• Газеты, часопісы і г.д.
  • З крыніц спрадвечных  Уладзімір Сысоў

    З крыніц спрадвечных

    Уладзімір Сысоў

    Выдавец: Вышэйшая школа
    Памер: 415с.
    Мінск 1997
    75.4 МБ
    Благаславіце, старыя людзі, Ай, вясну-красну загукаць, Загукаці.
    Люту ж зіму замыкаць, Замыкаці.
    Да вясну-красну на вулачку, На вулачку ж, Люту зіму ў каморачку, У каморачку.
    На Пасожжы і беларускім Падняпроўі быў вядомы абрад спальвання кола. Хлопцы і дзяўчаты ішлі на бераг ракі ці возера і рабілі невялікі плыт, на якім замацоўвалі старое прамасленае кола ад калёс ці якой-небудзь іншай павозкі. Затым гэта кола падпальвалі і пускалі плыт на ваду. Вогненнае кола сімвалізавала сабой Сонца, якое ўшаноўвалася нашымі продкамі-язычнікамі як адно з галоўных бостваў. Пакуль плыт з палаючым колам плыў каля сяла, усе удзельнікі абраду
    ішлі за ім берагам ракі і спявалі песні-вяснянкі, у якіх звярталіся да нябеснага свяціла: ч
    Сонейка на прыпечак скацілася, I зямліца ўсміхнулася:
    — Вазьмі, сонейка, у Бога дазволу I спусцісь да долу.
    Мы табе спяваем, Мы цябе ўсхваляем, Прыходзь, мы цябе чакаем!
    У Лельчыцкім раёне, дзе вясну пачыналі гукаць у нядзелю напярэдадні перадвелікоднага посту, у гэты дзень варылі кашу і выпякалі з цеста «конікаў». Вось як пра гэта апавядае жыхарка вёскі Мілашэвічы Таццяна Раманаўна Паповіч: «Еты дзень маці варыць кашу, цесто мясіць, пячэ конікі, іх кашой той начыняе, замукі (замкі. — У. С.) такія леп'іш. А мы з дзеўкамі збіраемся, в лес ідом да вырубаем ёлку, а ёлкі няма, то хвою. Елку нараджаем, цветы вешаем туды, з бумагі цвятоў наробім, нарадзім, капыткоў начапляем. Все ету ёлку бяром і етыя конікі бяром, што маці напічэ з цеста, яйца бяром і ідом, дзе які пянёк вісокі. А як німа пінька, то мы на хлёў лезум і ту ёлку ўстаўляем і співаем:
    — Гэй, Вясна!
    Гэй, красна!
    Што ты нам Проці лета Ву-унесла-а?	.
    — А я вунесла Беленького пірожка, Краснінько йечко Не-едалечко-о.
    Гэй, Вясна!..
    Пойдум співаты, а хлопцы прыйдуць ды крадуць ёлку, а мы ж не даём. От так співаем, да і танцуем, вкруг ёлкі бегаем, да шмыгаем co хлёва до долу, рогочам. Так гулялі одзін дзень гэты перад постом» (8-94-280-2, л. 22—23).
    На рагачоўшчыне, па звестках Е. Р. Раманава, моладзь дзялілася на дзве-тры кучкі, кожная з
    якіх займала пагорак, ужо больш-менш падсушаны сонейкам і, папераменна падаючы свае галасы, «заводзілі»:
    Ой, вясна-маці, Хадзі к нам гуляці! Хадзі к нам гуляці, Карагод спраўляці!..
    Вадзіць вясеннія карагоды і заклікаць у іх вясну дзяўчаты пачыналі са з'яўленнем першых пралесак. Гэта найбольш цікавы рытуальна-гульнёвы момант вясенней абраднасці, які ўвасабляе сабой бясконцы рух жыцця і вечнай маладосці. Вясна — заўсёды маладая, вясёлая, жаданая ў народнай свядомасці параўноўвалася яшчэ і з дзявочай чысцінёй і прыгажосцю.
    Беларускія абрады гукання вясны вельмі багатыя на шматлікія песні, прыпеўкі, заклінанні, у якіх побач з рытуальнымі матывамі знайшла ўвасабленне тэма любові да роднай зямлі і працоўнай дзейнасці чалавека.
    У вясенняй абраднасці, як і ў яе паэзіі, важнае месца займае таксама аграрна-магічная скіраванасць. 3 прыходам вясны запасы ў сялянскіх засеках значна памяншаліся. «Прыгожа вясна ды галадна», — сцвярджае народная мудрасць. Нашы продкі-земляробы звязвалі з гэтым перыядам надзеі на будучы ўраджай і спрыяючыя гэтаму пагодлівыя дні. Таму для многіх вясенніх абрадавых песень характэрны аграрна-магічныя заклінальныя функцыі:
    А памажы, Божа, Вясну-красну клікаць На ціхае лета, На спелае жыта.
    А дай жа ты, Божа, Ды ў снапу спорам, А ў полі капамі, А ў гумне сціртамі, А ў пуні вазамі, А ў клеці зернамі, А ў млыне намолам.
    А ў дзяжы падходам, А на стале сыццю Ды к добраму жыццю!
    3 вясеннімі днямі былі звязаны многія сялянскія павер’і і прыкметы: «Калі сакавік сухі, у красавіку травы яшчэ не чакай»; «Калі ў марце жыта глядзіць на неба — не есці тагды хлеба»; «Сухі марац, мокры май — будзе жыта, як гай»; сухое надвор'е ад Грамніц да Саракоў прадказвала засуху ў летні час і многія іншыя.
    У вясенняй абраднасці нашых продкаў-язычнікаў знайшоў прадаўжэнне і своеасаблівы рэзананс сонечны культ. За сонейкам увесь час пільна сачылі. Кожнае змяненне яго руху над гарызонтам фіксавалася і асэнсоўвалася чалавекамземляробам у зразумелым яму кантэкстце пабудовы свету. Праз прызму вясенніх свят Саракоў, Вялікадня і Дабравешчання тэматычны спектр гукання вясны ўсё актыўней факусіруецца на рытуалах, прысвечаных сонцу і яго жыватворнай сіле цяпла.
    Вясенні дзень год корміць.
    Вясна красна, хоць і галадна.
    Вясной зверху пячэ, а знізу марозіць.
    Вясна вочы адбірае.
    Вясна не мясна, а восень не малочна.
    Багата вясна кветкамі, а лета палеткамі.
    Вясною лісток, увосень сучок.
    Вясною дажджы не лішнія.
    Вясну хваляць за сонца і дажджы, а лета — за снапы і вазы.
    Страчанага вясною дня — не купіш.
    Як зіма без марозу, так вясна без шкоды — не абыдуцца.
    Калі на лёд грыміць, тады вясна будзе халодная.
    Калі ўпору пасееш, то ўпору і пажнеш.
    БЛАГАСЛАВІ, БОЖА...
    Благаславі, Божа*, Божа мілы, Вясну прыгукаці.
    Вясну прыгукаці, Божа мілы, А зіму замыкаці.
    Вясенку ў чаўночык, Божа мілы, А зімачку ў замочык.
    Што былі за пташкі, Божа мілы, Ўсе ў выр паляцелі.
    Вясенняя.
    Што былі ж за дзеўкі, Божа мілы, Ўсе ж замуж пупайшлі.
    Адна й астылася, Божа мілы, Маладая Надзечка.
    Па ту пріізджалі, Божа мілы, Этую й ўзялі.
    Этую ўзялі, Божа мілы, I на конях пувязлі.
    (8-94-282-1, л. 39)
    БЛАГАСЛАВІ, МАЦІ...
    Вясенняя.
    Благаславі, маці, Вясну гукаць, у-у!
    Вясну гукаць, Цёплага лета Дажада.., у-у!
    Дажадаць.
    — Ой, вясна, вясна, Вясняна.., у-у!
    Дзе ж твая дачка Мар'яна.., у-у!
    Мар'яначка?
    — Сядзіць у садочку Шыя сарочку, у-у!
    Сарочку
    Свайму сыночку
    Васілёчку, у-у!
    Вясняначка,
    (8-94-286-1, л. 10)
    * У песні першы радок у кожным куплеце паўтараецца.
    НЯ СТОЙ, ДУБЕ, У РАЗДОЛЛІ...
    Вясенняя.
    Ня стой, дубе, у раздоллі, Люлі рана, у раздоллі.
    — He сядзі, малодка, у каморі, Люлі рана, у каморі.
    Хадзі ж з намі на Луку, Люлі рана, на Луку.
    — А я б рада выхадзіць, Люлі рана, выхадзіць.
    Кыла боку ж муж ляжыць, Люлі рана, муж ляжыць.
    Баюсь яго разбудзіць, Люлі рана, разбудзіць.
    Будзе ж мяне больна біць, Люлі рана, больна біць.
    (8-94-282-1, л. 9)
    ЯК 3-ПАД ЛЕСІКУ Ж...
    Вясенняя, карагодная.
    Як з-пад лесіку ж, Лесу цёмныва.
    П р ы п е ў: Ой-лі, ой, люлі, Лесу цёмныва*.
    Як з-пад садзіку ж, 3-пад зялёныва.
    Там ішлі, прайшлі Ды два молыйца.
    А йны шлі, прашлі Стынавіліся.
    Выхадзіла ж к ім Красна дзевіца.
    * Прыпеў «Ой-лі, ой, люлі» паўтараецца пасля кожнага куплета з паўторам апошняга радка.
    — Ой, Вы, молыйцы, Оба холасты.
    Вы ніжынатыя, Кудрюватыя.
    Вы ж ня бейціся, Й ні сварыціся.
    Вы ж па-чэснаму Разыйдзіціся.
    Ой ’днаму каму
    Я дыстануся.
    Ліба ж белыму, Белыкураму.
    Ліба ж чорнаму, Чорнаброваму.
    Астылася йна Й парню бравыму.
    Парню й бравыму, Кучырявыму.
    (8-93-273-3, л. 12)
    КАЛІСЬ БЫЛІ ЛЮДЗІ НЯВЕРНЫЯ...
    Паспгавая песня (псалм).
    Калісь былі людзі няверныя Да й ня верувалі Госпаду Богу, Да паверувалі злому Цмоку, Да й давалі Цмоку штодзень 'броку: 'Т каждае маці па дзіцяці.
    Да й прышла чарга да самога цара — Хоць сам ідзі, хоць дочку шлі. Пашоўшы самому — не буўшы жывому, Паслаўшы жэну — не с кім веку жыці. — Да бяры ж, Ганна, залатыя вёдра Да ідзі, Ганна к мору па воду.
    Ганна ж в’ёдзяр не пабрала, Да ўзяла Ганна святую кніжку, Да ідзе Ганна плача-рыдая, Плача-рыдая, кніжачку чытая. Ішчэ ж Ганна да мора не даходзіць — Злы, няверны з мора выходзіць: 3 яго вушшу агонь сапля, 3 яго ноздзер іскры сыплюць.
    Ганна ж таго ізлякалась, За крутую ropy ісхавалась.
    Ажна едзя Святый Юрай: — Пастой, Ганна, не 'лякайся, Пастой, Ганна, не 'лякайся, За крутую ropy не хавайся, Да бяры, Ганна, шаўковыя шнуры, Да вугай Цмока за рогі, за вушы, Да вугай Цмока за рогі, за вушы, Да вядзі Цмока коню пад ногі...
    (8-95-288-2, л. 44)
    У цыкле вясенніх свят і абрадаў Саракі — гэта прысвятак, які прыпадае на дні вясенняга раўнадзенства і адзначаецца штогадова ў сённяшнім календары 22 сакавіка.
    3 гэтага часу дзень станавіўся роўны ночы, і гэта было для нашых продкаў-язычнікаў важкім доказам таго, што змрочная сіла злых Духаў актыўна ўступае ў фазу адмірання. Усё болып сонечныя і вясёлыя дні надавалі адпаведны настрой і ўпэўненасць чалавеку. Маленні і ахвярапры-
    нашэнні Сонцу, Зямлі і Вадзе ўсё актыўней дапаўняюцца магічнымі дзеяннямі, накіраванымі на рытуальнае выгнанне і непрызнанне Духаў цемры і холаду. Як і ў папярэдніх абрадах, у многіх месцах прадаўжалі «паліць зіму», знішчаючы ў адпаведных рытуалах яе выяву. Напрыклад, у Слонімскім павеце і на Мазыршчыне на Саракі праводзіўся абрад выгнання зімы. Моладзь скачвала са снегу вялікага снегавіка, якога потым разбівалі на часткі і тапталі нагамі, «каб зіма знікла на дзевяць месяцаў». Затым разыходзіліся па хатах, бралі з дому стары гліняны посуд і ішлі да сваіх знаёмых, на парозе ў якіх гэтьі посуд разбівалі, прыгаворваючы: «Хазяйка, хазяйка! Кідай сваю пражу, Зіма ўжо прагнана! Адчыняй свае дзверы, заві нас у госці!». Такіх прадвеснікаў вясны, якія нібыта прагналі Зіму, запрашалі за стол і частавалі.
    Увогуле назва свята — Саракі мае сваё тлумачэнне як у хрысціянскай, так і ў язычніцкай рэлігіі. Яе хрысціянскае паходжанне заснавана на тым, што ў гэты дзень былі пакараны смерцю сорак Севасційскіх воінаў. Падзея такая адбылася ў 313 годзе ў армянскім горадзе Севасціі. Адзін з тагачасных военачальнікаў Агрыкалай, які быў шчырым прыхільнікам язычніцтва, перад чарговым ваенным паходам рашыў прынесці ахвяраванні язычніцкім багам. Але падначаленыя яму сорак воінаў-каппадакійцаў, якія былі хрысціянамі, адмовіліся ад удзелу ў такой цырымоніі. За гэта Агрыкалай пасадзіў іх у турму, а потым рашыў зламаць волю іншаверцаў катаваннем. Спачатку севасційскіх воінаў спрабавалі пабіць каменнем, а пасля пры моцным марозе голымі вывелі на возера і пакінулі там на ўсю ноч, прыставіўшы стражнікаў. Але слаўныя воіныхрысціяне сваёй мужнасцю і стойкасцю знайшлі Божую падтрымку і заступніцтва, што надало ім сілы застацца жывымі. На раніцу мучыцелі стойкіх хрысціян, убачыўшы іх жывымі, прадоўжылі свае катаванні. Нескарыўшыхся севасційскіх воі-
    наў да смерці забілі палкамі, а трупы іх спалілі на вогнішчы. За прыхільнасць да Бога і веру ў яго хрысціянская царква штогадова адзначае 22 сакавіка дзень памяці сарака севасційскіх воінаў.