе вялікага князя маскоўскага быў адлучаны ад кіравання царквой і арыштаваны. Фларэнційская унія існавала толькі на паперы. Але сама ідэя стварэння царкоўнай уніі засталася.
У XIV — XV стагоддзях адносіны паміж Вялікім княствам Літоўскім, Жамойцкім і Рускім і Вялікім княствам Маскоўскім былі напружаныя, характарызаваліся ўзаемнымі прэтэнзіямі на пагранічныя землі. У той жа час існавала не зусім звычайная з’ява: праваслаўная царква Літоўскага княства была падпарадкавана маскоўскаму мітрапаліту, які, зразумела, падтрымліваў палітыку «свайго» князя — маскоўскага. Пачынаючы з XIV стагоддзя ў Вялікім княстве Літоўскім, Жамойцкім і Рускім робяцца крокі, каб утварыць самастойную (аўтакефальную), незалежную ад маскоўскага мітрапаліта праваслаўную царкву. Ужо ў 1354 годзе канстанцінопальскі патрыярх зацвердзіў адразу двух мітрапалітаў «на ўсю Рускую зямлю». Мітрапаліт Аляксей быў пастаўлены на Маскоўскае княства, а Раман — на «Літоўскую і Валынскую землі».
У 1415 годзе па ініцыятыве вялікага князя Вітаўта епіскапы абралі мітрапалітам праваслаўнай царквы Вялікага княства Літоўскага, Жамойцкага і Рускага балгарына Грыгорыя Цамблака. Але пасля яго смерці ў 1420 годзе Вітаўт прымае ў сябе маскоўскага мітрапаліта Фоція. У 1433-м канстанцінопальскі патрыярх паставіў мітрапалітам праваслаўнай царквы Беларускалітоўскай дзяржавы смаленскага епіскапа Герасіма. Уладыка намагаўся наладзіць зносіны з Рымам, з прыхільнікам каталіцкай «партыі» Жыгімонтам Кейстутавічам, за што ў 1435 годзе быў спалены ў Віцебску па загадзе князя Свідрыгайлы, які выступаў як кіраўнік і прыхільнік «партыі» праваслаўных.
У 1458-м мітрапалітам «Кіеўскім, Літоўскім і ўсёй Ніжняй Расіі» быў пастаўлены Грыгорый, якога прызнаў урад Вялікага княства Літоўскага і праваслаўныя іерархі. 3 гэтага часу канчаткова падзяліліся праваслаўныя мітраполіі — Маскоўская і Літоўская. Але і пасля гэтага маскоўскія мітрапаліты ўсё ж намагаліся падпарадкаваць свайму ўплыву праваслаўную царкву Вялікага княства Літоўскага.
Пасля захопу Канстанцінопаля туркамі (1453) адносіны да ўсходніх патрыярхаў з боку Масковіі і Вялікага княства Літоўскага сталі болып халоднымі. У Вялікім княстве Літоўскім, Жамойцкім і Рускім быў распаўсюджаны пункт гледжання, што канстанцінопальскі патрыярх, знаходзячыся ў захопленым туркамі горадзе, дзейнічае ў інтарэсах султана і таму неабходна ўтварыць незалежную праваслаўную патрыярхію. Але гісторыя праваслаўнай царквы ў Княстве пайшла іншым шляхам.
У XVI стагоддзі Маскоўская дзяржава не раз распачынала войны супраць нашых продкаў з мэтай пашырэння сваёй тэрыторыі. Ідэалагічным абгрунтаваннем палітычных намаганняў маскоўскіх феадалаў была тэ орыя вызвалення зямель, якія калісьці былі падпарадкаваны Кіеву, бо Маскоўская дзяржава — гэта, маўляў, працяг Кіеўскай, адбыўся толькі перанос сталіц: з Кіева ва Уладзімір, а потым у Маскву. У Вялікім княстве Літоўскім, Жамойцкім і Рускім існавала аналагічная тэорыя, аўтарам якой быў паляк па нацыянальнасці, але патрыёт Вялікага княства Літоўскага М. Стрыйкоўскі. У сваёй «Хроніцы» ён пісаў, што прадаўжальніцай Кіеўскай Русі з’яўляецца Вялікае княства Літоўскае.
Палітычныя намаганні Маскоўскай дзяржавы грунтаваліся на клерыкальнай ідэалагічнай аснове. Згодна тэорыі «Масква — трэці Рым», падпісанне Фларэнційскай уніі паміж усходняй царквой і Ватыканам,— гэта адыход ад «сапраўднага хрысціянства». За гэта ўсходняя царква і была нібыта пакараная Богам: галоўны яе цэнтр Канстанцінопаль быў захоплены туркамі. Таму рэлігійным цэнтрам павінна стаць Масква і ўзяць на сябе функцыю аб’яднання ўсіх праваслаўных народаў пад эгідаю рускага цара, вызваліць іх ад каталіцкага прыгнёту.
Канцэпцыя «вызвалення заходняй Русі» ад прыгнё-
ту палякаў, літоўцаў і каталіцкай царквы, якія намагаліся апалячыць і акаталічыць рускі народ заходняй Расіі, трывала замацавалася ў рускай вялікадзяржаўнай гістарыяграфіі. Гэтую канцэпцыю прыкмеціў і даў ёй ацэнку Ф. Энгельс. Ен пісаў: «У XVI стагоддзі, калі ў Польшчы панавалі езуіты, праваслаўных прымушалі далучыцца да рымска-каталіцкай царквы. Гэта давала велікарускім царам жаданую прычыну для пасягання на тэрыторыю былога Літоўскага княства, як на нацыянальную рускую вобласць, прыгнечаную... Польшчай..., другая прычына для ўмяшальніцтва складалася ў тым, каб у якасці абаронцы праваслаўя выступіць на карысць праваслаўных уніятаў, хоць апошнія даўно ўжо змірыліся са сваім становішчам у адносінах да рымска-каталіцкай царквы».
У XV—XVI стагоддзях усю Еўропу, у тым ліку Польшчу, ахапіла рэфармацыя, гэта значыць рух супраць папскай каталіцкай царквы. Дзеля барацьбы з рэфармацыяй у Польшчы была ўтворана інквізіцыя. Але яна не атрымала шырокага распаўсюджвання і была скіравана супраць «ерэсяў» мяшчанскага саслоўя. Калі ж пачалі судзіць шляхту, сеймавыя паслы на ваяводскіх сейміках атрымалі інструкцыі дамагацца адмены інквізіцыі. Пасля спрэчак на сейме 1552 года інквізіцыя была скасавана. Было забаронена нават ужываць гэтае слова.
Гісторыя палітычнага аб’яднання Вялікага княства Літоўскага і Польшчы, пачынаючы з Крэўскай уніі 1385 года, сведчыць аб тым, што яно заўсёды было нераўнапраўным. Пры болып-менш спрыяльных умовах Княства намагалася разарваць пагадненні. Так было і ў XVI стагоддзі, калі буйнейшыя феадалы спрабавалі выкарыстаць рэфармацыйныя ідэі для стварэння цалкам незалежнай дзяржавы. Каб здзейсніць задуманае, трэба было мець ідэалагічную падтрымку з боку царквы, якая б адрознівалася ад польскай каталіцкай і ўсходнеславянскай праваслаўнай, падпарадкавалася б свецкай уладзе і была дзяржаўнай царквой. I таму беларускія і літоўскія магнаты, а затым шляхта і мяшчане, хоць мэты ў іх былі розныя, пачалі пераходзіць у кальвінізм.
« Рэфармацыя, першая яшчэ сціплая і смутная спроба супрацьдзеяння сярэдневякоўю» (Ф. Энгельс), напалохала феадалаў Княства і Польскай кароны. Нават не-
каторыя праваслаўныя магнаты федэратыўнай Рэчы Паспалітай пачалі імкнуцца да саюза з каталіцкай царквой, каб папярэдзіць распаўсюджванне гэтага руху, зберагчы адзінства дзяржавы. Так, князь Канстанцін Астрожскі, вядомы ў клерыкальнай гістарыяграфіі як «ревннтель православня», стаў шукаць шляхі да аб’яднання праваслаўнай царквы з каталіцкай, каб выступіць адзіным фронтам супраць рэфармацыйнага руху. У чэрвені 1593 года ён пісаў аднаму епіскапу: «маючы намер адправіцца ў тыя краіны, недалёка ад якіх жыве папа рымскі, прапаную парупіцца пра злучэнне цэркваў». Далей князь К. Астрожскі скардзіцца, што «людзі напіай рэлігіі ўпалі маральна, што пануе ў іх лянота і нядбайнасць» і што яны «разбягаюцца па розных сектах». Дарэчы, шчырым «ревннтелем православня» К. Астрожскі стаў пасля таго, як ягоныя ўмовы злучэння цэркваў не былі цалкам прыняты каталіцкай царквой.
Рыму, аднак, удалося не толькі спыніць драбленне каталіцкай царквы, але і перайсці ў наступ на пратэстантызм: пачалася так званая контррэфармацыя. Адным з элементаў правядзення яе ў жыццё, на мой погляд, было адраджэнне ідэі Фларэнційскай уніі, якая згуртоўвала вакол Рыма разам з католікамі і праваслаўных, і тым самым умацоўвала пазіцыі каталіцкай царквы.
Пытанні уніі праваслаўнай царквы з каталіцкай распрацаваў у тэарэтычным плане езуіт Пётр Скарга (1535—1612). Акрамя чыста рэлігійных аспектаў, трэба было вырашыць шэраг іншых. Напрыклад, аб мове богаслужэння і кананічнай літаратуры. У сучаснай гістарыяграфіі пераважае памылковы пункт гледжання (карані яго трэба шукаць у працах праваслаўных клірыкаў), што уніяцкая царква, як і каталіцкая, намагалася пазбавіць беларусаў іх роднай мовы. Пры гэтым спасылаюцца на кнігу П. Скаргі «Аб еднасці царквы Божай», выдадзеную ў 1577 годзе. Але ж П. Скарга выступаў не супраць ужывання «русінскай», як тады звалася беларуская, а супраць царкоўнаславянскай мовы. На думку П. Скаргі, «грэкі» падманулі Русь пры хрышчэнні, даўшы ім рэлігію і пакінуўшы «славенскую» (царкоўнаславянскую) мову. Сапраўднымі мовамі, мовамі навукі і ў першую чаргу духоўнай, могуць быць толькі грэчаская мова і латынь. П. Скарга падкрэсліваў, што царкоўна-
славянскую мову разумее і карыстаецца ёю толькі невялічкая група найбольш адукаваных прадстаўнікоў праваслаўнай царквы, што няма нават такога народа, які б размаўляў на гэтай мове і паслугоўваўся ёю ў штодзённым жыцці, што гэтая мова незразумелая. Калі б больш увагі ўдзялялі адраджэнню Фларэнційскай уніі, прадаўжае П. Скарга, дык даўно можна было заснаваць школы, перакласці на мясцовую мову каталіцкую літаратуру. Ен адзначыў, што заключэнню царкоўнай уніі перашкаджае аглядка некаторых праваслаўных іерархаў на Маскву.
Вядомы дыпламат, езуіт Антоні Пасевіна не толькі распрацоўваў план заключэння царкоўнай уніі, але і ўвасабляў яго ў жыццё. У трактатах «Масковія» і «Лівонія» ён падкрэсліваў, што Фларэнційская унія не мела поспеху таму, што не былі створаны «школы грэчаскіх вучняў», і таму не было каму праводзіць у жыццё ідэю уніі. А. Пасевіна лічыў, што трэба як мага хутчэй адчыніць семінарыю ў Вільні ці ў Полацку, набраць туды навучэнцаў з ліку «русінаў» і палонных маскавітаў і рыхтаваць з іх будучых месіянераў. Ен пісаў, што ніякія гарматы не могуць зрабіць таго, што можа зрабіць друкаванае слова. Таму трэба заснаваць у Вільні ці ў Кракаве друкарню, дзе выдаваць кнігі на мове таго народа, якому яны прызначаюцца.